Праз замкнёныя дзверы

ІІ Велікодная нядзеля, Год В (11.04.2021)

Калі быў вечар таго першага дня тыдня, і дзверы дома, дзе збіраліся вучні, былі замкнёныя з-за страху перад юдэямі, прыйшоў Езус, стаў пасярэдзіне і сказаў ім: «Спакой вам!» Сказаўшы гэта, паказаў ім рукі і бок. Узрадаваліся вучні, убачыўшы Пана. Тады Езус зноў сказаў ім: «Спакой вам! Як паслаў Мяне Айцец, так і Я пасылаю вас». Сказаўшы гэта, дыхнуў і сказаў: «Прыміце Духа Святога. Каму адпусціце грахі, таму будуць адпушчаныя; на кім пакінеце, на тым застануцца».

Тамаш, адзін з Дванаццаці, якога звалі Блізня, не быў з імі, калі прыйшоў Езус. Іншыя вучні казалі Яму: «Мы бачылі Пана!» Але ён сказаў ім: «Калі не ўбачу на руках Яго ранаў ад цвікоў і не ўкладу пальца свайго ў раны ад цвікоў, і не ўкладу рукі сваёй у бок Яго, не паверу».

Праз восем дзён зноў былі ў доме вучні Ягоныя і Тамаш з імі. Хоць дзверы былі замкнёныя, Езус прыйшоў, стаў пасярэдзіне і сказаў: «Спакой вам!» Потым сказаў Тамашу: «Дай сюды палец твой і паглядзі на рукі Мае; дай руку тваю і ўкладзі ў бок Мой; і не будзь няверуючым, але веруючым!» У адказ Тамаш сказаў Яму: «Пан мой і Бог мой!» Езус сказаў яму: «Ты паверыў, таму што ўбачыў Мяне. Шчаслівыя тыя, хто не бачыў, а паверыў!»

Шмат іншых знакаў, пра якія не напісана ў гэтай кнізе, учыніў Езус перад вучнямі сваімі. Гэтае ж напісана, каб вы паверылі, што Езус – гэта Хрыстус, Сын Божы, і каб, веруючы, вы мелі жыццё ў імя Ягонае.

(Ян 20, 19–31) 

Праз замкнёныя дзверы

Сёння мы бачым Апосталаў, вучняў Пана Езуса, якія сабраліся ў замкнутым памяшканні. Яны зачыніліся, бо жывуць у страху: баяцца юдэяў, якіх лічаць пагрозаю для сябе, і не ведаюць, што ім далей рабіць. Яны сабраліся сваім цесным колам, шукаючы падтрымкі адно ў аднаго. Для любой супольнасці гэта небяспечная сітуацыя, бо яна можа перамяніцца ў секту. І сектай закончыўся б таксама гэты пачатак Касцёла, калі б не прыйшоў Пан Езус і не прынёс у сэрцы Апосталаў супакой.

Уласцівасць страху — зачыняць, замыкаць чалавека. Мы ўжо не здольныя ўбачыць нічога апроч таго, што нам пагражае. Мы нічога ўжо не бачым, апроч пагрозы і страху, якія запаўняюць нас і нашыя сэрцы.

Менавіта ў такія хвіліны да Апосталаў прыходзіць Пан Езус. Яго магутнасць выяўляецца таксама ў здольнасці праходзіць праз зачыненыя дзверы. Гэта ў пэўным сэнсе не так складана, як тое, што Хрыстус насамрэч зрабіў — увайшоў у іх замкнутыя сэрцы. Ён увайшоў у іх страх, даў ім супакой, перамяніў іх мысленне і зрабіў іх здольнымі несці гэты супакой, Божую міласэрнасць і прабачэнне ў свет. Хрыстус праз Духа Святога, якога ўдзяліў ім, адкрыў іх сэрцы і такім чынам вывеў з замкнутага памяшкання, каб праз іх напоўніць увесь свет сваёю ласкаю.

Небяспека, у якой былі замкнутыя Апосталы, бачачы толькі пагрозу ад знешняга свету, небяспечная таксама і для нас. Часта мы замыкаемся ў сваім пабожным асяроддзі і бачым у свеце толькі пагрозу. Я не кажу, што ніякіх пагрозаў няма — яны ёсць! Паглядзіце, амаль усе Апосталы страцілі жыццё ў выніку пераследу, якога так баяліся, але насамрэч яны не страцілі, а аддалі сваё жыццё, стаўшы прыладаю міласэрнасці для свету. Не свет знішчыў Апосталаў, але дзякуючы таму, што яны наследавалі Хрыста і змаглі стаць прыладамі Ягонай ласкі, яны самі здолелі перамяніць свет.

Сёння Пан Езус гаворыць нам: «Спакой вам!», сёння Ён заклікае нас з вамі пакінуць свой страх, пайсці да тых, каго мы баімся, каб мы ў адносінах да гэтага свету, да тых, каго баімся, сталі прыладамі Божай міласэрнасці, светачамі, у якіх сам Пан Бог выяўляе сваю ласку.


Айцец Крыштаф Коц’ян ОР

 

Цэтлікі: Біблія

Мы вельмі радыя
бачыць вас на сайце
часопіса «Ave Maria».
Гэта плён працы
неабыякавых людзей,
якія з радасцю ствараюць
гэты часопіс для вас.

Падпіска
Ахвяраванні

Сайт часопіса „Ave Maria“ Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рыма-каталіцкага Касцёла ў Беларусі

Часопіс існуе дзякуючы вашым ахвяраванням. Сёння мы просім вашай дапамогі — нават невялікая сума падтрымае нас.

Падрабязней