ХХХІІ Звычайная нядзеля, Год А (08.11.2020)

Валадарства Нябеснае будзе падобнае да дзесяці паннаў, якія, узяўшы свае светачы, выйшлі насустрач жаніху. Пяць з іх былі неразумныя, а пяць — мудрыя. Неразумныя, узяўшы свае светачы, не ўзялі з сабою алею. Мудрыя ж разам са светачамі сваімі ўзялі алей у пасудзіны. Калі жаніх спазняўся, то задрамалі ўсе і паснулі. А сярод ночы ўзняўся крык: «Вось жаніх! Выходзьце яму насустрач». Тады ўсталі ўсе панны гэтыя і прывялі ў парадак свае светачы. Неразумныя ж сказалі мудрым: «Дайце нам вашага алею, бо нашыя светачы гаснуць». А мудрыя адказалі: «Каб хапіла і вам, і нам, пайдзіце лепш да тых, хто прадае, і купіце сабе». Калі ж яны пайшлі купляць, прыйшоў жаніх, і тыя, што былі падрыхтаваныя, увайшлі з ім на вяселле, і зачыніліся дзверы. Пасля прыйшлі і астатнія панны ды кажуць: «Пане, пане, адчыні нам». А ён адказаў ім: «Сапраўды кажу вам: не ведаю вас». Таму чувайце, бо не ведаеце ні дня, ні гадзіны.

(Мц 25, 1–13)

Каб усім хапіла алею

Сёння мы разважаем пра таямніцу мудрасці. Гэтак жа мы разважалі пра яе і некалькі тыдняў таму, але тады нашая ўвага была звернутая на Божую мудрасць, прысутную ў стварэнні. У кожным стварэнні ёсць мудрасць — адлюстраванне Божай мудрасці, прычына прыгажосці, дабра ў свеце. У гэтым сэнсе Божая мудрасць ёсць і ў нас. Я — частка Божага стварэння, а ўсё, што ўва мне добрага, прыгожага, гарманічнага — вынік прысутнай ува мне Божай мудрасці.

Але сёння ў евангельскім чытанні мы бачым тую мудрасць, да якой мы павінны імкнуцца. Як гэта разумець? Пан Бог стварыў нас свабоднымі для таго, каб мы маглі адказаць на Яго любоў, дабравольна прыняць Яго дары. Як свабодныя асобы. І для гэтага нам патрэбная мудрасць, якая таксама — Яго дар. Але нашая мудрасць — гэта перадусім здольнасць распазнаваць і выбіраць дабро. Калі мы гаворым пра распазнанне і выбар дабра, гэта датычыць справы нашага сумлення. Бо сумленне ў нас з’яўляецца своеасаблівым «органам», часткай душы, якая дапамагае выбіраць дабро і пазбягаць зла. Касцёл называе сумленне голасам Пана Бога, які гучыць у чалавечай душы. У нашай душы ёсць крыніца, з якой няспынна выплывае Божая ласка, што дапамагае нам распазнаваць яе, выбіраць і яшчэ больш ёю напаўняцца.

Божая ласка — вось вобраз, які сёння малюе для нас Евангелле. Мы чытаем пра жанчын, якія маюць алей, і жанчын, якія не маюць алею. Алей у Святым Пісанні — заўсёды сімвал Божай ласкі. Вяртаемся да пытання сумлення. Сумленне заўсёды паказвае нам дабро, гэта голас Божы, які прамаўляе ў сэрцы чалавека незалежна ад таго, ведае ён пра Бога ці не. Нават у чалавеку, які не ведае Бога, гучыць гэты голас, і чалавек здольны з яго дапамогаю распазнаваць праўду, дабро, імкнуцца да яго, напаўняцца Божай ласкай і гэтак дайсці да пазнання Пана Бога.

Але бывае, што чалавек не хоча ісці за голасам сумлення, і гэтую крыніцу Божай ласкі ва ўласнай душы імкнецца засыпаць. Вядома, што тады, калі мы закрываемся на Божую ласку, яе перастае хапаць, мы становімся жанчынамі, якія маюць лямпы, але не маюць алею, каб іх распаліць. Яны застаюцца ў цемры, ідуць некуды ў цемру, у поўнач шукаць Божую ласку, а яна вельмі блізка.

Заахвочваю ўсіх вас рэальна ўзрастаць у мудрасці, імкнуцца насамрэч распазнаваць, што для нас добра, а не толькі чаго нам хочацца ў тую ці іншую хвіліну. Давайце імкнуцца распазанваць праўду, а не толькі шукаць нейкіх аргументаў, з якімі можна перамагчы ў спрэчцы, давайце шукаць сапраўднай прыгажосці, каб убачыць яе ў сумленні і гэтак распазнаваць Пана Бога ў свеце, ідучы Яго шляхамі, сцежкамі Божай прысутнасці — Яго дабра, праўды і справядлівасці. Сапраўды, калі мы няспынна будзем напаўняцца Яго ласкай, нам хопіць святла, алею для нашых лямпаў. І не толькі для нашых: гэтай мудрасцю мы міласэрна і шчодра можам дзяліцца з іншымі. Гэта і нам самім, і іншым людзям дапаможа дайсці да мэты жыцця.


Айцец Крыштаф Коц’ян ОР

 

Цэтлікі: Біблія

Мы вельмі радыя
бачыць вас на сайце
часопіса «Ave Maria».
Гэта плён працы
неабыякавых людзей,
якія з радасцю ствараюць
гэты часопіс для вас.

Падпіска
Ахвяраванні

Сайт часопіса „Ave Maria“ Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рыма-каталіцкага Касцёла ў Беларусі

Часопіс існуе дзякуючы вашым ахвяраванням. Сёння мы просім вашай дапамогі — нават невялікая сума падтрымае нас.

Падрабязней