ХІХ Звычайная нядзеля, Год А (09.08.2020)

Адразу пасля гэтага Ён загадаў вучням сесці ў човен і плысці ўперад Яго на другі бераг, пакуль Ён адпусціць людзей. Адпусціўшы народ, Езус падняўся на гару памаліцца асобна. Калі настаў вечар, заставаўся там адзін.

Тым часам човен ужо адплыў шмат стадыяў ад берага. І кідалі яго хвалі, бо вецер быў супраціўны. У чацвёртую ж варту ночы Ён пайшоў да іх, ідучы па моры. Калі ж вучні ўбачылі, як Ён ідзе па моры, спалохаліся і казалі: «Гэта прывід». I ад страху закрычалі. Але Ён адразу загаварыў з імі і сказаў: «Будзьце адважнымі, гэта Я; не бойцеся!» Пётр сказаў Яму ў адказ: «Пане, калі гэта Ты, загадай мне ісці да Цябе па вадзе». Ён жа сказаў: «Ідзі!» Выйшаўшы з чоўна, Пётр пачаў ісці па вадзе і падышоў да Езуса. Але, адчуўшы моцны вецер, спалохаўся і, пачаўшы тануць, закрычаў: «Пане, ратуй мяне!» Езус адразу ж працягнуў руку, схапіў яго і сказаў: «Малаверны, чаму засумняваўся ты?» Калі яны ўвайшлі ў човен, вецер сціх. А тыя, хто быў у чоўне, пакланіліся Яму і сказалі: «Ты сапраўды Сын Божы!»

(Мц 14, 22–33) 

Урокі Хрыста

На гэтым тыдні мы працягваем разважаць над той самай евангельскай сцэнай,  пра якую разважалі ў мінулую нядзелю. Памятаеце, тады ўвечары змучаныя і галодныя вучні прасілі Езуса адпусціць народ, каб спакойна адпачыць і паесці, а Езус, калі так можна скзааць, выгнаў іх з зоны бяспекі, сказаўшы: «Не трэба ім ісці, вы дайце ім есці» (Мц 14, 16). Вучні мелі з сабою запас ежы, але ўсё адно апынуліся бяссільнымі, бо такую вялікую колькасць людзей немагчыма было накарміць некалькімі хлябамі і рыбамі. Але ўласная бездапаможнасць дапамагла ім убачыць дзеянне Пана Езуса. Ён благаславіў хлеб і рыбы, а вучні раздавалі іх людзям, і хапіла ўсім. Гэта было патрэбна, каб умацаваць веру Апосталаў, даць зразумець, што, хоць яны слабыя людзі, не тррэба баяцца, бо Хрыстус гатовы вырашыць усе праблемы, якія ўзнікаюць перад імі.

Падзеі сённяшняга евангельскага ўрыўка адбываюцца на працягу некалькіх гадзінаў: Езус наказаў вучням паплысці на іншы бераг возера, і ўночы яны сталі пасярод возера. Узняліся хвалі, выў вецер, была цёмная ноч. Увогуле нічога дзіўнага не было ў тым, каб выходзіць на возера ўночы, рыбакі часта так рабілі, але цёмнае возера, глыбокая вада, вецер, ноч — гэта стыхіі, якіх баіцца чалавек. Гэта няўтульныя абставіны, страшныя. Мы з вамі, людзі ХХІ стагоддзя, баімся не столькі ветру — для нас гэтае цёмнае бурлівае возера і ноч сімвалізуюць турботы, у якіх мы жывем, усё тое, што замінае на шляху нашага паклікання.

У гэтую страшную ноч Пан Езус пайшоў да вучняў па вадзе не для таго, каб іх здзівіць, а каб паказаць сваю свабоду ў адносінах да гэтага свету, яго стыхій і турботаў. Хрыстус валодае імі, яны вымушаныя Яму служыць. Пётр бачыць гэта і просіць Хрыста: «Пане, калі гэта Ты, загадай мне ісці да Цябе па вадзе». Езус дазволіў яму гэта, даў здольнасць пахадзіць па стыхіях. І кожнаму з нас Ён дае здольнасць хадзіць па тым, чаго мы баімся, па нашых турботах і клопатах. Пакуль Пётр глядзеў на Езуса, а не на вецер, бурлівыя хвалі і сваю слабасць, ён мог ісці па вадзе. Калі ж пачаў глядзець на сябе, то зразумеў, што няздольны ісці па вадзе і пачаў тануць.

Евангельскія падзеі на возеры вучаць нас дзвюм рэчам: па-першае, у розных жыццёвых стыхіях з надзеяй глядзець на Езуса і ведаць, што гэта Ён мае здольнасць іх вырашыць і дае нам здольнасць прайсці праз іх; і, па-другое, браць за прыклад Пятра — калі з розных прычынаў, перш за ўсё з уласнага малавер’я мы пачынаем тануць, треба ўмець, як Пётр, закрычаць: «Пане, ратуй мяне!». Тады ў Хрысце мы знойдзем ціхі павеў ветру, цішыню і спакой, якімі Бог жадае нас адарыць.


Айцец Крыштаф Коц’ян ОР

 

Цэтлікі: Біблія

Мы вельмі радыя
бачыць вас на сайце
часопіса «Ave Maria».
Гэта плён працы
неабыякавых людзей,
якія з радасцю ствараюць
гэты часопіс для вас.

Падпіска
Ахвяраванні

Сайт часопіса „Ave Maria“ Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рыма-каталіцкага Касцёла ў Беларусі

Часопіс існуе дзякуючы вашым ахвяраванням. Сёння мы просім вашай дапамогі — нават невялікая сума падтрымае нас.

Падрабязней