ХV Звычайная нядзеля, Год А (12.07.2020)

У той дзень Езус выйшаў з дому і сеў каля мора. Каля Яго сабралася мноства народу, так што Ён увайшоў у човен і сеў, а ўвесь народ стаяў на беразе. Ён шмат гаварыў ім у прыпавесцях, кажучы:

«Вось, выйшаў сейбіт сеяць. Калі сеяў, некаторыя зярняты ўпалі пры дарозе, і наляцелі птушкі, і падзяўблі іх. Другія ж упалі на камяністае месца, дзе было мала зямлі, і адразу прараслі, бо зямля была неглыбокая. Аднак, калі ўзышло сонца, яны завялі і таму, што не мелі каранёў, засохлі. А іншыя ўпалі сярод церняў, і выраслі церні, і заглушылі іх. Яшчэ іншыя ўпалі на добрую зямлю і прынеслі плён: адно ў сто разоў, другое ў шэсцьдзесят, а іншае ў трыццаць. Хто мае вушы, няхай слухае».

І, падыйшоўшы, вучні сказалі Яму: «Навошта Ты гаворыш ім у прыпавесцях?» А Ён адказаў ім: «Таму што вам дадзена пазнаць таямніцы Валадарства Нябеснага, а ім не дадзена. Бо хто мае, таму дадзена будзе, і атрымае ўдосталь, а хто не мае, у таго адымецца і тое, што мае. Таму Я гавару ім у прыпавесцях, бо яны глядзяць, а не бачаць, слухаюць, а не чуюць і не разумеюць. На іх спаўняецца прароцтва Ісаі, якое кажа:

“Слухаць будзеце, і не зразумееце,
і вачыма глядзець будзеце, і не ўбачыце.
Бо абрасло тукам сэрца народу гэтага,
і вушамі з цяжкасцю чуюць,і вочы свае заплюшчылі,
каб не ўбачыць вачыма,
і не пачуць вушамі,
і не зразумець сэрцам, і не навярнуцца,
каб Я вылечыў іх”.

Але шчаслівыя вочы вашыя, таму што бачаць, і вушы вашыя, таму што чуюць. Бо сапраўды кажу вам: многія прарокі і справядлівыя хацелі ўбачыць тое, што вы бачыце, і не ўбачылі, і пачуць тое, што вы чуеце, і не пачулі!

Вы ж паслухайце значэнне прыпавесці пра сейбіта. Да кожнага, хто слухае слова пра Валадарства, а не разумее, прыходзіць злы і крадзе пасеянае ў сэрцы яго; вось каго азначае пасеянае пры дарозе. А пасеянае на камяністых месцах — гэта той, хто чуе слова і адразу прымае яго з радасцю, але не мае ў сабе кораня і нясталы. Калі за слова настане ўціск ці пераслед, ён адразу спакушаецца. Пасеянае ж у церні — гэта той, хто чуе слова, але турботы гэтага веку і зман багацця заглушаюць слова, і яно становіцца бясплодным. Пасеянае ж на добрай зямлі — гэта той, хто чуе слова і разумее, і прыносіць плён, адзін у сто разоў, другі ў шэсцьдзесят, а іншы ў трыццаць».

(Мц 13, 1–23)

Прынесці плён

Сёння ў чарговы раз мы чуем прыпавесць Пана Езуса пра сейбіта. Вельмі важна, каб мы змаглі сёння знайсці сябе ў кожным з гэтых чатырох вобразаў зерня. Калі мы прыпадабняемся да зерня, якое ўпала пры дарозе, калі да таго, што ўпала ў камяністым месцы, у церні, і калі, дзякуючы Божай ласцы, мы даем багаты плён? Разважаючы над сённяшняй прыпавесцю, я падумаў, што можна разгледзець яе праз прызму веры. Чаму менавіта так? Бо кожны з гэтых вобразаў вельмі канкрэтна датычыць веры. Што азначае вобраз зерня, якое падае пры дарозе, і птушкі хутка яго з’ядаюць? Гэта значыць, што Божае слова ў маім сэрцы падае нібыта пры дарозе, і я яго не разумею. Тады я кажу: «Не, Пане, я чую, што Ты звяртаешся да мяне са сваім Словам, але не веру, што гэта правільнае Слова, я выбіраю іншы шлях. Я не магу прыняць тое, што Тваё слова ў маіх жыццёвых абставінах з’яўляецца праўдаю. Яно прыгожае, але я буду рабіць па-свойму, я больш разбіраюся ў сваім жыцці, чым Ты, Божа, і я не прымаю цяпер Тваю ласку». Напэўна, у кожнага з нас здаралася ў жыцці нешта падобнае.

Другі вобраз я асабіста лічу вельмі важным — вобраз зерня, якое падае на камяністае месца і хутка засыхае, бо не мае кораня. Здараецца, мы прымаем Божае слова і навуку з захапленнем і радасцю, хочам яе выканаць. І нашая памылка ў тым, што, жадаючы выканаць Божае слова, мы не маем кораня, мы не паяднаныя з Богам, хочам зрабіць усё па-свойму, самі. Тады варта сказаць: «Божа, Тваё Слова большае, чым я магу, і я не здольны яго выканаць. Але Ты здзейсні гэта ўва мне. Я не хачу выконваць Тваё слова ўласнымі сіламі». Бываюць складаныя моманты, выпрабаванні, калі я ведаю, што буду верны гэтаму Слову не таму, што я гэта змагу, а таму, што Ён дасць мне гэтую ласку. Гэта датычыць любой святасці, любога гераізму. Той, хто робіць нейкія гераічныя паступкі, часта кажа: я зрабіў, што павінен быў зрабіць. Так, але абставіны для гераічнага ўчынку былі вельмі неспрыяльнымі. Чаму ж ён змог? Таму, што дзейнічала Божая ласка. Таму, Божа, прашу цябе, дзейнічай ува мне ў гэтых неспрыяльных абставінах.

Трэці вобраз — зерне, што ўпала ў церні. Мы жывем у адносінах з Богам. Але штодзённыя турботы так моцна нас паглынаюць, што мы забываем пра Бога. Так, мы молімся, выконваем хрысціянскія абавязкі, нам здаецца, што мы ў блізкіх адносінах з Богам, але ёсць рэлігійнае жыццё, а ёсць штодзённыя спрвы. Іх становіцца больш і больш, і я кажу: «Я Табе, Божа, аддам, што трэба, але цяпер не замінай мне займацца сваімі справамі». Гэтак жа, як у сітуацыі, калі ў зерня няма каранёў, я нібыта аб’яднаны з Богам, але маё жыццё зусім з Ім не аб’яднанае. Таму трэба няспынна вучыцца, каб адносіны з Богам уключалі маю штодзённасць, каб я Божаю ласкаю і адносінамі з Богам напаўняў свае клопаты, не вырашаў іх без Бога — ні дробныя, ні вялікія, каб я ўмеў усё ўключыць у Божае жыццё. Тады я нібыта «выпалю» пшаніцу, прыбяру пустазелле. Калі я аб’яднаны з Богам, выпалаў поле свайго жыцця, я магу даць багаты плён.

Прыпавесць пра зерне, нягледзячы ні на што, поўная надзеі, бо так, неаднойчы маё сэрца было, як дарога, няздольнае прыняць Божую ласку, неаднойчы я засыхаў і клопаты аддзялялі мяне ад Бога, але нягледзячы на гэта Бог робіць так, што я магу прынесці багаты плён. Так, я ў сваім жыцці шмат Божай ласкі страціў, змарнаваў, але нягледзячы на гэта я магу заўсёды прынесці плён і выканаць сваё пакліканне.


Айцец Крыштаф Коц’ян ОР

 

Цэтлікі: Біблія

Мы вельмі радыя
бачыць вас на сайце
часопіса «Ave Maria».
Гэта плён працы
неабыякавых людзей,
якія з радасцю ствараюць
гэты часопіс для вас.

Падпіска
Ахвяраванні

Сайт часопіса „Ave Maria“ Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рыма-каталіцкага Касцёла ў Беларусі

Часопіс існуе дзякуючы вашым ахвяраванням. Сёння мы просім вашай дапамогі — нават невялікая сума падтрымае нас.

Падрабязней