
Дзевятнаццатая звычайная нядзеля, год А (13.08.2017)
Калі натоўп быў накормлены, Ён адразу загадаў вучням сесці ў човен і плысці ўперад Яго на другі бераг, пакуль Ён адпусціць людзей. Адпусціўшы народ, Езус падняўся на гару памаліцца асобна. Калі настаў вечар, заставаўся там адзін.
Тым часам човен ужо адплыў шмат стадыяў ад берага. І кідалі яго хвалі, бо вецер быў супраціўны. У чацвёртую ж варту ночы Ён пайшоў да іх, ідучы па моры. Калі ж вучні ўбачылі, як Ён ідзе па моры, спалохаліся і казалі: «Гэта прывід». I ад страху закрычалі. Але Езус адразу загаварыў з імі і сказаў: «Будзьце адважнымі, гэта Я; не бойцеся!» Пётр сказаў Яму ў адказ: «Пане, калі гэта Ты, загадай мне ісці да Цябе па вадзе». Ён жа сказаў: «Ідзі!»
Выйшаўшы з чоўна, Пётр пачаў ісці па вадзе і падышоў да Езуса. Але, адчуўшы моцны вецер, спалохаўся і, пачаўшы тануць, закрычаў: «Пане, ратуй мяне!» Езус адразу ж працягнуў руку, схапіў яго і сказаў: «Малаверны, чаму засумняваўся ты?» Калі яны ўвайшлі ў човен, вецер сціх. А тыя, хто быў у чоўне, пакланіліся Яму і сказалі: «Ты сапраўды Сын Божы!»
(Мц 14, 22–33)
«Ідзі!»
Сённяшняе літургічнае чытанне — адзін з самых вядомых евангельскіх урыўкаў. Пан Езус ходзіць па вадзе, і Пётр просіць Яго загадаць і яму ісці па вадзе. Па слове Езуса яму даецца гэтая магчымасць, пакуль страх не перасільвае, і тады Пётр пачынае тануць. Варта звярнуць увагу на тое, што Езус гаворыць вучням, і нам таксама, сваім шпацырам па бурных водах.
Езус пасылае вучняў паплысці на другі бераг, а сам ідзе маліцца, каб паяднацца з Айцом. Пасля Ён даганяе вучняў па вадзе: гэтак Ён паказвае сваю поўную свабоду ў свеце. Ён — Pantokrator, Той, Хто трымае ўвесь свет. Свет прымае Яго законы, але Ён вольны ў адносінах да законаў свету. Езус ідзе па вадзе не таму, што не мае чоўна, а каб паказаць вучням, хто Ён такі. Гэтае аб’яўленне Езуса — не толькі тэорыя, але і прапанова. Гэта зразумела і Пятру, таму ён гаворыць Езусу: «Пане, калі гэта Ты, загадай мне ісці да Цябе па вадзе. Калі гэта Ты, раскінь нада мною рэчаіснасць свайго панавання, дай мне паўдзельнічаць у Тваёй свабодзе над светам».
Моцаю слова Езуса Пётр ідзе па вадзе, ідзе ў свабодзе Божага дзіцяці. Але толькі да таго моманту, пакуль ён з’яднаны з Хрыстом, слухае Яго слова, а не бурныя хвалі возера. Вось гэтак перад намі паўстае сутнасць веры. Вера — гэта не веданне на памяць Сімвала веры, не вызнанне таго, што ў Сімвале веры заключаецца Божая праўда. Вера — гэта гатоўнасць ісці за голасам Езуса, а не за крыкам свету. Вера — гэта гатоўнасць ісці за словам Езуса, а не за сваімі абмежаваннямі і слабасцямі. Па вадзе нельга хадзіць чалавечаю моцаю, але можна хадзіць моцаю Таго, Хто кліча нас за сабою.
Айцец Крыштаф Коц’ян OP
Глядзіце яшчэ разважанні на Дзевятнаццатую звычайную нядзелю, Год А:
айцец Крыштаф Коц'ян ОР «Знак вялікай свабоды»
айцец Тамаш Міка ОР «Свет чакае Цябе»