«Спакой пакідаю вам, спакой Мой даю вам»

Шостая Велікодная нядзеля (5 мая 2013 г.)

Чытанне святога Евангелля паводле Яна (Ян 14, 23–29)

Езус сказаў яму ў адказ: «Калі хто любіць Мяне, той захоўвае слова Маё, і палюбіць таго Айцец Мой, і прыйдзем да яго, і зробім жыллё ў яго. Хто не любіць Мяне, той не захоўвае слоў Маіх. А слова, якое вы чуеце, не Маё, а Айца, які паслаў Мяне. Я сказаў вам гэта, будучы з вамі. А Суцяшыцель, Дух Святы, якога Айцец пашле ў імя Маё, навучыць вас усяму і нагадае вам пра ўсё, што Я сказаў вам. Спакой пакідаю вам, спакой Мой даю вам. Не так, як дае свет, Я вам даю. Няхай не трывожыцца сэрца вашае і не баіцца. Вы чулі, што Я сказаў вам: адыходжу і прыйду да вас. Калі б вы Мяне любілі, то радаваліся б, што Я іду да
Айца, бо Айцец Мой большы за Мяне. І цяпер Я сказаў вам, перш чым гэта станецца, каб вы паверылі, калі гэта станецца.


«Спакой пакідаю вам, спакой Мой даю вам»

Святая Тэрэза ад Езуса ў другой частцы свайго трактата «Паняцці Божай любові» (своеасаблівага каментара да «Песні Песняў») піша пра падманны спакой, які не з’яўляецца Хрыстовым спакоем. Яна паказвае недахопы, крыніцаю якіх з’яўляюцца пажадлівасць цела, пажадлівасць вачэй і жыццёвая пыха — тое, што мы наследавалі ў выніку першароднага граху (1 Ян 2, 16) і што перашкаджае нам жыць у еднасці з Богам. Звернем увагу на дзве асноўныя рэчы, звязаныя з падманным спакоем.

Найбольш небяспечнымі ў гэтым сэнсе з’яўляюцца смяротныя грахі. Калі хтосьці жыве ў стане цяжкага граху, а сумленне не трывожыць яго і застаецца спакойным, тады, як кажа святая Тэрэза, «чалавек жыве ў сяброўстве з д'яблам».

Іншаю праяваю фальшывага спакою з’яўляюцца штодзённыя («лёгкія») грахі. Адносна такой сітуацыі святая Тэрэза кажа, што для яе лепш было б, каб усё пекла, усе дэманы напалі і выпрабавалі яе, чым свядома ўчыніць лёгкі грэх. Яна згодна лепш памерці, чым учыніць грэх, або, як яна шматразова паўтарае ў сваіх лістах, «лепш згадзіцца, каб цябе парубілі на кавалкі, чым свядома ўчыніць лёгкі грэх».

Жадаючы паказаць, як дзейнічае праведнае і добра сфармаванае сумленне, святая Тэрэза падае наступны прыклад. Калі чалавек злёгку ўколецца шпількаю, то адчувае боль. Падобна і для душы знакам таго, што яна жыве дзеля любові да Бога, з’яўляецца жывое адчуванне кожнага, нават самага маленькага адступніцтва ад сваіх абяцанняў, абавязкаў або любові да бліжняга. І чым чалавек бліжэй да Бога, тым больш выразна бачыць кожную пляму на душы. Гэтая чуйнасць абуджае ў ім сорам перад Божаю веліччу. Св. Тэрэза не адмаўляе ўсведамлення чалавечай слабасці: мы маем шмат правінаў, якіх часам цяжка пазбегнуць з-за нашай слабасці. Аднак святая перасцерагае нас перад ігнараваннем гэтых слабых «пунктаў» і нешкадаваннем за грахі. Св. Тэрэза перакананая: калі ў такой сітуацыі чалавек не ўсвядоміць, што ён слабы, д’ябал паступова прывядзе яго ад ігнаравання малых рэчаў да абыякавасці ў вялікіх упадках.

Св. Тэрэза вельмі настойліва раіць такім чынам мабілізаваць свой дух, каб моцнае і дзейснае пастанаўленне выправіцца, якое мы прымаем падчас споведзі, дазволіла нам не распавядаць пра гэты грэх падчас чарговай споведзі.

З вялікім болем святая Тэрэза ўспамінае выпадкі, калі людзі ігнаруюць «лёгкія» грахі і не звяртаюць на іх увагі, лічачы, што ад іх лёгка пазбавіцца.

Пан Езус прыходзіць да нас, каб адарыць нас сваім спакоем, які вынікае перадусім з паяднання з Богам. А паяднанне з Богам — гэта любоў, якая пазбягае граху і праяўляе сябе крэатыўна ў служэнні бліжняму.

Айцец Раман Шульц ОР























Онлайн консультирование с помощью таких программ как скайп позволяет вам общаться с психологом Деревянные окна цены на сайте www.evrookno.com. Параметры шансон Тв на триколор.

Мы вельмі радыя
бачыць вас на сайце
часопіса «Ave Maria».
Гэта плён працы
неабыякавых людзей,
якія з радасцю ствараюць
гэты часопіс для вас.

Падпіска
Ахвяраванні

Сайт часопіса „Ave Maria“ Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рыма-каталіцкага Касцёла ў Беларусі

Часопіс існуе дзякуючы вашым ахвяраванням. Сёння мы просім вашай дапамогі — нават невялікая сума падтрымае нас.

Падрабязней