Дваццаць шостая звычайная нядзеля, год В (30.09.2012)

Евангелле паводле святога Марка 9, 38–43. 45. 47–48.

Калі мы чытаем гэты ўрывак з Евангелля, адразу адчуваем абурэнне апосталаў. Яны пакрыўдзіліся, што нехта, не належачы да іх супольнасці, чыніць цуды ў імя Езуса. Разам з гэтым яны маглі мець добрыя інтэнцыі, бо клапаціліся пра аўтарытэт свайго Настаўніка. А магчыма, яны баяліся канкурэнцыі. Толькі ці можа быць канкурэнцыя ў тым, каб чыніць дабро? Вучні на хвіліну забыліся, што самі былі выбраныя Езусам і ад Яго атрымалі ў дар моц аздараўлення. Зрэшты, у гэтым самым раздзеле, трошкі раней, мы бачым сцэну, дзе вучні не здолелі дапамагчы апантанаму духам нематы. Але прыйшоў Езус, якога па­прасілі дапамагчы, і аздаравіў яго. Гэта сведчыць пра тое, што Ён з’яўляецца сапраўднаю крыніцаю моцы. 

Езус выпраўляе мысленне сваіх вучняў, кажучы, што важная не прыналежнасць да іх супольнасці, а тое, што чалавек чыніць дабро ў Ягонае імя. 

Варта задаць сабе пытанне: ці мы часам не паводзім сябе так, як апосталы ў гэтым урыўку? Ці не пачынаем мы адкрыта або ў думках выбіраць людзей, вартых, на нашу думку, служыць Пану Богу, і забараняем гэта іншым. Думаючы так, мы забываемся, што нашая ўласная вера — гэта дар, а не тое, што мы здабылі сваімі высілкамі і трэніроўкамі. Калі мы будзем памятаць, што гэта Пан Бог з’яўляецца крыніцаю ўсяго дабра, тады нам не пагражае прысабечыць манаполію добрых учынкаў, мы засяродзімся на памнажэнні дабра ў свеце, а не на селекцыі тых, хто годны хадзіць за Езусам.

Брат Павел Мажэйка ОР

Мы вельмі радыя
бачыць вас на сайце
часопіса «Ave Maria».
Гэта плён працы
неабыякавых людзей,
якія з радасцю ствараюць
гэты часопіс для вас.

Падпіска
Ахвяраванні

Сайт часопіса „Ave Maria“ Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рыма-каталіцкага Касцёла ў Беларусі

Часопіс існуе дзякуючы вашым ахвяраванням. Сёння мы просім вашай дапамогі — нават невялікая сума падтрымае нас.

Падрабязней