Пад натхненнем Духа Святога

«Дух Пана сышоў на нас і перамяніў нас:
наш страх перамяніў у адвагу,
нашую слепату ў ззяючае святло,
нашую чалавечую слабасць у моц і надзею,
каб мы ўмелі даваць сведчанне аб Хрысце».

Св. Ян Павел ІІ

Я не магу маліцца.

Дзякуй Богу, што ты гэта адкрыў! Сучасны аўтар адказаў бы: цяпер табе  трэба памятаць гэтую арабскую прымаўку: «У пустыні вада заўсёды знаходзіцца ў надта глыбокай студні; няшчасны той, хто не мае дастатковага шнура, каб яе дастаць».

Мы, хрысціяне, маем гэты «шнур», патрэбны для таго, каб выцягнуць ваду малітвы. Ім з’яўляецца Дух Святы, які не толькі дапамагае нам маліцца, але і сам моліцца ў нас. 

Вялікія малітвы Святога Пісання заўсёды прамаўляюцца асобамі, поўнымі Духа Святога. Так рабіў сам Езус — як у радасці, так і ў болю (пар. Лк 10, 21). Сыноўнія адносіны таксама праяўляюцца ў хрысціянскай малітве. Іх стварае ў чалавеку Дух Святы: «Вы ж не прынялі духа няволі, каб зноў баяцца, але прынялі Духа ўсынаўлення, у якім мы клічам: «Абба, Ойча!» ( Рым 8, 15). Без Духа Святога мы не толькі не маглі б маліцца, але нават не ведалі б, як гэта робіцца. Успомнім словы св. Паўла: «Таксама і Дух дапамагае ў слабасцях нашых, бо мы не ведаем, аб чым трэба маліцца, але сам Дух заступаецца за нас стагнаннямі невымоўнымі» ( Рым 8, 26). Вельмі цяжка растлумачыць дзеянне Духа Святога, але мы ведаем, што Яго ўплыў ахоплівае ўсё. Заклік, які абуджае ў нас Дух Святы, не механічны, несвядомы або вымушаны — ён спантанны і свядомы. Асвечаныя Духам Святым, мы ўваходзім у праўдзівае значэнне Божага слова, у сэнс падзеяў у гісторыі збаўлення. Гэта адбываецца тады, калі мы дакранаемся да Божай прысутнасці і ўсклікаем: Ойча! Такім чынам мы пазнаём Яго волю, выказваем fiat (няхай так станецца) і бяжым выконваць яе сярод людзей — у праўдзе і свабодзе.

На працягу вякоў людзі паўсюдна спалучалі аскезу і малітву. Раскоша і малітва не ідуць у пары, — казала св. Тэрэза ад Езуса. Сёння шмат розных метадаў малітвы, тэхнікаў. Мы не павінны гэтага ігнараваць, аднак мы заўсёды павінны памятаць пра тое, што сапраўды неабходнае падчас малітвы: пра дапамогу Духа Святога. Шмат хто баіцца няўвагі ў часе малітвы. Трэба памятаць, што сапраўдная няўвага — гэта ігнараванне Духа Святога. Дух Святы вядзе нас у Хрысце да камуніі з Богам і людзьмі. Дух Святы з’яўляецца сарцавінаю, таму мы павінны разважаць над сабою, калі молімся, а таксама сур’ёзна і ўважліва ставіцца да кожнага слова нашай малітвы. Падчас малітвы трэба гля­дзець на Хрыста як на поўнага Духа Святога. У сваю чаргу пазнаванне іншых у духу і праўдзе вядзе нас да ўспрыняцця кожнай асобы як святой, а таксама вучыць глядзець на кожнае жыццё як на таямніцу — глядзець вачыма любові і жыць любоўю. Жыць любоўю — значыць жыць жыццём самога Бога, як казала св. Тэрэза ад Дзіцяткі Езуса. Святы апостал Павел пакінуў нам найпрыгажэйшы рэцэпт практыкавання любові і малітвы:

«Калі я гавару мовамі людзей і анёлаў, а любові не маю, я — як медзь звонкая або гулкія цымбалы. І калі маю дар прароцтва, і спазнаў усе таямніцы, і маю ўсякія веды і паўнату веры, каб перастаўляць горы, а любові не маю, то я — нішто. І калі раздам усю маёмасць сваю і аддам цела сваё на спаленне, а любові не маю, няма мне з гэтага ніякай карысці. Любоў доўгацярплівая, любоў ласкавая, не зайздросціць, любоў не пыхлівая, не ганарыцца, не бессаромная, не шукае свайго, не гневаецца, не памятае зла, не радуецца несправядлівасці, але радуецца разам з праўдай. Усё зносіць, усяму верыць, на ўсё спадзяецца, усё церпіць. Любоў ніколі не мінае. Не так як прароцтвы, якія спыняцца, ці мовы, якія змоўкнуць, ці веды, якія скончацца. Бо мы часткова пазнаем і часткова прарочым, а калі настане дасканалае, тады тое, што частковае, знікне. Калі я быў дзіцем, то падзіцячаму гаварыў, падзіцячаму думаў, падзіцячаму разважаў; а калі стаў мужчынам, то пакінуў дзіцячае. Бо цяпер мы бачым праз люстэрка, цьмяна, а тады — тварам у твар. Цяпер я ведаю часткова, тады ж спазнаю так, як і я спазнаны. А цяпер трываюць вера, надзея і любоў — гэтыя тры, але найбольшая з іх любоў (1Кар 13).

Практыкуйма ж акты любові, радасці, спакою, цярплівасці, вытрываласці, велікадушнасці, спагадлівасці, лагоднасці, вернасці, сціпласці, умеркаванасці і чыстасці — гэта ўсё плады Духа Святога. Ці ты здольны так любіць і маліцца? Прасі Духа Святога аб такой любові! Уяві, што пішаш «гісторыю сваёй душы» (хрост і канфірмацыя, сужэнства або святарства). 

Закончыўся час адпачынку, і трэба вярнуцца да штодзённых абавязкаў — праца, школа, універсітэт… Кожны мае шмат планаў і мараў. Здабыванне ведаў і іх практыкаванне патрэбнае, але карыснае толькі тады, калі веды спалучаныя з духоўным жыццём, калі яны на самай справе прыносяць плод дабра. Дух Божы напаўняе ўсё, таму стараймася запра­шаць Яго ў сваё сэрца, розум, цела, у свае пачуцці і выпрабаванні. Прыгледзьмася ўсім сваім зрокам да чынення дабра. Заўважма тое, што было пазітыўным у нашым жыцці. Праслаўляйма Духа Святога, бо ўсё гэта Ягоная справа ў нас!

Прыйдзі, Духу Святы, напоўні сэрцы Тваіх верных і распалі ў іх полымя Тваёй Божай любові! Пашлі Духа Твайго, і ўзнікне жыццё. І адновіш аблічча зямлі — гэтымі словамі распачынайма свае малітвы, асабліва тады, калі цяжка маліцца! Кажам гэтыя словы, калі ідзем у школу, на працу, ва ўніверсітэт, і  адчуем, што Дух Святы пранікне ва ўсе нашыя справы і адновіць наша жыццё.

 


З малітваю — а. Юрый Кулай OCD.

 

 

 

Мы вельмі радыя
бачыць вас на сайце
часопіса «Ave Maria».
Гэта плён працы
неабыякавых людзей,
якія з радасцю ствараюць
гэты часопіс для вас.

Падпіска
Ахвяраванні

Сайт часопіса „Ave Maria“ Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рыма-каталіцкага Касцёла ў Беларусі

Часопіс існуе дзякуючы вашым ахвяраванням. Сёння мы просім вашай дапамогі — нават невялікая сума падтрымае нас.

Падрабязней