Характар хрысціянскай малітвы

 Найвялікшая перамога – гэта перамога над самім сабою
(св. Тэрэза ад Дзіцяткі Езуса)

Малітва, або медытацыя, з’яўляецца фундаментам усіх рэлігій. Апостальская Сталіца ў дакуменце Orationis Formas (1989) акрэслівае рысы хрысціянскай малітвы, якія часта скажаюцца, ігнаруюцца і падвяргаюцца небяспецы праз пэўныя тэхнікі медытацыі, што канцэнтруюцца на «я» альбо на безасабовым «богу» як паняццях, характэрных для ўсходніх рэлігій. Тэхнікам і метадам, якія выкарыстоўваюцца іншымі рэлігіямі, надаецца адносная вартасць — яны дапамагаюць у хрысціянскай малітве, але з умоваю, што не знікне адпаведны характар і мэта малітвы. 


Хрысціянская малітва мае ў сабе вельмі характэрную тоеснасць, якую вызначаюць наступныя моманты.

Сустрэча асобаў

Хрысціянская маліт­ва з’яўляецца асабістым спатканнем з асабовым Богам, жывым і блізкім.

Езус сказаў ім: «Хтосьці з вас, маючы сябра, пойдзе да яго апоўначы і скажа яму: “Дружа, пазыч мне тры хлябы, бо сябар мой з дарогі зайшоў да мяне, і я не маю чаго даць яму”. А той знутры скажа яму ў адказ: “Не турбуй мяне, дзверы ўжо замкнёныя, і дзеці мае ў ложку са мною. Не магу ўстаць і даць табе”. Кажу вам: калі ён не ўстане і не дасць яму праз тое, што той сябра ягоны, то праз настойлівасць ягоную ўстане і дасць яму, колькі патрабуе. І Я вам кажу: прасіце, і будзе дадзена вам; шукайце, і знойдзеце; стукайце, і адчыняць вам. Бо кожны, хто просіць, атрымлівае; і хто шукае, знаходзіць; і хто стукае, таму будзе адчынена. Калі ў кагосьці з вас, бацькі, сын папросіць рыбы, ці той дасць яму замест рыбы змяю? Або, калі папросіць яйка, дасць яму скарпіёна? Калі ж вы, будучы благімі, умееце даваць добрыя дары дзецям вашым, тым больш Айцец Нябесны дасць Духа Святога тым, хто просіць у Яго» (Лк 11, 5–13).

Сустрэча з Богам дапамагае чалавеку ў спатканні з самім сабою, у прыняцці сябе і іншых, а таксама ў рэалізацыі сябе ў Богу і з Богам.

Для большасці вернікаў рэлігій Усходу малітва з’яўляецца тэхнікай акунання ў саміх сябе або пагружэння ў адхлань боскасці, пазбаўленай цела і аблічча. New Age (Новая эпоха) — сукупнасць разнастайных містычных плыняў і рухаў, у асноўным акультнага, эзатэрычнага і сінкрэтычнага характару) шукае магчымасцяў спаткання з самім сабою на новых узроўнях свядомасці, каб актывізаваць у нас новыя сілы; марыць пра самарэалізацыю без Бога альбо пра такую, дзе «богам» ёсць чалавек. 

Вера ў дзеянні

Хрысціянская малітва з’яўляецца верай у дзеянні. Яна прадугледжвае сыхо­джанне Бога да чалавека і прыняцце Яго ў веры і навяртанні.

«Таму і мы, з таго дня, калі пачулі пра вас, няспынна молімся і просім, каб вы напоўніліся пазнаннем Яго волі ва ўсёй мудрасці і духоўным разуменні; каб вы паступалі годна Пана і ва ўсім падабаліся Яму, прыносячы плён ва ўсякай добрай справе і ўзрастаючы ў пазнанні Бога; каб вы цалкам умацоўваліся паводле моцы славы Ягонай для поўнай вытрываласці і доўгацярплівасці. З радасцю дзякуйце Айцу, які зрабіў вас здольнымі ўдзельнічаць у спадчыне святых у святле, які вызваліў нас з-пад улады цемры і прывёў у Валадар­ства ўмілаванага Сына свайго» (Клс 1, 9–13).

Язычніцкія рэлігіі і ўсходнія метады імкнуцца да ўваходжання чалавека да Бога. 

Канцэнтрацыя на Езусе Хрысце

Цэнтрам хрысціянскай малітвы ёсць Езус:

«Я — вінаградная лаза, вы — галіны. Хто застаецца ўва Мне, а Я ў ім, той прыносіць багаты плён, бо без Мяне нічога не можаце зрабіць» (Ян 15, 5).

«Бо адзін Бог і адзін пасрэднік паміж Богам і людзьмі — Чалавек Езус Хрыстус, які аддаў сябе самога на водкуп за ўсіх як сведчанне, дадзенае ў адпаведную пару» (1 Цім 2, 5–6).

«Ён з’яўляецца вобразам нябачнага Бога, першародным сярод усякага стварэння. Бо ў Ім было створана ўсё, што на нябёсах і на зямлі, бачнае і нябачнае: ці троны, ці панаванні, ці начальствы, ці ўлады – усё праз Яго і для Яго створана. Ён ёсць перад усім, і ўсё трывае ў Ім. Ён – Галава цела, гэта значыць, Касцёла. Ён — пачатак, першародны з памерлых, каб ва ўсім Ён меў першынство. Бо спадабалася [Богу], каб у Ім жыла ўся паўната і каб праз Яго прымірыць з сабою ўсё, і зямное, і нябеснае, усталяваўшы спакой праз кроў Ягонага крыжа» (Клс 1,15-20).

Гэта не канцэнтрацыя на самім сабе або на пустэчы, як да гэтага заклікаюць некаторыя метады.

Разважанне

Якая ж вялікая моц малітвы! Можна сказаць, што гэта каралева, якая ў кожную хвіліну мае свабодны доступ да караля і можа атры­маць усё, аб чым просіць. Я паступаю, як дзіця, што не ўмее чытаць: проста кажу добраму Богу тое, што хачу Яму сказаць, не выдумляючы прыгожыя сказы, а Ён заўсёды мяне разумее… Для мяне малітва з’яўляецца ўзнясеннем сэрца, простым позіркам на Неба, крыкам удзячнасці і любові, як сярод пакутаў, так і ў радасці; урэшце, гэта не­шта вялікае, звышпрыроднае, што пашырае маю душу і яднае мяне з Езусам (св. Тэрэза ад Дзіцяткі Езуса). 

Бог не патрабуе немагчымых рэчаў, а нават калі і так, то заахвочвае цябе, каб ты зрабіў столькі, колькі можаш, і каб ты прасіў аб тым, чаго не можаш зрабіць, і тады Бог учыніць, што зможаш (св. Аўгустын).

Мы — не анёлы, маем цела. Мы не павінны таксама рабіць з сябе анёлаў. Звычайна мы павінны нечага трымацца, аднак часам наша душа выходзіць з сябе і так перапаўняецца Богам, што нам нічога не патрэбна, каб засяродзіцца. Здараецца, што нас ахопліваюць цярпенні і няўдачы, мы адчуваем сябе ўнутрана спустошанымі і тады не можам спазнаць спакою. У гэтыя хвіліны Хрыстус становіцца нашым добрым Сябрам. Мы бачым Яго як чалавека, слабога, пакутуючага, як нашага спадарожніка. Калі прывыкнем да гэтага, тады можам заўсёды без цяжкасцяў думаць пра Яго. Аднак часам нічога не можам — тады не шукайма суцяшэння, але проста абдымайма крыж, бо і Пан таксама часта быў самотны ў цярпенні (св. Тэрэза ад Езуса).


З малітваю — а. Юрый Кулай OCD
Працяг будзе

Сайт часопіса „Ave Maria“ Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рыма-каталіцкага Касцёла ў Беларусі

Часопіс існуе дзякуючы вашым ахвяраванням. Сёння мы просім вашай дапамогі — нават невялікая сума падтрымае нас.

Падрабязней