
Немагчыма ўстрымацца, каб не заахвоціць усіх да сардэчнага набажэнства, дзіцячай любові, а таксама да найбольш шчырых пачуццяў да ўмілаванай Маці Марыі як да асаблівага і дзейснага сродку жыцця ў Хрысце. Менавіта Яе вітаюць заклікамі: Маці ласкі Божай, Маці Міласэрнасці, асабліва цяпер, у маі, калі збіраемся на маёвыя набажэнствы ў нашых касцёлах, капліцах, каля прыдарожных крыжоў у вёсках і ў хатах.
Гэтая ласка і міласэрнасць вельмі неабходныя для пабожнага жыцця. Да каго ў першую чаргу мы маем права прыбягаць, калі не да Яе — Маці ласкі і Маці міласэрнасці?
Таму паўтараю разам з Апосталам: «Наблізіліся з даверам да трону ласкі, каб атрымаць міласэрнасць і знайсці ласку для своечасовай дапамогі» (Гбр 4, 16).
Для таго, каб мы маглі падысці да гэтага трону і Маці ласкі з даверам, трэба выпрасіць для сябе Яе любоў. Таму ўсе, хто з гонарам называе сябе Яе нявольнікамі, павінны фарміраваць і будаваць сваё жыццё згодна з патрабаваннямі свайго паклікання, стараючыся такім чынам наследаваць Яе дасканаласць, каб прыпадобніцца да гэтай сваёй Апякункі, любячай Маці і ласкавай Сястры ў веры. Таму, калі любіш Яе як Маці, наследуй Яе пакору, чыстасць, убоства і паслухмянасць паводле свайго жыццёвага стану, наследуй Яе ў любові Бога і бліжняга, у іншых цнотах, а асабліва ў вернай і трывалай малітве да Бога праз Яе заступніцтва.
Для выказвання Марыі сваёй пашаны і любові старайся кожны дзень, пасля прысвячэння сябе, сваіх справаў і ўсіх рэчаў Найсвяцейшай Тройцы — згодна з воляй Хрыста і ў еднасці з Ягонымі заслугамі — ахвяраваць сябе і ўсе свае справы любімай Маці і, як усё чыніш у Божае імя, чыні таксама ў імя Марыі.
Старайся цалкам Ёй даверыцца, прыйдзі да Яе як да найлепшай Настаўніцы, шукай у Яе парады як у наймудрэйшай Панны. Адным словам, паступай гэтак, як належыць добраму дзіцяці, а з вопытам пераканаешся, што Яна з’яўляецца Маці цудоўнай любові і святой надзеі, з якой сплыве на цябе мноства ласкаў праўды, у якой заззяе надзея жыцця і цноты. Марыя ніколі не перастане выпрошваць для цябе ласку, неабходную для трывання ў сапраўднай пабожнасці і, больш за тое, Яна будзе служыць табе як Крыніца жывой вады. У хвіліну тваёй смерці Яна не пасаромеецца сказаць, што з’яўляецца тваёй Сястрою і Маці тваёй, каб добра табе было і каб дзякуючы Ёй ты мог жыць у вечнасці.
Жывучы пабожна, аддаючы пашану Марыі і будучы Ёй паслухмяным, ты ўпэўнена, лагодна і чулліва ў Яе любові аддасі свой дух і ў Яе матчыных абдымках будзеш шчасліва даведзены да порту збаўлення, бо тым, хто любіць Марыю, добра будзе напрыканцы жыцця.
Няхай Марыя, найпрыгажэйшае Божае стварэнне на зямлі, якой прысвечаны самы прыгожы месяц года, атуляе плашчом сваёй апекі ўвесь свет, нашу любімую Беларусь, нашы любімыя сем’і, а таксама вучыць нас любіць Бога і бліжніх той любоўю, якой Яна сама любіла і любіць Езуса. Няхай Марыя праз святы шкаплер, які многія носяць, абараняе нас ад подступаў злога духа і памнажае цноты; няхай праз святы Ружанец дапамагае жыць так, як жылі Езус і Яго Маці; няхай праз літанію маёвага набажэнства моліцца за нас і разам з намі ажно да спаткання з любячым Богам у вечнасці…
З малітвай — а. Юрый Кулай OCD