Уводзіны
Нягоды пагражаюць нам сёння з усіх бакоў. Вось некалькі самых агульнавядомых, што трымаюць у напружанні ўвесь свет: страх перад тэрарыстычнымі актамі, перад насіллем, перад вайною і непрадказальнымі прыроднымі катастрофамі. Існуе таксама шмат асабістых нягодаў: хвароба, беспрацоўе і самотнасць, а поруч з імі — цярпенні, што часта нават не выходзяць на паверхню: цярпенні ад сваіх душэўных ранаў і псіхічных траўмаў, ад асабістых жыццёвых гісторый з няшчасным канцом і неўратычных мадэляў, якія часта могуць трымаць асобу заблытанай у гэтым сіле ўсё жыццё. Страх — асноўнае пачуццё, якое сёння прыгнятае нас больш, чым калі-небудзь. Людзі адчуваюць страх перад тым, што ў нечым у іх можа быць асечка; страх ад таго, што яны жывуць не так, як трэба; страх, што з нечым не справяцца. Гнятлівае пачуццё таго, што больш не можаш валодаць жыццём, паралізуе многіх.
І сапраўды, можа здарыцца, што аднойчы хтосьці будзе вымушаны прызнацца сабе: «Я жыў зусім няправільна. Тое, чаго я хацеў, мне не ўдалося. Я застаўся ўбаку ад свайго жыцця і ўсяго сапраўднага». Іншыя з-за свайго страху — часта неўсвядомленага — перад смерцю апынаюцца загнанымі ў ліхаманкавую актыўнасць, якая ўсё больш іх знясільвае. Яны робяць шмат, але ўнутрана закаснелі ў пустой руціне. А колькі няшчасцяў перажываецца ў міжасабовых адносінах: вось нешта не ладзіцца ў стасунках з блізкімі людзьмі, з якімі былі звязаны вялікія спадзяванні і самыя лепшыя намеры; і на сужэнства, што павінна было трываць усё жыццё, раптам насоўваецца крызіс, яно трашчыць па швах. Статыстычныя даныя па разводах — гэта заўсёды дакладная мова, але ж яна нічога не кажа пра шматлікія расчараванні і асабістыя трагедыі, схаваныя за сухімі лічбамі. А здавалася б, проста не ўдалося жыць у міры адно з адным і пры гэтым заставацца поўнымі жыцця. Бацькі зведваюць душэўныя пакуты з-за сваіх дзяцей, якія развіваюцца па-іншаму, не так, як яны спадзяваліся. І наадварот, дзеці вельмі часта пакутуюць ад уласных бацькоў, якія іх не адпускаюць ці не спраўляюцца з сабою, не могуць прыняць таго, што іх дзеці вырастаюць і хочуць ісці сваім уласным шляхам.
Ва ўсіх гэтых нягодах людзі шукаюць дапамогі сваёй бядзе. Адны шукаюць парадаў у кнігах. Іншыя, калі ўжо самі не ведаюць, што рабіць далей, звяртаюцца да ўрача або псіхолага. Нават калі яны яшчэ толькі расказваюць псіхатэрапеўту пра сваё няшчасце, ім ужо становіцца лягчэй. У размове знаходзяцца магчымыя шляхі, каб разабрацца з праблемамі. Нехта, зноў жа, звяртаецца да Бога. «Каму бяда дакучыць, таго маліцца навучыць», — кажа прымаўка. <…>
Многія з апісаных у гэтай кнізе святых былі мучанікамі. Нам сёння цяжка зразумець мучаніка. Вобразы агрэсіўных самазабойцаў, прадстаўленых тэлеэкранам, з лёгкасцю засланяюць ад нашага позірку таямніцу мучаніцтва. Мучанік — у тым першапачатковым сэнсе, які мела гэтае слова, — з’яўляецца сведкаю Божай любові. <…> Легенды пра святых паказваюць нам у архетыпічных* вобразах, як Бог уваходзіць у нашае жыццё і як шлях нашага чалавечага быцця становіцца ўдалым. Калі мы сёння ўзгадаем гэтыя легендарныя гісторыі святых і паспрабуем зразумець іх глыбокі псіхалагічны сэнс, то адразу адчуем, што яны і сёння ўсё яшчэ застаюцца вельмі сучаснымі, таму што гавораць нешта важнае пра нашу ўласную сітуацыю, нешта такое, што пралівае на яе святло; яны непасрэдна датычаць нас, характэрныя і для нашага існавання. <…> Святыя становяцца для нас знакамі надзеі. Але яны таксама з’яўляюцца праваднікамі на нашым асабістым шляху да Бога. На самай справе вырашальнае значэнне мае гэты шлях — шлях, на якім мы спазнаём збаўленне і вызваленне.
Існуюць розныя шляхі, па якіх могуць весці нас святыя. Першы шлях ідзе праз заступніцтва. Веруючыя хрысціяне звяртаюцца да святых і просяць, каб яны заступіліся за іх перад Богам. <…> Другі шлях ідзе праз медытацыю, разважанне над легендамі. Калі мы прабываем перад Богам, займаючы свае думкі гэтымі гісторыямі, нашае сэрца адкрываецца на Бога. Яно пачынае верыць у тое, што Бог здольны перамяніць і нашыя нягоды, і што Ён гэта таксама робіць. <…> Трэці шлях ідзе праз пабожную практыку, якая распаўсюджаная перадусім у каталіцкай традыцыі, але паступова ўсё больш адкрываецца ва ўсім свеце: гэта паломніцтва. Многія святыя асабліва праслаўляюцца ў пэўных месцах. Калі я адпраўляюся ў дарогу, каб маліцца там да Бога, святы прапануе мне пэўную прастору, дзе я разам са сваімі нягодамі прабываю ў Божай ласцы. <…>
У кароткіх нататках пра святых, сабраных у гэтай кнізе, мне хацелася данесці толькі адно: мы не павінны адчуваць сябе самотнымі ў нашых нягодах. Той, хто ўважліва разглядае сцены ў старых святынях, можа ўсвядоміць, што святыя сапраўды знаходзяцца вакол нас, больш за тое, яны акружаюць нас. Калі мы молімся, мы молімся да Бога разам з імі і гледзячы на іх. Святыя могуць расплюшчыць нам вочы, і мы будзем ведаць, як падтрымаць і абараніць сябе ў сваім жыцці, і ва ўсіх нашых нягодах будзем глыбока верыць ў дапамогу Найвышэйшага.
* Архетып (грэч.) — правобраз, першааснова, узор.
Анзэльм Грун