
Творчасць можа быць цудоўным спосабам малітвы і адначасова самапазнання. У гэтым пераконвае чытачоў сястра Дамініка ОР - мастачка, якая працуе над абразом св. Дамініка.
Як бачыце, гэта iкона святога Дамініка яшчэ не завершана. Спачатку я была расчаравана тым, што не завяршыла яе своечасова, да яго свята, але потым мне прыйшло ў галаву, што ў гэтым нібы ёсць паведамленне для мяне: як і гэты абраз, кожны з нас не зусім завершаны, мы ўсё яшчэ знаходзімся на шляху з цемры да святла. Я спадзяюся, што вобраз святога Дамініка, адлюстраваны або, дакладней, адкрыты нам праз гэту iкону, можа дапамагчы многім з нас увайсці ў скрытую, унутраную святыню яго сэрца і паўней зразумець глыбіню нашага дамініканскага паклікання.
…Першы партрэт святога Дамініка быў вусным вобразам, перададзеным нам святой Цэцыліяй, адной з першых законніц ордэну, якая ведала яго асабіста. Доўгі час гісторыкі не асабліва верылі апісанню святой Цэцыліі, але пасля Другой сусветнай вайны антраполагі правялі навуковае даследаванне астанкаў святога Дамініка, і вынікі пацвердзілі сапраўднасць яе апісання. Цэцылія сказала, што ён быў сярэдняга росту — вымярэнні яго рэліквій паказваюць, што яго рост быў пяць футаў шэсць цаляў. Яна адзначыла, што «яго фігура была пругкай; твар яго прыгожы і нейкі румяны; яго валасы і барада мелі рудаватае адценне. Ён не быў лысы; толькi трохi ў яго валасах была сівізна». На дне рэліквіярыя эксперты знайшлі некалькі валасоў Дамініка. Усё было дакладна так, як сказала Цэцылія. «З яго ілба і вачэй, — казала яна, — прыйшло зіхатлівае ззянне, якое заваявала павагу і захапленне ўсіх; яго вочы былі вялікія і прыгожыя. Рукі ў яго былі доўгія і прыгожыя, а голас моцны і зычны. Ён заўсёды быў радасным і ўсміхаўся, за выключэннем тых выпадкаў, калі спачуваў пакутам сваіх суседзяў». Між тым вельмі мала святых, асабістае аблічча якіх так добра апісана.
Твар — нібы люстэрка сэрца. У тых, хто чысты сэрцам, твары празрыстыя. У іх мы бачым аголенасць і безабароннасць Хрыста. У іх Яго свабода і непасрэднасць. Джозэф Піпер ОР цудоўна разумее гэта. Ён кажа: «Толькі той, хто мае чыстае сэрца, можа смяяцца са свабодай, якая нараджае свабоду ў іншых».
У працэсе кананізацыі св. Дамініка даецца яшчэ адна вельмі прыгожая яго слоўная выява. Пра яго казалі, што «ён размаўляў толькі з Богам або пра Бога». Менавіта гэтая выява Дамініка стала натхненнем для маёй iконы. Паглядзіце на яе, і вы заўважыце, што бачная толькі левая рука Дамініка. У правай руцэ ён трымае Евангелле паводле Мацвея і лісты св. Паўла. Гэта былі яго любімыя кнігі. Мы ведаем ад бл. Ярдана Саксонскага, што яны былі яго пастаяннымі спадарожнікамі, і ён ведаў іх на памяць. Мы не бачым яго рукі. Важна не тое, што ён носіць кнігу ў руцэ, а тое, што ён носіць Слова ў сваім сэрцы. І менавіта ад сустрэчы са словам Божым у сваім сэрцы ён ідзе наперад, каб несці гэтае пазнанне Бога ў Езусе іншым.
Яго левая рука цягнецца да неба — гэтак выяўляецца яго глыбокая блізкасць да Бога. «Ён заўсёды размаўляў з Богам». «Пане, змілуйся над народам Тваім, што будзе з грэшнікамі?» — такая была яго пастаянная малiтва. Яго душа, піша Джордан, «была свяцілішчам спачування, у якім ён ахвяраваў Богу ўсе чалавечыя пакуты». Хрыстус — гэта адказ на зламанасць жыцця кожнага з нас. Усё жыццё і місія Дамініка былі прысвечаны прапаведаванню гэтай праўды.
Цэнтральнае месца Хрыста, нашага Збаўцы, у Яго збаўчай таямніцы, сакрамэнтальна прысутнай у Касцёле, займае цэнтр духоўнасці Дамініка. Варта адзначыць, што, цягнучыся да Бога, левая рука Дамініка як бы прабівае раму карціны. Спачатку я не была задаволена гэтым і спрабавала гэта змяніць — «трымаць» яго руку ў контурах рамы. Але гэта проста не спрацавала б. Нарэшце да мяне дайшло: я не магу змяніць св. Дамініка, бо хачу пачуць тое, што ён мне кажа праз тое, што я лічыла недахопам у маім напісанні іконы. І вось яно было… Паколькі рука св. Дамініка працягнута да Бога, яна аўтаматычна выцягваецца за межы яго «зоны камфорту», каб дасягнуць людзей на ўскраінах, як гэта рабіў Езус. Гэта сузіранне змены працуе ў нас. Мы становімся абразом Езуса, дзейнічаючы так, як Езус, або дазваляючы Яму жыць праз нас. Папа Францішак у лісце да святароў і кансэкраваных асобаў прасіў іх не сядзець утульна на канапах у сваіх дамах і ў касцёлах, але выйсці на ўскраіны грамадства, у няўтульныя месцы і несці евангельскае пасланне ўсім разгубленым і далёкім. Ці робім мы гэта? Святы Дамінік зрабіў. Ён пакінуў свой кляштар у Осме, Іспаніi, калі зразумеў, што жыхары паўднёвай Францыі не ведаюць праўды пра Хрыста. І калі ён пачуў пра паганскія народы Прусіі, Літвы, Эстоніі, Прыбалтыкі, у яго ўзнікла вялікае жаданне несці ім Добрую Вестку, Слова Праўды. Браты назвалі гэта «марай святога Дамініка». На самай справе ён ніколі не дайшоу кудысьці далёка асабіста, але яго жаданне і малітва выходзілі за ўсе межы, нават у самыя далёкія краіны. Магу сказаць, што маё ўласнае пакліканне сведчыць аб рэальнасці гэтай святой мары св. Дамініка.
…Цяпер мы падышлі да німба св. Дамініка. Яго арэол, як і яго малітва і клопат за душу кожнага чалавека, такія ж вялікія, як і яго сэрца. Ён таксама выходзіць за рамкі, прызначаныя для яго ўтрымання, і заахвочвае нас марыць пра свае мары, самыя вялікія мары.
Але гэта яшчэ не ўсё: у св. Дамініка таксама ёсць ногі, прыгожыя ногі! Ногі з агнём у іх! Ва ўспамін св. Дамiнiка мы пачуем у першым чытанні на св. Імшы: «Якія прыгожыя ногі тых, хто нясе Добрую Навіну аб збаўленні»…
Ці хочам мы пайсці па яго слядах?
Сястра Дамініка ОР