Святыя — пра Божы Провід

Усе людзі час ад часу ясна адчуваюць, як іх жыццё рухаецца і развіваецца, нібыта ім кіруе нейкая нябачная Рука, і найбольш ясна гэтае дзеянне Божай рукі адчувалі святыя. Многія з іх спрабавалі апісаць таямнічую ўсёабдымнасць Божага Провіду.


* * *

«Мы не павінны злавацца, калі адказу на нашыя малітвы доўга няма. Няхай гэта, наадварот, натхняе нас на вялікую цярплівасць і пакору. Бо Ён затрымліваецца з адказам толькі дзеля таго, каб гэта дало Яму магчымасць пацешыць нас праз дзеянне Ягонага Провіду».

Святы Ян Хрызастом (347–407)

* * *

«Бог накіроўвае вецер, але чалавек павінен падняць ветразі».

Святы Аўгустын Гіпонскі (354–430)

* * *

«Бог не можа дзейнічаць у тых, хто адмаўляецца ўскладаць усю сваю надзею і спадзяванне на Яго. Але ён вылівае паўнату сваёй любові на тых, хто захоўвае глыбокую веру і надзею, для іх Ён учыняе вялікія рэчы».

Святы Джыраламо Эмільяні (1486–1537)

* * *

«Ва ўсіх сваіх справах спадзявайцеся адно толькі на Божы Провід, бо толькі дзякуючы Яму вашыя намеры могуць мець поспех. А самі ў гэты час працуйце з Ім у ціхім суладдзі, і няхай вас задавольвае, што, калі вы цалкам давяраецеся Яму, то заўсёды атрымаеце такую меру поспеху, якая будзе для вас найлепшаю, нават калі яна не суадносіцца з вашымі ўласнымі суджэннямі.

Многія кажуць Пану: „Я цалкам аддаюся Табе, без астатку“, але мала хто практыкуе гэтае адданне, якое заключаецца ў тым, каб прымаць з пэўнаю абыякавасцю любыя падзеі, бо яны адбываюцца ў згодзе з Божым Провідам, і гора, і суцяшэнне, і пагарда, і папрокі, гэтак жа як слава і ўганараванне».

Святы Францішак Сальскі (1567–1622)

* * *

«Божы Провід ніколі не выпускае нічога з-пад свайго кіравання. Нават калі ўвесь свет будзе супраць нас і пажадае нас знішчыць, нічога не можа адбыцца, апроч таго, што дапускае Бог. Чым менш у справах чалавека, тым больш у іх Бога».

Cвяты Вінцэнт дэ Поль (1581–1660)

* * *

«Выбраная душа, што ты будзеш рабіць? Якія крокі ўчыніш, каб дасягнуць вышыні, куды Бог цябе кліча? Спосабы дасягнуць святасці і збаўлення ўсім вядомыя, бо ўсе яны ёсць у Евангеллі, іх растлумачылі настаўнікі духоўнага жыцця, іх практыкавалі святыя… Вось гэтыя спосабы: шчырая пакора, няспынная малітва, поўнае адмаўленне ад сябе, адданасць Божаму Провіду, паслухмянасць Божай волі».

Святы Людовік Марыя дэ Манфор (1673–1716)

* * *

«Не разлічвайце на тое, што Божы Провід учыніць цуд, дзеці мае, да самага канца жыцця не пакідайце штодзённага клопату пра сваю душу, працуйма, пакуль яшчэ ёсць час…»

Святы Ян Марыя Віянэй (1786–1859)

* * *

«У Божыя намеры ўваходзіла тое, чаго я зусім не планавала. Я прыходжу да жывой веры і перакананасці ў тым, што ў Бога выпадковасцяў няма, і што ўсё маё жыццё, да самых дробязяў, упісанае ў намеры Божага Провіду і мае дасканалую логіку і сэнс ва ўсёвідушчых Божых вачах».

Cвятая Тэрэза Бэнэдыкта (Эдыта Штайн; 1891–1942)


Падрыхтавала Юлія Шэдзько

 

Мы вельмі радыя
бачыць вас на сайце
часопіса «Ave Maria».
Гэта плён працы
неабыякавых людзей,
якія з радасцю ствараюць
гэты часопіс для вас.

Падпіска
Ахвяраванні

Сайт часопіса „Ave Maria“ Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рыма-каталіцкага Касцёла ў Беларусі

Часопіс існуе дзякуючы вашым ахвяраванням. Сёння мы просім вашай дапамогі — нават невялікая сума падтрымае нас.

Падрабязней