9 жніўня - успамін святой Тэрэзы Бэнэдыкты ад Крыжа, кармэліткі, якая яшчэ да манаскага жыцця была знакамітаю ў навуковым асяроддзі XX ст. як філосаф і выкладчык Эдыта Штайн. Публікуем для вас артыкул айца кармэліта Аркадзя Куляхі пра святую Эдыту Штайн, які быў надрукаваны ў часопісе «Наша вера» № 2, 2012 г.
У вёсцы Нарач, як і ў іншых месцах у Беларусі, ёсць брацкая магіла яўрэяў — жыхароў Кабыльніка, расстраляных фашыстамі ў 1942 годзе. Восеньскім днём, калі навокал шэра, сумна і ціха, можна асабліва моцна ўявіць жудасны лёс невінаватых людзей. Нібы гук стрэлаў чуецца зводдаль, плач і крык жанчын, перамяшаныя з апошнімі стогнамі ад болю. Уражлівы чалавек можа нават убачыць дзецей, якія туляцца да маці, не разумеючы, што адбываецца. Шмат, нават зашмат для чалавека, аднак гэта — рэальнасць, якая яшчэ доўга будзе трываць у лесе каля Нарачы. Чалавек чалавеку, брат брату падрыхтаваў такі жудасны, нечалавечы лёс. Аднак менавіта чалавек здольны і да любові, і да нянавісці. Усім нам неабходна памятаць пра высакароднасць дзяцей Божых, а таксама пра прыніжэнне і знішчэнне годнасці чалавека. Вопыт мінулых часоў вучыць, што калі нешта жахлівае здарылася ў мінулым, то яно, на жаль, магчымае і ў будучыні. Касцёл, дбаючы пра памяць і выхоўваючы чалавека дзеля шчаслівай будучыні паказвае прыклады прыгожай любові, здольнай у наследаванні Хрыста перамагаць зло дабром, а нянавісць — любоўю. <...>
Семдзесят гадоў таму, 2 жніўня 1942 года, у кляштар кармэлітак босых у Эхце (Нідэрланды) пастукалі служкі гестапа. Мэтай іх наведзінаў быў арышт сясцёр яўрэйскага паходжання. У кляштары жылі Тэрэза Бэнэдыкта ад Крыжа і яе сястра Ружа, якая таксама была кармэліткай, аднак не насіла габіт і не жыла ў кляўзуры. Настаяцельніца намагалася не дазволіць арышт, але немцы прыгразілі дэпартацыяй усёй супольнасці. Сястра Тэрэза Бэнэдыкта, пакідаючы кляштар, усведамляючы, што яе чакае, сказала сваёй сястры Ружы: «Хадзі, пойдзем пакутаваць за наш народ!» Так распачаўся апошні перыяд зямнога жыцця святой, якая 9 жніўня стала ахвярай газавай камеры ў лагеры Аўшвіц-Біркенаў. Насамрэч, адтуль, з Асвенціма, падобна святому Максімільяну Марыі Кольбэ і незлічоным мучанікам, Эдыта Штайн будзе моцным голасам абвяшчаць праўду пра веліч Бога, з якім чалавек пакутуе, захоўваючы сваю годнасць, памірае і, уваскрасаючы, назаўсёды перамагае. <...>
Эдыта Штайн нарадзілася 12 кастрычніка 1891 г. у Вроцлаве, у дзень юдэйскага Свята паяднання Йом Кіпур, і была наймалодшаю з адзінаццаці дзяцей Аўгусты і Зігфрыда Штайнаў — пабожных юдэяў. Маці Эдыты, адчуваючы гонар з прычыны свайго паходжання з выбранага народа, штодзённа культывавала веру і звычаі продкаў, скрупулёзна захоўваючы прадпісанні Талмуда і ўсе святочныя рытуалы. У гэтым духу яна выхоўвала і сваіх дзяцей. Эдыце не было яшчэ двух гадоў, калі памёр яе бацька і жыццё асірацелай сям’і згуртавалася вакол працавітай і гаспадарлівай маці, якая стала для дзяцей узорам маральнасці. Сям’ю не абміналі розныя выпрабаванні: з адзінаццаці дзяцей Штайнаў чацвёра памерла; з-за фінансавага банкроцтва дзядзька, а потым і траюрадны брат Эдыты скончылі жыццё самагубствам.
Эдыта, улюбёная дачушка маці, была капрызнаю і ўпартаю, але мела чулае сэрца і востра перажывала ўласныя памылкі. Свае характэрныя рысы яна пазней развіла ў імкненне да адзіноты і разважання, унутранай ацэнкі ўражанняў і перажыванняў. Эдыта вызначалася яснасцю розуму, сталасцю, інтэлігентнасцю і дасканалай памяццю. Па сваёй натуры яна была таямнічаю і шмат марыла, таму яе часам называлі «кнігаю, закрытаю на сем пячатак». Гэты перыяд яна пазней успамінала так: «Я марыла аб шчасці і славе. Была перакананая ў сваім прызначэнні да чагосьці вялікага». Яна была стараннаю вучаніцаю, любіла шмат чытаць, мела гуманітарныя здольнасці, багаты ўнутраны свет і развітую фантазію, якую праяўляла ў кантрольных сачыненнях. Ёй асабліва падабаліся гісторыя і нямецкая мова.

Сям’я Штайнаў у 1890я гады. Эдыта (другая справа ў ніжнім радзе) ва ўзросце каля чатырох гадоў (фотамантаж: бацька Эдыты Зігфрыд Штайн загінуў у 1893 г.).

Шасцігадовая Эдыта (справа) са сваёю любімаю сястрою Эрнаю. 1898 г
У 14–15 гадоў Эдыта Штайн перажыла крызіс: не хацела больш вучыцца і мела сумненні адносна веры. Яе разважлівая маці не прымушала дачку да вучобы, але выслала ў Гамбург на дапамогу сястры, у якой нарадзілася дзіця. Менавіта выхаванне праз працу дапамагло Эдыце Штайн пасталець. Праз амаль дзевяць месяцаў яна вяртаецца ў Вроцлаў і вырашае вучыцца далей. Знаходжанне ў Гамбургу не паспрыяла яе рэлігійнаму сталенню: уплыў сястры і швагра, якія лічылі сябе атэістамі, спрычыніліся да таго, што яна свядома перастала маліцца, спрачалася са сваімі роднымі і нават крычала, што Бога няма. Падчас навучання ў ліцэі Эдыта Штайн захаплялася гісторыяй і мовамі, асабліва лацінаю, не ўсведамляючы, што гэта мова Касцёла, на якой праз нейкі час яна сама будзе маліцца. Прагнучы найхутчэй дасягнуць інтэлектуальнай самастойнасці, дзяўчына адначасова становіцца больш пакорнаю, менш самаўпэўненаю. У 1911 годзе Эдыта Штайн атрымала сярэднюю адукацыю. Падчас развітання з ёю дырэктар школы, маючы на ўвазе яе прозвішча, сказаў: «Стукні ў камень (ням. Stein) — і пырсне мудрасць...».
Адразу пасля школы будучая святая распачала навучанне ва ўніверсітэце ў родным Вроцлаве, выбіраючы гісторыю, германістыку і псіхалогію, спадзеючыся, што гэта наблізіць яе да праўды. Эдыта Штайн прымала актыўны ўдзел у феміністычным руху, звяртаючы ўвагу на патрэбу салідарнасці паміж жанчынамі.
Важным момантам у жыцці Эдыты Штайн было чытанне «Лагічных даследаванняў» фенаменолага Эдмунда Гусэрля, які асвятляў у сваіх працах некаторыя аспекты ведаў пра чалавека, што ўжо даўно турбавалі яе. Фенаменалогія са сваім метадам і навуковай базай адчыняла перад Эдытай Штайн новыя магчымасці, таму яна вырашыла працягнуць навучанне ў Гетынгене. У 1913 годзе дзяўчына актыўна ўваходзіць у свет філасофіі, пазнаючы ідэі Эдмунда Гусэрля, Адольфа Рэйнаха, Макса Шэлера, якія становяцца яе духоўнымі настаўнікамі. Яна захапляла сваіх сакурснікаў смеласцю ў складаных пытаннях і фенаменалагічным мысленнем, актыўна ўдзельнічала ў пасяджэннях Філасофскага таварыства для элітных колаў моладзі. Менавіта ў той час нарадзілася сяброўства Эдыты Штайн з Раманам Інгардэнам, з якім яна перапісвалася да пачатку вайны ў 1939 годзе. Дзякуючы лекцыям Макса Шэлера на рэлігійныя тэмы Эдыта сутыкнулася з невядомым ёй дагэтуль светам каштоўнасцяў і каталіцкіх ідэяў. Яна яшчэ не прыйшла да веры, але была ўзрушана гэтым «феноменам».
Навуковую працу перарвала вайна. Эдыта Штайн, як сапраўдная нямецкая патрыётка і асоба з вялікім пачуццём абавязку, у 1915 годзе працавала ў санітарнай службе Чырвонага Крыжа спачатку ва вроцлаўскім шпіталі, а пазней у ваенным шпіталі ў Граніцах, у Маравіі. Там яна спазнае іншае вымярэнне працы і служэння людзям, у якім набыла новую якасць — пакору душы.

Эдыта Штайн — супрацоўніца санітарнай службы Чырвонага Крыжа. 1915 г.
У 1916 г., вярнуўшыся ва ўніверсітэт, Эдыта Штайн стала асістэнткаю Эдмунда Гусэрля, вытрымала доктарскі экзамен і разам з прафесарам пераехала ў Фрыбург. Яе першая праца была надрукавана ў 1917 годзе. Эдыта, здавалася, дасягнула поўнага жыццёвага поспеху, бо належала да нешматлікай групы жанчын, якія мелі магчымасць навучацца ў найлепшых установах. Яна пазнаёмілася з вядомымі людзьмі, была акружана сябрамі і любоўю вялікай сям’і, мела забяспечаны матэрыяльны быт. Нягледзячы на гэта, яна часта перажывала хвіліны дрэннага настрою і нават роспачы.
У жыцці Эдыты Штайн было некалькі пераломных момантаў, якія паўплывалі на яе адкрыццё праўды ў Каталіцкім Касцёле. Асаблівае ўражанне зрабіла на яе сустрэча са знаёмай, а потым ужо сяброўкай Ганнай, якая ў 1917 годзе страціла мужа — філосафа Адольфа Райнаха. Яны былі евангелістамі. Эдыта Штайн напіша, што гэта было набліжэнне да крыжа і моцы Божай. Яе ўразіла вера Ганны ва ўваскрашэнне, якая напаўняла яе радасцю. Значнай падзеяй стала выпадковае сузіранне незнаёмай самотнай жанчыны ў катэдры: Эдыта Штайн са сваёй сяброўкай зайшла ў святыню, каб разглядаць архітэктуру, аднак у яе памяці застаўся вобраз жанчыны, якая проста малілася ў самоце. Эдыта Штайн была здзіўленая гэтым, бо ніколі не бачыла, каб юдэі ці пратэстанты, з якімі яна сябравала, маліліся ў святыні па-за набажэнствам. Яна яшчэ не ведала, што ў касцёле ў Найсвяцейшым Сакрамэнце прысутнічае Езус, але час яе сустрэчы з Ім набліжаўся.
Вырашальнае значэнне для Эдыты Штайн мелі адведзіны сяброўкі Ядвігі Конрад-Марціус у 1921 годзе. Так склалася, што Эдыта Штайн не мела ахвоты ісці разам з сябрамі на забавы і засталася адна дома. Ядвіга прапанавала ёй штосьці пачытаць з багатай бібліятэкі. Яна выбрала даволі тоўстую кнігу — аўтабіяграфію святой Тэрэзы ад Езуса. Чытанне з вялікім захапленнем заняло ўсю ноч — так надышла для яе доўгачаканая хвіліна ласкі. Закрыўшы кнігу, яна з перакананнем скажа: гэта праўда! Цікавы той факт, што ў хатняй бібліятэцы пратэстантаў былі і каталіцкія кнігі. Зрэшты, сама Эдыта Штайн пасля прызнае, што ў працэсе яе набліжэння да Каталіцкага Касцёла важную ролю адыгралі знакамітыя філосафы, як Гусэрль, і сябры-пратэстанты.
Пасля прачытання аўтабіяграфіі святой Тэрэзы, на наступны дзень, Эдыта Штайн купляе Катэхізіс і Імшал, каб па іх спазнаваць праўды веры — такім чынам яна самастойна рыхтуецца да хросту. Тут вельмі прыдатным сталася веданне замежных моваў і, найперш, лаціны, дзякуючы чаму яна магла разумець святую Імшу. Эдыта Штайн вырашае прасіць пробашча аб удзяленні хросту. Ксёндз паглядзеў на яе са здзіўленнем і растлумачыў, што да хросту трэба адпаведна падрыхтавацца праз катэхезу. Яшчэ большае здзіўленне выклікала заява адважнай і настойлівай жанчыны: «Калі ласкі, прыміце ў мяне экзамен!» Нельга было адмовіць, і хрост адбыўся 1 студзеня 1922 года. Хроснай маці была Ядвіга Конрад-Марціус. Эдыта Штайн прыняла на святым хросце імёны Тэрэза-Ядвіга. Яна ўвайшла ў Каталіцкі Касцёл ужо ў сталым узросце, трыццацігадоваю жанчынаю і доктарам філасофіі. У той самы дзень прыняла першую святую Камунію, а 2 лютага 1922 г., у свята Ахвяравання Пана, — сакрамэнт канфірмацыі ў Спіры. Там пазнаёмілася з канонікам Юзафам Швіндам, генеральным вікарыем, якога папрасіла аб духоўным кіраўніцтве і з гэтае пары даручала яму сваё духоўнае жыццё. Яна пачала рэгулярна хадзіць у касцёл на ранішнюю св. Імшу, асабліва палюбіла малітвы Брэвіярыя, якіх няма ў пратэстанцкай супольнасці. Цяпер яна разумела, што «ўсё ёсць ласкай». З моманту хросту Эдыта Штайн хацела больш актыўна ісці ўслед за Хрыстом і думала ўступіць у кляштар, аднак з прычыны супраціву духоўнага кіраўніка вырашыла цярпліва чакаць. На пытанні сяброў адносна навяртання яна адказвала: «Secretum meum mihi» («Гэта мая таямніца»), а некаторым прызнавалася, як некалі святы Аўгустын, што гэты працэс доўжыўся шмат гадоў, пакуль не прывёў да месца, дзе кожнае неспакойнае сэрца знаходзіць суцяшэнне і спакой. Яна будзе таксама ўзгадваць, што як каталічка больш проста жыве, чым займаецца філасофіяй, а яе працы з’яўляюцца толькі адлюстраваннем яе жыццёвых пошукаў.

Вельмі складанаю пасля навяртання была сустрэча ў Вроцлаве з любімаю маці, для якой прыняцце іншай веры азначала адступніцтва, здраду. Гэтак жа лічылі і яе родныя, якім не дапамагала тлумачэнне Эдыты і прызнанне ў любові да яўрэйскага народа. Яна моцна пакутавала ад незразумення і адкінутасці, але пры гэтым ззяла нейкай звышнатуральнай моцай і шчасцем. Эдыта Штайн прабыла паўгода ў Вроцлаве — наведвала разам з маці сінагогу, малілася псальмамі, захоўвала пост.
У 1923 г. Эдыта распачала ў Спіры працу ў якасці настаўніцы нямецкай мовы, літаратуры і гісторыі. Вызначалася сумленнасцю і працавітасцю, сціплым стылем жыцця. Яна чэрпала сілы са штодзённай св. Імшы, адарацыі Найсвяцейшага Сакрамэнту, малітвы, асабліва Літургіі гадзінаў, была простая, адкрытая і зычлівая для ўсіх, чым мела вялікі ўплыў на вучаніцаў. У радыкальным дары з сябе, дзеля любові да Хрыста, у рукі духоўнага кіраўніка яна склала прыватныя шлюбы чыстасці, убоства і паслухмянасці. Тады ж вярнулася да навуковай дзейнасці. Раней Эдыта лічыла, што дзеля праўдзівага рэлігійнага жыцця неабходна адмовіцца ад усяго зямнога, цяпер жа зразумела, што чалавек, па-сапраўднаму злучаны з Богам, можа перажываць сваю веру ў свеце, сярод іншых людзей, на месцы сваёй працы і ў сваім асяроддзі. Вывучэнне дактрыны св. Тамаша Аквінскага і пераклад з лацінскай мовы «Questiones disputatae de veF ritate» перавярнула ўсё яе ранейшае філасофскае мысленне. Эдыта пазнаёмілася з тэрміналогіяй і паняццямі схаластыкі і зразумела, што навуковая актыўнасць можа стаць служэннем Богу. Нават у кляштары яна не перастане пісаць, зрэшты там паўстануць яе найзнакаміцейшыя творы: «Скончаны і вечны быт», «Шляхі пазнання Бога» і «Навука Крыжа», які яна дапоўніць сваёю смерцю.
Эдыту Штайн запрашаюць у розныя гарады Германіі, Швейцарыі і Аўстрыі з лекцыямі, у якіх яна звяртала ўвагу на неабходнасць добрага выхавання, пабудаванага на хрысціянскіх каштоўнасцях, вучыла каталіцкаму разуменню фемінізму, падкрэсліваючы ў святле прыроды і ласкі дар Бога — пакліканне жанчыны да ролі маці, жонкі, а таксама да прафесіі і кансэкраванага жыцця, у чым яна пазнае сваю вартасць і адкрыецца на любоў, найбольшую праяву жаноцкасці. Эдыта стала сапраўднай настаўніцай для шматлікіх дзяўчат і жанчын не праз тое, што была асабліва мудрай, вучонай і ўмела прыгожа гаварыць, але дзякуючы таму, што сама жыла глыбока ўнутры сваёй душы, была пакорнай і шмат малілася, таксама перад Найсвяцейшым Сакрамэнтам, разумеючы, што адданне сябе Богу ў любові ў адказ на адданне Бога душы, поўнае і трывалае з’яднанне з Ім — гэта шлях да таго, каб стаць любоўю ў сэрцы Касцёла. Гэтай праўдзе Эдыта Штайн навучылася ў школе св. Тэрэзы ад Дзіцятка Езуса. Як руплівая каталічка, Эдыта стала хроснай маці шматлікіх канвертытаў з юдаізму, некаторых сама рыхтавала да хросту, аднак безвыніковым было яе апостальства сярод членаў сям’і. Менавіта найбліжэйшыя не змогуць зразумець яе рашэння, і толькі адна з сясцёр пасля смерці маці прыме хрост.
У 1932 годзе Эдыта Штайн распачынае працу дацэнта педагогікі і антрапалогіі ў Мюнстэры і тут вядзе прыкладнае жыццё. Шматлікія заняткі не перашкаджалі ёй у інтэнсіўным духоўным жыцці. Сярод штодзённых справаў яна ўмее знайсці час на малітву, Эўхарыстыю ці служэнне ўбогім, якіх, дарэчы, сама шукала. Сёння, калі чалавек вельмі хутка круціцца ў віры часу, асоба Эдыты Штайн звяртае ўвагу на патрэбу і магчымасць трывання ў Божай прысутнасці. Іншай справай ёсць прыклад каталіцкага вучонага, чыноўніка, служачага або наогул верніка, які сваім жыццём становіцца ўзорам для бліжніх.

Жудасны перыяд распачаўся ў 1933 годзе, калі ўрад забараняе яўрэям публічную дзейнасць. Эдыта страціла працу. Знаёмыя раяць ёй выехаць у Амерыку, каб там працягнуць навуковую дзейнасць, але яна вырашае застацца на радзіме. Парадаксальна, але цяпер адчынілася перад ёю дарога ў Кармэль. Духоўны кіраўнік, які дагэтуль стрымліваў яе ад уступлення ў кляштар, удзяляе ёй благаслаўленне. Аднак было б памылкова думаць, што Эдыта Штайн выбрала кляштар таму, што не мела чаго рабіць у свеце і што зрабіла гэта хутка. Яна разумела, што пакліканне – гэта дар, які нясе вялікі патэнцыял, ведала таксама, што на дарозе паклікання хапае перашкодаў і цяжкасцяў. Эдыта Штайн вучыць тых, хто адчуў у глыбіні душы пакліканне да манаскага ці святарскага жыцця, якім чынам адказаць на Божы голас. Па-першае, яна адкрываецца на Духа Святога, шукае інфармацыі і шмат моліцца. Па-другое, шукае дапамогі ў спаведніка і духоўнага кіраўніка і, па-трэцяе: распазнаўшы, ужо не сумняваецца, але прымае дар Бога і ідзе наперад. Для таго, хто адкрыў пакліканне, вельмі важна не думаць, што на іншай дарозе будзе лепш, бо гэта можа быць спакусаю. Пасля доўгага часу роздумаў, у нядзелю Добрага Пастыра ў 1933 годзе, Эдыта Штайн падчас адарацыі прасіла адказу, ці павінна яна ўжо пайсці ў Кармэль. Калі святар удзяляў благаслаўленне, яна пачула «так» ад Пана.

Аблучыны ў кармэліцкім кляштары ў Кёльне. 15 красавіка 1934 г. Др Эдыта Штайн стала сястрою Тэрэзаю Бэнэдыктаю ад Крыжа, «благаслаўлёнаю Крыжам».
Жыццё кармэліткі босай патрабавала ад нашай святой шмат вырачэнняў і намаганняў. Ёй было ўжо 42 гады, калі яна пераступіла браму кармэліцкага кляштара ў Кёльне. Радыкалізм, з якім яна ставілася да веры, дапамог ёй вытрымаць выпрабаванне і застацца ў Кармэлі. Нехта можа задаць пытанне пра сэнс жыцця ў кляўуры. Сястра Тэрэза Бэнэдыкта ад Крыжа (гэта манаскае імя Эдыты Штайн) можа адказаць, што кляўзура не закрываецца на справы свету, але яшчэ мацней злучаецца з ім праз еднасць з Богам, якому ўсё належыць. Пакліканне кармэліткі, паводле святой, гэта плённае супрацоўніцтва са справай адкупення свету, лучнасць з Хрыстом, які жыве і пакутуе ў членах свайго Містычнага Цела. Яна сама прагне разам з Кармэлем заступацца за грэшнікаў праз добраахвотнае і радаснае прыняцце пакутаў. Кармэль быў для яе высокай гарой, на якую трэба падняцца ажно на шчыт. Пакліканым, незалежна ад харызмату, Тэрэза Бэнэдыкта хоча сказаць, што кансэкраванае жыццё толькі тады набывае сэнс, калі прысвечаныя Богу не застаюцца сярэднімі, але імкнуцца да дасканаласці і цалкам жывуць для Бога і людзей. Эдыта Штайн у манаскім жыцці паказвае сэнс місіі кансэкраванай асобы: прывесці людзей да Хрыста. Чалавечая любоў імкнецца затрымаць для сябе прадмет любові, а хто любіць людзей па-хрысціянску, падобна Хрысту, хоча, каб яны належалі Богу, а не яму. Калі хтосьці прывядзе чалавека да Бога, то злучаецца з ім у Богу, у той час як жаданне мець яго для сябе часта вядзе да таго, што раней ці пазней мы яго губляем. <...>

Сёстры Роза (злева) і Эдыта Штайн у кармэліцкім кляштары ў горадзе Эхт. 1939 г.
Святая Тэрэза Бэнэдыкта стаіць перад чалавекам са сведчаннем аб моцы крыжа з заклікам: «Avecrux, spesunica!» («Вітай, крыжу, адзіная надзея!»). Гэтыя словы святая Эдыта прамовіла перад абліччам нянавісці, болю вайны, смерці нявінных, непашаны да жыцця і годнасці чалавечай асобы, якія нёс нацызм. Крыж — гэта крыніца міласэрнасці, у якой благаслаўлёны Ян Павел II бачыў надзею і спакой для свету, шчасце для кожнага чалавека.
Для св. Тэрэзы Бэнэдыкты заўсёды найважнейшым пасля Бога быў чалавек. Сведкі яе апошняй зямной дарогі кажуць, што яна захоўвала спакой духу і клапацілася аб церпячых. Адна выява святой паказвае яе ў кармэліцкім габіце з зоркай Давіда ў атачэнні дзяцей, якім яна дапамагала па дарозе ў Аўшвіц-Біркенаў.
...Зямны шлях скончыўся, ахвяра была складзеная — Эдыта далучылася да незлічонага ліку верных аж да смерці, якія няспынна прамаўляюць да наступных пакаленняў. Яна вучыць магчымасці і вартасці дыялогу паміж навукай і верай, цярпліваму шуканню праўды і стойкасці перад перашкодамі. Асабліва яна прамаўляе да маладога пакалення, заахвочваючы дзяўчат і юнакоў быць мужнымі, імкнуцца да мудрасці і любові, будаваць жыццё на моцным фундаменце, адкрываючы ў сабе патэнцыял, шчодра дадзены Богам. Яна паказвае вартасць жанчыны, якую Бог надзяліў надзвычай вялікім дарам: сэрцам, здольным да асаблівай паслугі — любові. У эпоху рэлятывізму Эдыта Штайн перасцярагае перад этыкай і біяэтыкай без Бога, якая можа прывесці да знішчэння асобы, а таксама заклікае да праўдзівага хрысціянскага жыцця, пранікнёнага верай. Вернікам Касцёла яна прапануе Эўхарыстычную і Марыйную духоўнасць з яе традыцыйнымі набажэнствамі і малітвамі. Апякунка Еўропы, якая перажыла крызіс веры, моцным голасам гаворыць тым, хто яшчэ шукае праўды, што яна носіць імя Езуса Хрыста.

Канцэнтрацыйны лагер Вестэрборк — прамежкавая станцыя на шляху да смерці ў АўшвіцБіркенаў.
Айцец Аркадзь Куляха OCD