Мінска-Магілёўская архідыяцэзія будзе маліцца Навэннаю да святога Юды Тадэвуша аб вяртанні арцыбіскупа Кандрусевіча з выгнання
Афіцыйны партал Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў Беларусі Catholic.by паведамляе, што 1 кастрычніка падчас пастырскай сустрэчы духавенства і кансэкраваных асоб Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі было вырашана правесці ва ўсіх парафіях архідыяцэзіі Навэнну да святога Юды Тадэвуша — заступніка ў складаных справах і апекуна арцыбіскупа Тадэвуша Кандрусевіча — у інтэнцыі хутчэйшага вяртання арцыпастыра на Радзіму.
Першы дзень Навэнны — 19 кастрычніка.
Тэкст Навэнны змешчаны ў кніжцы «Святы Юда Тадэвуш» з серыі «Святыя» выдавецтва «Pro Christo», якую можна набыць у Курыі Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі. Таксама тэкст навэнны можна знайсці на сайце часопіса «Ave Maria»:
- Навэнна да святога Юды Тадэвуша>>>
- З 19 кастрычніка у сацсетках часопіса «Ave Maria» будзе публікавацца тэкст навэнны на кожны дзень.
Генеральны вікарый Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі біскуп Юрый Касабуцкі запрашае ўсіх вернікаў па меры магчымасці далучацца да супольнай малітвы ў інтэнцыі арцыбіскупа Тадэвуша Кандрусевіча, якому незаконна адмоўлена ва ўездзе ў Беларусь.