«Сведчанне любові і мужнасці». 4 верасня — літургічны ўспамін сясцёр назарэтанак, мучаніц з Навагрудка

Бог стаў сапраўднаю апораю і ўмацаваннем для мучаніцаў з Наваградка — благаслаўлёнай Марыі Стэлы Мардасевіч і дзесяці яе паплечніцаў з Кангрэгацыі сясцёр Найсвяцейшай Сям’і з Назарэта — назарэтанак. Ён быў для іх апораю ўсё жыццё, і асабліва ў моманты страшнага выпрабавання, калі ўсю ноч яны чакалі смерці, потым — па дарозе на месца катавання і ўрэшце ў момант расстрэлу… (З гаміліі Яна Паўла ІІ падчас беатыфікацыі мучаніцаў з Наваградка. Рым, 5 сакавіка 2000 г.)


Пачынаючы з першых стагоддзяў хрысціянства Касцёл можа ганарыцца сваімі мучанікамі, якія заплацілі за веру найбольшую цану — ахвяравалі сваё жыццё. Мучанікі ХХ ст. з’яўляюцца для нас сапраўдным прыкладам веры, знакам выбару Хрыста. Іх смерць — гэта гераічны жэст любові перад абліччам нянавісці, сведчанне веры ў Бога, які «першы палюбіў нас»...

Сёлета мы ўспамінаем 77-ю гадавіну самаахвярнай смерці многіх сыноў і дачок нашай зямлі: благаслаўлёных айцоў францішканаў а. Юзафа Пухалы і а. Германа Стэмпеня, забітых непадалёк ад Івянца; Мар’яны Бярнацкай з-пад Гродна, якая аддала жыццё за сваю нявестку; айцоў марыянаў Юрыя Кашыры і Антонія Ляшчэвіча, спаленых разам са сваімі парафіянамі ў Росіцы, а таксама адзінаццаці сясцёр назарэтанак з Наваградка.

Сёстры назарэтанкі прыбылі ў Наваградак 4 верасня 1929 г. па запрашэнні Пінскага біскупа Зыгмунта Лазінскага. Яны павінны былі ўзяць пад апеку Белую Фару (касцёл Перамянення Пана), а таксама заняцца выхаваннем і адукацыяй мясцовых дзяцей. Заснаванне кляштара Хрыста Валадара было вельмі складаным: сёстры сустрэліся з такой нядобразычлівасцю жыхароў горада, што нават хацелі пакінуць яго. Менавіта тады генеральная настаяцелька М. Лаўрэта Любавіцкая выслала ім тэлеграму наступнага зместу:

«<...> неабходна вытрываць тут, нам нельга адступіць, бо ідзе размова пра дом Хрыста Валадара. Ён павінен перамагчы. Нам трэба змагацца за Яго Валадарства. Трэба бясстрашна перажыць усе цяжкасці, бо тут здзейсняцца вялікія справы».

Дзякуючы намаганням беларускай інтэлігенцыі сёстры пасяліліся ў Наваградку ў доме Даніловіча, прафесара беларускай гімназіі. Праз некалькі месяцаў яны перасяліліся ў старую плябанію каля фарнага касцёла. Ужо ў 1931 г. сёстры адчынілі ў Наваградку агульнаадукацыйную школу, вучыцца ў якой было столькі жадаючых, што праз два гады ўзнікла патрэба распачаць будову новага памяшкання.

З часам адносіны наваградчанаў да сясцёр змяніліся. Людзі пераканаліся, што назарэтанкі гатовы служыць ім, што да іх можна прыйсці з кожнай справай, праблемамі і клопатам, што для сясцёр галоўнае — сам чалавек, а не яго веравызнанне ці нацыянальнасць. Сёстры зачаравалі людзей сваёй ахвярнасцю і працавітасцю. Яны працавалі ў касцёле, у шпіталі і ў доме, які быў адчынены для кожнага, хто знаходзіўся ў патрэбе. Да пачатку Другой сусветнай вайны ў манаскай супольнасці было ўжо 14 сясцёр. Калі распачалася вайна, у Наваградку засталіся сёстры Стэла, Імэльда, Раймунда, Даніэля, Канута, Сергія, Гвідона, Феліцыта, Гэліадора, Канізія, Барамэя і Малгажата.

У ліпені 1941 г. горад акупавалі нямецкія войскі. Нягледзячы на цяжкія ўмовы вайны, жыццё сясцёр было сканцэнтраванае на асобе Хрыста.

Ва ўмовах акупацыі многія жыхары Наваградка шукалі суцяшэння і супакою ў фарным храме. Кожную ранiцу там служыў Імшу кс. Аляксандр Зянкевіч, а вечарамі разам з ім вернікі і сёстры адаравалі Найсвяцейшы Сакрамэнт і маліліся на ружанцы. У 1943 г. па Наваградку пракацілася хваля арыштаў. У першую чаргу забіралі мужчын. Іх маці і жонкі пайшлі да сясцёр падзяліцца сваім горам. Прыходзілі не толькі католікі, але і мусульмане, габрэі, людзі розных нацыянальнасцяў і веравызнанняў. Сёстры ўсім адказвалі спагадай і малітвай. Праз  два дні пасля чарговых арыштаў настаяцелька супольнасці сястра Стэла Мардасевіч ад імя ўсіх сясцёр сказала кс. Аляксандру Зянкевічу, якога таксама павінны былі зняволіць, знамянальныя словы: «Мой Божа! Калі патрэбна ахвяра з жыцця, няхай жа лепш нас расстраляюць, чым тых, хто мае сем’і. Давайце памолімся і за гэта».

 

Кс. Зянкевіч так успамінаў рэакцыю сясцёр на чарговую хвалю акупацыйнага тэрору: «Праз некалькі дзён пасля таго, як адышоў транспарт з вязнямі, калі я, ахоплены смуткам, з цяжарам на сэрцы… стаяў на парозе сакрыстыі, падышла да мяне маці Стэла і сказала:

«Божа, мой Божа! Ксёндз-капелан больш патрэбны на гэтым свеце, чым мы. Цяпер мы молімся за тое, каб Бог забраў нас, а не ксяндза, калі неабходна далейшая ахвяра...»

31 ліпеня сястру Стэлу і 10 іншых сясцёр арыштавалі. Па дарозе яны сустрэлі сваю дванаццатую сястру, якая працавала ў шпіталі і хадзіла ў свецкім адзенні. На яе пытанне «вы куды?» настаяцельніца Стэла адказала, каб тая ішла дадому і чакала іх. Але сёстры не вярнуліся… Іх вывезлі за горад з намерам расстраляць, аднак перашкодзіў вельмі вялікі рух на дарозе, па якой групкі людзей вярталіся з палёў і вялі жывёлу з пашаў. Машына з сёстрамі вярнулася ў камісарыят, і адзінаццаць сясцёр правялі ноч у падвале будынка гестапа. На наступны дзень, 1 жніўня 1943 года, каля 4-й гадзіны раніцы іх вывезлі і расстралялі за пяць кіламетраў ад горада...

Пахавальная працэсія на санях з трунамі 11 сясцёр
19 сакавіка 1945 г.

У ваеннай завірусе ацалелі ўсе, за каго сёстры склалі дар свайго жыцця, — ахвяра сясцёр была прынятая...

Сястра Малгажата, якая пазбегла арышту, застаўшыся ў Наваградку, хавалася ў хатах вернікаў каля касцёла, а пасля перайшла жыць у сакрыстыю. Каб не дапусціць закрыцця святыні, яна арганізавала ў нядзелі і святы набажэнствы без святара, прыводзіла ў парадак і аздабляла алтары і (па спецыяльным дазволе) праз кожныя некалькі тыдняў пераадольвала дзясяткі кіламетраў, каб прынесці кансэкраваную Гостыю. Сястра Малгажата адышла да Бога 26 красавіка 1966 г.

Благаслаўлёныя 11 сясцёр назарэтанак з Наваградка і сёння заклікаюць нас любіць Касцёл і яго пастыраў, вучаць жывой веры ў Хрыста, бо толькі Ён з’яўляецца крыніцаю нашай святасці. Благаслаўлёныя мучаніцы сталі новым пасевам для манаскіх пакліканняў у супольнасць сясцёр назарэтанак.

Цяпер назарэтанкі працуюць у 8-мі мясцовасцях: у Гродне, Наваградку, Лідзе, Мінску, Маладзечне, Смаргоні, Будславе і Івянцы. Яны займаюцца апостальскай дзейнасцю, катэхізацыяй, працуюць у парафіях сакрыстыянкамі, выпякаюць аплаткі і гостыі (як і 80 гадоў назад іх папярэдніцы ў Наваградку), наведваюць хворых, апякуюцца бяздомнымі…

Харызма супольнасці — пашырэнне валадарства Божай любові праз перайманне прыкладу Езуса, Марыі і Юзафа, жыццё якіх было сканцэнтравана на Божай і ўзаемнай любові. Сёстры звяртаюць увагу найперш на рэлігійнае і маральнае адраджэнне сям’і. Благаслаўлёныя мучаніцы вельмі выразна ўказваюць сёстрам назарэтанкам на патрэбу складання сябе ў ахвяру за сем’і. Гэта вельмі актуальна і важна сёння, калі сям’я знаходзіцца ў небяспецы. Здаўна вядома: якая сям’я — такой будзе дзяржава, такім будзе і ўвесь свет. Таму, верныя галоўнай мэце сваёй дзейнасці, сёстры арганізоўваюць сустрэчы і рэкалекцыі для моладзі, сем’яў, кіруюць таварыствамі імя Найсвяцейшай Сям’і, летам арганізоўваюць для дзяцей «Канікулы з Богам».

Сёння ў Наваградак прыязджае шмат людзей з розных краінаў свету, каб праз заступніцтва благаслаўлёных сясцёр назарэтанак выпрошваць неабходныя для сваіх сем’яў ласкі. 1 жніўня да месца расстрэлу сясцёр прыходзіць пешая пілігрымка з Гродна, якая прысвячае свае малітвы за сем’і і святароў. 

...Падчас беатыфікацыі сясцёр у Рыме 5 сакавіка 2000 г. Ян Павел ІІ запытаўся: 

«Адкуль жа яны мелі сілу, каб ахвяраваць сябе ўзамен арыштаваных жыхароў Наваградка? Дзе яны чэрпалі адвагу, каб спакойна прыняць такі жорсткі і несправядлівы смяротны прысуд? Бог паволі падрыхтаваў іх да гэтага моманту самага вялікага выпрабавання. Зерне ласкі, кінутае на глебу іх сэрцаў падчас святога хросту, а потым з вялікай руплівасцю і адказнасцю дагледжанае, глыбока ўкаранілася і выдала цудоўны плён, якім з’яўляецца дар уласнага жыцця. Хрыстус кажа: “Ніхто не мае большай любові за тую, калі хто жыццё сваё аддае за сяброў сваіх”».

Сапраўды, няма большай любові за тую, якая гатова аддаць жыццё за бліжніх. Дзякуем вам, благаслаўлёныя сёстры мучаніцы з Наваградка, — гаворым мы ўслед за благаслаўлёным Янам Паўлам ІІ, — за сведчанне любові, за прыклад хрысціянскай мужнасці і давер моцы Святога Духа. Выбраў вас Хрыстус і прызначыў, каб вы ішлі і прыносілі плён вашага жыцця і каб плён ваш трываў. Вы — самая каштоўная спадчына сясцёр Найсвяцейшай Сям’і з Назарэта — сясцёр назарэтанак. Вы — спадчына ўсяго Касцёла Хрыстовага ва ўсе часы, асабліва ў Беларусі.

Божа, наш Ойча! Твой Сын Езус Хрыстус сказаў, што няма большай любові за тую, калі хто жыццё сваё аддае за іншага чалавека. Сястра Стэла і яе паплечніцы дабравольна пайшлі на смерць, каб уратаваць сваіх бліжніх, і Ты, Ойча, прыняў іх ахвяру. Праз заступніцтва благаслаўлёных сясцёр з Наваградка пачуй нашыя просьбы, якія мы ўзносім да Цябе ў Імя Пана нашага Езуса Хрыста.


Сястра Таццяна CSFN
Фота: Grodnensis.by, Dialog1994.by

Мы вельмі радыя
бачыць вас на сайце
часопіса «Ave Maria».
Гэта плён працы
неабыякавых людзей,
якія з радасцю ствараюць
гэты часопіс для вас.

Падпіска
Ахвяраванні

Сайт часопіса „Ave Maria“ Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рыма-каталіцкага Касцёла ў Беларусі

Часопіс існуе дзякуючы вашым ахвяраванням. Сёння мы просім вашай дапамогі — нават невялікая сума падтрымае нас.

Падрабязней