«Чорная я, прыгажуня сабою...» Маці Божая Гвадэлупская

Маці Божая Гвадэлупская, чорная Мадонна, стала сімвалам адраджэння і барацьбы за народ Мексікі.

Выява Панны Марыі Гва­дэлупскай намаляваная не на дошках ці палатне, а на цільме, традыцыйным сялянскім плашчы карэннага насельніцтва Мексікі, зробленым з грубага валакна кактуса. Знаходзіцца яна ў базыліцы Маці Божай Гвадэлупскай у Мехіка. На абразе адлюстравана маладая (верагодна, цяжарная) жанчына ў малітоўнай паставе. Яна стаіць на месяцы, які трымае анёл, апранутая ў ружовую сукенку, накшталт традыцыйнай вопраткі ацтэкскай прынцэсы, і сіні плашч з васьміканцовымі зоркамі.


Усе крыніцы — вусныя і пісьмовыя — супадаюць у апісанні гісторыі паходжання гэтага абраза. Яна пачыналася 5 снежня 1531 года, калі Маці Божая з’явілася нядаўна ахры­шчанаму селяніну Хуану Дыега на яго шляху на Імшу ў Мехіка. Яна прадставілася яму на мове карэнных жыхароў — індзейцаў-ацтэкаў, як Маці праўдзі­вага Бога, і загадала Хуану Дыега пайсці да свайго біскупа і папрасіць, каб той пабудаваў святыню на месцы іх сустрэчы. Вядома, біскуп не паверыў беднаму селяніну і адправіў яго назад прасіць Панну Марыю даць цудоўны знак у пацвярджэнне свайго жадання. Марыя пагадзілася выканаць просьбу біскупа, але папрасіла Хуана Дыега вярнуцца на наступны дзень. Аднак селянін прапусціў гэтую сустрэчу, бо застаўся дапамагаць свайму моцна хвораму сваяку. Калі настаў час клікаць святара, Хуан Дыега  пабег у касцёл іншым шляхам, каб пазбегнуць сустрэчы з Марыяй, але Яна аб’явілася на новым месцы і спыніла яго словамі, якія цяпер напісаныя над уваходам у базыліку: «Ці ж не тут Я, твая Маці?». Марыя запэўніла, што сваяк Хуана ачуняе і паслала засаромленага селяніна на гару па кветкі. Хуан Дыега паслухаўся, хаця добра ведаў, што ў гэтую халодную пару года паблізу няма ніякіх кветак. На сваё здзіўленне, ён знайшоў куст кастыльянскіх ружаў, якіх дагэтуль не было ў Мексіцы. Сама Марыя асаблівым чынам расклала ружы ў яго цільме. Калі Хуан Дыега падняў цільму, каб высыпаць кветкі перад біскупам, біскуп і ўсе прысутныя адразу ўкленчылі, бо на яго плашчы ззяла ў поўны рост выява Панны Марыі. Але самы вялікі цуд быў у тым, што за шэсць гадоў пасля гэтага здарэння амаль дзевяць мільёнаў індзейцаў-ацтэкаў прынялі хрост у Касцёле.

На месцы аб’яўлення быў хутка пабудаваны вялікі касцёл, які, па загадзе Марыі, быў прысвечаны Маці Божай Гвадэлупскай.

Існуе думка, што слова «Guadаlupe»
гэта іспанскае вымаўленне на мясцовым дыялекце,
якое, хутчэй за ўсё, азначае «тая, што топча змеяў».

Цяпер гэта месца самых вялікіх каталіцкіх пілігрымак у свеце — кожны год яго наведвае амаль 12 мільёнаў вернікаў, з іх 6–8 мільёнаў — на свята Маці Божай Гвадэлупскай, 12 снежня.

Больш за 400 гадоў свайго існавання цільма шмат разоў трапляла ў небяспеку: яна цярпела ад вады, агню, злых людзей і няшчасных выпадкаў. У 1785 г. прыбіральшчык, які чысціў раму, выпадкова праліў моцны растваральнік на цільму і значна яе пашкодзіў. Але, як жывое цела, выява цудоўным чынам за 30 дзён сама загаілася, і плямы засталіся толькі на пустой частцы цільмы. У 1921 годзе антыклерыкалы экстрэмісты паклалі 29 шашак дынаміту ў гаршчок з ружамі каля ног абраза. Моцны выбух выбіў вокны, пашкодзіў мармуровую агароджу і медны крыж, які стаяў побач, але зусім не закрануў цільму.

Цільма неаднаразова вывучалася даследчыкамі з Мексікі і ЗША. Да гэтага часу яны не высветлілі, як гладкая выява без бачных мазкоў была нанесена на няроўную паверхню. Больш за ўсё яны заінтрыгаваныя тым, як матэрыял цільмы так доўга застаецца цэлым у гарачых і вільготных умовах Мексікі. Усе дабаўкі і ўпрыгожванні, дада­дзеныя да зыходнага малюнка, ужо неаднаразова аблупліваліся, а копія, якая была зроблена ў 1789 годзе, усяго за 8 гадоў цалкам струхлела.

Хаця гэта Чорная Мадонна вельмі шануецца як Каралева Амерык ва ўсім Новым Свеце — ад ЗША да Бразіліі, усё ж мексіканскія людзі адчуваюць сябе надзвычай цесна звязанымі з Ёю; яны нават завуць саміх сябе «Guadalupanos» («паслядоўнікі Гвадалупэ»).

Да Яе, да сваёй Morena («цёмнаскурая Панна»),
яны стагоддзямі прыносяць свае радасці і турботы,
і Яна дапамагае знаходзіць надзею ў цяжкія часы
і натхняе на пошук лепшага жыцця.

У ХІХ стагоддзі абраз Маці Божай Гвадэлупскай стаў сімвалам паўстання супраць каланіяльнай залежнасці ад Іспаніі, а ў ХХ стагоддзі — сімвалам барацьбы за правы працоўных. У 1965 г. Сезар Чавэз, лідар прафсаюзнага руху за правы сельскагаспадарчых работнікаў у ЗША, вялікая колькасць якіх паходзіць з Мексікі, абвясціў пра ўдзел у шырокамаштабнай забастоўцы суп­раць уладальнікаў вінаграднікаў у Каліфорніі менавіта ў касцёле Маці Божай Гвадэлупскай, у Дзень незалежнасці Мексікі — 16 верасня.

photoblog.statesman.com

Цяжка не заўважыць дзіўнае падабенства паміж значнасцю польскай Чарнай Мадонны і Панны Марыі Гвадэлупскай у лёсе сваіх народаў. Па-першае, яны застаюцца са сваімі духоўнымі дзецьмі ва ўсіх абставінах шматграннага штодзённага жыцця, таму іх можна паба­чыць не толькі ў чысціні і велічы касцёлаў, але і на брудных вуліцах, на тэлефонных картках і латарэйных квітках, у барах і крамах. Некаторым здаецца, што гэта вынік непрымальнай камерцыялізацыі абразоў, ператварэнне іх у прадмет гандлю і сродкі спажывы. З аднаго боку, такая думка мае рацыю, але, з другога боку, Марыя — гэта добрая Маці, а якая Маці застанецца ў чысціні свайго дома, калі Яе дзеці згубіліся ў свеце? Таму Чарнатварыя Мадонны не баяцца забрудзіцца на вуліцах; Яны там, дзе іх дзеці, якіх Яны адшукваюць, суцяшаюць і вядуць у чысты і светлы дом. Па-другое, і Чэнстахоўская, і Гвадэлупская Панны натхняюць і падтрымліваюць барацьбу з усімі праявамі прыгнёту і несправядлівасці. Як добрыя Маці, Яны не толькі выратоўваюць сваіх дзетах, але і вучаць іх заступацца за ўсіх, каму патрэбна дапамога. Таму Іх выявы знаходзяцца і на вайсковых харугвах, і на плакатах дэманстрантаў.

Увогуле, у іканаграфіі Касцёла няма аднаго агульнапрынятага абраза Панны Марыі. Неверагодная разнастай­насць Яе абразоў адлюстроўвае разнастайнасць умоваў, у якіх жывуць Яе дзеці, і мноства функцый, якія Яна дзеля іх выконвае.

Адна з касцёльных традыцый падкрэслівае пакору і чысціню Марыі.
Гэтая традыцыя часта адлюстроўваецца ў абразах
далёкіх ад нас краінаў і нагадвае нам пра тое,
што мы ўсё яшчэ жывем у свеце граху.

Старажытныя выявы Чорных Мадоннаў, нягледзячы на грахоўную неўладкаванасць свету, дапамагаюць людзям у іх выратаванні ўжо тут, на зямлі. Менавіта праз цяжкасці і змаганні штодзённага жыцця Марыя вядзе нас усіх да Хрыста.

«Ці ж не тут Я, твая Маці?» — пытаецца ў нас Панна Марыя і нібы зноў просіць нас будаваць Ёй святыню ў нашых сэрцах, нашых сем’ях і ў нашай краіне. Яна вучыць нас не проста ся­дзець і чакаць Збаўцу, але жыць малітоўна, паводле запаведзяў. А тыя, хто ўжо сёння кор­мяць галодных, апранаюць голых, прытуляюць бяздомных, суцяшаюць гаротных і бароняць слабых, ужо цяпер кожны дзень сустракаюць Хрыста і набліжаюць да сябе Яго Валадарства.


Анастасія Вудэн

Мы вельмі радыя
бачыць вас на сайце
часопіса «Ave Maria».
Гэта плён працы
неабыякавых людзей,
якія з радасцю ствараюць
гэты часопіс для вас.

Падпіска
Ахвяраванні

Сайт часопіса „Ave Maria“ Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рыма-каталіцкага Касцёла ў Беларусі

Часопіс існуе дзякуючы вашым ахвяраванням. Сёння мы просім вашай дапамогі — нават невялікая сума падтрымае нас.

Падрабязней