
Фацімскія аб’яўленні вельмі добра ўпісваюцца ў сцэнарый іншых Марыйных аб’яўленняў. Трое пастушкоў, больш вядомых паводле партугальскай мовы як пасторінос, атрымліваюць ад Марыі Пасланне, якое перадаюць дарослым. І яго можна назваць беспрэцэдэнтным і ўнікальным.
Марыя просіць фацімскіх дзяцей штодзённа маліцца на ружанцы ў інтэнцыі міру, прымаць цярпенні як кампенсацыю за грахі і навяртанне грэшнікаў. Марыя паказвае дзецям сваё Беззаганнае Сэрца і кажа, што Езус прагне, каб пашыраўся Яго культ. Урэшце абвяшчае цуд сонца — яго «танец», які адбываецца на завяршэнне аб’яўленняў.
Марыя паказвае дзецям жахлівую візію пекла і гаворыць, што для ратавання ад яго неабходна маліцца да Яе Беззаганнага Сэрца. Яна прамаўляе ключавыя словы сваіх аб’яўленняў: «Калі так, то… і калі не, то…». Гэта азначае, што калі людзі будуць маліцца і навяртацца, то ўсё будзе добра, а калі не, то чалавецтва чакаюць праблемы. Нагадваючы аб іх, Марыя не пакінула сваіх духоўных дзяцей без надзеі. Яна сказала, што ўрэшце Яе Беззаганнае Сэрца затрыумфуе і Расія навернецца. Умоваю для гэтага павінна быць пасвячэнне Яе
Сэрцу свету і Расіі.
Прадказанні Марыі збыліся. Хрысціянства спазнала ганенні на Касцёл, найбольш жахлівую ў гісторыі чалавецтва Другую сусветную вайну, рэпрэсіі бязвінна асуджаных, мучаніцтва справядлівых людзей, цярпенні Святога Айца і шмат іншых нягодаў.
Пасля Фацімскіх аб’яўленняў распачаўся доўгі працэс іх асэнсавання і тэалагічнай інтэрпрэтацыі, у выніку чаго стала зразумела, што з узмацненнем барацьбы з вераю, варожасці да рэлігіі, калі ўсё больш людзей жыве так, як быццам Бога не існуе, Марыя нагадвае пра фундаментальныя праўды хрысціянскай веры. Мэтаю жыцця кожнага чалавека з’яўляецца вечнае збаўленне. Грэх жа вядзе да несправядлівасці, войнаў, голаду, пераследу і іншых бедаў. Таму ў звышнатуральным свеце грэшніка чакае пекла.
Аднак, нягледзячы на гэта, Бог заўсёды прысутны ў гісторыі, і наша рэчаіснасць не статычная, а дынамічная, бо нішто не прадвырашана канчаткова, і паратунак абавязкова прыходзіць праз Марыю, якая заклікае да малітвы, асабліва ружанцовай, і навяртання, да ахвяравання сваіх цярпенняў і малітваў у інтэнцыі грэшнікаў і да пашырэння культу Яе Беззаганнага Сэрца.
Марыя падчас сваіх апошніх аб’яўленняў таксама абяцае цуд — так званы танец сонца, які стаўся для сабраных 70-ці тысяч скептыкаў пацвярджэннем рэальнасцю Фацімскіх аб’яўленняў.
Паводле сведчанняў фацімскай візіянеркі с. Люцыі, мэтаю гэтых аб’яўленняў было навяртанне людзей да штодзённага ўзрастання ў веры, надзеі і любові. Святы Ян Павел II кажа, што Касцёл прыняў Фацімскае пасланне таму, што ў ім заключаныя праўда і заклік Евангелля да навяртання і непахіснай веры ў Евангелле. А прэфект Кангрэгацыі веравучэння кардынал Ёзаф Ратцынгер, пазнейшы папа Бэнэдыкт XVI, лічыў, што найбольш плённым шляхам для дасягнення збаўлення з’яўляецца культ Найсвяцейшай Панны Марыі і Яе фацімскі заклік да нястомнай малітвы і навяртання.
Такім чынам, Фацімскае пасланне з’яўляецца вельмі актуальным у сучасным свеце, дзе ўсё больш распаўсюджваецца культура смерці, а бязладны секулярызм вядзе да таго, што фундаментальныя сімвалы хрысціянскай прысутнасці ў Еўропе могуць адысці ў мінулае, як кажа святы Ян Павел II.
Сучасная сацыяльна-палітычная і культурная сітуацыя з гібрыднымі войнамі, тэрарыстычнымі актамі, адыходам ад Бога, крызісам сям’і і Божага дару жыцця сведчаць пра тое, што над чалавецтвам вісіць дамоклаў меч. Таму Фацімскае прароцтва застаецца актуальным. Яно — не фільм пра мінулае, але суровая рэчаіснасць, выйсце з якой прапануе Марыя. Фацімскае пасланне павінна мабілізаваць нашыя сілы для духоўнай перамены як умовы перамены свету да лепшага.
Арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч
Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі
Красавік, 2017 г.