Святы Мікалай. Ствары прастору для жыцця

І ў Царкве, і ў Касцёле Мікалай — вялікі святы. Яго ўшаноўваюць адразу ж пасля Багародзіцы. На Захадзе кожнае дзіця ведае, хто такі святы Мікалай. Існуюць шматлікія звычаі, звязаныя з днём яго ўспаміну, які адзначаецца 6 снежня, на пачатку Адвэнту. У гэты дзень дзецям робяць падарункі. Святы Мікалай па-бацькоўску раздае дзецям свае добрыя дары. У Сярэднявеччы ўздоўж сухапутных шляхоў і па берагах суднаходных рэкаў стаялі касцёлы. Імя Мікалай азначае — «народ перамагае».


Аб гісторыі жыцця св. Мікалая складзена шмат легендаў, і мы ўжо не можам аддзяліць гэтыя легенды ад гістарычнай праўды. Дакладна вядома, што Мікалай быў біскупам у Міры. Але тое, як ён быў абвешчаны біскупам, ужо ахутана легендамі. Мікалай быў у паломніцтве да Святой Зямлі. Калі ён вярнуўся, якраз памёр біскуп. Але дамовіцца аб тым, каго выбраць новым біскупам, не маглі. Нарэшце было прынята рашэнне выбраць на біскупства святара, які на наступны дзень першым увойдзе ў касцёл. Выпадкова ім стаў святы Мікалай, які нічога не ведаў пра гэтую дамоўленасць.

Яго дабрачыннасць як біскупа праслаўлена ў многіх легендах, у якіх апавядаецца пра гатоўнасць святога дапамагаць людзям. Адзін збяднелы дваранін, каб пракарміць сваю сям’ю, гатовы быў пайсці на тое, каб яго дочкі заняліся прастытуцыяй. Святы Мікалай даведаўся пра гэта і тры ночы запар кідаў праз вакно ў пакой дачок па мяшку залатых манетаў для таго, каб яны змаглі аплаціць свой пасаг. Аднойчы, калі маракі трапілі ў вялікую бяду, яны паклікалі на дапамогу біскупа. Святы Мікалай адразу ж з’явіўся і дапамог ім, дзякуючы гэтаму яны бяспечна дасягнулі берага. Трое военачальнікаў, якіх несправядліва абвінавацілі ў здрадзе імператару, малілі святога Мікалая аб дапамозе. Уноч перад пакараннем ён з’явіўся ў сне імператару і папракнуў яго ў несправядлівасці. Пасля гэтага імператар вызваліў военачальнікаў. У адной маці з-за яе неасцярожнасці абгарэла дзіця, і святы Мікалай вярнуў яму жыццё. З усіх гэтых легендаў відавочна, што святы Мікалай з’яўляецца там, дзе людзі <...> наблізіліся да пагібелі. Ён — чалавек, які праяўляе бацькоўскі клопат, ён сапраўды становіцца для траіх дачок бацькам, які дарыць ім новае жыццё, калі іх біялагічны бацька не мог іх абараніць. Ён — памочнік у бядзе. З таго часу маракі заклікаюць яго, калі трапляюць у небяспеку. Святы Мікалай — гэта таксама і бацька, які аднаўляе справядлівасць. Ён становіцца ім для дзіцяці, якога маці не змагла засцерагчы ад смерці, бо займалася сабою; ён нараджае яго як быццам новага і зноў вяртае да жыцця.

Людзі, якія па-бацькоўску клапоцяцца пра іншых, адважна выступаючы за праўду, падстаўляючы плячо безабаронным людзям, рызыкуючы сваім уласным жыццём, сёння нам вельмі неабходныя. Сёння мы гаворым пра безбацькоўскае грамадства. У кнізе псіхааналітыка Аляксандра Мітчэрліха «Безбацькоўскае грамадства» першапачаткова пад гэтым выразам мелася на ўвазе грамадства пасля [Другой сусветнай] вайны, у якім не хапала бацькоў, бо яны загінулі на вайне. Але і сёння шмат дзяцей пакутуюць ад таго, што пазбаўленыя бацькі, які недастаткова бывае дома, а канцэнтруецца на працы. Святы Мікалай, які праяўляў бацькоўскі клопат, мог бы сёння стаць прыкладам для татаў, якія хацелі б свядома ставіцца да свайго бацькоўства. Святы Мікалай паказвае ім, што бацька можа зрабіць сапраўдны цуд, калі ён на самай справе зоймецца сваім дзіцём з яго канкрэтнымі патрэбамі.

Усе мы, не толькі дзеці, маем патрэбу ў клапатлівых людзях вакол нас. Яны заступаюцца. Яны адважваюцца на супраціўленне. Яны ўмацоўваюць нас. Яны ствараюць прастору жыцця, дзе падтрымліваюць іншых і натхняюць іх рызыкаваць нават жыццём і спрабаваць нешта новае. Мужчына ты ці жанчына — табе таксама ўласціва па-бацькоўску клапаціцца пра іншых. Паглыбленне ў легенду пра св. Мікалая магло б дапамагчы табе праявіць твой уласны бацькоўскі талент. У чым тваім дзецям патрэбны твой бацькоўскі клопат? У чым тваім калегам патрэбны бацька, які іх падтрымае? Май адвагу жыць сваім бацькоўствам, падстаўляць плячо людзям і ствараць для іх прастору, у якой яны будуць паспяхова развівацца і атрымаюць спрыяльныя ўмовы для жыцця.


Анзэльм Грун

Пераклад з нямецкай мовы Алены Шымак.
Паводле: Anselm Grьn. Fьnfzig Helfer in der Not.
Die Heiligen fьrs Leben entdecken. — Freiburg, 2002.

Мы вельмі радыя
бачыць вас на сайце
часопіса «Ave Maria».
Гэта плён працы
неабыякавых людзей,
якія з радасцю ствараюць
гэты часопіс для вас.

Падпіска
Ахвяраванні

Сайт часопіса „Ave Maria“ Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рыма-каталіцкага Касцёла ў Беларусі

Часопіс існуе дзякуючы вашым ахвяраванням. Сёння мы просім вашай дапамогі — нават невялікая сума падтрымае нас.

Падрабязней