Над дахамі невялічкага горада Дзятлава ўзвышаюцца дзве стромкія барокавыя вежы касцёла. Каваныя крыжы, нібы мячы, якія разразаюць небасхіл над галоўнай плошчай горада. Гэтую святыню ведае кожны дзятлаўчанін. Яна заварожвае сваёй прыгажосцю і вабіць не толькі веруючых, але і тых, хто з цікавасці імкнецца зазірнуць у храм альбо проста звонку сузіраць яго веліч.
Сярод шматлікіх абразоў, скульптураў і дэкаратыўнай ляпніны ў касцёле знаходзіцца вялікая святыня — рэліквіі св. Удальрыка (Ульрыха), біскупа Аўгсбургскага. Невялічкая труна-рэліквіярый з яго зямнымі парэшткамі размешчана ў бочным алтары касцёла.
Аўгсбурская святыня трапіла ў касцёл Унебаўзяцця Панны Марыі ў Дзятлаве з рук дзяржаўнага і вайсковага дзеяча Вялікага Княства Літоўскага Мікалая Фаўстына Радзівіла. Сям’я Радзівілаў з нясвіжскай лініі герба «Трубы» шмат гадоў валодала мястэчкам. У Дзятлаве і нарадзіўся Мікалай Фаўстын. У 1743 годзе дзятлаўская святыня была моцна пашкоджаная ў выніку вялікага пажару: згарэлі алтары, усё ўнутранае ўбранства і нават труны ў крыпце.
Радзівіл не пакінуў сваю родную святыню ў занядбанні. Ён вырашыў заняцца яе рамонтам і рэканструкцыяй. Так са шчодрай рукі Радзівілаў і дзякуючы архітэктару Аляксандру Асікевічу каталіцкая святыня была перабудаваная ў стылі віленскага барока. Над яе фасадам выраслі велічныя вежы, а ў наве з’явілася сем ляпных алтароў.
У тую эпоху было традыцыйным ствараць у касцёле алтары ў гонар святых апекуноў сям’і-заснавальніцы, таму ў касцёле з’явіліся алтар св. Фаўстына — апекуна фундатара (сёння алтар св. Юрыя); алтар св. Барбары — у гонар нябеснай апякункі жонкі Мікалая Фаўстына, Барбары з Завішаў; і алтар св. Удальрыка — апекуна сына Удальрыка Крыштафа Радзівіла. Гэты алтар ушаноўваўся асаблівым чынам — пад абразом на ляпной палічцы былі змешчаныя рэліквіі святога.
Кім жа быў біскуп Удальрык? На нашых усходніх тэрыторыях яго постаць увогуле невядомая, аднак у Германіі, Аўстрыіі, Іспаніі, Італіі можна сустрэць касцёлы пад тытулам святога Удальрыка і нават прыдарожныя каплічкі з яго выявамі каля азёраў і рэчак.
Удальрык нарадзіўся прыкладна ў 890 годзе ў графскай сям’і Фон Дзілінген, якая была звязана з саксонскай дынастыяй. Дзіцятка расло вельмі слабым і хваравітым, але Бог адарыў яго добрай памяццю і вялікім дарам да навукі. Калі Удальрыку было сем гадоў, бацькі аддалі яго на выхаванне ў бэнэдыктынскае абацтва Санкт-Галах, дзе хлопчык пазнаёміўся з пабожнай пустэльніцай Вібарадай, якая жыла ў невялічкім пакоі ў сцяне капліцы св. Юрыя. Удальрык часта прыходзіў да акенца пустэльні і доўгімі гадзінамі размаўляў з ёю пра неба, пра радасць быць святым і ўзнагароду, што чакае кожнага справядлівага хрысціяніна. Аднойчы Вібарада запытала Удальрыка, кім ён хоча быць. Юнак не мог вырашыць, ці стаць яму дыяцэзіяльным святаром ці назаўсёды развітацца са светам і прысвяціць сябе манаскаму жыццю ў кляштары. Пустэльніца лагодна ўсміхнулася і сказала: «Няма Божай волі на тое, каб ты застаўся ў абацтве, але каб быў прызначаны біскупам дыяцэзіі там, дзе рака Лех становіцца мяжой дзвюх краінаў» (дыяцэзія Аўгсбурга). Удальрык не звярнуў увагі на гэтае прароцтва, аднак вырашыў не заставацца ў кляштары пасля навукі і вярнуўся ў родную сядзібу.
Бацькі, прагнучы, каб сын вучыўся далей, перадаюць яго пад апеку сваяка Адальберта, які быў біскупам у Аўгсбургу. Будучы святы працягваў тут сваю адукацыю, а пасля заканчэння навукі вырашыў стаць святаром. Дзядзька Адальберт з радасцю пасвяціў у сан святара свайго сваяка, а затым, не зважаючы на яго малады ўзрост, прызначыў кіраўніком гаспадаркі Аўгсбургскай дыяцэзіі. У гэтым жа годзе па хадайніцтве біскупа Адальберта Удальрык выехаў у Рым. Маладога святара хацелі пакінуць пры двары папы Сяргея ІІІ, бо ўбачылі яго вялікія здольнасці. Аднак зусім нечакана адыходзіць да Пана біскуп Адальберт, і Удальрык вяртаецца ў Аўгсбург, каб развітацца са сваяком і духоўным настаўнікам. Новым біскупам Аўгсбурга быў прызначаны святар Хілцін, які, на жаль, абыякава ставіўся да справаў дыяцэзіі. Удальрык, не жадаючы глядзець на тое, як Хілцін руйнуе справу дзядзькі, адмаўляецца ад займанай пры катэдры пасады — увесь час ён мог цяпер прысвяціць малітве, а таксама дапамозе аўдавелай маці.
Праз некалькі гадоў біскуп Хілцін памірае. У 923 годзе нямецкі кароль Генрых I Птушкалоў прызначыў Удальрыка біскупам Аўгсбурга (у тыя часы менавіта каралі і імператары прапаноўвалі Папам кандыдатаў на біскупскія сядзібы). Біскупскае пасвячэнне новага пастыра Аўгсбурга адбылося 28 снежня 923 года.
Біскуп Удальрык цалкам аддаецца сваёй паслузе: падымае з кален пасляваенную Швабію, будуе школы, кляштары, касцёлы, асаблівай апекай атуляе ўбогіх. Прыдворныя курыі бачылі, як ён апранаўся ў свецкае адзенне і ішоў раздаваць міласціну па бедных вуліцах Аўгсбурга. Удальрык арганізоўвае мясцовы Сінод, на якім вырашае праблемы, звязаныя з жыццём духавенства, звяртаючы вялікую ўвагу на маральнасць і ўмеркаванасць у матэрыяльных сродках (ва ўсім гэтым ён сам быў вельмі добрым прыкладам).
Біскуп Удальрык маліўся з вялікім запалам і засяроджанасцю, цэлебруючы святую Імшу. Менавіта ў ёй браў ён сілы і духоўнае натхненне, заклікаючы святароў, каб памяталі аб тым, чыё Цела трымаюць у сваіх далонях падчас літургіі, і цэлебравалі Найсвяцейшую Ахвяру з годнасцю і пашанай. Удальрык вельмі сурова пасціўся, а па пятніцах увогуле нічога не еў.
Пастырскаму кіраванню Удальрыка паклала канец войска язычнікаў венграў, якое ў 955 годзе ўвайшло на тэрыторыю Швабіі. Венгры кінуліся на муры Аўгсбурга, думаючы, што тут знаходзіцца казна герцага Баварыі. Натхняльнікам супраціву мяшчанаў горада стаў біскуп Удальрык, які некалькі разоў удзельнічаў у начных вылазках. У дзень, калі пад брамамі Аўгсбурга стала язычніцкае войска, званы катэдры склікалі вернікаў. Удальрык заклікаў іх да малітвы і посту, просячы Бога аб дапамозе — ён ляжаў у перапоўненай катэдры на падлозе крыжам, молячыся так некалькі гадзінаў аб міласэрнасці для яго горада. Неўзабаве венгры знялі аблогу і адышлі ад гарадскіх брамаў...
Але Удальрык не змог доўга цешыцца гэтай перамогай. Сын караля Атона I Вялікага Луітольф узбунтаваўся супраць свайго бацькі, і да яго далучыўся баварскі князь Арнульф, які, баючыся, што біскуп Удальрык можа паўплываць на караля, уварваўся ў аўгсбурскую курыю і пасадзіў будучага святога ў вязніцу ў замку Мюнхенген. Вельмі хутка біскупа вызвалілі паплечнікі караля. Разам з біскупам Харбэртам Удальрык вядзе перамовы з Луітольфам аб прымірэнні з каралём, і неўзабаве сын вяртаецца да бацькі, акурат перад бітвай, якая б рассудзіла іх лёс.
Не ўсе паплечнікі Луітольфа прысягнулі каралю — многія яшчэ больш абурыліся і прагнулі помсты. На дапамогу яны клічуць венграў, якія зноў напалі на Аўгсбург. За гарадскімі мурамі схаваліся тысячы сялянаў, якіх сабраў Удальрык. Біскуп сам распачаў абарону горада. Жанчынам ён наказаў дзень і ноч маліцца ў касцёлах, а сам разам з мужчынамі стаяў у абароне на гарадскіх сценах без жаўнерскіх латаў (духоўнікам не дазвалялася іх апранаць), заахвочваючы жаўнераў да мужнасці і даверу Божаму Провіду.
Венгры знялі аблогу пры набліжэнні войска караля Атона і адступілі да ракі Лех, спадзеючыся разбіць каралеўскае войска ў бітве. Напярэдадні бітвы, па ініцыятыве Удальрыка, усё германскае войска цэлы дзень пасцілася і малілася. Ноччу перад бітвай біскупу Удальрыку з’явілася св. Афра і наказала яму не хвалявацца, абяцаючы, што хрысціянскае войска пераможа. 10 жніўня 955 года на вуліцы перад усім войскам Удальрык цэлебруе святую Імшу, удзяляючы каралю і яго свіце святую Камунію, пасля чаго жаўнеры кідаюцца ў бітву. У кровапралітнай Лехскай бітве венгры былі цалкам разгромленыя, а войска караля Атона трыумфальна ўвайшло ў Аўгсбург пад гук касцёльных званоў...
Калі Удальрыку было ўжо восемдзесят гадоў, ён пілігрымуе ў Рым, па дарозе заязджаючы да караля Атона і просячы яго, каб назначыў новым біскупам Аўгсбурга Адэльбара. Кароль не хацеў адпускаць Удальрыка, аднак пасля доўгіх просьбаў згадзіўся. Замест біскупскіх строяў Удальрык апранае ўбогі хабіт бэнэдыктына, прагнучы прысвяціць рэшту сваіх дзён малітве і медытацыі. Аднак аўгсбурскі Сінод не прымае адрачэння Удальрыка і просіць яго вярнуцца ў біскупскую сядзібу. Удальрык вяртаецца і застаецца пастырам гэтай дыяцэзіі аж да самай смерці, — гэтак яшчэ раз пацвердзілася прароцтва пустэльніцы Вібарады...
Адчуваючы свой адыход, Удальрык просіць занесці яго ў касцёл, дзе ён у апошні раз удзельнічае ў святой Імшы. Пасля літургіі ён сказаў прынесці ўвесь яго набытак і раздаць бедным. Удальрык памёр 4 ліпеня 973 года. На яго вуснах ззяла лагодная ўсмешка, бо верны слуга адышоў па сваю ўзнагароду ў небе...
Праз непрацяглы час пасля смерці Удальрыка сталі распаўсюджвацца апавяданні пра цуды, якія адбываліся пасля малітвы каля труны памерлага біскупа: хворыя атрымоўвалі аздараўленне, воінаў не краналі стрэлы ў бітве. Блізкі сябар святога, Шгерхард, напісаў першы жыццяпіс біскупа, а ў 993 годзе Удальрык Аўгсбурскі быў далучаны Папам Рымскім Янам XV да ліку святых. Яго ўзнясенне да хвалы алтара стала першым афіцыйным актам Рымскіх Папаў аб кананізацыі. Дзень памяці святога Удальрыка адзначаецца Каталіцкім Касцёлам 4 ліпеня.
Рэліквіі святога ў большай частцы знаходзяцца ў абацтве святога Удальрыка і Афры ў Аўгсбургу. У музеі Аўгсбургскай дыяцэзіі захоўваецца вопратка св. Удальрыка, нацельны крыж і келіх, якім карыстаўся святы падчас Эўхарыстыі.
Св. Удальрыка часта малююць з рыбаю ў руках. Гэтая традыцыя звязана з наступным паданнем. Аднойчы святога наведаў біскуп Конрад. Быў чацвер. Сябры селі вячэраць і ў пабожных размовах прагутарылі аж да пятнічнай раніцы. Раптам прыехаў да біскупа ганец баварскага князя. Удальрык прыняў яго і, бачачы, што ганец галодны, загарнуў яму кавалак смажанага мяса са стала, забыўшыся, што ўжо настала пятніца. Ганец, убачыўшы гэта, распачаў апавядаць пра тое, што біскуп Удальрык крывадушнік і толькі гуляе ў святога. Як доказ ён павёз да князя кавалак мяса са стала біскупа, які атрымаў ад яго ў пятніцу. Калі, укленчыўшы, ганец разгортваў перад князем гэты кавалак, раптам у яго руцэ апынулася жывая рыба, якая хвастом ударыла ілжывага ганца па твары. Так Бог не дапусціў ачарнення свайго вернага слугі Удальрыка.
Святы Удальрык з’яўляецца апекуном Швабіі і Аўгсбурга. Асаблівым чынам да яго звяртаюцца вінаробы, просячы аб добрым ураджаі вінаграду; падарожнікі — аб спакойным падарожжы; рыбаловы просяць святога аб благаслаўленні ў рыбалоўстве і добрым улове.
Каб пакланіцца гэтаму святому Каталіцкага Касцёла, не трэба ехаць у баварскі Аўгсбург — дастаткова накіравацца ў Дзятлава, дзе таксама спачываюць яго зямныя парэшткі.
Клерык Артур Ляшнеўскі SDB