У невялікай нарачанскай парафіі св. Андрэя Апостала вельмі шануецца асоба св. Яна Паўла ІІ і кардынала Казіміра Свёнтка.

На працягу многіх гадоў праз катэхезы, канферэнцыі, прагляды фільмаў, канцэрты, вечарыны, конкурсы ведаў, сачыненняў, малюнкаў нарачанцы далучаюцца да духоўнай спадчыны, якую пакінуў пасля сябе Вялікі Папа. Але як усё пачыналася?

Пра гэта мне расказала катэхетка Ірына Шнітоўская: «Ян Павел ІІ захапіў мяне як прыклад любові і служэння іншым, а таксама дастойнага трывання ў хваробе. Яго асобе я прыпісваю маленькія цуды, звязаныя са мной асабіста, а таксама з нашай парафіяй. Дзесьці 12 гадоў таму я была на сустрэчы з Янам Паўлам II у Ватыкане, і пасля аўдыенцыі ў мяне ўзнікла мара, каб у парафіі з’явіўся помнік гэтаму вялікаму чалавеку. Многія з мяне смяяліся, але калі 6 гадоў таму нам падаравалі помнік Яна Паўла ІІ, тыя ж людзі сказалі, што мае шалёныя мары спаўняюцца. Яго рэліквіі з’явіліся ў нашай парафіі таксама цудоўным чынам. Айцец Бэрнард (цяпер ён працуе ў Брэсце) аднойчы быў на размове з кардыналам Дзівішам у Кракаве. Перад яго візітам мы напісалі, што вельмі шануем Папу і хацелі б калі-небудзь мець у парафіі яго рэліквіі. Пасля сустрэчы айца папрасілі пачакаць у калідоры, а потым выйшла сястра і дала яму скрыначку, сказаўшы: «Гэта рэліквіі крыві Яна Паўла II». Айцец Бэрнард прывёз іх у Нарач. Рэліквіі былі ўрачыста ўнесены ў касцёл 21 кастрычніка 2012 года. Справу а. Бэрнарда плённа працягвае цяперашні пробашч а. Пётр Фарына.

У красавіку гэтага года мы ездзілі на кананізацыю Вялікага Папы. Было вельмі многа людзей, і дазвалялі толькі на секунду затрымацца каля яго труны, але я была там каля 25 хвілін! Для мяне гэта быў цуд! У нядзелю мы прыехалі на ўрачыстасць каля шасці раніцы, але сталі так, што нічога не бачылі. Я вельмі перажывала. Стаю і ціха малюся: «Яне Паўле, ну паглядзі — мы столькі праехалі, 3000 кіламетраў! Гэта ж несправядліва, што мы нават не пачуем, калі цябе абвесцяць святым!». І тут прыбягае адзін наш пілігрым з тэлефонам і навушнікам, а там якраз гучаць словы аб кананізацыі! Мы не прапусцілі гэтага моманту! Потым іншы пілігрым падлятае і крычыць: «Ірына Антонаўна, там бар, а ў бары — вялікі тэлевізар!». І так атрымалася, што мы ўсё бачылі і чулі словы польскага каментатара. Для нас гэта быў вялікі цуд!» 

«Ірына і мяне заразіла сваёй любоўю да Папы. — распавядала сямідзесяцігадовая парафіянка Людміла Лешчык. — Па прафесіі я настаўніца, мае бацькі вельмі веруючыя. Мой бацька быў членам касцёльнага камітэта, але пакуль да мяне прышло ўсведамленне, што трэба ісці слядамі бацькі, прайшло шмат часу. Аднойчы з Чэнстаховы, калі ў нас вера была яшчэ забароненая, мне прывезлі картку з выявай Яна Паўла II з распрасцёртымі рукамі, якімі, мне здаецца, ён абдымае ўвесь свет. Я захапілася ім, чытала шмат яго кніг... Больш за ўсё мяне змяніла тое, што мая малодшая дачка на II курсе радыёфізічнага факультэта ў нядзелю сабралася ў касцёл. Яна і яе трое дзетак цяпер заўсёды ходзяць у касцёл».

«Для мяне Ян Павел II — прыклад таго, як жыць дабрынёй, усмешкай, спагадай. Для кожнага ён быў блізкі. Аднойчы чытала ў «Ave Maria», што ён быў у Вільні, так недалёка да нашай сінявокай Беларусі! 

І вось ноччу мне прысніўся сон, што я ў Рыме, хаджу па плошчы святога Пятра, і да мяне падыходзіць Ян Па­-вел II, гладзіць мяне па галаве і кажа: «Усё ў цябе, Олька, будзе добра». Я прачнулася з пачуццём спакою, і заўсёды, калі штосьці дрэннае здараецца, памятаю гэтыя словы. Ён тут, з намі! Цешуся, што ў нашым касцёле ёсць яго рэліквіі, ёсць помнік, і кожны месяц 16 чысла мы ўшаноўваем яго памяць. Я ездзіла на яго беатыфікацыю, памятаю свае перажыванні, як сёння», — падзялілася з намі Вольга Баўтрамовіч.

«Другой вялікай асобай для нашай парафіі з’яўляецца кардынал Казімір Свёнтэк, — распавядала далей Ірына Шнітоўская. — Наша любоў да кардынала пачалася пасля бежмавання, калі гэты сакрамэнт прынялі 264 вернікі. Гэта было вельмі хвалююча! Пасля бежмавання кардынал паехаў адпачываць на возера. Мы не паспелі выйсці з плябаніі перад яго вяртаннем. Ён быў вельмі сціпла адзеты. У яго былі прыгожыя блакітныя вочы. Усе кінуліся цалаваць яго пярсцёнак, а я быццам знямела, ды нашы «інтэлігенты» штурхнулі мяне, і я вылецела да яго, каб прывітаць. І так нарадзілася любоў. Гэта была 71-я гадавіна яго святарства. Уласнай рукой ён закрэсліваў на абразках 70-й гадавіны яго святарства лічбу 70 і ўпісваў 71 — для яго не было дробязяў у жыцці. Памятаю, у нас быў конкурс ведаў і я рыхтавала дыпломы для яго ўдзельнікаў, а на ўручэнне мы паехалі ў Пінск, і такі самы дыплом, які я сама рабіла, кардынал уручыў і мне. Падчас сустрэчаў ён часта пытаўся: «За што вы мяне любіце?».

Падчас яго хваробы мы дасылалі яму паштоўкі, лісты, цукеркі... Калі кардынал вярнуўся з люблінскага шпіталя, ён многім паказваў тое, што мы яму дасылалі, а потым мы нечакана атрымалі ад яго ліст! У большасці ён размаўляў па-руску, таму, калі я ўбачыла пачатак ліста са словамі «мои дорогие нарочанцы», то зразумела, што гэта пісаў уласнаручна Казімір Свёнтэк. І заўсёды буду памятаць словы на заканчэнне гэтага ліста: «Жадаю вам дабра ад Бога і людзей». Чалавек, які перажыў столькі зла ад іншых, разумеў, што важна атрымоўваць дабро і спагаду ад людзей. У нас у Нарачы праводзіўся таксама конкурс у першую гадавіну смерці кардынала, і малюнак, які перамог, цяпер знаходзіцца ў мяне дома, бо Косця (аўтар гэтага партрэта) падараваў яго мне!»

«Асабіста для мяне, — распавяла Людміла Лешчык, — шчасце было сустрэцца з кардыналам Свёнткам! Мяне захапіла многае ў ім: яго погляд, усмешка, гумар, узнёсласць і такая памяць! Ён благаславіў кожнага з нас! Мне б хацелася, каб і ён быў беатыфікаваны».

«Кардынал Казімір Свёнтэк вельмі шмат перанёс. Памятаю, як ён удзяляў мне сакрамэнт бежмавання: прыпадняў мае валасы і накрэсліў крыжык, — падзялілася сваімі ўспамінамі Вольга Баўтрамовіч. — Кожнае слова на Імшы, нават падчас хваробы, ён вымаўляў прыгожа, з вялікай пашанай. Калі аднойчы мы спявалі яму «Сто лят...», ён засмяўся і запытаўся: «Чаму вы так мала мне жадаеце?». Для мяне сустрэчы з ім незабыўныя... Памятаю, як апошні раз цалавала яго пярсцёнак...».

Падчас маёй сустрэчы з дзецьмі і моладдзю парафіі Ірына Шнітоўская папрасіла іх намаляваць, з чым у іх асацыіруюцца Ян Павел II і кардынал Казімір Свёнтэк. І атрымалася катэхеза для катэхеткі, якая часам нават выклікала слёзы. Многія малявалі пісталет — як знак замаху на жыццё Яна Паў-ла II, бо іх вельмі ўразіла тое, што ён прабачыў свайму крыўдзіцелю. Як асацыяцыю з кардыналам многія малявалі яблык (калі сям’я галадала, маленькі Казімір мусіў прадаваць яблыкі...). Іншая асацыяцыя  — анёл (кажуць, што ён палічыў усіх анёлаў у пінскай катэдры), а таксама чарапіца — знак таго, што чарапіцу на даху касцёла ён клаў сваімі рукамі... Шмат цікавага з жыцця гэтых вялікіх людзей ведаюць маладыя нарачанцы. Любоў да гэтых вялікіх людзей, нарадзілася ў іх сэрцах дзякуючы катэхетцы Ірыне Антонаўне, якая на заканчэнне нашай сустрэчы сказала: «Дзяцей і моладзь трэба выхоўваць на добрых прыкладах, а мне давялося жыць у адзін час з такімі вялікімі людзьмі, як Ян Павел II і кардынал Казімір Свёнтэк, а не любіць іх не магчыма!».

Падрыхтавала Людміла Бурлевіч.

Фота аўтара і з парафіяльнага архіва. 

Мы вельмі радыя
бачыць вас на сайце
часопіса «Ave Maria».
Гэта плён працы
неабыякавых людзей,
якія з радасцю ствараюць
гэты часопіс для вас.

Падпіска
Ахвяраванні

Сайт часопіса „Ave Maria“ Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рыма-каталіцкага Касцёла ў Беларусі

Часопіс існуе дзякуючы вашым ахвяраванням. Сёння мы просім вашай дапамогі — нават невялікая сума падтрымае нас.

Падрабязней