Маці Божая Балесная — нашая Апякунка ў цярпеннях

Успамін Маці Божай Балеснай можна разумець таксама як выраз пашаны да ўсіх бацькоў, якія перажылі боль страты дзіцяці. Нашае жыццё складаецца, як і ў Ружанцы, і з радасных частак, і з балесных, і са святла, а таксама ў нейкія моманты — з хвалебных, у залежнасці ад перыяду і абставінаў, на якія мы больш або менш можам уплываць. Успамін Маці Божай Балеснай змушае нас прыгадаць самыя цяжкія моманты ў нашым жыцці.


Смерць блізкага чалавека, які дарагі нашаму сэрцу, асабліва смерць дзіцяці, незалежна ад таго, на якім тэрміне яно было, колькі месяцаў яму было, мела яно ён 5 гадоў або 42, гэтае перажыванне бацькоўскага болю — аднаго з самых цяжкіх у жыцці. Існуе назва стану страты сужэнца — гэта ўдаўство, але няма назвы стану бацькоў, якія страцілі дзіця.

Успамін Маці Божай Балеснай можна зразумець таксама ў некаторай ступені як выраз пашаны ўсім бацькам, якія перажылі боль страты дзіцяці, калі сутыкнуліся з нечаканай смерцю або былі побач з паміраючым, хворым дзіцем. І няма розніцы, маленькае або дарослае гэта было дзіця, бо гэта ўсё роўна дзіця і яно застаецца ім да канца.

...Да нас у кляштар прыходзяць і звяртаюцца па дапамогу розныя людзі. Яны расказваюць нам пра беды і няшчасці, свае і сваіх блізкіх, нярэдка бачачы ў нас, сёстрах, апошні ратунак. Шукаючы падтрымкі і суперажывання, яны часта хочуць, каб іх толькі выслухалі, каб проста камусьці расказаць, падзяліцца сваім болем.

Напэўна, адным з надзвычай моцных перажыванняў з’яўляецца тое, калі бацькі або адзін з іх, найчасцей маці, прыходзяць або тэлефануюць і расказваюць пра сваіх дзяцей. Гэта роспач маладой жанчыны, якая знаходзіцца ў глыбокай дэпрэсіі з-за таго, што яе маленькае дзіця згасае на вачах з-за хваробы, а яна ўпарта так чакае цуду аздараўлення. Таксама страшны боль жанчыны пасля чарговага выкідышу.
Іншы боль, што таксама раздзірае знутры, гэта боль бацькоў, якія перажываюць за сваіх ужо дарослых дзяцей, калі ў іх штосьці не атрымалася ў жыцці, не склалася: напрыклад, дачка захварэла або трапіла ў залежнасць, не можа скончыць вучобу. Бацькі амаль бездапаможныя, бо не ведаюць, як дапамагчы дзіцяці, каб яно было шчаслівым.

Пранізвае цярпенне маці, якая страціла ў невядомых абставінах дачку за мяжою — жаль і боль неімаверны, бо яна не была далучаная да Касцёла і памерла без сакрамэнтаў. Сціскае горла боль маці, якая просіць малітвы за дачку ці сына, моцнае цярпенне маці, якая страціла за пару дзён 40-гадовую дачку ў выніку нечаканай імгненнай хваробы.

І шмат іншых прыкладаў чалавечага цярпення, аднаму Богу вядомага...

Што з таго, што мы ведаем, што цярпенне і смерць — непазбежныя складнікі нашага існавання. Лёгка казаць, але калі гэта здараецца з намі ці нашымі блізкімі...

Гэтыя і іншыя людскія пакуты мы аддаём Богу як апошняму ратавальніку, просячы Яго суцяшэння ў цярпенні, падтрымкі для таго, за каго молімся. Чалавечыя словы ў такіх сітуацыях бездапаможныя. Застаецца толькі поўнае пашаны выслухванне, часам з апушчанымі ў бяссіллі вачыма, і даручэнні гэтага болю Божай міласэрнасці.

«А пад Крыжам Маці стала...»

Боль Марыі, Маці Езуса, пад крыжам, на якім памёр Яе Сын, адзіны і любімы... Яе дзіця. Яна ведае гэты боль, таму нам трэба аддаць Ёй усе свае пакуты і смутак, бо і сама Маці Божая па-чалавечы знесла цярпенне і пакуты свайго Сына Езуса Хрыста. Гэта Яна вядзе нас у цішыні нашых моцных перажыванняў да світанку жыцця і ўваскрасення свайго Сына, якога сустракае зноў пасля цішыні Вялікай суботы.

Даручым сябе і тых, каму патрэбна асаблівая патрымка, Сэрцу Марыі, угледземся ў Яе аблічча, якое ззяе даверам Жыццю, што насіла Яна пад сваім Сэрцам, і да якога Яна вядзе нас.

«Глянь на нас, о наша Пані, ласкавым позіркам Тваёй міласэрнасці, і пакажы нам Хрыста, благаслаўлёны плод Твайго ўлоння...»


Ева Альшэўская ОР
Пераклад з польскай мовы Вольгі Качалкі
Паводле dominikanie.pl

Сайт часопіса „Ave Maria“ Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рыма-каталіцкага Касцёла ў Беларусі

Часопіс існуе дзякуючы вашым ахвяраванням. Сёння мы просім вашай дапамогі — нават невялікая сума падтрымае нас.

Падрабязней