Наша сям’я штодзённа вечарам малілася адну частку святога Ружанца. Бацька ўзначальваў гэтую малітву і «мабілізаваў» нас, дзяцей, да ўдзелу ў малітве праз называнне і чытанне паасобных таямніцаў. Дзякуючы гэтай супольнай малітве наша сям’я спазнала шмат асаблівых Божых ласкаў.
Падчас вайны немцы забралі і вывезлі нашу маці ў Ясла (горад на паўднёвым усходзе Польшчы) замест бацькі, якому ўдалося ўцячы з дому. Чацвёра малых дзяцей засталіся з хвораю бабуляю, а мама тады была цяжарная мною. У вязніцы мама малітваю «прабіла» неба, і праз тры тыдні яе вызвалілі. Немец даў ёй грошы на цягнік, каб яна магла вярнуцца ў Олпін.
Плёнам нашай супольнай малітвы з’яўляюцца таксама пакліканні. У нашай сям’і гадавалася дзевяць дзяцей, трое абралі манаства: айцец Юзаф — езуіт, айцец Станіслаў — рэдэмптарыст, місіянер у Балівіі, і я — дамініканка.
Досвед ружанцовай малітвы ў дзяцінстве глыбока захаваўся ў маім сэрцы і ажыў падчас атрымання белага габіта з усім Ружанцам (тады было 15 таямніцаў). Носячы ружанец з сабою, я адчувала блізкасць Беззаганнай. У 1982 годзе я запісалася ў Яснагорскую ружанцовую сям’ю, якая яшчэ больш дапамагла мне палюбіць гэту малітву і абудзіла жаданне дзяліцца ёю з іншымі. На місіях у мяне была добрая магчымасць дзяліцца гэтым багатым вопытам ружанцовай малітвы з дзецьмі, моладдзю і дарослымі. Афрыканцы любяць наладжваць тэатральныя пастаноўкі, таму ўжо з дзіцячага садка ў Бэртуа (горад на ўсходзе Камеруна) дзеці рабілі інсцэніроўкі ружанцовых таямніцаў, каб лепш запомніць падзеі з жыцця Езуса і Яго Маці.
Па запрашэнні айца Уладзіміра OSPPE, пробашча парафіі ў Белаба (горад на ўсходзе Камеруна), я з радасцю правяла аднадзённую ружанцовую лекцыю для катэхетаў і адказных розных парафіяльных групаў. Моладзь падчас катэхезы ў школе і ў парафіі вучыла ружанцовыя таямніцы на памяць як кароткую біяграфію Хрыста.
Ружанцовая малітва пранікае ва ўсе сітуацыі жыцця чалавека. Напрыклад, у шчаслівыя дні я разам з Марыяй праслаўляю Бога за шчодрыя дары ў радасных таямніцах. Молячыся таямніцамі святла, я вучылася ад Хрыста місійнай працы. У цяжкія хвіліны я чытаю балесныя таямніцы, углядаючыся ў церпячага Езуса, шукаю ў Ім падтрымкі, суцяшэння і больш глыбокага сэнсу цярпення. Я вельмі люблю маліцца хвалебнымі таямніцамі, поўнымі радаснай надзеі, і асабліва мяне кранае Унебаўшэсце Езуса, які сказаў нам: «У доме Айца Майго шмат святліц. <…> Іду падрыхтаваць месца для вас. І калі пайду і падрыхтую вам месца, прыйду зноў і забяру вас да сябе, каб і вы былі там, дзе Я» (пар. Ян 14, 1–4).
У Ружанцы — у гэтай малітве-кантэмпляцыі — разам з Марыяй я захапляюся жыццём Хрыста, які дапамагае мне духоўна ўзрастаць і прыпадабняцца да Яго.
З вялікай радасцю я ўспрыняла апостальскі ліст папы Яна Паўла ІІ «Rosarium Virginis Mariae» пра святы Ружанец, які дапамог мне яшчэ больш паглыбіць гэтую малітву. Дзякуючы Ружанцу Марыя сваёю асабліваю любоўю спадарожнічае мне на працягу ўсяго майго жыцця і ўслед за сваім Сынам вядзе мяне ў дом Айца Нябеснага.
Шаноўная моладзь! Святы Ян Павел ІІ у сваім лісце скіраваў да вас кранальныя словы: «Маладыя людзі, я гляджу на вас, вазьміце зноў у рукі ружанец, адкрыйце яго нанава ў святле Святога Пісання і ў кантэксце штодзённага жыцця». Варта адкрыць Ружанец як скарб свайго жыцця і ўступіць у школу Марыі, якая будзе вучыць вас гэтай малітве і атуліць вас асабліваю мацярынскаю апекаю, а святы Ян Павел ІІ, вялікі прыхільнік Ружанца, будзе благаслаўляць вас з неба.
Сястра Тадэя Юзэфа Аўгустын ОР