Таямнічыя дзядуля і бабуля Хрыста

Пра бабулю і дзядулю Езуса мы нічога не знойдзем у Евангеллі. Большасць інфармацыі пра іх змешчана ў апокрыфах, а менавіта ў «Протаевангеллі Якуба» і «Евангеллі псеўда-Мацвея». Некаторыя скажуць, што гэтыя тэксты паўлегендарныя, але ў кожнай легендзе ёсць зерне праўды.


Іх імёны самі па сабе ўжо нешта азначаюць. Габрэйскае імя Ганна азначае тое ж, што і «ласка», а Яўхім — «прыгатаванае Пану». На працягу многіх гадоў яны не маглі нарадзіць дзіцяці, пра што ўзгадвае ксёндз Пётр Скарга ў «Жыціі святых» (1579):

«На тры часткі яны раздзялілі сваю маёмасць: першую ахвяроўвалі Божаму Касцёлу і святарам, другую аддавалі бедным, а трэцюю пакідалі сабе на свае патрэбы. Яны доўга жылі без нашчадкаў, без плоду свайго сужэнства, не маглі цешыцца сваімі дзеткамі, таму былі яны засмучанымі і бязрадаснымі».

Аднойчы Яўхім захацеў скласці ахвяру ў святыні. Ён меў права зрабіць гэта першым, таму што яго ахвяра была найбольшаю, але святар забараніў яму гэта зрабіць, сказаўшы, што «не належыць таму, хто не нарадзіў нашчадка ў Ізраэлі, першаму складаць ахвяру». Усе праведныя людзі маюць нашчадкаў, а саракагадовы Яўхім — не. Агарнуў Яўхіма сорам, і ўцёк ён у пустыню, дзе пасціўся сорак дзён і сорак начэй.

У гэты час яго жонка Ганна жалілася Богу і спявала жалобныя песні. Яна думала, што яе муж загінуў, што яна засталася ўдавою, і аплаквала сваю бяздзетнасць. Тады з’явіўся анёл і сказаў Ганне, што яна народзіць дзіця, якому «будуць дзівіцца ва ўсе часы ажно да сканчэння свету». У іншай гісторыі гаворыцца, што анёл загадаў бацькам назваць дзіця Марыяй і сказаў, што яна будзе поўнаю ласкі.

Яўхім памёр заўчасна, калі Марыя была яшчэ дзіцём. Невядома, аднак, калі памерла Ганна. Апокрыфы кажуць, што калі Марыя выйшла замуж за Юзафа, Ганна адышла ў цень — яе роля ў гісторыі ўжо была выканана.

Пра ўшанаванне Яўхіма і Ганны мы чытаем ужо ў айцоў Касцёла, якія звярталіся да апокрыфаў, — пасля іх і ўзнікла традыцыя ўшанавання бацькоў Марыі. Літургічны ўспамін святых з’явіўся спачатку ва ўсходнім Касцёле: ён быў уведзены ў 710 г. імператарам Юстыніянам ІІ пад назваю «Зачацце святою Ганнаю».

У заходнім Касцёле ўспамін святых быў уведзены пазней. У Неапалі яго практыкавалі з Х ст. Папа Юлій ІІ распаўсюдзіў шанаванне бацькоў Марыі па ўсім Касцёле ў 1522 г. і прызначыў успамін на 20 сакавіка. Папа Павел V скасаваў гэтае свята ў 1568 г., тлумачачы сваё рашэнне тым, што пра бацькоў Марыі нічога не ведаем з кнігаў Святога Пісання.

Тым не менш, перамагло меркаванне, што бацькі Марыі заслугоўваюць ушанавання. Таму папа Грыгорый XIII аднавіў свята Яўхіма і Ганны ў 1584 г. У сувязі з гэтым быў вызначаны дзень успаміну — 26 ліпеня. Святы папа Пій X у 1911 годзе ўвёў асобнае свята св. Яўхіма, вызначыўшы дзень 16 жніўня. Св. Ганна і далей успаміналася 26 ліпеня. Літургічная рэформа 1969 г. вярнула дату ўспаміну абоіх святых на 26 ліпеня.

Яўхім і Ганна сталі нябеснымі заступнікамі сем’яў. Яны шануюцца таксама як людзі праведныя, сумленныя, поўныя даверу і веры ў Божае абяцанне. Гэтыя святыя з’яўляюцца таксама заступнікамі сужэнстваў, якія доўга чакаюць нашчадкаў.

Малітва сужэнцаў да святых Яўхіма і Ганны

О святыя муж і жонка, Яўхім і Ганна! Праз свае заслугі выпрасіце для мяне і маёй жонкі (майго мужа) ласку ад Бога жыць супольна ў сапраўднай сужэнскай еднасці і чысціні гэтак, як вы жылі разам, даўшы ўсім сужэнцам цудоўны прыклад. О святы Яўхім і святая Ганна! Захавайце мяне і маю жонку (майго мужа) ад нявернасці, абыякавасці, крыўдаў, разладаў і спакусаў злога духа. Захавайце нас таксама ад пыхі і ад празмернай прывязанасці да гэтага свету, выпрасіце для нас даверлівае і чыстае каханне, непарыўную еднасць і Божую дапамогу жыць паводле вашага прыкладу і прыносіць добрыя плады ў нашым благаслаўлёным Богам сужэнстве. Амэн.


Падрыхтавала Вольга Качалка
Паводле deon.pl

Ілюстрацыя: фрагмент фрэскі Джота
«Выгнанне Яўхіма са святыні» (1302-1305)

 

Мы вельмі радыя
бачыць вас на сайце
часопіса «Ave Maria».
Гэта плён працы
неабыякавых людзей,
якія з радасцю ствараюць
гэты часопіс для вас.

Падпіска
Ахвяраванні

Сайт часопіса „Ave Maria“ Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рыма-каталіцкага Касцёла ў Беларусі

Часопіс існуе дзякуючы вашым ахвяраванням. Сёння мы просім вашай дапамогі — нават невялікая сума падтрымае нас.

Падрабязней