Цытаты святых для разважання

Святыя пакінулі нам вялікую духоўную спадчыну ў выглядзе розных кніг і трактатаў, а галоўнае — сваім жыццём і адданым служэннем Богу і да сённяшняга дня яны з’яўляюцца прыкладам, на які можна раўняцца. Часопіс «Ave Maria» падрыхтаваў падборку цытатаў святых пра веру, любоў і жыццё, якія, спадзяемся, паслужаць яшчэ адной крыніцай для перажывання велікапоснага перыяду.


«Вы не знойдзеце ў свеце вакол сябе нічога з таго, чаго няма ў вашай душы. Не бывае людзей, у якіх няма нічога добрага, гэтаксама, як не бывае абсалютна дрэнных людзей. У кожнай душы ёсць і добрае, і дрэннае. Чым больш любові, мудрасці, прыгажосці, дабрыні вы адкрыеце ў самім сабе, тым больш вы заўважыце іх у навакольным свеце. Вам здаецца, што калі вы чагосьці не бачыце, гэтага не існуе. Не, проста вы не заўважаеце ў свеце тое, чаго няма ўнутры вас. Злы чалавек не бачыць дабра. Сквапнаму ўсе здаюцца сквапнымі, любячаму свет здаецца напоўненым любоўю, а таму, хто ненавідзіць — нянавісцю. Таму не падманвайце саміх сябе: вы ніколі не дасягнеце багацця, спакою і шчасця па-за сабою, калі вы не зробіце высілкаў, каб знайсці іх у саміх сабе» (маці Тэрэза з Калькуты).

***

«Калі б Бог прызначыў жанчыну валадарыць над мужчынам, ён стварыў бы яе з галавы, калі б — рабыняй, то стварыў бы з нагі; але Ён прызначыў ёй быць сяброўкай і роўнай мужчыну, таму стварыў яе з рабра» (св. Аўгустын).

***

«Божа, дай мне душэўны спакой прыняць тое, што я не магу змяніць, мужнасць — змяніць тое, што магу, і мудрасць — заўсёды адрозніваць адно ад другога» (св. Францішак Асізскі).

***

«Тое, што ты не хочаш мець заўтра, адкінь сёння, а тое, што хочаш мець заўтра, — набывай сёння» (св. Тамаш Аквінскі).

***

«Чалавек, які імкнецца змяніць іншых, дарма губляе час, калі ён не пачаў з сябе» (св. Ігнацый Лаёла).

***

«Даю вам адзіны арыенцір: святую любоў. Любіце Бога! Любіце людзей! Для таго, хто любіць, неба і зямля становяцца адзіным цэлым!» (св. Айцец Піо).

***

«Жыць духоўным жыццём — значыць пастаянна пачынаць усё спачатку, зноў і зноў» (св. Хасэмарыя Эскрыва).


Паводле матэрыялаў інтэрнэт-старонак
падрыхтавала Марына Валасар

 

Мы вельмі радыя
бачыць вас на сайце
часопіса «Ave Maria».
Гэта плён працы
неабыякавых людзей,
якія з радасцю ствараюць
гэты часопіс для вас.

Падпіска
Ахвяраванні

Сайт часопіса „Ave Maria“ Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рыма-каталіцкага Касцёла ў Беларусі

Часопіс існуе дзякуючы вашым ахвяраванням. Сёння мы просім вашай дапамогі — нават невялікая сума падтрымае нас.

Падрабязней