4 жніўня ў Касцёле ўспамінаецца вялікі святы пералому XVIII і XIX ст. Ян Марыя Віянэй. Гэты святар быў не толькі цудоўным спаведнікам, але таксама і вядомым прапаведнікам. Прачытай яго трапныя парады, якія не страчваюць сваёй актуальнасці.
Калі б мы ведалі, як моцна нас любіць Бог, памерлі б ад радасці! Я не веру, што існуе настолькі цвёрдае сэрца, што не палюбіць, калі адчуе сябе аж так моцна любімым.
Калі да нас прыходзіць добры намер, гэта значыць, што наведвае нас Дух Святы.
Наш Пан падобны да маці, якая нясе сваё дзіцё на руках. Дзіцё гэтае злое, яно штурхае маці, кусае, драпае яе, але маці не звяртае на гэта ніякай увагі: яна ведае, што калі пакіне дзіця, то яно ўпадзе, таму што не можа самастойна хадзіць. Такі і наш Пан: Ён цярпліва зносіць усе нашыя выбрыкі, усё нашае нахабства, Ён прабачае нам нашае глупства і, не гледзячы на нас саміх, суперажывае нам.
Святы Бэрнард Клярвоскі казаў, што ўсё да нас прыходзіць праз Марыю. Гэтак жа можна сказаць, што ўсё да нас прыходзіць праз святара: усё шчасце, усе ласкі, усе нябесныя дары. <…> Паспрабуйце паспавядацца Маці Божай або анёлу. Няўжо яны адпусцяць грахі? Не. Ці дадуць яны вам Цела і Кроў нашага Пана? Не. Найсвяцейншая Панна не зможа зрабіць так, каб яе боскі Сын прыйшоў да нас у Эўхарыстыі. Нават 200 анёлаў не адпусцяць вам вашыя грахі. Але самы звычайны святар можа зрабіць гэта, сказаўшы. <…> Бачыце, наколькі святар вялікі!
Калі часта здараецца, што мы трапляем у д’ябальскія падкопы, значыць, мы разлічваем больш на свае сілы, чым на сілу Бога. Гэта сапраўды так.
Сказаць, што вас не спакушаюць, гэта значыць заявіць, што д’ябла больш не існуе, ці ён страціў імкненне завалодаць хрысціянскімі душамі.
Першая спакуса, мае дарагія браты, якой д’ябал падвяргае кожнага, хто пачынае лепш служыць Богу, — гэта імкненне да людскога шанавання.
Падрыхтавала Вольга Адамовіч
паводле інтэрнет-рэсурсаў