Пра святую Імшу: для чаго?

Мы працягваем гаварыць пра святую Імшу. І ўжо разважалі пра тое, што на пачатку Бог стварыў усё добра. Бог «стварыў усё для жыцця, стварэнні свету маюць у сабе здароўе, няма ў іх зні­шчальнай атруты» (Мдр 1, 14). Так было паводле Божай задумы. Але, калі грэх увайшоў у свет, па волі чалавека тое самае Божае стварэнне можа прынесці карысць альбо шкоду, дапамагчы альбо перашкодзіць, даць жыццё альбо загубіць яго. Чалавек узурпаваў права вырашаць, што́ будзе жыць, а што́ загіне; што будзе служыць жыццю, а што смерці. І нават сам стаўся прыладаю смерці.


Мы маем ногі, і таму можам спяшацца на дапамогу. Маем рукі, і таму можам падтрымаць саслаблых. Маем вусны, і таму можам  суцешыць, пахва­ліць, усміхнуцца… Але сёння ўсё часцей нашыя цялесныя дары становяцца прынадаю разбэ­шчанасці, праз якую забіваецца дух бліжняга. 

Падчас Апошняй Вячэры Бог, які прыняў чалавечае цела, узяў у свае рукі хлеб, благаславіў і падаў сваім вучням, кажучы: «Бярыце і ешце з гэтага ўсе, бо гэта ёсць Цела Маё, якое за вас будзе выдана». Пасля ўзяў келіх з віном і падаў сваім вучням, кажучы: «Бярыце і піце з яго ўсе: бо гэта ёсць келіх Крыві Маёй, новага і вечнага запавету, якая за вас і за многіх будзе праліта дзеля адпушчэння грахоў». Хлеб і віно былі штодзённым спажыткам старажытных габрэяў, штодзённа давалі жыццё. Нездарма Езус перамяняе ў сваё Цела менавіта хлеб, а ў сваю Кроў менавіта віно. Ён хоча, каб мы штодзённа наталяліся Яго Целам і Крывёю, Ён хоча, каб мы жылі дзякуючы Яму, дзякуючы Ягонай моцы. Хрыстус аддаў за нас на крыжы сваё цела. Яго цела сталася не пасткаю для нас, але крыніцаю нашага аздараўлення. Аддаючы сваю створаную чалавечую натуру ў кіпцюры смерці, Езус дае магчымасць усяму стварэнню вярнуцца да першаснага стану. Яго Цела служыць нашаму жыццю.

А яшчэ падчас той Апошняй Вячэры вучні Пана пачулі: «Гэта чыніце на Маю памяць». Гэта іх, звычайных людзей, Бог выбраў для таго, каб праз іх вусны прамаўляць словы над хлебам і віном, каб іх рукі падавалі нам Яго Цела і Кроў, каб іх ногі спяшаліся да хворых і слабых гэтак, як спяшаўся да іх сам Сын Божы. І Апосталы, і сучасныя святары — усяго толькі людзі, але Бог выбірае іх без заслугаў для таго, каб яны станавіліся прыладамі Яго ласкі, каб праз іх мы атрымалі Божае жыццё і жыццё вечнае.


Ксёндз Уладзімір Русак

Чытайце папярэднія артыкулы з рубрыкі «Пра святую Імшу»:

 

Мы вельмі радыя
бачыць вас на сайце
часопіса «Ave Maria».
Гэта плён працы
неабыякавых людзей,
якія з радасцю ствараюць
гэты часопіс для вас.

Падпіска
Ахвяраванні

Сайт часопіса „Ave Maria“ Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рыма-каталіцкага Касцёла ў Беларусі

Часопіс існуе дзякуючы вашым ахвяраванням. Сёння мы просім вашай дапамогі — нават невялікая сума падтрымае нас.

Падрабязней