
Праўда. Яна здольная раніць і даваць жыццё, уносіць разлад і яднаць, непакоіць і супакойваць. Нягледзячы на гэта, большасць людзей разумее, што моцныя міжасабовыя адносіны можна пабудаваць толькі на праўдзе. Мы хочам ведаць праўду пра нашых суразмоўцаў, супрацоўнікаў і суседзяў, але праўду пра сябе адкрываем не заўсёды ахвотна.
Літургія — гэта магчымасць сустрэчы, магчымасць пачаць будаваць альбо развіваць міжасабовыя адносіны з іншымі асобамі і з Найвышэйшаю Асобаю. Менавіта таму на пачатку святой Імшы знаходзіцца чын пакаяння.
Святар прамаўляе словы: «Перапросім Бога за нашыя грахі, каб мы годна маглі скласці Найсвяцейшую Ахвяру», і наступае момант цішыні. Гэта час для таго, каб кожны мог сустрэцца ў праўдзе з самім сабою. Пасля ўсе разам мы вызнаём сваю недасканаласць словамі старажытнай формулы: «Спавядаюся Богу ўсемагутнаму і вам, браты і сёстры», альбо адказваючы на заклікі святара: «Пане, змілуйся над намі, Хрыстэ, змілуйся над намі». І гэта ўжо момант, калі мы становімся ў праўдзе перад бліжнімі і перад Богам. Мэтаю гэтага акту не з’яўляецца абуджэнне ў чалавеку хваравітага пачуцця віны. Сэнс у іншым: грэх аддзяляе нас ад Бога, але жаданне жыць у няпраўдзе праз сваю недасканаласць яшчэ больш аддаляе нас ад Яго. У момант унутранага дыскамфорту, выкліканага ўсведамленнем недасканаласці, нам насустрач выходзіць Бог, які хоча нас падтрымаць і супакоіць.
Менавіта таму далей святар прамаўляе словы: «Няхай змілуеццца над намі Бог ўсемагутны і, адпусціўшы нам грахі, давядзе нас да жыцця вечнага». У адказ на прызнанне нашай недасканаласці Бог хоча даць нам ласку прабачэння. Вядома, не ўсе раны зажываюць хутка і лёгка, таму і чын пакаяння аздараўляе ў нашай душы раны, якія мы звычайна называем лёгкімі грахамі. Іншыя духоўныя раны патрабуюць больш сур’ёзнай тэрапіі ў сакрамэнце святой споведзі.
У чыне пакаяння недастаткова бачыць сваю недасканаласць. Па-сапраўднаму гэты момант можна перажыць, толькі адкрыўшыся на міласэрную любоў Бога, які спяшаецца адбудаваць супольнасць з намі, прабачаючы нам нашыя грахі. Гэта праўда, што мы грэшнікі. Але большая праўда ў тым, што Бог не хоча, каб мы трывалі ў няволі граху. Тым, што нас вызваляе, з’яўляецца праўда. Праўда не толькі пра грэх, але і пра Божае прабачэнне.
Ксёндз Уладзімір Русак