Шаноўныя чытачы, прапануем вам катэхезу Святога Айца Льва XIV з генеральнай аўдыенцыі ад 6 жніўня 2025 г. з цыкла «Езус Хрыстус — наша надзея».
Папа Леў XIV
Цыкл катэхезаў
Юбілей 2025. Езус Хрыстус — наша надзея
ІІІ. Пасха Езуса.
1. Прыгатаванне вячэры. «Там прыгатуеце нам» (Мк 14, 15)
З Евангелля паводле святога Марка
(Мк 14, 12–16)
У першы дзень Праснакоў, калі ахвяравалі Пасху, сказалі Яму вучні Ягоныя: «Дзе хочаш, каб мы пайшлі і прыгатавалі Табе з’есці Пасху?» І Ён паслаў двух з вучняў сваіх, кажучы ім: «Ідзіце ў горад; там сустрэне вас чалавек, які будзе несці збан вады. Ідзіце за ім і там, куды ўвойдзе, скажаце гаспадару дому: “Настаўнік кажа: дзе святліца, у якой Я мог бы з’есці Пасху з вучнямі Маімі?” Ён пакажа вам вялікі верхні пакой, засланы і падрыхтаваны. Там прыгатуеце нам». Вучні Ягоныя пайшлі і прыйшлі ў горад, і знайшлі, як сказаў ім, і прыгатавалі Пасху.
Мы працягваем наша юбілейнае падарожжа, адкрываючы аблічча Хрыста, у якім наша надзея набывае форму і выразнасць. Сёння мы распачынаем разважаць над таямніцаю мукі, смерці і ўваскрасення Езуса. Пачнем з роздуму над словам, якое здаецца простым, але тоіць у сабе каштоўную таямніцу хрысціянскага жыцця: прыгатаваць.
У Евангеллі паводле святога Марка напісана, што «ў першы дзень Праснакоў, калі ахвяравалі Пасху, сказалі Яму вучні Ягоныя: „Дзе хочаш, каб мы пайшлі і прыгатавалі Табе з’есці Пасху?“» (Мк 14, 12). Гэтае пытанне практычнае, але яно таксама напоўнена чаканнем. Вучні прадчуваюць, што набліжаецца штосьці важнае, але не ведаюць падрабязнасцяў гэтага здарэння.
Адказ Езуса становіцца амаль загадкаю: «Ідзіце ў горад; там сустрэне вас чалавек, які будзе несці збан вады» (Мк 14, 13). Дэталі набываюць сімвалічны сэнс: мужчына, які нясе збан, — гэтае дзеянне звычайна выконвалі ў тыя часы жанчыны; падрыхтаваная зала на верхнім паверсе, незнаёмы гаспадар дома. Гэта выглядае так, нібы ўсё было загадзя запланавана. І сапраўды, так і было.
Евангелле паказвае нам у гэтай падзеі, што любоў — не справа выпадку, а свядомы выбар. Гэта не простая рэакцыя, а рашэнне, якое патрабуе падрыхтоўкі. Езус успрымае сваю муку не як штосьці непазбежнае, а як вернасць шляху, на які Ён стаў і па якім ідзе свабодна і рупліва. І менавіта гэта нас суцяшае: усведамленне таго, што дар Яго жыцця паходзіць з гыбокага намеру, а не з нечаканага парыву.
Той «вялікі пакой, засланы і падрыхтаваны» на верхнім паверсе, сведчыць, што Бог заўсёды апярэджвае нас. Яшчэ перш чым мы ўсвядомім, што нам патрэбны прыём, Пан падрыхтаваў для нас месца, у якім мы можам знайсці сябе і адчуць сябе Яго сябрамі. Па сутнасці, гэтае месца — нашае сэрца: «пакой», які можа здавацца пустым, але чакае толькі таго, каб яго заўважылі, напоўнілі, каб пра яго паклапаціліся.
Пасха, якую павінны прыгатаваць вучні, на самай справе ўжо гатовая ў сэрцы Езуса. Менавіта Ён усё запланаваў, усё прыгатаваў, усё вырашыў. Аднак Ён просіць сваіх сяброў, каб яны выканалі тое, што ім належыць. Гэта вучыць нас чамусьці важнаму для нашага духоўнага жыцця: ласка не выключае нашай свабоды, але абуджае яе. Дар Божы не вызваляе нас ад адказнасці, але чыніць яе плённаю.
Таксама і сёння, як у тыя часы, трэба прыгатаваць вячэру. Гаворка ідзе не толькі пра літургію, але пра нашую гатоўнасць да дзеяння, якое пераўзыходзіць нас. Эўхарыстыя цэлебруецца не толькі на алтары, але таксама ў штодзённым жыцці, дзе ўсё можна перажыць як ахвяру і падзяку.
Рыхтавацца да цэлебрацыі гэтай падзякі — не значыць рабіць штосьці большае, гэта значыць падрыхтаваць месца. Значыць пазбавіцца ад таго, што перашкаджае, адмовіцца ад прэтэнзій, перастаць жыць нерэалістычнымі спадзяваннямі. Бо занадта часта мы блытаем падрыхтоўку з ілюзіямі. Ілюзіі робяць нас рассеянымі, падрыхтоўка ж задае кірунак. Ілюзіі скіраваныя на дасягненні, падрыхтоўка стварае магчымасць для сустрэчы.
Евангелле нагадвае нам, што сапраўдная любоў — гэта дар, які даецца, перш чым мы адкажам на яго ўзаемнасцю. Гэта дар папераджальны. Ён грунтуецца не на тым, штó прыносіцца ў дар, а на тым, штó іншы прагне нам ахвяраваць. Менавіта так жыў Езус сярод сваіх [вучняў]: калі яны яшчэ ўсяго не разумелі, калі адзін намерваўся здрадзіць Яму, а другі адрачыся ад Яго, Ён гатаваў для ўсіх вячэру камуніі.
Дарагія браты і сёстры, мы таксама запрошаныя да «прыгатавання Пасхі» Пана. Не толькі літургічнай, але таксама Пасхі ў нашым жыцці. Кожны жэст служэння, кожны бескарыслівы ўчынак, кожнае загадзя прапанаванае прабачэнне, кожны цярпліва прыняты цяжар, — гэта спосаб падрыхтаваць месца, дзе можа пасяліцца Бог.
Такім чынам, мы можам спытаць у саміх сябе: якія сферы свайго жыцця я павінен упарадкаваць, каб яны былі гатовыя да прыняцця Пана? Што для мяне сёння азначае слова «прыгатаваць»? Можа, адмовіцца ад нейкіх прэтэнзій, перастаць чакаць, што іншы чалавек зменіцца, зробіць першы крок? Можа, больш слухаць, менш дзейнічаць або навучыцца давяраць таму, што ўжо вызначана.
Калі мы прымем запрашэнне падрыхтаваць месца камуніі з Богам і паміж намі, то адкрыем, што мы акружаныя знакамі, сустрэчамі, словамі, якія скіроўваюць нас да гэтага прасторнага і падрыхтаванага «пакоя», дзе пастаянна цэлебруецца таямніца бясконцай любові, якая падтрымлівае і заўсёды апярэджвае нас.
Няхай Пан дазволіць нам пакорна рыхтавацца да Яго прыйсця. І няхай у гэтай штодзённай гатоўнасці ў нас узрастае таксама спакойны давер, які дазваляе нам пераадольваць усё з вольным сэрцам. Бо там, дзе прыгатавана любоў, жыццё можа сапраўды расквітнець.
Падрыхтавала Ганна Шаўчэнка.
Паводле www.vatican.va

