Разважанні над запаведзямі Дэкалога паводле кс. Эдварда Станека. Сёмая запаведзь

РАЗВАЖАННЕ ПРА БОЖЫЯ ЗАПАВЕДЗІ
з нагоды малітоўнай падрыхтоўкі да прысвячэння
Мінска-Магілёўскай мітраполіі Найсвяцейшаму Сэрцу Езуса

Сёмая запаведзь
НЕ КРАДЗІ
(разважанне паводле кс. Эдварда Станека)

Прыватная ўласнасць

Правільнае зразуменне сёмай запаведзі залежыць ад усведамлення вельмі важнай ісціны: усе матэрыяльныя багацці прызначаныя Богам для ўсіх людзей. Кожны чалавек мае на іх права. Часовыя багацці маюць агульны характар. Сонца свеціць для ўсіх, зямля родзіць хлеб для ўсіх, вада — таксама для ўсіх. Кожны чалавек — як дзіця ў вялікай Божай сям’і — мае права на тое, што з’яўляецца ўласнасцю Бога — ягонага Айца. Бог — адзіны паўнапраўны ўладальнік усіх створаных багаццяў. Чалавек толькі на нейкі час атрымлівае пэўныя багацці ва ўласнае распараджэнне і раней ці пазней павінен усе іх вярнуць. Ніхто з нас не мае часовых рэчаў назаўсёды, навечна. Пэўны час яны знаходзяцца ў нашых руках, але нават тады, калі з’яўляюцца нашаю ўласнасцю, надалей маюць агульны характар. Маю на іх права не толькі я, але ў пэўных сітуацыях і іншыя людзі.

Пры такім падыходзе ўзнікае сёння шэраг надзвычай цяжкіх пытанняў, на якія мы не заўсёды ўмеем знайсці адказы. Гаворка тут ідзе пра пытанні, якія ўзнікаюць, калі мы супастаўляем людзей, што паміраюць штогод мільёнамі з голаду, з тымі, якія хварэюць і паміраюць ад пераядання. Яшчэ больш цяжкія пытанні датычаць перанаселеных краінаў. Ёсць дзяржавы, у якіх на адзін квадратны кіламетр прыпадае дзвесце чалавек, і ёсць краіны, дзе на адзін квадратны кіламетр прыпадае адзін чалавек. Калі мы ўсё разглядаем з Божага пункту погляду і ўяўляем Зямлю адзіным вялікім домам, то чаму дзеці таго самага Айца павінны цясніцца ў адным пакойчыку, калі ў суседнім, за сцяною, ёсць гэтулькі месца. Паўтараю, гэта цяжкія пытанні, звязаныя з сёмаю запаведдзю, пытанні, з якімі змагаецца сёння Касцёл і цэлы свет.

Хтосьці скажа: «Гэта праўда, што зямля — уласнасць Бога, але жаданне замяніць яе ў дом, населены любячаю сям’ёю — навука не з гэтага свету». І слушна: сапраўды, навука не з гэтага свету, бо гэта аб’яўленая навука, але яна ўказвае адзіны шлях для дасягнення спакою на свеце. Прычынаю ўсіх дыскусій пра мір з’яўляецца парушэнне альбо захаванне сёмай запаведзі.

У межах агульнага права на ўсе багацці, якія выйшлі з рук Бога, трэба звярнуць увагу таксама на вызначанае воляю Божаю права на прыватную ўласнасць. Кожнаму чалавеку для захавання свабоды, незалежнасці і годнасці патрэбна матэрыяльнае багацце для яго і для ягонай сям’і. Кожны мае права на свой уласны свет, які стварае ягоны дом, пэўная сума грошай, убранне, ежа. Кожны мае права на гэта. Бо калі б чалавек быў пазбаўлены гэтых неабходных сродкаў для жыцця, трапіў бы ў залежнасць ад іншых людзей, становячыся іхнім нявольнікам.

Хачу звярнуць увагу на дзве крайнасці. Калі хтосьці збярэ вялікае багацце, то становіцца яго нявольнікам і пачынае баяцца, каб гэтага ў яго хтосьці не адабраў. Калі чалавек зробіць мэтаю жыцця памнажэнне сваіх багаццяў, ён становіцца нявольнікам таго, што мае. Гэта адна крайнасць. Другая крайнасць — беднасць. Бедны чалавек становіцца нявольнікам іншых людзей. Каб жыць, ён павінен прадаваць сябе. Ён не мае свабоды, губляе сваю годнасць. Бог перасцерагае перад гэтымі крайнасцямі і паказвае іншы шлях, шлях прыватнай уласнасці, якая дае ўсё неабходнае для нармальнага жыцця, для гарантаванасці свабоды і годнасці чалавека.

Што датычыць спосабаў набыцця ўласнасці, то першы з іх заключаецца ва ўзяцці нічыйных рэчаў. Напрыклад, збіранне грыбоў у лесе. Грыбы — гэта нічыйная ўласнасць. Яны належаць таму, хто іх знойдзе. Гэтаксама і маліны ў лесе. Але калі маліны растуць у садзе, то гэта ўжо прыватная ўласнасць, яны маюць свайго ўладальніка, і мы не маем на іх права.

Другім сродкам здабыць права ўласнасці з’яўляецца праца. Плён працы належыць таму, хто працуе. Гэтага вымагае справядлівасць. Плён нашай працы — гэта наша ўласнасць. Зразумела, гэта можа быць плён, непасрэдна аддадзены ў рукі, альбо заменены справядліваю аплатаю.

Трэці сродак для набыцця ўласнасці — атрыманне спадчыны альбо дару. Калі хтосьці мне штосьці дае, то тады я станаўлюся ўладальнікам гэтай рэчы. І, нарэшце, абмен альбо купля, чаго тлумачыць не трэба.

Сёмая запаведзь кажа: «Не крадзі», гэта значыць, не прысвойвай таго, што з’яўляецца чужою ўласнасцю. Ці існуюць сітуацыі, у якіх чалавек можа забраць у кагосьці якуюсьці рэч, парушаючы яго права на ўласнасць? Такая сітуацыя існуе
і датычыць сродкаў, неабходных для жыцця, найчасцей хлеба і вады. Калі чалавеку пагражае галодная смерць, ён мае права ўзяць у іншага штосьці з ежы, калі той мае больш, чым яму неабходна. Аднак нельга забіраць у чалавека апошняй крошкі, бо нельга ратаваць уласнае жыццё за кошт жыцця іншага. Калі гэты іншы мае шмат, то я магу ўзяць для сябе і для кагосьці, хто памірае з голаду побач са мною. Гэта не крадзеж. Права ўзяць вынікае з агульнасці ўсіх багаццяў, якія паходзяць з рукі Пана Бога. Аднак нельга браць, калі хтосьці трэці быў бы абвінавачаны ў крадзяжы і быў бы за гэта пакараны. Трэба ўлічваць не толькі абставіны, але таксама любоў да бліжняга.

Грамадская ўласнасць

З мэтаю зразумення Божага наказу «не крадзі» я ўжо звярнуў увагу на права на прыватную ўласнасць. Сёмая запаведзь стаіць на варце гэтага права, якое гарантуе свабоду і годнасць асобы. Апроч крайняй неабходнасці, гэта значыць, небяспекі смерці, нельга парушаць гэтага права ні ў якім іншым выпадку. Неяк пасля казання ў мяне запыталі, ці ўлічвае дзяржаўнае заканадаўства сітуацыю крайняй неабходнасці. Я не з’яўляюся ні юрыстам, ні спецыялістам у галіне грамадзянскага заканадаўства. З размоваў з юрыстамі я зрабіў выснову, што гэта складаная справа. У прынцыпе яны прызналі, што калі нават грамадзянскае заканадаўства не ўлічвае сітуацыі крайняй неабходнасці, то напэўна змяншае велічыню пакарання. Тым не менш, зададзенае пытанне мае больш глыбокі сэнс, і я хачу звярнуць на гэта ўвагу. Прашу заўсёды памятаць пра адрозненне паміж Божымі законамі і законамі чалавечымі. Пры алтары святар тлумачыць Божыя законы, а не дзяржаўныя. Такім чынам, калі мы апынемся побач з чалавекам, які памірае з голаду, і возьмем у іншых жменю круп, ратуючы яго ад смерці, то не толькі не ўчынім крадзяжу, але зробім добры ўчынак. Бог нас за гэта не пакарае, а ўзнагародзіць. Так выглядае справа з пункту погляду Божага права, з пункту погляду сумлення. Але калі ўладальнік гэтых круп абвінаваціць нас і аддасць у рукі дзяржаўнага правасуддзя, то мы павінны быць падрыхтаваны да прыкрых наступстваў. У імя дзяржаўнага правасуддзя няраз цярпяць людзі не з прычыны зла, але з прычыны дабра. Прыклад — цярпенне і смерць Хрыста.

На думку свету, можна красці, толькі нельга пападацца. Караецца не той, хто крадзе, а той, хто не ўмее красці, хто пападаецца. Намаганні гэтага свету зусім не скіраваны на тое, каб не было злодзеяў, а на тое, каб удасканаліць метады крадзяжу, каб не пападацца. Так думае свет. Бог жа прагне, каб не было злодзеяў, каб не было тых, хто крадзе. Разважаючы над Дэкалогам, трэба мець на ўвазе найвышэйшы суд справядлівасці. Найвышэйшую судовую ўстанову, але не гэтую, у сталіцы дзяржавы, а тую, у небе. Бог — наш суддзя, і ўсе гэтыя моманты, якія я тут прыводжу, належыць судзіць Яму. Ніжэйшыя інстанцыі могуць нас пакрыўдзіць, але гэтая, найвышэйшая інстанцыя ніколі нас не пакрыўдзіць.

Пасля такога тлумачэння я хацеў бы пайсці далей і паглядзець разам з вамі на грамадскую ўласнасць, гэта значыць, на сітуацыю, у якой тыя самыя багацці належаць пэўнай групе людзей. Гэта можа быць сям’я, дзяржава, народ, некалькі паяднаных народаў, Касцёл. Галоўны прынцып гучыць так: агульным багаццем нельга распараджацца па ўласнаму меркаванню, г.зн. нельга рабіць з яго прыватнай уласнасці. Можна адмовіцца ад прыватнай уласнасці на карысць агульнага дабра, але без згоды ўсіх нельга зрабіць грамадскае багацце прыватнаю ўласнасцю. Напрыклад, калі хтосьці мае каштоўную калекцыю карцінаў, ён можа яе аддаць у музей, робячы тым самым прыватную ўласнасць уласнасцю публічнаю. Аднак чалавек не можа забраць з музея карціны і перанесці яе ў свой прыватны дом. Ідэальная сітуацыя ствараецца тады, калі супольнае багацце збіраецца дзякуючы дабравольным актам адрачэння ад прыватнай уласнасці. Чым менш насілля, чым менш сілы пры збіранні агульнага багацця, тым больш павагі да гэтага багацця.

Мы жывем пры сацыяльна-эканамічнай сістэме, заснаванай на грамадскай уласнасці. Таму часцей за ўсё парушэнне сёмай запаведзі Дэкалогу датычыць прысвойвання чагосьці з грамадскай уласнасці. Гэта часта адбываецца таму, што многія людзі атаясамліваюць грамадскую ўласнасць з нічыйнай. Тым часам грамадская ўласнасць мае ўладальніка: ім з’яўляецца ўсё грамадства, і немагчыма з яе што-небудзь прысвоіць, не ўчыніўшы крыўды іншым.

Вось прыклад. Мне патрэбна электрычная лямпачка. Я не магу купіць яе ў магазіне, бо іх там няма, але яны ёсць у мяне на працы. Я выкручваю лямпачку і прыношу яе дадому. На працы — лямпачка нічыйная, таму няхай турбуецца хтосьці, а не я. Логіка даволі простая: справа пастаянна датычыць лямпачкі — у мяне няма лямпачкі, мне патрэбна лямпачка, я бяру яе. Памылка такой логікі ў тым, што чалавек бачыць толькі і выключна лямпачку, а не заўважае, што ў той момант, калі ён рашаецца яе выкруціць, ён робіць выбар паміж лямпачкаю і ўласным сумленнем: альбо буду мець лямпачку, альбо буду прыстойным чалавекам. Таму гэты выбар паміж рэччу — часам вельмі малой вартасці — і паміж чалавекам і яго прыстойнасцю. Калі для кагосьці лямпачка больш каштоўная, чым яго ўласнае сумленне, то не трэба здзіўляцца, што ён выкруціць тую лямпачку. У той момант, калі чалавек працягвае руку не па сваю рэч, ён пакідае супольнасць сумленных людзей і ўваходзіць у кола несумленных асобаў, становіцца злодзеем. Катэгорыі несумленнасці вельмі розныя, пачынаючы з таго, хто крадзе лямпачку, і даходзячы да таго, хто прысвойвае мільёны, але гэта ўжо толькі справа катэгорыі. Прычым кар’еру ў тым несумленным свеце можна зрабіць вельмі хутка (...).

Трэба мець на ўвазе ўвесь гэты надзвычай пагрозлівы механізм, які існуе ў нашым грамадстве. Нам здаецца, што справа датычыць рэчы. Мы губляем з поля зроку вялікую каштоўнасць, якою з’яўляецца прыстойнасць чалавека. Тым часам Бога хвалюе не рэч, Бог заўсёды дбае пра чалавека і таму заклікае: «Не крадзі».

Вы скажаце мне: мы жывем у такой сітуацыі, у якой нельга быць сумленным. Проста не ўдасца быць ім. Калі не ўкраду, то не змагу пражыць. Такога тыпу закіды мне даводзілася чуць дзесяткі разоў з вуснаў католікаў. (...) Згаджуся, што ў нашай сітуацыі сапраўды нялёгка быць сумленным чалавекам, але толькі тады, калі чалавек застаецца адзін. Тым часам можна быць сумленным, жывучы ў супольнасці некалькіх сумленных, прыстойных людзей, якія дапамагаюць адно аднаму. (...) У супольнасці лягчэй захаваць сумленнасць. Хрысціяне першых стагоддзяў тым здзіўлялі свет, што змаглі ў аднолькава цяжкіх умовах супольна змагацца за сумленнасць. У гэтым праяўлялася сіла хрысціянства.

Аснова гаспадарчага ладу

Сёмая запаведзь, баронячы права на ўласнасць, з’яўляецца адным з істотных прынцыпаў грамадскага парадку. Парушэнне гэтага права вядзе да заняпаду жыцця дадзенай супольнасці. Таму ўсе сумленна рэдагаваныя законы, якія ўнармоўваюць жыццё як у міжнародным маштабе, так і ў невялікіх супольнасцях, пастаянна звяртаюцца да гэтага Божага наказу. Гэту норму паўсюль ведаюць і ўсюды афіцыйна прызнаюць.

Але не заўсёды людзі звяртаюць увагу на ўнутраны бок сёмай запаведзі. Бог, кажучы «не крадзі», бароніць не так нашыя кішэні, як нашыя сэрцы. Асабліва Ён клапоціцца пра спакой нашага сумлення. Пра тую каштоўнасць, ад якой залежыць нашае шчасце. Бо кожны крадзеж, гэта значыць прысваенне сабе рэчы, на якую мы не маем аніякага права, абуджае ў душы неспакой, які вельмі цяжка заглушыць. «Украдзеная рэч кліча свайго ўладальніка» — і гэты кліч гучыць перадусім у сумленні злодзея.

Трэба зазначыць, што Богу не так рупіць тое, каб нас ніхто не абакраў, Яму рупіць, каб мы не былі злодзеямі. Ён не сказаў: «Глядзі, каб цябе не абакралі», але сказаў «не крадзі». Бо крыўду, якую нам учыніць злодзей, Бог можа кампенсаваць, але нават Ён не можа зрабіць шчаслівым злодзея. Злодзей ідзе шляхам неспакою і на гэтым шляху сябе знішчае.

Крадзеж адносіцца да найбольш вымерных грахоў. Іншыя грахі, якія датычаць духовых каштоўнасцяў, цяжэй ацаніць, а крадзеж можна ацаніць да капейкі, да граша. Таму такі вялікі ягоны ўплыў на фармаванне сумлення. Украдзеная рэч вымагае яе вяртання, і пакуль цалкам не будзе вернута свайму ўладальніку, абцяжарвае сумленне злодзея. У часе душпастырскіх сустрэчаў людзі, часам праз многа гадоў, прызнаюцца: «у дваццацігадовым узросце я ўкраў гадзіннік, сёння мне восемдзесят, але той гадзіннік не дае мне спакою», «украў пэўную суму грошай у сваёй сястры, і ўсе сорак гадоў гэта мяне мучыць. Сястра даўно памерла, а сумленне грызе мяне». Часта такія грахі ўтойваюцца, а гэта цягне за сабою святатацкія споведзі і святатацкія Камуніі... Крадзеж так паўсюдна асуджаецца, што чалавек саромеецца прызнацца ў гэтым граху, адсюль вынікаюць складанасці пры споведзях, і складанасці гэтыя цягнуцца часам доўгія гады.

Крадзеж, які часта паўтараецца, здольны знішчыць сумленне. Яно губляе арыенціры, дзе дабро, а дзе зло. Закаранелы злодзей крадзе ўсё часцей і з кожным разам усё больш. Дадаюцца іншыя грахі — ашуканствы, паклёпніцтвы і нават забойствы. Часта такі чалавек трапляе ў злачыннае асяроддзе і топіцца ў багне амаральнасці альбо канчае жыццё за кратамі. Крадзеж і п’янства — самыя кароткія шляхі да разбурэння асобы.

Крадзеж небяспечны для злодзея, бо адбірае ў яго спакой і знішчае ягонае сумленне; але крадзеж надзвычай небяспечны і з грамадскага пункту погляду, бо знішчае давер да людзей. Таму ўсё, што знішчае давер, становіцца пагрозаю для супольнасці.

Такім падрывам даверу да іншага з’яўляецца выкрыццё ягонага крадзяжу. Калі камусьці грамадская думка прыклеіць этыкетку «злодзей», то тым самым выкідвае яго па-за асяроддзе сумленных людзей. Ужо ніхто не будзе мець да такога чалавека даверу; людзі могуць з ім яшчэ вітацца, калі ён багаты альбо займае высокую пасаду, але ўжо ніхто яго не будзе паважаць. Трэба шмат гадоў сумленнага жыцця, каб гэтая падазронасць аслабла, хоць амаль немагчыма, каб яна знікла цалкам.

Вось кіраўнік, чалавек усімі паважаны, пад націскам дырэктара аддае прэмію, якая прызначалася супрацоўнікам, «сваім» людзям. Гэта адна з формаў крадзяжу. Справа раскрываецца, успыхвае абурэнне, калектыў рашуча асуджае гэтага чалавека. Пытаю ў ягоных супрацоўнікаў: «Ці мае ён шанец выправіць такую памылку?». Яны адказваюць: «Ніякага. Хіба, павінен быў бы адабраць тую прэмію ў «сваіх» і аддаць тым, каму яна прызначалася, а гэтага ён ужо зрабіць не можа». (...)

Такім чынам адзін крадзеж, нават не для сябе, а для «сваіх», перакрэсліў гэтага чалавека ў вачах іншых. Ніхто ўжо не мае да яго даверу, і ён ведае пра гэта. Крадзеж знішчыў вялікую грамадскую каштоўнасць. Грошы пры справядлівым падзеле наступнай прэміі яшчэ можна вярнуць, а даверу ўжо не вернеш. Таму вартасць даверу большая, чым вартасць самых вялікіх грошай.

Сёмая запаведзь з’яўляецца асноваю сацыяльнага і гаспадарчага ладу кожнага грамадства. Усе дыскусіі на тэму ўзбраення датычаць сёмай запаведзі. У рэшце рэшт людзей хвалюе адказ на пытанне, як абараніць тое, што яны маюць, альбо, як займець тое, што маюць іншыя. Капіталізм і марксізм — гэта нішто іншае, як дзве розныя інтэрпрэтацыі сёмай запаведзі. Хрысціянін павінен убачыць Божы замысел, укладзены ў гэты кароткі, зразумелы кожнаму чалавеку заклік «не крадзі». Павінен ведаць, што калі б мы ўсе пачалі прытрымлівацца гэтай запаведзі, то грамадскі, эканамічны і нават палітычны лад усталяваўся б на свеце вельмі хутка.

У нас усе крадуць

Найбольш частым парушэннем сёмай запаведзі ёсць крадзеж, гэта значыць патаемнае прысваенне сабе чужой уласнасці. Патаемнае, бо ўладальнік альбо не ведае, што ў яго ўкралі, альбо не ведае, хто ўкраў. Іншым грахом, заўсёды цяжкім, з’яўляецца рабунак — прысваенне чужой рэчы з дапамогаю сілы. У такіх выпадках звычайна не грэбуюць ні шантажом, ні пабоямі, ні нават забойствам. Той, хто хоча займець чужую ўласнасць, спрабуе пазбавіцца ад усіх, хто гэту ўласнасць абараняе, яго не спыняе нават забойства. Такім рабункам заўсёды з’яўляецца захопніцкая вайна.

Трэцяя разнавіднасць граху супраць сёмай запаведзі заснавана на знішчэнні чужой уласнасці. Як у выпадку крадзяжу, так і ў выпадку рабунку мы маем справу з маёмасцю, якая застаецца ў руках злодзея; губляе ўладальнік, але атрымлівае той, хто ўкраў. У выпадку ж знішчэння чужой уласнасці ніхто нічога не атрымлівае. Такая з’ява ў грамадскім маштабе называецца вандалізмам. Знішчэнне можа быць выклікана таксама недахопам апекі над даверанаю рэччу. Тут маем дачыненне з так званым марнатраўствам. Аўтамабілі дзяржаўных прадпрыемстваў маюць значна карацейшы перыяд эксплуатацыі, чым прыватныя. Бо ўладальнік клапоціцца пра сваю машыну, пастаянна даглядае яе, нешта падкручвае, рамантуе, а на прадпрыемстве вадзіцель у гэтым не зацікаўлены. Занядбанне невялікіх непаладак вядзе да цалкавітага знішчэння.

Велічыня граху залежыць ад вартасці ўкрадзенай рэчы і велічыні крыўды, нанесенай дадзенаму чалавеку. Няма сумнення, што большы грэх украсці тысячу рублёў, чым сто рублёў, але крадзеж інваліднай каляскі ў інваліда можа быць большым грахом, чым крадзеж дарагога аўтамабіля ў здаровага чалавека.

На фоне гэтых трох парушэнняў сёмай запаведзі, якія сустракаюцца найбольш часта, я хацеў бы адказаць на пытанне, што не-не ды й узнікае ў розных дыскусіях і размовах. Чаму ў нашай сітуацыі мы так часта сутыкаемся з крадзяжом і марнатраўствам? Жадаючы адказаць на гэтае пытанне, трэба звярнуцца да асноўнага прынцыпу рэвалюцыі, якая адмаўляе сёмую запаведзь. Бо ва ўсіх рэвалюцыях на свеце на працягу вякоў людзям бедным паказваецца на людзей багатых і гаворыцца: «паглядзі, яны маюць, а вы не маеце. Ідзіце і забярыце ў іх». Гэтым самым людзей штурхаюць да парушэння сёмай запаведзі. І робіцца тое ў імя так званай «справядлівасці». Аргументацыя тут простая: бедныя маюць такое самае права на ўсё гэта, як і багатыя. Багатыя маюць палацы, а вы, бедныя, маеце халупы. Яны маюць зямлю, а вы не маеце нічога. Яны маюць фабрыкі, а вы — толькі рукі. Ідзіце і забярыце. Лёгка такім чынам пераканаць чалавека, каб ён пасягнуў на чужую ўласнасць, і калі ўжо ён будзе перакананы, то немагчыма пераканаць яго ў адваротным, каб у пэўны момант ён перастаў пасягаць на чужую ўласнасць. Так парушаецца асноўны прынцып сумлення, які заключаны ў Божай запаведзі «не крадзі».

Менавіта тут паўстаюць перад намі цяжкія праблемы нашай рэчаіснасці. Заўсёды будзе хтосьці багацейшы за мяне. Калі я адзін раз мог узяць, то чаму не магу ўзяць другі раз? Калі дзяржава багацейшая за мяне, то чаму я не магу браць у дзяржавы так, як браў калісьці ў вялікіх уладальнікаў? Пра гэта трэба памятаць, калі мы хочам зразумець механізмы, што кіруюць светам, у якім мы жывем. Калі б на самым пачатку была пастаўлена ўмова: мы — бедныя, але агульным намаганнем можам разбагацець, то справа была б простая. Так хоча Бог і Касцёл. Мы здольныя зрабіць, каб нашае жыццё з кожным разам было ўсё лепшае. Прыкладзем агульныя намаганні, каб мець болей. Бо справядлівасць заснавана не на тым, каб адбіраць у іншых, а на тым, каб шанаваць права на ўласнасць. Толькі той, хто шануе права на ўласнасць, можа быць названы чалавекам справядлівым.

З гэтым звязана іншая справа. Увесь Дэкалог уяўляе сабой адну цэласную канцэпцыю, якая прадугледжвае захаванне грамадскага парадку. Калі свядома і дабравольна адкінуць адну запаведзь, то тым самым чалавек згаджаецца на тое, каб адкінуць і ўсе астатнія. Ён павінен апраўдвацца, чаму не шануе сёмай запаведзі, і пачынае падманваць, г.зн. парушае восьмую запаведзь. Калі ж хтосьці дабравольна не аддае сваёй уласнасці, то трэба яе забраць сілаю, а калі будзе супраціўляцца, то трэба яго забіць — тым самым парушаем пятую запаведзь — і г.д., і г.д. З моманту свядома і дабравольна праігнараванай аднае запаведзі, распадаецца ўвесь Дэкалог. Таму не трэба здзіўляцца, што ўсё часцей у нашым жыцці мы сутыкаемся з разбурэннем асобы і грамадства, якое будуе гэтае жыццё, ігнаруючы Дэкалог. Дзесяць запаведзяў — гэта цудоўна запланаваны Богам грамадскі кодэкс, які павінен быць цалкам захаваны. Ігнараванне аднаго параграфу цягне ігнараванне ўсіх.

Таму, калі хтосьці свядома і дабравольна адкідае сёмую запаведзь, то тым самым згаджаецца на парушэнне іншых, даходзячы да высновы, што Бога няма. Датуль, пакуль я чую, што Бог кажа «не крадзі», датуль я павінен з Богам лічыцца. Калі ж я прызнаю, што магу браць у багацейшага за мяне, то тым самым стаўлю сваё меркаванне на месца Божага, і Бог мне ўжо не патрэбны. Найлягчэй сказаць сабе, што Бога няма. Так паўстае матэрыялізм. Гэта заканамернасць. Многія думаюць, што матэрыялізм вынікае са сцвярджэння, што Бога няма, і шукаюць новага права, якое хочуць удасканаліць. На самай справе — усё наадварот. Спачатку адбываецца ігнараванне Божага права, а пасля гэтага наступае заканамерная выснова — Бога няма. Мы жывем у рэчаіснасці, асноўныя прынцыпы якой трэба сабе ясна ўсвядоміць. З пункту погляду гістарычнага, грамадскага ці палітычнага ўзнікненне многіх грамадскіх рухаў і рэвалюцый можна растлумачыць, але з пункту гледжання рэлігійнага іх нялёгка апраўдаць. Чалавек, які хоча кіравацца сваім уласным сумленнем, ні ў якім выпадку не можа замест Божага права «не крадзі» прыняць прынцып: «бяры ў багацейшага за цябе».

Кажу пра гэта таму, што ў сусветным маштабе чуюцца галасы, што Хрыстус, бачачы вялікія сацыяльныя кантрасты, узяўся б за стрэльбу і арганізаваў бы рэвалюцыю. Ніколі! Калі ў вядомай нам евангельскай сітуацыі Пётр выхапіў меч, то Хрыстус сказаў яму: «схавай меч у похвы, бо хто мечам ваюе, ад мяча гіне». Хрыстус строга захоўваў Дэкалог — Божае права. Ён ведаў, што яно — аснова кожнага грамадскага жыцця. (...)

Для нас, людзей веруючых, канфрантацыя пазіцый зразумелая. Паколькі мы верым у Бога, то для нас абавязковаю з’яўляецца не толькі сёмая запаведзь, але і ўсе астатнія! Калі хтосьці не хоча прытрымлівацца Дэкалогу, то не трэба здзіўляцца, што такі чалавек не верыць у Бога. Ён выбраў іншы шлях, і сам будзе за гэта адказваць. Гэта яго справа. Такія людзі ёсць нават у нашых уласных сем’ях. Не трэба гэтаму здзіўляцца, але трэба зрабіць усё, што ў нашых сілах, каб выстаяць на тым шляху, які ўказвае нам Бог. Кожны сумленны і мудры чалавек скажа: няма нічога больш разумнага, чым жыць паводле Дэкалогу. Няма мудрэйшай жыццёвай дарогі. Так, яна цяжкая, часам вельмі цяжкая, але няма мудрэйшай.

Краду, бо мне мала плацяць

Ці можна «ўкрасці», гэта значыць цішком забраць у таго, хто ўкраў у мяне? Зразумела, гаворка ідзе не пра крадзеж у прамым сэнсе, а пра адабранне сваёй уласнасці. Заўсёды можна дамагацца справядлівасці адкрыта, але тады мы выяўляем злодзея і такім чынам знеслаўляем чалавека.

Патаемнае адабранне сваёй уласнасці ў злодзея мае той плюс, што не ганьбіць чалавека. Адказ тут адназначны — можна забраць сваю ўласнасць без аніякіх сумненняў, больш за тое, Касцёл вучыць, што калі тае ўкрадзенай рэчы ўжо няма, то можна забраць раўназначную. Можна зрабіць гэта патаемна, толькі трэба ўлічваць, што пры адабранні раўназначнага трэба быць вельмі асцярожным: бо і тады, калі мы забіраем сваю рэч, злодзей можа бараніцца, ведаючы, што яго выкрылі; і тады, калі мы забіраем нешта раўназначнае ўкрадзенаму, г.зн. ягонае, мы можам самі быць названыя злодзеямі і такім чынам самі сябе зняславім.

У сувязі з гэтым паўстае іншае, яшчэ больш праблемнае пытанне: ці можна цішком узяць зарплату, якую мне не выплацілі за маю працу? Часцей за ўсё гаворка ідзе пра пэўную кампенсацыю несправядлівай аплаты, г. зн. уласнаручнае ўстанаўленне справядлівасці. Часта можна пачуць адказ: зразумела, можна, гэта ж тое самае, што і ў першым выпадку. Працадаўца — гэта той жа злодзей, бо не заплаціў мне таго, што належыць.

Вось тут я хачу звярнуць увагу на тое, што справа гэта вельмі складаная і нельга яе спрошчваць. Зразумела, я маю на ўвазе сумленне веруючага чалавека, для якога Дэкалог і запаведзь «не крадзі» маюць прынцыповую вартасць.

Пры прыёме на працу заключаецца дамова. Кіраўнік ставіць умовы, акрэслівае аб’ём працы, ясна агаворваючы яе аплату. Той, хто падпісваецца пад такою дамоваю, павінен яе выконваць. Калі ж аплата здасца несправядліваю, канфлікт павінен вырашацца афіцыйным шляхам, а не шляхам крадзяжу.

Другая праблема больш складаная. Сапраўды, хто павінен ацаніць справядлівасць аплаты мае працы? Работнік заўсёды будзе ацэньваць сваю працу вышэй, чым яна таго заслугоўвае, бо гэта ацэнка самога сябе. (...)

Ацэнка сваёй уласнай працы заўсёды пазначана суб’ектывізмам і таму канкрэтнае пасяганне на кампенсацыю — справа вельмі рызыкоўная.

Па-трэцяе, ёсць работы прадуктыўныя, якія прыносяць велізарныя прыбыткі, але ў тым самым грамадстве ёсць работы непрадуктыўныя. Чаму той, хто працуе на вытворчасці, павінен атрымліваць за сваю працу вялікія грошы, а той, хто толькі служыць, — мінімальныя? Напрыклад, шэсць гадзін працы шахцёра можна ацаніць дакладна, пераводзячы ў грошы колькасць здабытага ім вугля. Але шэсць гадзін працы настаўніцы з пункту погляду прадукцыі ацаніць нельга. Яе намаганні могуць даць плён толькі праз некалькі ці нават праз дзесятак гадоў. І яшчэ адно. З прадпрыемства ці са складу можна штосьці вынесці, але што вынесе, скажам, выхавацелька з ясляў? Якім чынам яна павінна кампенсаваць па справядлівасці свой заробак?

Мяркую, што гэтага дастаткова, каб звярнуць увагу на складанасць праблемы. Увогуле, дабівацца справядлівасці так, як уздумаецца, надзвычай цяжка і небяспечна. Хрыстус у Евангеллі не дапускае такога вырашэння праблемы. Ён кажа: «Калі хтосьці забраў у цябе плашч, аддай яму і кашулю». Гэта значыць, не дабівайся справядлівасці. Хрыстус заклікае чалавека сцярпець крыўду, а не дамагацца вяртання рэчаў, бо ягоная добрасумленнасць значна важнейшая.

У размовах на такія тэмы пастаянна чую адно і тое ж: сёння немагчыма жыць не крадучы, сёння ўсе крадуць. Я заўсёды адказваю: не ўсе, бо я не краду і лічу, што тут, у касцёле, напэўна шмат хто абразіўся б, калі б яго паспрабавалі назваць злодзеем.

Адкрыйма механізм усяго гэтага дзеяння. Злодзей хоча апраўдаць сябе і, як правіла, імкнецца да таго, каб усе, хто знаходзіцца побач, кралі. Сумленны чалавек заўсёды выклікае ў злодзея дакоры сумлення і таму ён любымі шляхамі намаўляе да крадзяжу, хоць бы нечага дробнага і нявартага. Бо справа не ў рэчах, а ў тым, каб рукі ў чалавека былі запэцканыя. Чыстыя рукі тояць небяспеку, бо могуць у любы момант абвінаваціць. (...)

Праблема гэта вельмі балючая. Я закранаю далікатнае пытанне, але прашу памятаць, што нельга апраўдвацца грамадскім ладам. Зрэшты, гэта з’ява, характэрная не толькі для сацыялістычнага ладу, падобнае можна ўбачыць таксама й на Захадзе. Гэта ўвогуле ўпадак маральнасці сучаснага чалавека. Тым не менш, хоць бы і давялося жыць у свеце адных толькі злодзеяў, калі мы стаім на баку Бога і ідзем дарогаю Ягоных запаведзяў, то павінны быць верныя Ягонаму прынцыпу: «Не крадзі». Бог не паставіў ніякіх умоваў, не загадаў Майсею дапісаць: «з выключэннем сацыялістычнага ладу». Не, Бог клапоціцца пра нашу сумленнасць. Нагадваю тое, пра што ўжо казаў: хто крадзе, выбірае паміж рэччу і ўласнаю годнасцю. Сёння хачу сказаць яшчэ больш: выбірае паміж рэччу і Богам, бо калі чалавек захоўвае годнасць, то ідзе шляхам, на якім ёсць Божае благаславенне.

Жыццё з Богам у тысячу разоў прыгажэйшае і багацейшае, чым у палацы, выбудаваным з крадзенага золата, але без Бога.

Хабар

Не менш балючаю праблемаю нашай рэчаіснасці з’яўляецца хабарніцтва. Крадзеж пераважае на прадпрыемствах вытворчасці, там, дзе ёсць што ўкрасці; хабарніцтва — на прадпрыемствах абслугоўвання і ва ўстановах, там, дзе цяжка ўкрасці, а трэба выканаць якуюсьці працу. Гэтыя дзве формы парушэння сёмай запаведзі цесна звязаныя паміж сабою. Паколькі вялікая частка грамадства занята ў сферы абслугоўвання, а таму не можа мець дадатковых прыбыткаў з крадзяжу прадуктаў ці матэрыялаў, то яна бярэ хабар.

Што такое хабарніцтва? Гэта залежнасць выканання паслугі ад дадатковага дару, атрыманага ад чалавека, якому робіцца паслуга. За сваю прафесійную працу той, хто робіць паслугу, атрымлівае зарплату і ў імя справядлівасці ў межах гэтай зарплаты павінен добра выконваць свае абавязкі. Залежнасць выканання абавязковай паслугі ад дадатковага дару несумленная і цягне за сабою парушэнне сёмай запаведзі.

Трэба бачыць выразную розніцу паміж хабарам і жэстам удзячнасці. Розніца ў тым, што хабар папярэднічае паслузе.

У залежнасці ад хабару хтосьці выконвае паслугу. Тым часам жэст удзячнасці — гэта заўсёды дар, які даецца пасля выканання паслугі.

Прыклад. Другая гадзіна ночы. Вёска. Выклікаюць хуткую дапамогу да цяжка хворай дзяўчыны. Доктар ставіць дыягназ: сардэчны прыступ. Ён лічыць, што хворую трэба тут жа везці ў бальніцу, але ставіць умову: «Не адвязу яе, калі не атрымаю 10 даляраў». Бацька хворай дзяўчыны стукае да суседа і просіць пазычыць грошы. У гэтым выпадку гаворка ідзе пра хабар, які мяжуе з рабункам. Доктар узалежніў выкананне паслугі ад атрымання хабару. Іншая рэч, калі б гэта хворая дзяўчына, выходзячы са шпіталя, купіла кветкі ці нават якісьці падарунак доктару, дзякуючы за тое, што зрабіў для яе. Такі жэст быў бы да месца. Ён сведчыў бы пра дабрыню чалавека і пра яго здаровае сумленне.

Хрысціянін павінен, прынамсі хоць бы сімвалічна, але выказаць сваю ўдзячнасць тым, хто яму робіць паслугу. Не заўсёды гэта павінна быць нешта матэрыяльнае, бо ўдзячнасць — найперш праява адносінаў чалавека да чалавека. Гэта агульнатворчы жэст, які ўмацоўвае ўзаемадавер, сведчыць пра тое, што чалавек цэніць працу іншых людзей. Хрысціянін можа і павінен выказваць удзячнасць і сам таксама можа прыняць падзяку за ўласныя паслугі. Аднак трэба быць асцярожным і дбаць пра тое, каб занадта вялікі дар удзячнасці не звязваў нашай свабоды. Часта многія людзі, клапоцячыся пра перспектыву, ахвяроўваюць у форме падзякі штосьці вельмі каштоўнае.

Хрысціянін не павінен браць хабару. Ён не павінен ставіць паслугі ў залежнасць ад дадатковага дару, паколькі ў межах сваіх абавязкаў мусіць належным чынам выконваць працу, без дадатковых даплатаў. Ставячы яе выкананне ў залежнасць ад дадатковых ахвяраванняў, ён паступае несумленна. Выкарыстоўваючы хабар, такі чалавек парушае сёмую запаведзь, учыняе грэх.

Ці можна даваць хабар? Калі б мы жылі ў сумленным грамадстве, то паслугоўвацца хабарам забаранялася б, бо гэта звязана са знявагаю другога чалавека. Аднак мы жывем у свеце, дзе хабар амаль узаконены. Як хрысціяне мы павінны гэта ўсведамляць. Многія людзі, ад якіх гэта залежыць, увогуле не лічацца з маральнымі прынцыпамі. Здараюцца сітуацыі, калі мы амаль што змушаныя даць хабар у гэтым несумленным свеце, каб залатвіць якуюсьці справу.

Бацька згаданай тут хворай дзяўчыны не зрабіў нічога дрэннага, калі пазычыў даляры і даў іх несумленнаму доктару. Зусім наадварот, бо калі б не даў гэтай сумы і дачка памерла, то да канца жыцця меў бы згрызоты сумлення, што з-за дзесятка даляраў не ўратаваў дзіцяці. Мы павінны лічыцца з тым светам, у якім жывем, а свет гэты — несумленны.

Аднак трэба заўсёды памятаць, што хабарніцтва — справа нядобрая, непрыстойная і таму мы павінны з ім змагацца. З грамадскага погляду — з’ява гэта надзвычай шкодная, бо мысленне катэгорыямі хабарніцтва ахапіла ўжо вялікую частку грамадства.

Трэба асцерагацца дзвюх сур’ёзных небяспекаў. Першая — гэта абагульненне: усе, маўляў, несумленныя. Гэта датычыць, напрыклад, аховы здароўя. Паўсюдна вядома, што ў шпіталях, пакуль не падмажаш — не паедзеш. Аднак з гэтага не вынікае, што калі мы сустракаем аднаго недобрасумленнага ўрача, альбо некалькі, ці нават цэлы шпіталь, дык і ўсе яны такія. Ёсць шмат сумленных дактароў. Другая небяспека ў тым, калі мы самі бярэм хабар і не думаем пра крыўду, якую ўчыняем іншым. Канкрэтны выпадак. Адзін чалавек будуе свіран і яму патрэбна бляха. У сельсавет акурат прыйшла разнарадка, але гэты чалавек на чарзе толькі дзесяты, перад ім — іншыя людзі, у тым ліку і ягоны сусед, які таксама чакае гэтай бляхі, каб перакрыць свой невялічкі дамок. Гаспадар свірна прыходзіць у сельсавет з вялікім хабарам, забірае ўсю бляху і крые свой свіран, а ягоны бедны сусед застаецца на зіму з ненакрытаю хатаю і вымушаны з вялікаю сям’ёю туліцца ў маленькай кухні. Як бачым, у выніку хабару чалавеку была нанесена крыўда.

Паказчык грамадскай добрасумленнасці — гэта добрасумленнасць людзей трох прафесій: святароў, урачоў і педагогаў. Калі ў гэтыя тры прафесіі ўвойдзе хабарніцтва — гэта знак таго, што грамадства здэмаралізаванае. Адбываецца так таму, што гэтыя тры прафесіі служаць невымерным каштоўнасцям. Святар — ахоўнік веры, доктар — жыцця, педагог — выхавання чалавека. Вельмі дрэнна, калі гэтыя каштоўнасці намагаюцца купіць пры дапамозе хабару. У кампаніі за добрасумленнасць мы ўсе павінны змагацца, каб, прынамсі, гэтыя тры прафесіі ацалелі і не былі знішчаныя непрыстойнасцю.

І яшчэ адно. Поспеху з дапамогаю хабару можна дасягнуць толькі ў часовым жыцці. На шчасце, ніхто з дапамогаю хабару не патрапіць на неба. А з зямнога пункту погляду ёсць толькі адна «фірма», вельмі салідная, якой нельга падкупіць ніякім хабарам — гэта смерць. Многія людзі лічаць, што за грошы можна купіць збаўленне. Асцярожна з гэтым, бо можна пралічыцца. Да неба вядзе толькі адна адзіная дарога, дарога добрасумленнасці. Гэта павінна быць суцяшэннем для ўсіх, хто не можа даць хабару, бо шлях для найвышэйшых каштоўнасцяў для іх заўсёды адкрыты.

Украдзеная рэч кліча свайго ўладальніка

Заканчваючы развагі над сёмаю запаведдзю, хачу звярнуць увагу на неабходнасць кампенсацыі, нанесенай крадзяжом шкоды, а таксама на асаблівае зло, якое прыносяць грахі супраць сёмай запаведзі, дэфармуючы нашае сумленне. Той, хто парушыць сёмую запаведзь, павінен абавязкова не толькі прызнацца ў гэтым на споведзі, але, калі гэта магчыма, вярнуць украдзеную рэч яе ўладальніку. Само прызнанне на споведзі не вырашае праблемы. Пры гэтым варта памятаць, што правіны не здымаюцца з часам. Калі чалавек штосьці ўкраў трыццаць альбо пяцьдзесят гадоў назад і не аддаў, то ўсё роўна абавязаны аддаць украдзенае.

Кампенсаваць шкоду, нанесеную крадзяжом, можна таксама пакрыёма. Але педагагічны падыход часам патрабуе не толькі аддаць украдзенае, але і прызнацца ў крадзяжы. Гэта асабліва датычыць дзяцей альбо маладых людзей. Такое прызнанне ва ўчыненым зле мае вялікую сілу, якая фармуе сумленне. Вось прыклад. Бацька заўважае, што сын прынёс дахаты чужы гадзіннік. Высвятляе, што гадзіннік быў украдзены ў суседа. Бацька бярэ дзягу, сына, гадзіннік і ідзе да суседа. Там звяртаецца да сына: «Скажы, што ўкраў, аддай і перапрасі». Сын гэта робіць, атрымлівае ад бацькі дзягі – і справа скончана. Праз гады гэты самы сын, калі яго запыталі, за што ён найбольш удзячны бацьку, згадаў тую даўнюю сцэну і прызнаўся, што меў вялікія схільнасці да крадзяжу, але тое, што павінен быў публічна прызнацца і перапрасіць за ўчыненае, вылечыла яго назаўсёды. І менавіта за гэта цяпер асабліва ўдзячны бацьку. Аднак не заўсёды абавязкова прызнавацца ва ўчыненым, часам гэта нават не патрэбна. Рэч можна аддаць у форме прэзенту тае самай вартасці. Крадзеж на прадпрыемствах можна кампенсаваць дадатковаю ці больш напружанаю працаю. Гэта наша праца становіцца прадуктам вытворчасці, які прыносіць прыбытак дадзенаму прадпрыемству. Такім чынам, у імя справядлівасці чалавек кампенсуе тое, што ўзяў.

Калі ўладальніка ўжо няма, скажам, памёр альбо кудысьці выехаў, то трэба прызначыць адпаведную суму грошай на нейкую дабрачынную мэту, напр., для хворых, сірот і г. д. Як правіла, непажадана складаць гэтыя грошы на ахвяру ў касцёле. Бо нядобра грошы, абцяжараныя грахом, аддаваць Пану Богу. У асноўным у выпадку крадзяжоў мы маем справу з парушэннем парадку паміж людзьмі, і гэты парадак трэба аднавіць.

У чым асаблівая небяспека грахоў, якія датычаць сёмай запаведзі? У вельмі хуткім дэфармаванні чалавечага сумлення. Адбываецца гэта па дзвюх прычынах: па-першае, грахі крадзяжу вельмі канкрэтныя, бо чалавек ведае ў каго, калі і колькі ўкраў. Ведае, каму і колькі павінен аддаць. Пра гэта ўжо была гаворка. Другая прычына больш глыбокая: амаль кожны крадзеж заўсёды адбываецца зусім свядома і цалкам дабравольна. На крадзеж трэба адважыцца. Пры ўчыненні іншых грахоў чалавек часта знаходзіцца пад уплывам пажадлівасці, такіх ці іншых пачуццяў, якія абмяжоўваюць ягоную свядомасць альбо свабоду. У часе крадзяжу чалавек часцей за ўсё з цвярозым разлікам пасягае на чужую ўласнасць, і гэта нішчыць ягонае сумленне.

Вылечыцца ад цягі да крадзяжу гэтак жа цяжка, як і вылечыцца ад цягі да п’янства, а можа яшчэ й цяжэй (...) Злодзей пастаянна жыве ў блізкай небяспецы граху, бо заўсёды бачыць, што і якім чынам можна ўкрасці. Гэта доказ таго, што ягонае сумленне здэфармаванае, а выправіць такое сумленне вельмі цяжка.

У грамадскіх адносінах істотны яшчэ адзін факт: чалавека часта падбіваюць да крадзяжу альбо гэта дазваляюць яму іншыя, каб мець яго ў сваіх руках. Зло тады палоніць чалавека, можа яго шантажаваць, бо заўсёды мае ў чым яго абвінаваціць. Такі чалавек цалкам губляе свабоду і гэта трэба ўлічваць. Злодзей ніколі не бывае вольны. Не адзін з іх праклінае дзень крадзяжу, бо дзеля таго, каб яго ўтаіць, ён павінен быў прадаць сябе ў няволю злых людзей.

Мы вельмі радыя
бачыць вас на сайце
часопіса «Ave Maria».
Гэта плён працы
неабыякавых людзей,
якія з радасцю ствараюць
гэты часопіс для вас.

Падпіска
Ахвяраванні

Сайт часопіса „Ave Maria“ Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рыма-каталіцкага Касцёла ў Беларусі

Часопіс існуе дзякуючы вашым ахвяраванням. Сёння мы просім вашай дапамогі — нават невялікая сума падтрымае нас.

Падрабязней