
РАЗВАЖАННЕ ПРА БОЖЫЯ ЗАПАВЕДЗІ
з нагоды малітоўнай падрыхтоўкі да прысвячэння
Мінска-Магілёўскай мітраполіі Найсвяцейшаму Сэрцу Езуса
Пятая запаведзь
НЕ ЗАБІВАЙ
(разважанне паводле кс. Эдварда Станека)
Чалавек, які прыходзіць на свет, настроены на пастаяннае развіццё, на паступовае сталенне. Чым дасканалей праходзіць гэта эвалюцыя дзіцяці ў юнака, юнака ў сталага чалавека, тым больш хвалы атрымлівае Бог. Творца цешыцца, калі Яго твор удасканальваецца.
Працэс такога развіцця залежыць ад многіх фактараў. Адным з найбольш важных з’яўляюцца адпаведныя адносіны да бліжніх. Чалавек духоўна ўзрастае і сталее ў залежнасці ад таго, наколькі жыве для іншых. Бо пра нашую сталасць сведчыць любоў, а яна ў сілу сваёй сутнасці мае дачыненне да іншых. Можна сказаць, што чалавек узрастае, калі бароніць іншых і дапамагае ім узрастаць. І, наадварот, малее, калі такой дапамогі не ўдзяляе, нішчыць сябе, калі якімсьці чынам нішчыць іншага чалавека.
На варце правільнага развіцця чалавека стаіць пятая запаведзь Дэкалогу — «не забівай». Аберагае яна дзве вялікія каштоўнасці: дабро іншага чалавека і дабро наша ўласнае. Кажучы «не забівай», мы часцей за ўсё маем на ўвазе здароўе і жыццё іншых людзей. Хто іх знішчае, учыняе грэх. Панам жыцця ёсць толькі Бог і толькі Ён можа ім распараджацца. Умяшанне чалавека — гэта ўзурпацыя Божага права. Мы нікому не здольныя даць жыцця, паколькі нават пры зачацці дзіцяці з’яўляемся толькі прыладамі ў руках Творцы. Таму й не маем права ані адбіраць у кагосьці жыцця, ані яго скарачаць.
Тут звернем увагу на тое, аб чым не заўсёды памятаем, гаворачы пра пятую запаведзь. Забойства, крыўда, нанесеныя іншаму чалавеку, шкодзяць не толькі пакрыўджанаму, але перадусім таму, хто да гэтага апускаецца. Такі ўчынак моцна адбіваецца на псіхіцы чалавека і выціскае на ёй знак Каіна. Ён калечыць крыўдзіцеля на ўсё жыццё, тармозячы яго далейшае развіццё. Забойца, крыўдзіцель становіцца калекаю.
Вынікі гэтага страшныя. З твару такога чалавека знікае сапраўдная ўсмешка шчасця, сумленне губляе спакой, у кантактах з іншымі людзьмі з’яўляюцца сур’ёзныя цяжкасці. Людзі інстынктыўна трымаюцца здаля ад крыўдзіцеля, а калі й вымушы з ім кантактаваць, то ставяцца да яго з недаверам, займаючы абарончую пазіцыю.
Кожны чалавек, які нанёс іншаму сур’ёзную крыўду, хоць бы й ніхто пра тое не ведаў, з’яўляецца вялікім няшчасцем для грамадства. Бо ён адбірае радасць, выпраменьвае смутак. Такіх згаслых людзей сярод нас становіцца ўсё больш. Узнікае пытанне: чаму наша грамадства становіцца сумным? Прычынаў таго напэўна ёсць шмат, але сярод іх на першы план пачынае выступаць крыўда. Ці можна шукаць радасці ў вачах маці, бацькі, якія маюць на сваім сумленні жыццё ўласных дзяцей? Ці можна шукаць шчасця на твары чалавека, па віне якога іншыя страцілі працу, церпяць шантаж, плачуць? Ці можна знайсці спакой у сэрцах тых, што ў пагоні за грашыма альбо кар’ераю топчуць іншых?
«Не забівай». Не крыўдзі іншых людзей. Няхай ніхто з-за цябе не плача. Гэта надзвычай просты прынцып, які гарантуе чалавеку спакой і належнае ўнутранае развіццё. Трэба часта маліць Бога, каб мы ніколі нікога не крыўдзілі. У жыцці гэта так часта і лёгка здараецца. Часам легкаважнасць, часам хвіліна няўвагі, а вынікі бываюць трагічныя.
Бацька ўдарыў дзіця. Яно, падаючы, ударылася галавою аб кант стала. Які ж быў жах бацькі, калі ён падняў нежывое дзіця. Праз два гады пасля гэтай трагедыі ён сказаў: «Ужо да канца жыцця я не змагу ўсміхнуцца». (...)
«Не забівай». Гэта заклік да асцярожнасці, да чуласці, да клопату пра іншых і пра сябе. Памятайма, што Бог хоча, каб на зямлі не толькі не было пакрыўджаных, але яшчэ больш Ён прагне, каб не было крыўдзіцеляў. Бо пакрыўджаных Ён сам узнагародзіць, а крыўдзіцеляў, без іхняга пакаяння і поўнага навяртання, Бог не можа ашчаслівіць ані на зямлі, ані ў небе. Забойца, крыўдзіцель, паводле Бога, — гэта больш няшчасны чалавек, чым яго ахвяры.
У абарону ненароджаных
Разам з пятаю запаведдзю мы ўваходзім у надзвычай цяжкія і балючыя праблемы, якія сёння грамадствам найахвотней замоўчваюцца. Аднак, калі мы хочам захаваць Божае права, ведаць ягоную для нас вартасць, а часта й абараняць гэтае Божае права, то павінны й на гэтыя балючыя з’явы паглядзець зблізку. Мяркую, нікога з католікаў я не павінен пераконваць у тым, што забойства ненароджанага дзіцяці — гэта грэх супраць пятай Божай запаведзі. Але сітуацыя, у якой мы жывем, вымагае пэўнага тлумачэння.
З 27 красавіка 1956 г. у нашым краі дзейнічае закон, які дазваляе забіць чалавека да яго нараджэння, не несучы за гэта ніякай адказнасці. (Аўтар мае на ўвазе польскае заканадаўства. Тым часам у Беларусі жыццё ненароджаных таксама аніяк юрыдычна не абаронена. — Заўв. пер.). Каб убачыць гэту сітуацыю належным чынам, трэба памятаць, што закон заўсёды з’яўляецца прыладаю ў руках улады. Кожная ўлада так фармулюе законы, каб можна было дасягнуць мэтаў, да якіх яна імкнецца. Гэта галоўная ісціна, што вынікае з усяе гісторыі чалавецтва.
Я хацеў бы праілюстраваць гэтую ісціну цытатаю, узятаю з працаў кс. кардынала Стэфана Вышынскага, прымаса Польшчы. Ён між іншым піша: «Мы абвінавачваем Асвенцым — і слушна. Дазвольце, што менавіта з «Асвенцымскіх сшыткаў», выдадзеных Дзяржаўным музеем у 1958 г., я прывяду некалькі вытрымак, якія выяўляюць праграму вынішчэння польскага народу. Цытую: «Усе сродкі, якія служаць абмежаванню нараджальнасці, павінны талеравацца і падтрымлівацца. Перарыванне цяжарнасці на тэрыторыі Польшчы павінна быць беспакараным».
Гэта праграмы, якія пісаліся немцамі.
«Сродкі, якія служаць перарыванню цяжарнасці альбо яе папярэджваюць, павінны прапаноўвацца публічна і ў любой форме... Трэба таксама поўнасцю падтрымліваць узнікненне ўстановаў для перарывання цяжарнасці. Можна, напрыклад, навучыць акушэрак альбо фельчарак выклікаць штучныя роды».
Гэта загады, якія датычаць палякаў, выдадзеныя гітлераўцамі ў той час, калі ў адносінах да немак закон прадугледжваў кару смерці за зроблены аборт.
Думаю, што гэта выказванне шаноўнага кс. кардынала Стэфана Вышынскага ясна паказвае, як тая ж самая ўлада паслугоўваецца адным законам у адносінах да ўласнага народу і зусім іншым — у адносінах да акупаванага, як закон становіцца прыладаю развіцця аднаго і прыладаю вынішчэння другога.
Зразумела, у Польшчы ніхто нікога не змушае да знішчэння жыцця ненароджаных, тым не менш, трэба ўсвядоміць, што мы жывем у рэчаіснасці двух законаў: Божага, які кажа «не забівай», і закону, які дазваляе забойства. (...)
Варта ўсвядоміць і тое, што для веруючага чалавека — гэта не толькі выбар жыцця альбо смерці дзіцяці. Кожны раз — гэта значна глыбейшае рашэнне, якое датычыць вернасці альбо нявернасці Богу. (...)
Хачу падкрэсліць, што ніхто не апраўдаецца перад Богам, спасылаючыся на дзяржаўныя законы. Мы атрымліваем прабачэнне толькі спасылаючыся на законы Божыя.
У гэтай сітуацыі хацелася б нагадаць, што хрысціянін можа страціць жыццё, але не можа парушыць Божага права. Аддаючы жыццё за абарону Божага права, ён атрымлівае жыццё вечнае. Гэта таямніца ўсіх мучанікаў. Хачу закрануць тут абвінавачванне, якое апошнім часам часта чуецца ў сродках масавай інфармацыі, у тым, што Касцёл неталерантны, бо выступае супраць абортаў. Заяўляю, што ў гэтым выпадку ён ёсць і будзе неталерантны. Хрысціянская літаратура І стагоддзя вельмі ясна і выразна сцвярджае, што хрысціянін ні ў якім выпадку не можа забіць ненароджанае дзіця. Дваццаць вякоў Касцёл бароніць права на жыццё кожнага пачатага чалавека. Такая пазіцыя Касцёла сёння і такою яна будзе да канца свету. Бо Касцёл не можа змяніць Божага права. Касцёл можа толькі заклікаць захоўваць яго, альбо, калі хтосьці яго парушыў, можа прасіць Бога аб міласэрнасці для гэтага чалавека і дапамозе ў навяртанні да Бога, аб атрыманні прабачэння праз сакрамэнт споведзі. Калі хтосьці хоча папракнуць Касцёл у неталерантнасці, то няхай гэты папрок адрасуе не Касцёлу, а Богу. А папракаць Бога можа толькі дурань.
Беручы пад увагу ўсё вышэй сказанае, мы можам зразумець, чаму Касцёл спалучыў кару за гэты грэх з экскамунікаю, прыцягваючы да асаблівай адказнасці ўсіх, хто вінаваты ў такога тыпу злачынствах. Я не хацеў бы нікога тут запалохваць. Але хацеў бы прасіць усіх памятаць важную ісціну: калі Бог кажа «не забівай», то дбае пра наша дабро і наша шчасце. І калі сумленне папракае нас у якімсьці нашым удзеле ў такога тыпу ўчынку, то як найхутчэй трэба падысці да Бога, вызнаючы праўду і вяртаючы спакой сумлення, вырашаючы адначасова, што з гэтага часу, па меры сваіх магчымасцяў, будзем абараняць кожнае пачатае жыццё.
Вось што мы можам зрабіць у гэтым сэнсе. Мы не зменім законаў, гэта не ў нашых сілах. Скажам сабе ясна: гэта не закон вінаваты, вінаваты тыя, хто ім карыстаецца. Закон мог быць мёртваю літараю на паперы. І так павінна было б быць, калі б наша грамадства было сапраўды веруючым.
П’янства
Грахі супраць пятай Божай запаведзі — гэта не толькі забойства, але таксама ўсё, што вядзе да скарачэння чалавечага жыцця. Маецца на ўвазе ўсялякая неабгрунтаваная рызыка, праз якую чалавек можа страціць жыццё альбо знішчыць здароўе.
Улічваючы небяспеку, у якой знаходзіцца грамадства, хачу спыніць увагу на п’янстве, якое найчасцей нішчыць здароўе. Алкагалізм — гэта мора няшчасця, мора, у якім топіцца не толькі той, хто п’е без меры, але і яго сям’я, яго сямейнае шчасце, народ.
Я не ў сілах ані ахапіць гэтага мора няшчасцяў, ані даць дзейснага рэцэпта для вылячэння гэтай цяжкай хваробы, якая знішчае сотні тысяч людзей. Мяне найперш турбуе пазіцыя хрысціяніна, і на гэты аспект я хацеў бы звярнуць увагу. П’янства — гэта грэх, які, бадай, найбольш кампраметуе хрысціяніна. Чалавек ахрышчаны, дзіця Божае, сам дабравольна даводзіць сябе да такога знішчэння, што траціць не толькі хрысціянскую, але і чалавечую годнасць. (...)
Хрысціяне ведаюць, што хрысціянская вера не дазваляе напівацца, але гэта іх мала хвалюе. (...)
Хрысціянства не можа змірыцца з п’янствам, бо алкаголь знішчае дзве асноўныя сілы ў чалавеку: абмяжоўвае свядомасць і аслабляе волю. А гэта тыя сілы, пры дапамозе якіх чалавек навязвае кантакт з Богам.
Калі свядомасць абмежаваная, няма магчымасці навязаць кантакт, а слабая воля не дае мажлівасці паслядоўна ісці евангельскім шляхам. Таму немагчыма прымірыць п’янства з пазіцыяй хрысціяніна. Часта ў тым, што народ спіўся, абвінавачваюцца ўлады. Але не трэба скідваць адказнасці з саміх сябе. Пра алкагалізм сведчыць не колькасць закаркаваных бутэлек, а колькасць адкаркаваных і выпітых, але гэта ўжо вырашаем мы, а не ўлады. У выніку ў нашых руках знаходзіцца лёс народу, яго шчасце альбо няшчасце. Занадта абыякавы падыход уладаў да барацьбы з алкаголем прадыктаваны эканамічнымі меркаваннямі. Калі ўсе заводы з усёю сваёю прадукцыяй на працягу года не прыносяць такога даходу, як вытворчасць спірту, то не трэба здзіўляцца, што ў перыяды вялікага эканамічнага крызісу ўлады ідуць на здабыванне грошай з прадукцыі алкаголю. Зразумела, гэта мера недальнабачная і на справе толькі паглыбляе крызіс, але ў дадзены момант яна здаецца паратункам. Вырашэнне праблемы знаходзіцца ў нашых руках: альбо мы здолеем заняць такую свядомую пазіцыю і не будзем купляць гарэлкі, хоць яна й будзе ў магазінах, альбо, наадварот, купляючы і п’ючы, будзем спрыяць пагаршэнню сітуацыі. Бо нават калі б дзяржава зліквідавала ўсе гарэлачныя аддзелы ў магазінах, алкаголь будуць пастаўляць чорны рынак і самагоншчыкі. Аздараўленне знаходзіцца ў нашых руках і пакуль мы гэтага не зразумеем, датуль бяда будзе павялічвацца. Таму звяртаюся да вас, католікаў, з канкрэтнымі просьбамі.
Па-першае, каб ніхто з вас нікога не ўгаворваў выпіць нават адну чарку. Мы не ведаем, якую вытрымку мае іншы чалавек, якое мае здароўе, якая ў яго воля, не ведаем гісторыі яго жыцця, а таму — пакіньма гэта волі самога чалавека. Калі табе падабаецца і хочаш сябе знішчыць, то купі сабе бутэльку, пайдзі дадому і выпі сам, а не частуй іншых, не намаўляй іх да гэтага. Шмат людзей пайшло на той свет па віне добрых сяброў, якія намаўлялі іх выпіць адну лішнюю чарку. Не намаўляй!
Па-другое. Ніколі не выпівайма бутэлькі да дна. Вельмі дрэнны звычай: паставіць на стол бутэльку і не адыходзіць датуль, пакуль усё не выпіта. Умейма адысці ад адкаркаванай бутэлькі, няхай застанецца на другі раз, няхай застанецца для іншых.
Па-трэцяе. Калі сустрэнем чалавека, які хоча вырвацца з п’янства, падайма яму руку. Такі чалавек толькі пры дапамозе іншых можа вырвацца са свайго вялікага няшчасця. Калі ён працягвае руку з просьбаю аб дапамозе — гэта першы крок да перамогі. Падайма яму руку і не адпрэчвайма гэтага чалавека, пакуль ён патрабуе нашай падтрымкі, каб ягоная перамога стала і нашаю радасцю. Гэта тры мае канкрэтныя просьбы.
За сітуацыю, у якой знаходзімся, не абвінавачвайма іншых. Трэба заўсёды распачынаць з сябе і памятаць, што гэта датычыць дабра сённяшняга дня, нашага ўласнага дабра, дабра нашых сем’яў, нашага народу і дабра многіх пакаленняў, якія прыйдуць пасля нас. Вядома, што наступствы алкагалізму праяўляюцца з усёю сілаю ажно ў нашчадках. Цэлыя пакаленні на зямлі могуць быць няшчаснымі з прычыны сёння выпітага алкаголю.
Адказнасць за ўласнае жыццё і жыццё іншых
Разважаючы над пятаю запаведдзю Дэкалогу, трэба мець на ўвазе з’яўленне новых сітуацый, у якіх людзі гэтае Божае права парушаюць. Справа актуальная і важная, бо нават практыкуючыя католікі, неаднаразова парушаючы Божы наказ «не забівай», не адчуваюць свае віны...
Трэба памятаць, што кожны раз, калі хтосьці, выпіўшы, сядае за руль, учыняе грэх. Без розніцы: стаў ён прычынаю аварыі ці не. Беручыся за руль у нецвярозым стане, такі чалавек рызыкуе сам і падстаўляе іншых. Католік, рыхтуючыся да споведзі, павінен палічыць не толькі тыя выпадкі, калі напіўся (гэта адзін грэх), але павінен таксама палічыць выпадкі, калі вёў машыну, матацыкл альбо ехаў на ровары ў нецвярозым стане, бо гэта ўжо іншы грэх. Тое самае датычыць пешаходаў. П’яніца не павінен адзін у нецвярозым стане выходзіць на вуліцу альбо шасэйную дарогу: павінен пачакаць кагосьці цвярозага, хто яго давядзе дадому. Палова аварый, напрыклад, у Польшчы адбылася па віне п’яніцаў, якія альбо самі трапляюць пад машыну, альбо становяцца непасрэднаю прычынаю трагедыі іншых... Падобным чынам выглядае справа з захаваннем правілаў дарожнага руху. Распаўсюджана меркаванне, што калі хтосьці заплаціў штраф, то ўжо адбыў пакаранне. У адносінах да заканадаўства — так, але не ў адносінах да сумлення і Бога. Вадзіцель, які хоць і не стаў прычынаю аварыі, аднак сваёю неасцярожнаю яздою, ігнаруючы правілы дарожнага руху, рызыкуючы сам і падвяргаючы іншых рызыцы калецтва альбо смерці, учыняе грэх і павінен гэта мець на ўвазе пры рахунку сумлення.
Ускокваць нахаду ў транспарт, перабягаць перад ім, ігнаруючы пешаходныя пераходы і светлафоры — грэх, які павінен быць улічаны пры рахунку сумлення. Гэта адказнасць яшчэ больш узрастае, калі хтосьці мае слабы зрок, слых альбо хворыя ногі. Паводзіны такіх людзей на вуліцы і дарозе вымагаюць пільнай увагі, а кожная неасцярожнасць звязана з большаю адказнасцю перад сумленнем. Не кажучы ўжо пра таго, хто вядзе дзіця і бярэ на сябе поўную адказнасць за яго бяспеку. Апрача таго, трэба заўсёды мець на ўвазе іншых людзей, што знаходзяцца з намі на вуліцы. Не кожны ў натоўпе думае, часта заняты сваім клопатам (смерць у сям’і, хвароба, нейкія справы) такі чалавек ідзе за намі, не звяртаючы ўвагі на правілы. Мы, бачачы машыну, дакладна прыкідваем адлегласць да яе і паспяваем перайсці вуліцу, але ён, ідучы за намі, не ўлічвае гэтай адлегласці і можа спазніцца на тую трагічную секунду. У такім выпадку мы таксама нясем адказнасць за яго смерць ці калецтва.
Гаворка ідзе пра стварэнне атмасферы павагі да правілаў дарожнага руху альбо правілаў, якія гарантуюць бяспеку працы. Гэту атмасферу ствараем мы самі. І гэта наказ, што таксама вынікае з пятай запаведзі Дэкалогу, якая заклікае шанаваць жыццё, як і з запаведзі любові да бліжняга, што наказвае заўсёды думаць не толькі пра сябе, але і пра іншых.
Людское жыццё — гэта справа Бога, не чалавека. Мы толькі супрацоўнічаем з Ім у перадачы жыцця наступным пакаленням. Але ніхто з нас не здольны ўваскрасіць чалавека. Мы здольныя знішчыць жыццё, але не здольныя ўваскрасіць яго. Не заўсёды таксама мы памятаем пра тое, што калі Бог стварыў чалавека, то Ён яго патрабуе. Кожнага створанага чалавека Бог патрабуе. Не мае значэння, які ў яго лёс. Бог патрабуе яго да апошняй секунды, датуль, пакуль ён жыве на зямлі. Патрабуе чалавека для чынення дабра.
Часта людзі намагаюцца ацаніць сваё жыццё толькі з пазіцый дабра, якое робяць, гэта значыць дабра, якое ў нейкай ступені свядома запланавалі, якое з’яўляецца іх справаю. Тым часам гэта адна тысячная дабра, якое Бог чыніць праз кожнага з нас, дабра, якога мы самі ўвогуле не ўсведамляем. Звернем увагу на Абрагама. Ён жыў тры тысячы гадоў назад і рабіў шмат дабра, знаходзячы сілы на цяжкія акты веры ў сваім жыцці. Абрагам памёр, але на працягу гэтых трох тысячагоддзяў ён з’яўляецца ў Божых руках прыладай чынення дабра. Многія, успамінаючы яго постаць, захапляючыся ягоным жыццём, знаходзяць у сабе сілы на падобны акт веры. Тое самае, толькі на крыху ніжэйшым узроўні, адбываецца з кожным з нас. Колькасць гэтага дабра неабмежаваная. Бог патрабуе кожнага з нас. Калі хтосьці праз забойства знішчае чалавека, то знішчае тое дабро, якое Бог праз яго хацеў здзейсніць. Забойца не ўсведамляе сабе, якое вялікае дабро знішчае. Калі б мы не былі недальнабачнымі, калі б мы змаглі зірнуць вачыма Бога на наша жыццё і жыццё кожнага чалавека — калекі, церпячага, старога, то мы б здолелі заўважыць безліч дабра, якое Бог асягае, паслугуючыся чалавекам як прыладаю.
«Не забівай» — гэта не толькі індывідуальнае ўказанне. Усе запаведзі Дэкалогу былі перададзены супольнасці. Гэта Божае права, якім павінны жыць веруючыя людзі, калі яны хочуць стварыць Божую супольнасць. У гэтай запаведзі змяшчаецца пачуццё бяспекі. Бо калі ў супольнасці няма забойцаў, то няма каго асцерагацца, жыццё тады спакойнае. Аднак, паколькі мы жывем сярод людзей, якія праігнаравалі гэтую запаведзь, то часта адчуваем пагрозу, адчуваем, што нас могуць забіць. Менавіта ў такім свеце давялося нам жыць. Зразумела, што гэта ненармальнае становішча. Дарогу да бяспекі ўказвае Бог, кажучы ўсім людзям: «не забівай». Калі б мы, напрыклад, з сённяшняга дня ўсе пачалі захоўваць пятую запаведзь і ніхто не падняў рукі на іншага чалавека, то жыццё наша стала б незвычайна радасным і бяспечным, бо не было б на зямлі ворагаў. У свеце запанаваў бы спакой. Гэта плён захавання толькі аднае запаведзі «не забівай».
Самазабойства
Працягваючы нашы развагі, якія датычаць пятай запаведзі, я хацеў бы спыніцца на самазабойстве. Адабранне жыцця ў самога сябе з маральнага пункту погляду, калі гэты ўчынак абсалютна свядомы і дабравольны, з’яўляецца цяжкім грахом. Яго цяжар павялічвае той факт, што пасля яго ўжо няма ані часу, ані мажлівасці на пакаянне і выпраўленне. Аднак рэдка здараецца мець дачыненне з цалкам свядомым і цалкам дабравольным самазабойствам.
У апошнія дзесяцігоддзі праведзены шэраг даследванняў над людзьмі, адратаванымі пасля спробы самазабойства. Гэтыя даследванні выявілі, што больш чым ў дзевяноста працэнтах гэты ўчынак здзяйсняюць людзі з часова абмежаванаю свядомасцю альбо абмежаванаю свабодаю. Бо сіла жыцця такая моцная, што зламаць яе бар’еры пры поўнай свядомасці і свабодзе вельмі цяжка. Часцей за ўсё ў такіх выпадках мы маем справу з людзьмі, калі не хворымі, то слабымі псіхічна альбо нервова. З гэтай прычыны ў Кананічным Праве зменены палажэнні, якія датычаць пахавання самазабойцы. Раней самазабойцаў нельга было хаваць па каталіцкім абрадзе. Цяпер гэта дазваляецца. Выключэнне складае самазабойства, учыненае ў стане алкагольнага ап’янення, паколькі ў ім сам чалавек адказвае за абмежаванне свае свядомасці і свабоды.
Суровая ацэнка самазабойства ў хрысціянскай рэлігіі была дадзена самагубству першага апостала Юды. Даў яе сам Хрыстус: «Лепш было б, каб гэты чалавек не нарадзіўся». Паколькі ў Евангеллі няма ніякіх падставаў меркаваць, што Юда дзейнічаў з абмежаванаю свядомасцю, гэты ўчынак на працягу вякоў сурова асуджаўся і асуджаецца.
Няма патрэбы даказваць, што грэх самазабойства, учынены свядома і дабравольна, з’яўляецца цяжкім. Запаведзь «не забівай» распаўсюджваецца таксама і на самога сябе. Нельга забіваць іншых, нельга забіваць сябе.
Дарэчы, у сувязі з гэтаю праблемаю варта звярнуць увагу на дыскусіі, якія вядуцца цяпер вакол спробы здабыць права на змяншэнне цярпення праз скарачэнне жыцця. Не раз, сутыкаючыся з церпячым чалавекам, мы можам канстатаваць, што стан яго здароўя безнадзейны, што ягонае цярпенне вядзе непасрэдна да смерці. Аднак пакуль гэты чалавек памрэ, яго чакае сапраўдная геена страшных мукаў. Тады й з’яўляецца спакуса, каб скараціць гэтыя яго мукі праз набліжэнне смерці. Менавіта ў адносінах да асобнага чалавека такая спакуса можа быць моцная. Аднак паспрабуйма глянуць на гэта з грамадскай перспектывы. Запаведзь «не забівай» датычыць не толькі адзінкі, але і грамадства. Уявім сабе, што зроблена такое выключэнне, што фактычна можна ў безнадзейных сітуацыях зменшыць чалавеку цярпенне, скарачаючы яму жыццё. Тут жа пачнецца злоўжыванне гэтым правам. Ніхто не здолее ўстанавіць, ці дадзенае цярпенне вядзе непасрэдна да смерці, ці не. А можа гэты чалавек здолее яшчэ перамагчы хваробу, затрымаць яе развіццё на некалькі тыдняў, месяцаў? Бываюць выпадкі, калі з безнадзейнага стану пацыент вяртаецца да жыцця і працы. Ніхто не можа гэтага ўстанавіць.
Уявім сабе, што такі закон дзейнічае. Бацькі бачаць калекае дзіця і выкарыстоўваюць гэты закон. Дзеці, бачачы, як слабее стары бацька ці маці, таксама карыстаюцца гэтым правам. Муж не любіць жонкі і, прыкрываючыся яе хваробаю, выкарыстоўвае гэтае права... У выніку — маем пекла на зямлі.
Праблема гэта датычыць перадусім урачоў. Яны павінны былі б вырашаць, можна ці нельга скараціць жыццё пацыенту. Ва ўрачэбнай этыцы на першым плане стаіць барацьба за жыццё чалавека да апошняй секунды. Прыгадаю толькі закон, што быў сфармуляваны ў чацвёртым веку да нараджэння Хрыста і вядомы як клятва Гіпакрата, якую складалі лекары. Вось яе словы: «Буду прымяняць прынцыпы навукі аб жыцці згодна з самымі новымі ведамі і магчымасцямі, каб вылечыць хворага, але ніколі не прымяню іх для яго згубы альбо шкоды. Ніколі не дам лекаў, якія выклікаюць смерць, нават калі мяне будуць прасіць аб гэтым, не дам таксама ніколі ніякай парады ў гэтым сэнсе. Ніколі не дам ніводнай жанчыне сродка для знішчэння зачатага жыцця». Давер да ўрача грунтуецца на перакананні, што ён да канца змагаецца за кожнае жыццё. Уявім сабе шпіталь, у якім практыкуецца забіванне церпячых людзей. Хто захацеў бы трапіць у рукі да такіх дактароў?
Аднак ёсць значна глыбейшае вымярэнне гэтай праблемы. Цярпенне ўяўляе сабою таямніцу, у якой чалавек сталее. Цярпенне ў вачах Бога — гэта вялікая таямнічая каштоўнасць. Мы не ведаем сэнсу цярпення. Хрыстус сам выбраў цярпенне і не прыняў дурманнага напою, які мог бы аслабіць гэта цярпенне. Завісшы на крыжы, Ён мог памерці на працягу пяці хвілін, мог памерці ўжо ў часе самога ўкрыжавання, аднак не, прыняў цярпенне да канца. Ён, будучы Богам, выбраў на зямлі самае каштоўнае. Мы ўсе стаім перад таямніцаю, а Ён заклікае: паверце мне як Богу. Ваша цярпенне, кожная яго секунда мае незвычайную каштоўнасць і глыбокі сэнс. З пункту погляду Божага права няма ніякіх падставаў, каб змяншаць цярпенне, скарачаючы жыццё. Тым часам з любові да бліжняга мы абавязаны рабіць усё магчымае, каб злагодзіць цярпенне. Намаганні медыцыны павінны ісці ў такім кірунку, каб дапамагчы чалавеку вытрываць, калі гэта магчыма — злагодзіць цярпенне, але не за кошт жыцця. (...)
Бог — Пан жыцця і смерці. Чалавек не можа распараджацца сваім жыццём. Ён павінен пакінуць яго цалкам у руках Бога. Колькі разоў чалавек імкнецца распарадзіцца, столькі разоў урываецца ў кампетэнцыю Бога і не павінен здзіўляцца, калі будзе прыцягнуты за гэта да адказнасці, якая сягае ў вечнасць.
Прабачэнне
Хрыстус паглыбіў інтэрпрэтацыю пятай запаведзі Дэкалогу «не забівай». У сваёй Нагорнай Пропаведзі, занатаванай святым Мацвеем, Езус ясна гаворыць: «Вы чулі, што сказана старадаўнімі: не забівай; хто ж заб’е, падлягае суду (Зых 20, 13). А Я кажу вам, што кожны, хто гневаецца на брата свайго дарэмна, падлягае суду». Такім чынам Хрыстус паяднаў само забойства з гневам, які нараджаецца ў сэрцы чалавека, і выразна падвёў яго пад пятую запаведзь.
Ідэал хрысціянскага жыцця грунтуецца на незвычайнай еднасці, якая існуе паміж адносінамі чалавека да Бога і яго адносінамі да іншых людзей. Калі паміж гэтымі дзвюма сферамі — рэлігійнаю, а значыць адносінамі чалавека да Бога, і маральнаю, гэта значыць адносінамі да іншага чалавека, — узнікне расколіна, тады чалавек пачынае духова паміраць. Гэтаксама адмірае і рэлігійнае жыццё (хоць бы чалавек цэлымі гадзінамі сядзеў у касцёле), і жыццё маральнае. Не можа быць расколіны паміж адносінамі да Бога і адносінамі да чалавека. Адсюль таксама вынікае, што паяднанне з чалавекам — гэта элемент паяднання з Богам. Няхай ніхто не спадзяецца, што калі шмат моліцца і працягвае рукі да Бога, то будзе апраўданы за свае неадпаведныя адносіны да людзей. Чалавек павінен быць паяднаны з братамі, калі хоча радавацца паяднанню з Богам. Таму ў Евангеллі Хрыстус раз за разам заклікае да прабачэння.
Прабачэнне — гэта жэст паяднання. Увогуле мы павінны дбаць пра тое, каб не было ніводнага чалавека, да якога мы маем нейкія прэтэнзіі, крыўду, каб мы кожнаму, нават таму, хто прычыніў нам найвялікшую крыўду, умелі ў сваім сэрцы прабачыць, ведаючы, што толькі гэтае прабачэнне, часам вельмі цяжкае, ёсць знакам, што і Бог прабачае нам, дапускаючы да паяднання з Сабою. Гэта труд хрысціянскага жыцця, які вядзе да таго, каб любоў, што перапаўняе сэрца, агарнула ўсіх людзей. Чалавек, які здольны прабачыць кожнаму, ніколі не будзе гневацца. Гэта таямніца сэрца, якое не ведае гневу. Бо ў кожнай сітуацыі, калі іншыя выбухваюць гневам альбо адчуваюць сябе абражанымі, яно знаходзіць сілы на жэст прабачэння. Гэта цяжкая, але надзвычай важная сфера хрысціянскага жыцця.
Мы часта лічым, што той, хто гневаецца, учыняе скандал. Тым часам у жыцці значна часцей гнеў праяўляецца праз маўчанне. Хтосьці мае ціхія дні, тыдні, месяцы. Трэба падкрэсліць, што кожны чалавек, які крыўдзіцца, сцвярджае сваю мізэрнасць. Толькі мізэрны чалавек крыўдзіцца. Вялікі чалавек здольны зразумець сітуацыю, якая ўзнікла, і не абразіцца. Ён гатовы залатвіць нават самую цяжкую справу без дыстанцыі і маўчання. Гадзіны крыўды, якая захоўваецца ў сэрцы, нішчаць не толькі тых, на каго гэты чалавек крыўдуе, але перадусім яго самога. Вядома, што часам адзін такі тыдзень маўчання, напрыклад, у сям’і, здольны беспаваротна знішчыць шчасце ў гэтым доме. Таму Езус, кажучы «не забівай», тут жа дадае: «Не гневайся».
Будзем жа прасіць Бога, каб мы ў кожнай сітуацыі, асабліва пры алтары, калі перадаем адзін аднаму знак супакою, змаглі жэстам прабачэння адкрыць сваё сэрца для ўсіх людзей, ведаючы, што тады Бог адкрывае сваё Сэрца, каб прытуліць нас да яго.
Забіць дух (Псіхічнае жыццё)
У рамках разважання над пятаю запаведдзю трэба закрануць тэму забойства духу. Хрыстус нас перасцерагае: «Не бойцеся тых, што забіваюць цела, а душы не могуць забіць; а бойцеся больш таго, хто можа і душу, і цела загубіць у геене» (Мц 10, 28). Пятая запаведзь перасцерагае, каб ніхто з нас не быў забойцам: «не забівай». Езус дадае адвагі, каб мы не баяліся забойцы, не баяліся смерці цела. Аднак Ён заклікае да вялікай асцярожнасці ў адносінах да забойцы духу. У свеце павялічваецца колькасць самазабойстваў. І гэта непакоіць. У пераважнай большасці выпадкаў самазабойству папярэднічае смерць духу. У такога чалавека забілі дух, альбо чалавек забіў яго сам і таму страціў веру ў сэнс жыцця. Бывае, што чалавек, баронячыся перад вялікім знешнім націскам, не маючы сілы супрацьстаяць прэсінгу сітуацыі, баючыся няшчасця, ідзе на самазабойства. Часам самазабойства бывае як бы апошнім роспачным жэстам яшчэ жывога духу, які бароніцца ад забойства. Чалавек выбірае смерць цела, каб, на яго думку, ацаліць сваю душу. Гэта няправільнае рашэнне, але трэба яго разумець, бо ў жыцці можна з ім сутыкнуцца. Каб не паддацца таму, хто можа забіць дух, трэба яго ведаць, трэба ведаць метады яго дзейнасці. Нашы развагі ідуць менавіта ў гэтым кірунку.
У чалавеку існуе некалькі відаў жыцця: біялагічнае, псіхічнае, духовае (якое ведае дзве формы: маральную і рэлігійную) і, нарэшце, звышнатуральнае. Грахі супраць пятае запаведзі ахопліваюць усе формы жыцця, якія складаюць паўнату чалавечага жыцця. Нельга іх зводзіць толькі да пагрозы біялагічнаму жыццю. У дадзеным выпадку я буду гаварыць пра знішчэнне псіхічнага жыцця.
Атака на душу часцей за ўсё скіравана праз псіха-нервовую сістэму чалавека. Мы складаемся з душы і цела, а нервовая сістэма — гэта той элемент, які іх злучае. Праз яго дух паслугуецца целам, і цела мае вялікі ўплыў на душу.
Цяпер шмат гаворыцца пра псіхічнае здароўе, а тым часам робіцца ўсё, каб яго знішчыць. Не трэба забіваць чалавека пры дапамозе нажа альбо кулі, дастаткова знішчыць яго нервовую сістэму, каб цалкам выключыць яго з жыцця. Гэта вельмі дасканалая форма забойства, і зусім не трэба шукаць такіх забойцаў у чужых палітычных лагерах. Іх можна сустрэць кожны дзень: яны жывуць сярод нас. Рэдка хто, напрыклад, прызнаецца на споведзі, што знішчыў нервы жонцы, дзецям, бацьку ці маці. Калі гаворыць пра гнеў, то мае на ўвазе свае нервы, а не тых, каго раніць.
У такіх выпадках мы маем справу з тэрарызмам. Хоць звычайна пра яго гаворыцца, калі ёсць мёртвыя ахвяры замаху, але тэрарызм значна часцей выкарыстоўвае катаванні, якія ўплываюць на псіхіку, а не на цела. Зрэшты, катаванне цела амаль заўсёды паяднана з псіхічным катаваннем. Дастаткова прыгадаць метады допытаў гестапа, і не толькі гестапа. Іх мэтаю было зламаць дух чалавека, выдраць з яго таямніцы, змусіць яго да подласці.
Забойцы духу імкнуцца напоўніць чалавека страхам і робяць гэта, запалохваючы яго, шантажуючы, ізалюючы. Запалоханы чалавек — гэта духовы калека. Калі страх ахопіць усё яго жыццё, чалавек становіцца спаралізаваным, становіцца як бы жывым трупам. А неабходнасць прымаць супакаяльныя сродкі — гэта чырвонае святло, якое сігналізуе пра слабасць духу такога чалавека. У штодзённым жыцці трэба не ўпусціць, заўважыць гэтую небяспеку, схаваную за стомленасцю, загнанасцю, за недахопам адпачынку, за пастаяннымі стрэсамі і нервовым стылем жыцця. Тут шмат залежыць ад нас саміх. Атмасфера, у якой мы жывем, скіравана на забойства нашага духу. Уратуецца той, хто здолее стварыць свой уласны свет спакою, адпачынку, бяспекі...
Яшчэ раз хацелася б падкрэсліць, што знішчэнне псіхічнага здароўя — гэта грэх супраць пятае запаведзі.
Забіць дух (Маральнае і рэлігійнае жыццё)
Знішчэнне духовага жыцця адбываецца праз вывядзенне чалавека са свету дабра і ўвядзенне яго ў свет зла; праз чыненне з чалавека слугі зла. Дабро заўсёды творчае, зло — разбуральнае. Маральна здаровы чалавек выбірае дабро, бо ведае, што, творачы дабро, ён узбагачае самога сябе. Маральна хворы чалавек выбірае зло, а чынячы зло, нішчыць самога сябе.
Якія ж існуюць формы нішчэння маральнага жыцця? Першая з іх звязана са знішчэннем сумлення. Ажыццяўляецца гэта праз сціранне граняў паміж дабром і злом. Чалавек са знішчаным сумленнем у імя ілюзорнага дабра робіць зло. Шлях да гэтага вядзе праз уцягванне ў падман, у крадзеж, праз намаўленне да здрады, даносаў, да забойства ненароджанага дзіцяці, да працы ў нядзелю і г.д.
Атака скіравана супраць запаведзяў. Забойцы духу даказваюць: запаведзі такія цяжкія, што жыць паводле іх немагчыма. Таму, каб жыць, трэба іх парушаць. Іншымі словамі: каб захаваць біялагічнае жыццё, неабходна забіць дух (...). Пасля таго, як знішчана сумленне, чалавек памірае, застаецца інтэлігентны, драпежны звер, які абуджае страх і можа служыць прыладаю знішчэння іншых.
Другая форма забойства духу ў сферы маральнага жыцця — спакуса. Словы Хрыста, адрасаваныя спакушальнікам, страшныя: «А хто спакусіць адного з малых гэтых (...), таму лепей было б, калі б павесілі яму млынавы камень на шыю і ўтапілі яго ў глыбіні марской. Гора свету ад спакусаў, бо спакусы мусяць прыйсці; але гора таму чалавеку, праз якога спакуса прыходзіць» (Мц 18, 6-7). «Лепей было б» умярцвіць такога чалавека, бо меншае зло ў фізічнай смерці спакушальніка, чым у духовай смерці тых, каго ён спакушае.
Спакушальнік нясе суадказнасць за нядобрыя ўчынкі спакушанага чалавека праз усё ягонае жыццё. Ён прыводзіць чалавека на дарогу зла, ён — праваднік на гэтай дарозе, і таму адказнасць за ўчынкі спакушанага ў вялікай ступені ляжыць на ім.
Найбольшую адказнасць за спакушэнне ў адносінах да дзяцей нясуць бацькі і святар. Бо велічыня спакусы ў многім залежыць ад ступені даверу, які хтосьці мае да пэўнай асобы. Злоўжыванне даверам раніць сэрца таго, хто паверыў, пакідаючы невылечную рану.
Трэцяя форма забойства маральнага жыцця — гэта пазбаўленне чалавека надзеі. Чалавек жыве, да чагосьці імкнучыся, альбо жыве для кагосьці. Ён здольны ператрываць самыя цяжкія моманты ў жыцці, калі яму свеціць надзея (...).
Можна адняць надзею ў асобы, супольнасці і ў цэлага народа. Гэта форма забойства духу, а вылечыць яго вельмі цяжка. З гэтым цесна звязана тое, што святы Павел называе «гашэннем духу». Пастаяннае падразанне крылаў волі і творчай працы. У штодзённым жыцці яно праяўляецца ў такіх выказваннях, як: няварта працаваць, абараняць справядлівасць, праўду, дабівацца свайго; альбо: «нічога не ўдасца зрабіць», звальваючы ўсё на цяжкую сітуацыю, у якой знаходзіцца чалавек альбо народ. Такі падыход знішчае адвагу, напаўняе сэрца маладушшам. Гэта сур’ёзная хвароба нашага грамадства. Адказ здаровага духу просты: варта быць добрым, варта працаваць, варта адстойваць праўду. Удасца зрабіць шмат, вельмі шмат, трэба толькі захацець. Не сітуацыя вырашае, што ўдасца зрабіць, а сіла нашага духу.
Заканчваючы развагі над тым, што забівае дух, хачу яшчэ звярнуць увагу на забойства рэлігійнага жыцця. Датычыць гэта перадусім тых сітуацый, калі ў людзей адбіраецца вера. Здзяйсняецца тое альбо праз адабранне ў чалавека рэлігійнай надзеі (г.зн. тае, якая заключана ў Божым абяцанні), альбо праз знішчэнне даверу да Бога. Надзея скіравана ў будучыню, давер, адданасць — заўсёды звязаны з цяперашняю хвілінаю, гэта нітка, якая звязвае чалавека з Богам у сённяшні дзень. Перацінанне гэтай ніткі кідае чалавека ў сумненні і роспач. Гэта найвялікшая крыўда, учыненая чалавеку. «Бойцеся таго, хто цела і душу можа ўкінуць у геену». Бойцеся таго, хто пераразае нітку даверу да Бога. Гэта смерць духу можа прыйсці нечакана, праз удар зла і спакусу сумнення, а можа прыходзіць паступова, праз развіццё хваробы расчаравання, якая вядзе да прорвы духовага самазайбоства. Сумненне часта кідае чалавека на дно роспачы.
Я не кажу ўжо аб прыладах забойства духу. Мяркую, што кожны з вас можа іх адносна лёгка распазнаць (...).
Хачу толькі адказаць на пытанне: ці можна ўваскрасіць дух? Можна, пакуль жыве цела і чалавек усведамляе свае рашэнні. Аднак гэта вельмі складаны працэс. Як правіла, у такім выпадку патрэбна дапамога чалавека са здаровым і моцным духам, часта нават некалькіх чалавек, усяе супольнасці і асаблівай падтрымкі Божай ласкі. Заклікаю, аднак, быць вельмі асцярожнымі: хваробы духу вельмі заразныя, і ратаванне духовага тапельца можа скончыцца трагічна. Заўсёды патрэбна падстрахоўка іншага, мудрага чалавека, які, бачачы, што нельга ўратаваць тапельца, не дазволіць патануць выратавальніку.