РАЗВАЖАННЕ ПРА БОЖЫЯ ЗАПАВЕДЗІ
з нагоды малітоўнай падрыхтоўкі да прысвячэння
Мінска-Магілёўскай мітраполіі Найсвяцейшаму Сэрцу Езуса
Другая запаведзь
НЕ ЎЖЫВАЙ ІМЯ ПАНА БОГА ТВАЙГО ДАРЭМНА
(разважанне паводле кс. Эдварда Станека)
«Імя Божае вымаўляй з пашанаю» – такая інтэрпрэтацыя другой запаведзі сустракаецца найбольш часта. Гэта забарона зняважліва вымаўляць Божае імя. Здараецца такое па звычцы, або калі чалавек узбуджаны ці нервуецца. Датычыць гэта самых простых ускліканняў: «О, Божа, мой Божа», «О, Езу», «Раны Боскія», «Езус-Марыя!». Некаторыя так прывыклі да гэтага, што не здольныя вымавіць і пяці фразаў, каб легкадумна не ўплесці ў іх імя Божае. Не заўсёды гэта з’яўляецца грахом, а тым больш — цяжкім і таму не пазбаўляе верніка права прымаць св. Камунію. Аднак спынімся больш падрабязна на гэтай запаведзі «Не ўжывай імя Пана Бога твайго дарэмна», бо яна была пастаўлена перад наказам належнай павагі да бацькоў, перад забаронаю забойства, чужалоства, крадзяжу... Відаць, стаіць яна на варце якойсьці вялікай каштоўнасці. Якой?
Калі гэтую запаведзь сфармуляваць у пазітыўным сэнсе, то тады б яна гучала так: «Вымаўляй імя Бога твайго з пашанаю». Такое вымаўленне імені Божага з’яўляецца малітваю. А малітва – гэта само «сэрца» рэлігійнага жыцця. Калі гэтае «сэрца» перастае біцца, калі чалавек перастае маліцца, яго рэлігійнае жыццё памірае. Хто бяздумна вымаўляе імя Божае, той сведчыць, што або зусім не моліцца, або дрэнна моліцца. Бо той, хто стаў перад жывым Богам і з пашанаю звярнуўся да Яго, ніколі не вымавіць імені Божага надарэмна. Гэтаксама як сын або дачка, якія шануюць сваіх бацькоў, ніколі не будуць гаварыць пра іх зняважліва.
Божыя запаведзі вельмі канкрэтныя і дазваляюць паставіць беспамылковы «дыягназ». Калі спавяднік чуе, як хтосьці каецца ў тым, што вымаўляе імя Божае надарэмна, тут жа можа ўказаць на слабы пункт рэлігійнага жыцця, а менавіта – на хворае «сэрца», г.зн. на слабую малітву. Якім чынам можна вылечыцца ад грахоў, заснаваных на занядбанні другой Божай запаведзі? Лякарства тут простае: старанная, засяроджаная, кароткая, але поўная веры малітва. У часе сустрэчы з Богам на малітве ўзрастае наша павага да Яго. Калі на працягу месяца штодзённа і добра маліцца, то гэта відавочна паўплывае на адказнае вымаўленне Божага імені. З нашых вуснаў радзей будзе вырывацца бяздумнае: «О Божа», «О Езу» і да таго падобнае.
З грамадскага пункту погляду такое бяздумнае вымаўленне Божага імені мае небяспечны ўплыў, бо прыніжае аўтарытэт рэлігійных каштоўнасцяў. Аднаго разу я размаўляў з бацькамі, — піша ксёндз Эдвард Станек у сваёй кнізе «З клопатам пра сумленне. Развагі над Дэкалогам», а побач з імі гулялі дзеці. Шасцігадовы сынок раз за разам вымаўляў імя Божае надарэмна. Маці, счырванелая ад сораму, пачала яму рабіць заўвагі. Ён перапыніў гульню і спакойна сказаў: «А ты сама так заўсёды гаворыш». Маці нават не ўсведамляе, што, перадаючы зняважлівае вымаўленне Божага імені свайму малому дзіцяці, ускладняе яму ў будучым адпаведны падыход да рэлігійных каштоўнасцяў.
Іншым выпадкам парушэння другой запаведзі Дэкалогу з’яўляецца закліканне Бога на дапамогу ў выкананні свае ўласнай волі. Гаворка тут не ідзе пра нешта нядобрае. Датычыць гэта і таго добрага, да якога мы імкнемся па сваёй ініцыятыве, бо вядома, што колькі разоў чалавек праяўляе сваю волю насуперак волі Божай, столькі разоў на тым апякаецца. Калі мы просім аб чым-небудзь, што нам падабаецца, хоць бы й аб самым нязначным, а не дадаем пры гэтым «будзь воля Твая», ніколі не выйдзе нам тое на дабро. Тое, што Бог запланаваў, ёсць вялікае і цудоўнае, і толькі на гэтым шляху мы можам узбагаціць сябе. Таму таксама ўсе нашыя просьбы, якія датычаць часовых зямных рэчаў, павінны быць падпарадкаваны Яго волі.
Прыклад парушэння другой запаведзі – спакуса Бога, г.зн. просьба аб дапамозе ў нечым нядобрым. Напрыклад, злодзей моліцца, каб удаўся ягоны напад, прызывае Бога ў якасці супольніка ў злым чыне. Іншы выпадак: жанчына прымае св. Камунію па дарозе да гінеколага, ідучы рабіць аборт. Просіць Бога, каб аборт удаўся. Сусед, які замаўляе св. Імшу ў «інтэнцыі, вядомай Пану Богу». Калі святар пытаецца ў яго, ці добрая гэта інтэнцыя, ён адказвае: «Для мяне так, але не для суседзяў. Я прашу Бога, каб урэшце напаткала іх якоесь няшчасце, бо ўжо не магу больш вытрываць з імі».
Такая малітва з’яўляецца грахом. Гэта злоўжыванне імем Божым. Гэта прызыванне Божага імені надарэмна, бо вядома, што Бог ніколі не дапаможа ў нядобрым. Вось некаторыя прыклады знявагі Божага імені, якія сустракаюцца. Хачу яшчэ раз нагадаць, што зняважлівае вымаўленне Божага імя сведчыць пра недаацэнку каштоўнасці малітвы або пра фальшывы падыход да яе.
Прысяга
Прысяга (абяцанне) – гэта прызыванне Бога за сведку, што я кажу праўду, або ў тым, што стрымаю сваё слова. У Новым Запавеце Хрыстус заклікае ўсіх сваіх вучняў, каб ніколі не звярталіся да прысягі. Наша слова павінна быць такое праўдзівае, каб самога прызнання, што мы хрысціяне, хапіла як доказ праўдзівасці гэтага слова. Тым не менш, на практыцы мы сутыкаемся з пэўнымі сітуацыямі, калі іншыя вымагаюць ад нас прысягі.
У паўсядзённым жыцці бывае так з некаторымі людзьмі, якія спрабуюць «падперці» аўтарытэт свайго слова Божым імем. Тады няма аніякай упэўненасці, што такі чалавек стрымае слова. Такі чалавек не любіць Бога, бо калі б любіў, то ніколі б у такой мізэрнай справе не выкарыстоўваў бы Ягонае імя. Зрэшты, гэта нават не прысяга ў яе дакладным сэнсе, а хутчэй бяздумнае вымаўленне Божага імені.
З урачыстаю прысягаю мы сутыкаемся ў судзе або ў парафіяльнай канцылярыі. Калі такая прысяга не адпавядае праўдзе, то той, хто яе дае, амаль заўсёды ўчыняе цяжкі грэх. Больш таго, вынікі фальшывай прысягі вельмі часта немагчыма выправіць. Ведаю трох герояў аднае трагедыі. Адзін з іх прасядзеў 12 гадоў у турме, бо сябра пад фальшываю прысягаю ўказаў на яго як на забойцу. Праз тры гады пасля вынесенага прысуду сапраўдны забойца загінуў у аўтамабільнай аварыі. Неўзабаве пасля яго пахавання, мяне затрымаў на вуліцы той, што даваў фальшывую прысягу. Ён быў нападпітку. «Што я павінен цяпер зрабіць?» – пытаўся ён у роспачы. «Ёсць толькі адно адзінае выйсце, — кажу яму. – Трэба адмовіцца ад ранейшых паказанняў. Іншага не дадзена. Гэтым хоць бы скасуеш дзевяць гадоў турмы свайго сябра». Расплакаўся: «Але за дачу фальшывай прысягі мяне самога чакае пяць гадоў...» Так і не хапіла яму адвагі, не сказаў праўды. Яго невінаваты сябра адсядзеў дванаццаць гадоў у турме. А сам ён стаў закончаным алкаголікам. Колькі ўчынілася крыўды: зруйнавана было жыццё нявіннага чалавека, яго ўласнае жыццё і жыццё ягонай сям’і. А ўсё пачалося ў судзе ў момант фальшывай прысягі.
Вынікі фальшывай прысягі – страшныя. Таму, калі гэта магчыма, не прысягайма, а калі прысягаем, то мы павінны несці за гэта поўную адказнасць. Паколькі ў душпастырскай працы я ўсё часцей сутыкаюся з выпадкамі легкадумнага падыходу да клятвапарушэння, то хачу і на гэта звярнуць увагу, бо яно ясна сведчыць пра аслабленне веры. Вось яшчэ адзін прыклад. Жанчына прыехала, каб дамовіцца аб пахаванні свайго мужа. Муж шмат гадоў не хадзіў да касцёла. Святар, які ў канцылярыі афармляў гэту справу, спытаў: «Ці даўно ваш муж быў у споведзі?» Жанчына адказала: «Нядаўна, перад святамі». «Ці можаце вы пацвердзіць гэта прысягаю?» «Так, магу зрабіць гэта тут жа». Ксёндз запаліў свечкі, жанчына паклала руку на крыж. Святар сказаў: «Вы дасце прысягу, але калі гэта няпраўда, то я папярэджваю, што Пан Бог спашле на вас кару». У той жа момант рука адскочыла ад крыжа, жанчына пабялела і кажа: «Не, ойча, муж ужо 20 гадоў не быў ані ў споведзі, ані ў касцёле». Яна адмовілася ад прысягі, бо спужалася. А хвіліну назад гатова была афіцыйна, паклаўшы руку на крыж, даць фальшывую прысягу, каб толькі астанкі мужа дазволілі ўнесці ў касцёл. Не зважала на тое, што сама ў гэты момант учыняе цяжкі грэх.
Трэба памятаць: калі мы маем справу з прысягаю, то павінны дакладна ўзважыць кожнае слова. Яшчэ адна сітуацыя, якая ўсё больш турбуе душпастыраў. Гаворка ідзе пра абяцанне ў часе сакрамэнту сужэнства. Бывае, што сама формула, прамоўленая пры алтары, ужо з’яўляецца клятвапарушэннем. Гэта здараецца тады, калі ён ці яна не кахае, не захоўвае вернасці, мае кагосьці іншага.
У такім выпадку той, хто прамаўляе словы сужэнскага абяцання, учыняе цяжкі грэх. Пры выбары мужа ці жонкі трэба пераканацца ў праўдзівасці свайго абранніка, трэба ведаць, да якой ступені ён адказны за словы, якія скажа пры алтары. Не здзіўляймася, што так часта сем’і распадаюцца. Часам нават праз некалькі месяцаў. Калі яны заснаваныя на хлусні, то не могуць быць трывалымі. Дом любові можна будаваць толькі на праўдзе.
У свеце, дзе хлусня з’яўляецца нормаю, трэба мець на ўвазе, што хтосьці можа прыкрыцца Богам, праігнараваць другую запаведзь толькі дзеля таго, каб дасягнуць сваёй ўласнай мэты. «Не ўжывай імя Пана Бога твайго дарэмна». Грахом, які парушае другую запаведзь Дэкалогу, з’яўляецца таксама парушэнне клятвы, дадзенай Богу. Аднак, паколькі сітуацыі такія вельмі індывідуальныя, усіх зацікаўленых гэтаю тэматыкаю адсылаю да спаведніка. Несумненна адно: лепш клятвы не даваць, чым, даўшы яе, не выканаць. Таму перш, чым прысягаць перад Богам, трэба заўсёды добра падумаць. Амэн.