Адкуль бярэцца зло?
Каб адказаць на пытанне «Адкуль бярэцца зло?», неабходна разгледзець пытанне «Што такое зло?». Традыцыйна, услед за святым Аўгустынам, мы адказваем: «Malum est carentia boni debiti», што перакладаецца як «Зло — гэта адсутнасць дабра там, дзе яно павінна быць». Часцей за ўсё зло — гэта скажонае і сапсаванае дабро, а больш дакладна, гэта тое, што робіць дабро скажоным і сапсаваным. Зразумела, што гэта выказванне не супярэчыць праўдзе: «Бог бачыў, што ўсё, што Ён учыніў, было вельмі добрым» (Быц 1, 31), і пацвярджае тое, што зло парушае ўстаноўлены Стварыцелем парадак свету.
Тут у нас могуць узнікнуць натуральныя пытанні. Ці магло стварэнне выйсці з-пад улады Стварыцеля і ўладкоўваць створаны Ім свет па-свойму, гэта значыць уносіць у гэты Божы свет бязладдзе і знішчэнне? Няўжо Стварыцель страціў частку сваёй улады над светам да такой ступені, што свет ужо не толькі добры?
Калі б нават такія думкі былі абгрунтаваныя, хоць абсурдна падумаць, што Бог мог бы перастаць быць Богам, бо «хто стане супраць Яго волі?» (Рым 9, 19), то няўжо з гэтага вынікала б тое, што Бог чыніць зло? Такія разважанні вялі б да таго ж самага абсурду: як Бог мог бы перастаць быць Богам?!
Адказ просты: дабро Божых стварэнняў заключаецца не толькі ў тым, што Бог стварыў іх добрымі самімі па сабе, але, больш за тое, па-рознаму адарыў іх годнасцю прычыны існавання. Свет быў створаны так, каб адны стварэнні былі таксама прычынамі існавання і дзеяння для іншых стварэнняў. Як тлумачыць св. Тамаш Аквінскі, «не таму, што Богу не хапіла моцы, але таму, што так разліваецца ў Ім дабрыня, што нават стварэнні Ён адорвае годнасцю прычыны»1.
У наступных раздзелах Summa contra gentiles св. Тамаш тлумачыць, што Божы Провід кіруе сусветам згодна з прыродай, якой ён надзяліў асобныя тыпы быцця: матэрыяльным светам Провід кіруе праз устаноўленае для яго права прыроды, людзьмі — праз удзеленую ім вольную волю. І хоць усе вынікі, якія рэалізуюцца ў стварэннях, падпарадкоўваюцца Провіду, адны з іх з’яўляюцца вынікамі абавязковымі, а іншыя — выпадковымі; у свеце, цалкам падпарадкаваным Божаму Провіду, магчымыя нават выпадковыя падзеі.
Такім чынам, мы адзначылі два моманты: па-першае, Бог не робіць зла, а па-другое, зло не з’яўляецца чымсьці, што выходзіць за межы Божага Провіду. Няма ніякіх сумненняў у тым, што крыніца зла мае другасныя прычыны.

Стагоддзямі ў нашай хрысціянскай Еўропе мы вылучаем два віды зла, таму пытанне «Адкуль бярэцца зло?» паставім двойчы. Зло «зламыснае», якое мы называем грахом і якое ў выніку ў большай ці меншай ступені з’яўляецца свядомым і дабравольным адмаўленнем ад Бога як Крыніцы ўсялякага сэнсу і Таго, Хто годны цалкавітай любові, паходзіць з волі стварэнняў. Існуе таксама зло ў больш шырокім значэнні, якое вынікае з заганаў і недасканаласці, што з’явіліся як другасныя прычыны; часам яно з’яўляецца наступствам нашых уласных грахоў або грахоў іншых людзей.
Тут мы засяродзімся над праблемамі, якія датычаць другога віду зла. «Кожны фактар, — піша святы Тамаш, — дзейнічае настолькі, наколькі дзейнічае Божаю моцаю. Гэта ж Бог з’яўляецца прычынаю ўсіх дзеянняў і вынікаў; адначасова зло і заганы ў тым, чым кіруе Божы Провід, адбываюцца з-за другасных прычынаў, у якіх можа быць загана. Відавочна, што злыя дзеянні паходзяць не ад Бога, але ад найбліжэйшых да іх заганных прычынаў; аднак, калі гаворка ідзе пра іх дзеянне і быццё, яны павінны паходзіць ад Бога. Напрыклад, кульгавасць, паколькі з’яўляецца рухам, пахо дзіць з улады руху, аднак паколькі з’яўляецца заганаю, паходзіць са скрыўлення нагі»2.
Прыклад з кульгавасцю, якая вынікае са скрыўлення нагі, вельмі далёкі ад авіякатастрофы, што можа здарыцца па розных тэхнічных, метэаралагічных прычынах і з-за чалавечага фактару, аднак схема гэтых абедзвюх сітуацый аднолькавая: крыніца зла як кульгавасці нагі, так і авіякатастрофы была не ў Першапрычыне, але ў заганах і недахопах, якія былі ў другасных прычынах. Аднак Бог гэтае зло дапусціў.
Чаму Божы Провід дапускае зло?
Калі мы на сваім жыццёвым шляху сустракаем зло, і асабліва вялікае зло, мы часта абвінавачваем Бога. Мы робім так нават тады, калі самі неабачліва наклікалі зло на сябе, і тым больш, калі яно напаткала нас у выніку занядбання або злой волі іншых людзей. «Калі Бог усёмагутны, дык мог гэтага не дапусціць! Калі б Ён сапраўды нас любіў, то ўбярог бы нас ад такога страшэннага зла!» Сумненне ў Божай усёмагутнасці і любові — дастаткова частая рэакцыя на зло, з якім мы сустракаемся і якое здаецца нам занадта цяжкім, каб яго перажыць.
Спакусы бунту супраць Бога ахопліваюць нас асабліва моцна тады, калі нас або іншых людзей сустракае зло, перад якім мы адчуваем сябе бяссільнымі, і ў якім ніхто не вінаваты, напрыклад, землятрусы, эпідэміі, засуха, паводка або іншыя прыродныя катастрофы — катастрофы, ад якіх мы не зможам уцячы, нават калі б мы маглі часткова іх пазбегнуць.
У Каталіцкім Касцёле мы цвёрда верым, што Бог ёсць Любоўю і што Ён ўсёмагутны. І Ён дапускае зло не таму, што не ўсёмагутны або не любіць нас, а менавіта таму, што Бог дастаткова ўсёмагутны, сапраўды нас любіць і мае моц перамяніць зло ў дабро. Некаторыя няслушна дадаюць словы «большае дабро». Аднак не варта так лёгка трактаваць пытанне меры зла. Дастаткова памятаць аб тым, што немагчыма, каб зло пераўзыходзіла дазволеныя яму Богам межы або каб яно выйшла з-пад кіравання Божага Провіду.
Знамянальна, што ў святле таго погляду, які я апісаў раней, у Касцёле мы задаём пытанне: «Чаму гэтае зло напаткала нас?». Для веруючых людзей нашмат больш важным павінна быць іншае пытанне: «Як перад абліччам гэтага зла, якое нас напаткала, сябе паводзіць?».
Безумоўна, ад гэтага першага пытання мы таксама не ўцячэм. Напрыклад, калі нараджаецца хворае дзіця, не трэба здзіўляцца, што бацькі ў першую чаргу пытаюцца: «Чаму такое дзіця нарадзілася менавіта ў нас?». Узнікненне такога тыпу пытанняў зразумелае, і, магчыма, усе бацькі хворых дзяцей павінны прайсці этап такіх пытанняў. Аднак гэтыя пытанні эгацэнтрычныя і іх неабходна адкінуць. Сапраўды важныя іншыя пытанні: Як нам сябе паводзіць? Што мы павінны зрабіць, каб як мага лепш і з сапраўднаю любоўю прыняць дзіця? Як нам прыняць гэтае дзіця, каб даць яму як мага больш і зрабіць яго жыццё прыгожым? Што нам трэба зрабіць, каб прыняць гэтае дзіця не як Божае пакаранне, але як Божы дар?
Як такая маральная логіка «дзейнічае» ў выпадку масавых няшчасцяў, такіх як землятрус або авіякатастрофа? Тут варта зноў звярнуцца да св. Аўгустына. Якраз прыйшлі навіны пра землятрус, пасля якога некалькі гарадоў Малой Азіі ляжалі ў руінах (гэта адбылося прыкладна ў 397 годзе). Безумоўна, адразу з’явіліся розныя суддзі і абвінаваўцы Пана Бога. Аўгустын успамінае пра іх, але не палемізуе з імі. Раптоўную смерць мноства людзей Аўгустын успрыняў перадусім як напамін пра тленнасць чалавечага жыцця: «Змясцім нашыя сэрцы там, дзе іх не змогуць падтачыць клопаты гэтага свету. Няхай прамінуць клопаты, што непакояць людзей, няхай яны знікнуць, бо жыццё чалавека на зямлі — гэта імжа. Тленнасць зямнога жыцця павялічваюць таксама розныя штодзённыя небяспекі»3. <...>

Замест таго каб палемізаваць з абвінаваўцамі Пана Бога, св. Аўгустын павучае, як хрысціяне павінны рэагаваць на няшчасці, якіх не ўдалося пазбегнуць: «Свет — гэта аліўкавая давільня, якая бярэ нас у свае ціскі. Будзем жа аліўкавым алеем, а не выціснутымі рэшткамі алівак. Кожны няхай звернецца да Бога і пераменіць сваё жыццё. Мы не бачым, як сцякае аліўкавы алей і як ён знаходзіць схаванае ў давільні начынне. Калі як рэакцыя на розныя цярпенні з’яўляюцца здзекі, блюзнерствы, публічныя нараканні, з гэтай давільні выходзяць рэшткі выціснутых алівак. Аднак Пан давільні не перастае дзейнічаць праз сваіх працаўнікоў — святых анёлаў. Ён ведае сваю аліву. Ён ведае, што хоча атрымаць і пад якім цяжарам алей пачне цячы. Пан ведае тых, хто Яму належыць. Будзьце аліўкавым алеем, уцякайце ад выціснутых рэшткаў. Няхай адвернуцца ад несправядлівасці ўсе, хто заклікае імя Пана».
Асабліва моцна гучыць заклік Езуса Хрыста не баяцца тых, хто забівае цела, але больш баяцца пекла. Ёсць жа такія рэчы, якіх не варта баяцца. Баішся землятрусу? Баішся катастрофаў у небе? Баішся войнаў? Бойся таксама звычайнай хваробы. Вялікія катастрофы, якіх мы баімся, могуць і не здарыцца, а звычайная высокая тэмпература змяце чалавека з гэтай зямлі. А што калі Суддзя скажа тады, што не ведае такіх: «Не ведаю вас! Адыдзіце ад Мяне!». Што тады будзе? Куды ты тады пойдзеш? Як адновіш сваё змарнаванае жыццё? Ці хтосьці дазволіць табе жыць яшчэ раз і выправіць зло, якое ты ўчыніў? Усё скончана!
Падводзячы вынік, адзначым, што Пан Бог не патрабуе, каб мы абаранялі Яго ад папрокаў, а прыродныя катастрофы і іншыя масавыя няшчасці найперш павінны нагадваць нам пра тое, што нашай канчатковаю мэтаю з’яўляецца жыццё вечнае.
Айцец Яцак Салій ОР
Пераклад з польскай мовы Кацярыны Дурко
Паводле: Opatrzność Boża w świecie,
w którym dzieje się zło.
Studia Theologica Varsaviensia, 48 / 2.
_____________
1 Summa theologiae, 1 q. 22 a. 3.
2 Summa contra gentiles, t. 2, s. 207.
3 Sermo 19, 6.