Разважанні пра некаторыя заклікі Ларэтанскай літаніі

Заклікі Ларэтанскай літаніі знаёмыя, напэўна, многім з дзяцінства. Толькі, на жаль, часта не ўсе з іх мы добра разумеем, і гэта можа перашкаджаць нам у засяроджанай малітве словамі літаніі. Прапануем паразважаць над некаторымі заклікамі Ларэтанскай літаніі, каб адкрыць для сябе іх глыбокі сэнс разам з дамініканінам айцом Адамам Шустакам OP.


Маці найцудоўнейшая

На лацінскай мове гэты заклік гучыць як Mater Admirabilis і перакладаецца як Маці, якая выклікае захапленне, адарацыю. Калі мы глядзім на Марыю, Яе жыццё, ласкі, якія Яна атрымала ад Бога, і Яе ролю ў гісторыі збаўлення, мы захапляемся Ёю. Аднак цікава задумацца, што Яна сама павінна была таксама адчуваць гэта захапленне і ўсведамляць тое, што Яна і Яе жыццё найцудоўнешыя. Часта ў нас такія думкі выклікаюць цяжкасці, бо адразу суадносяцца з пыхай. Безумоўна, празмернае захапленне сабой можа перарасці ў пыху, аднак Марыя заўсёды была найпакорнейшай. Напэўна, Найсвяцейшая Панна Марыя ўсведамляла, што Яна выбраная быць Маці самога Бога, адораная шматлікімі ласкамі і ўмілаваная Богам і адначасова разумела, што гэта Бог сам выбраў Яе і падрыхтаваў да прыняцця такіх вялікіх ласкаў. Менавіта ў гэтым крыецца сэнс сапраўднай пакоры — захапляцца дабром, якое мы ў сабе маем, і адначасова разумець, што гэта не наша заслуга, а Божы дар. Мы можам толькі здагадвацца, што паколькі Марыя сама была Разважанні пра некаторыя азважанні пра некаторыя заклікі Ларэтанскай літаніі аклікі Ларэтанскай літаніі напоўненая захапленнем, то як Маці Яна вучыла гэтаму таксама свайго Сына, Езуса, які ў дзяцінстве прайшоў характэрныя для кожнага чалавека этапы сталення, напрыклад, прыняцце сябе, усведамленне свайго жыцця і сваёй вартасці. Я перакананы, што калі Марыя ўсведамляла сваю абранасць, пакліканне да вялікіх справаў і тое, што з’яўляецца цудоўнаю, Яна павінна была расказваць пра гэта і Езусу, які ў дарослым жыцці чуў ад сваіх суайчыннікаў і фарысеяў шмат прыкрых словаў пра тое, што ў Ім жыве Бэльзебул або што Ён страціў розум, але заставаўся нязломным ва ўпэўненасці ў сваёй выключнасці і вялікай місіі. Безумоўна, Дух Святы і Бог Айцец вялі Езуса, аднак у яго чалавечым выхаванні, усведамленні сваёй вартасці і годнасці, напэўна ж, важную ролю адыгралі Марыя і Юзаф.

Ад Марыі мы можам вучыцца ўсведамляць тое, што мы абраныя Богам, што мы Яго цудоўныя стварэнні, якія Ён адорвае сваімі незлічонымі дарамі, аднак у той жа час памятаць, што ўсё гэта з’яўляецца не нашай асабістай заслугай, а Божым дарам. І менавіта ўсведамленне таго, што мы цудоўныя і вартыя захаплення, будзе праслаўленнем Бога і захапленнем нашым Стварыцелем.

Брама нябесная

Першая думка, якая, напэўна, узнікае, калі мы называем Марыю Брамаю неба, дастаткова зразумелая: мы можам уявіць унутраны горад, што сімвалізуе неба, і знешні — наш свет. Марыя стала «Брамаю неба», бо менавіта праз Яе Бог у чалавечым целе прыйшоў на гэты свет. Аднак варта паразважаць над гэтым заклікам у святле гісторыі біблійных часоў. У археалагічных і гістарычных даследаваннях адзначаецца, што брама ў старажытныя часы была адным з найважнейшых месцаў у горадзе. Менавіта ў будынках каля брамы мясціліся грамадскія і судовыя ўстановы, вялося актыўнае грамадскае жыццё, знаходзіліся гандлёвыя і рамесніцкія лаўкі, таму што рынкі ўзніклі толькі ў Сярэднявеччы. Калі ворагі атакавалі горад, то першым і найважнейшым пунктам, які яны хацелі захапіць, была менавіта брама, што адкрывала доступ да горада. Марыя як Брама — гэта тая, у якой усё адбываецца: Яна стала месцам супольнага жыцця і правасуддзя, абаронаю ад атакаў злога. Гэта жанчына стала незвычайным месцам сустрэчы Бога з чалавекам. Найперш Яна сама для сябе стала Брамаю, дзе сустракалася з Богам, і такою Брамаю Яна стала для кожнага чалавека. Яна стала месцам кантакту з Богам, міласэрнасці і магутнай абароны ў барацьбе са злым духам. Марыя стала цэнтрам, у якім бурліць Божае жыццё. Нам трэба вучыцца ад Яе быць для сябе і бліжніх тою духоўнаю брамаю, дзе іншы чалавек можа сустрэцца з Богам, спазнаць любоў, падтрымку і прабачэнне.

Аздараўленне хворых

Гэты заклік дастаткова просты для разумення, у ім няма складанай сімволікі або незразумелых словаў. Мы называем Марыю той, якая можа дапамагчы нам у атрыманні здароўя. На лацінскай мове гэты заклік гучыць Salus infirmorum і перакладаецца як «здароўе хворых». 

Вядома, што ўжо ў XVI стагоддзі Марыю пачалі называць Аздараўленнем хворых, або Здароўем хворых. Гэта вызначэнне найперш абумоўлена тым, што Яна з’яўляецца маці, а маці — гэта першы чалавек, які займаецца сваім хворым дзіцем. Марыя, якую Бог даў Касцёлу і кожнаму чалавеку як Маці, апякуецца намі таксама ў хваробах і цярпеннях. Аднак варта правільна тэалагічна разумець гэты заклік. Нягледзячы на тое, што мы называем Марыю Аздараўленнем хворых, мы ведаем, што Марыя не мае моцы аздараўляць і чыніць цуды. Кожны, хто хоць крыху знаёмы з тэалогіяй, ведае, што ніводзін святы, у тым ліку і Марыя, не мае ў сабе моцы аздараўлення. У святых і Марыі мы бачым тых, хто прабывае з Езусам так блізка, што Езус праз іх, іх святасць і блізкасць з Богам можа ўчыніць цуд аздараўлення. У Евангеллі мы чытаем, што Езус сказаў: «Хто верыць у Мяне, будзе рабіць справы, якія Я раблю, і большыя за іх зробіць, бо Я іду да Айца» (Ян 14, 12). Марыя была першай сярод тых, хто паверыў у Хрыста, таму мы не баімся называць Яе Аздараўленнем хворых, бо ведаем, што гэта не Яе моц, але дзякуючы Яе веры і блізкасці з Езусам Ён можа без усялякіх перашкодаў дзейнічаць у Ёй і праз Яе ўдзяляць нам сваю ласку.

У Рыме ў касцёле святой Марыі Магдалены ёсць абраз Марыі пад назваю Аздараўленне хворых. На гэтым абразе Марыя прадстаўлена ў чорным плашчы, які сімвалізуе смутак, боль і цярпенні. Вельмі часта маці не ў стане аздаравіць сваё дзіця, нават калі моцна гэтага жадае і нават гатовая аддаць яму сваё жыццё; тады яна проста знаходзіцца побач з дзіцем, разам з ім церпіць і перажывае яго боль. Абраз Марыі Аздараўлення хворых не паказвае Марыю поўную моцы, з паднятымі рукамі, якая ў імя Езуса аздараўляе кожнага, хто да Яе прыходзіць, але прадстаўляе Яе як тую, якая лучыцца з намі ў цярпенні. Неабходна разумець, што калі мы звяртаемся да Марыі Аздараўлення хворых, мы можам атрымаць ад Бога ласку здароўя, калі на гэта будзе Яго воля, аднак калі воля Бога будзе іншаю, то ў Маці мы знойдзем узмацненне і суцяшэнне ў сваім цярпенні. На абразе Аздараўленне хворых Марыя паўстае перад намі як Маці, якая знаходзіцца побач са сваімі дзецьмі, суцяшае іх, яднаецца з імі ў цярпенні і хоча ім дапамагчы.

Каралева супакою

Самы просты варыянт разумення гэтага закліку датычыцца супакою ў свеце, свабоды і адсутнасці войнаў, канфліктаў і гвалту. Такі варыянт цалкам абгрунтаваны гістарычна. Заклік Каралева супакою дадаў у тэкст Ларэтанскай літаніі папа Бэнэдыкт XV у 1917 годзе. У гэты час адбывалася Першая сусветная вайна і ў людзей было адчуванне, што жах, жорсткасць і цярпенні ніколі не скончацца. Менавіта тады папа Бэнэдыкт XV абвясціў Марыю Каралеваю супакою, каб заахвоціць людзей у Ёй шукаць падтрымку і праз Яе заступніцтва маліцца ў інтэнцыі спынення вайны.

Аднак для мяне важны яшчэ адзін аспект гэтага закліку. Вядомае выказванне святога Аўгустына нагадвае, што неспакойнае сэрца чалавека, пакуль не знойдзе супакою ў Богу. Кожны чалавек адчувае ў сабе неспакой да таго часу, пакуль не знойдзе сябе ў сэрцы Бога. Марыя ўсё сваё жыццё «акунула» ў Бога, дарэшты прысвяціла сябе Богу і цалкам Яму аддалася, таму Яна з’яўляецца Апякункаю такога супакою. Наша штодзённае жыццё напоўнена неспакоем, які неабавязкова звязаны з канфліктамі: мы хвалюемся аб будучыні, дзецях, краіне, здароўі, фінансах, прафесійным жыцці. Здаецца, што некаторыя людзі жывуць у заўсёдным адчуванні небяспекі і неспакою. Марыя — Каралева супакою, бо Яна ведае, як дазволіць Богу кіраваць сваім жыццём, нягледзячы на ўсе неспакойныя сітуацыі, якія у ім адбываюцца. Марыя сама перажыла цяжкія сітуацыі: забойства бэтлеемскіх немаўлятаў, уцёкі ў Егіпет, бяздомнасць, пераслед з боку ўлады, нянавісць да свайго Сына, балючыя словы фарысеяў у адрас Езуса, муку, смерць і грабніцу Хрыста. Яе жыццё было напоўнена небяспекай. Няўжо ў Яе сэрцы не ўзнікаў неспакой? Напэўна, узнікаў, але Яна аддавала яго Богу. Марыя жыла ўпэўненасцю: што б ні зрабіў Бог, гэта будзе добра, бо толькі Бог ведае, што робіць, таму Яна — Каралева супакою і аддання сябе Богу. Нам трэба прасіць Марыю аб заступніцтве як у справах, звязаных з агрэсіяй і войнамі, так і ў штодзённым жыцці, і звяртацца да Яе, каб Яна вучыла нас «акунацца» ў супакой Бога і ўсведамляць, што Бог заўсёды трымае нас у сваіх далонях.


Айцец Адам Шустак OP
Падрыхтавала Кацярына Дурко
Паводле цыклу відэалекцый ;list=PLVdrvbY9AVQqh9LM876ODXeQVxXoV5WWC" target="_blank" rel="noopener noreferrer">«Miriam» а. Адама Шустака

 

Цэтлікі: Маці Божая

Сайт часопіса „Ave Maria“ Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рыма-каталіцкага Касцёла ў Беларусі

Часопіс існуе дзякуючы вашым ахвяраванням. Сёння мы просім вашай дапамогі — нават невялікая сума падтрымае нас.

Падрабязней