Куды рухаецца Касцёл у Беларусі?

Узгадваючы СССР, арцыбіскуп Кандрусевіч пісаў, што «часам здавалася, што са смерцю апошняга святара ён [Касцёл. — А. Т.] наогул знікне на тэрыторыі Беларусі». Сёння маладыя беларусы ўжо не ведаюць, што такое «Саюз», затое, дзякуй Богу, на ўласныя вочы бачаць касцёлы і католікаў. За апошнія 30 гадоў Касцёл у нашым Краі насамрэч зрабіў шмат. Куды мы крочым сёння? Хто мы і якая нашая роля ў Беларусі і ў будучай новай Беларусі?


Новыя пакаленні беларускіх католікаў

«Хто ж нас вучыў, хто нам гэта расказваў?» — рытарычнае пытанне, якое нярэдка можна пачуць ад старэйшых асобаў. Савецкія ўлады пільна сачылі за забаронай катэхізацыі дзяцей і моладзі, а таму іх пагружэнне ў свет хрысціянства быў вельмі павярхоўным. Пацеры, асноўныя праўды веры і традыцыі сталіся адзіным магчымым наборам ведаў падрастаючага пакалення. Відавочна, што сёння ўсё кардынальна змянілася.

Паволі адыходзяць пакаленні, якія захоўвалі веру, і на іх месца прыходзяць католікі ўжо зусім іншай фармацыі — духоўнай і інтэлектуальнай. Пры гэтым новыя пакаленні відавочна адрозніваюцца паміж сабой. Дзясяткі ініцыятываў фармуюць католікаў у дадатак да парафіяльнага жыцця, і з цягам часу мінулыя падыходы сыходзяць у нябыт і з’яўляюцца новыя. Касцёл робіцца ўсё больш разнастайным і разгалінаваным.

Змена пакаленняў змяніла і змяняе акцэнты, мэсэдж Касцёла, кірункі дзейнасці, сферы асаблівай увагі. Відавочна, што, па сутнасці, сучасныя католікі ўжо зусім іншыя, і гэта добра і лагічна. Гэтыя змены адбываюцца разам з трансфармацыяй самога грамадства. «Маладое віно ўліваюць у новыя мяхі» (Мц 9, 17).

Новыя выклікі і патрабаванні

За апошнія 30 гадоў Касцёл у Беларусі як супольнасць вернікаў нават сам на сябе глядзіць інакш: на свае прыярытэты, на ролю ў грамадстве, на ролю духоўных і свецкіх. На ўсё. Інстынктыўна разумеецца, што «каму даручана шмат, ад таго больш і запатрабуюць» (Лк 12, 48). Убіраючы ў сябе хрысціянскі светапогляд, новыя пакаленні вернікаў імплементуюць яго ў сучасную дынамічную рэчаіснасць.

Карыстальнікі сацсетак «галасуюць» за новага біскупа, святары ездзяць на турніры па футболе, ствараюцца новыя і новыя супольнасці, вернікі прымаюць праўды веры, але не заўсёды прымаюць пазіцыю іерарахаў, і гэты пералік можна доўжыць. Адной з істотных зменаў, напрыклад, з’яўляецца разуменне католікамі сваёй ролі ў жыцці Касцёла. Арцыбіскуп Кандрусевіч сам падкрэслівае, што Касцёл — гэта супольнасць вернікаў. Вернікі бяруць на сябе адказнасць, дзейнічаюць самі без падказак ці просьбаў духоўных асобаў. Касцёл сталее.

Касцёл як соль у «свецкім супе»

Католікі знаходзяцца ў меншасці ў абсалютна свецкім грамадстве з магутным бэкграундам савецкага бязбожжа. Здаецца, што апошнія 30 гадоў беларускія католікі разбіралі «завалы пасля землятрусу». Яшчэ і сёння арцыбіскуп са слязьмі ўзгадвае тыя «часы». Гэта быў этап боязі страціць хоць нейкі смак (Мц 5, 13), бо чым «пасоліш» грамадства, калі сам яшчэ не адукаваны і не сфармаваны. Падзеі 2020 года адбыліся якраз напярэдадні 30-годдзя адраджэння структураў нашага Касцёла і, хіба што, сталі эпахальнымі. Католікі рухаюцца з адной эпохі ў іншую.

Стаўшы супольнасцю вернікаў, Касцёл ужо рухаецца ад пазіцыі «захавання смаку солі» ў бок быцця «соллю зямлі» (Мц 5, 13). Мы не можам навярнуць да Бога ўсіх людзей, нас недастаткова, каб змяняць заканадаўства, католікі не ў стане кардынальна змяняць складнікі «беларускага грамадскага супу», аднак Касцёл можа яго «саліць». Быць голасам пакрыўджаных, слабых, проста быць і ўзносіць свой голас, калі ён так неабходны. Быць сімвалічным голасам, якім католікі сталі, напрыклад, у жніўні–снежні 2020-га. Быць соллю беларускай зямлі. Гэта сур’ёзнае заданне.


Арцём Ткачук

 

Мы вельмі радыя
бачыць вас на сайце
часопіса «Ave Maria».
Гэта плён працы
неабыякавых людзей,
якія з радасцю ствараюць
гэты часопіс для вас.

Падпіска
Ахвяраванні

Сайт часопіса „Ave Maria“ Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рыма-каталіцкага Касцёла ў Беларусі

Часопіс існуе дзякуючы вашым ахвяраванням. Сёння мы просім вашай дапамогі — нават невялікая сума падтрымае нас.

Падрабязней