Не сакрэт, што ў многіх вернікаў Бог Айцец асацыіруецца са строгім, справядлівым Суддзёю, які толькі і чакае нагоды, каб пакараць чалавека за яго грахі і правіны, і зусім мала тых, хто любіць свайго Стварыцеля як найлепшага і любячага Айца. Гэта не можа не засмучаць Бога Айца, які з’яўляецца абсалютнай Любоўю, які нават Сына свайго, Езуса Хрыста, не пашкадаваў, паслаўшы дзеля нашага збаўлення на ўкрыжаванне.
Чалавек жа ў большасці сваёй адплачвае Нябеснаму Айцу абыякавасцю, пагардай, знявагамі, а ў лепшым выпадку страхам і недаверам. Каб нагадаць дзецям пра сваю любоў і міласэрнасць, Бог Айцец у 1932 годзе аб’явіўся малаадукаванай маладой манашцы з Італіі Яўгеніі Елізавеце Равазіо, якую пазней пачалі называць маці Яўгенія — у свае 25 гадоў яна была абрана генеральнай настаяцельніцай Кангрэгацыі сясцёр Каралевы Анёлаў. Яна бачыла два аб’яўленні — 1 ліпеня і 12 верасня 1932 года. Гэта адзінае аб’яўленне, дадзенае Богам Айцом, якое прызнана Касцёлам пасля 10-ці гадоў дасканалага даследавання.
З успамінаў маці Яўгеніі
1 ліпеня 1932 года — свята Найдаражэйшай Крыві Пана нашага Езуса Хрыста. Вось нарэшце настаў дзень, благаслаўлёны навекі, абяцаны Нябесным Айцом! Сёння заканчваюцца доўгія дні падрыхтоўкі, і я адчуваю сябе вельмі блізкай да прыходу майго Айца і Айца ўсіх людзей. Анёлы прыходзяць і абвяшчаюць мне гэта шчаслівае прыбыццё. Іх спеў такі прыгожы... Раптам гэтая гармонія спынілася, і вось — шэсце выбраных херубімаў і серафімаў разам з Богам, нашым Створцам і нашым Айцом! Упаўшы тварам на зямлю, заглыбіўшыся ў бездань сваёй мізэрнасці, я прамовіла: «Велічае душа мая Пана...». У гэтую хвіліну Айцец прапануе мне сесці з Ім, каб запісаць тое, што Ён вырашыў сказаць людзям. Увесь нябесны эскорт, які Яго суправаджаў, знік. Перад тым як сесці, Айцец прамовіў: «Я табе ўжо казаў і гавару яшчэ, што не магу другі раз ахвяраваць Майго Любага Сына, каб пацвердзіць Маю любоў да людзей! Цяпер дзеля таго, каб яны пазналі гэтую любоў, Я прыходжу да іх, прымаючы бедны выгляд, падобны да іх. Глядзі, Я здымаю Маю Карону і ўсю Маю Славу, каб прыняць выгляд звычайнага чалавека!»

Паклаўшы сваю Карону і сваю Славу каля ног, Айцец прыціснуў да Сэрца зямны шар, трымаючы Яго левай рукою, а потым сеў каля мяне. У сваім невуцтве я не маю слоў, каб выказаць тое, што Ён даў мне зразумець.
Пасланне Бога Айца
Першы сшытак
(1 ліпеня 1932 г.)
Я выбраў гэты дзень для таго, каб пачаць Маю Справу сярод людзей, бо гэта Свята Найдаражэйшай Крыві Майго Сына Езуса. Я маю намер абмыць гэтаю Крывёю Маю Справу, каб яна прынесла вялікі плён усяму чалавецтву. Вось сапраўдная мэта Майго прыходу.
- Я прыходжу, каб выгнаць празмерны страх, які адчуваюць перада Мною Мае стварэнні, і даць ім зразумець, у чым Мая сапраўдная радасць — быць пазнаным і любімым Маімі дзецьмі, гэта значыць усім чалавецтвам, якое існуе і будзе існаваць.
- Я прыходжу, каб прынесці надзею людзям і народам. Як жа даўно многія яе згубілі! Гэта надзея дазволіць ім жыць у супакоі і ўпэўненасці, працуючы для збаўлення.
- Я прыходжу, каб Мяне пазналі такім, які Я ёсць, каб павялічыць давер людзей разам з іх любоўю да Мяне, іх Айца, які мае толькі адзіны клопат — дбаць пра ўсіх людзей і любіць іх як дзяцей.
Мастак цешыцца, любуючыся намаляванай ім карцінай, таксама і Я адчуваю задавальненне і радасць, праходзячы паміж людзьмі, шэдэўрам Майго Тварэння!
Час прыспешвае! Я хацеў бы, каб чалавек даведаўся як мага хутчэй, што Я яго люблю і адчуваю найвялікшае шчасце, калі знаходжуся побач з ім і размаўляю з ім як Айцец са сваімі дзецьмі. <…> Чым больш павялічвалася зло, тым больш Мая дабрыня натхняла Мяне звяртацца да праведных душаў, каб яны перадавалі Мае запаведзі тым, хто беспакарана чыніў беспарадак. Часам Я павінен быў праявіць строгасць, каб вярнуць людзей на шлях дабра, — не пакараць, бо гэта прынесла б толькі зло, але адвесці іх ад зла і скіраваць да іх Айца і Стварыцеля, пра якога яны забыліся і не вызнавалі ў сваёй няўдзячнасці. Пазней зло настолькі авалодала сэрцамі людзей, што Я быў вымушаны паслаць у свет бедствы, каб праз пакуты, страчаны дабрабыт і нават страчанае жыццё чалавек ачысціўся — быў патоп, разбурэнне Садома і Гаморы, войны і г. д. Я заўсёды хацеў заставацца ў гэтым свеце сярод людзей, таму падчас патопу Я быў блізка ад Ноя, адзінага ў той час праведніка. Пры іншых бедствах Я заўсёды знаходзіў праведніка, з якім быў побач, і праз яго Я быў сярод людзей гэтага часу. Так было заўсёды. Вельмі часта свет быў ачышчаны ад сваёй сапсаванасці Маёй бясконцай дабрынёю да чалавецтва. <…>
Я абяцаў свету Месію. Чаго Я толькі ні ўчыніў для падрыхтоўкі Яго прыйсця, аб’яўляючыся ў вобразах, якія прадказалі Месію нават за тысячагоддзі да Яго прыбыцця! Хто гэты Месія? Адкуль ідзе? Што зробіць на зямлі? Каго будзе прадстаўляць?
Месія — гэта Бог. Кім ёсць Бог? Бог — гэта Айцец, Сын і Святы Дух. Адкуль ідзе альбо хто наказаў Сыну прыйсці да людзей? Гэта Я, Яго Бог Айцец. Каго будзе прадстаўляць Месія на зямлі? Свайго Бога Айца. Што здзейсніць Месія на зямлі? Дасць людзям пазнаць і палюбіць Яго Бога Айца. Ці ж Ён не сказаў: «Хто бачыць Мяне, бачыць Айца Майго». «Я ў Айцу, і Айцец ува Мне». «Ніхто не прыходзіць да Айца, акрамя як праз Мяне». <…>
Калі Я зразумеў, што ні патрыярхі, ні прарокі не маглі зрабіць так, каб людзі Мяне пазналі і палюбілі, Я вырашыў прыйсці сам. Не было іншага спосабу як прыйсці Мне ў другой Асобе Маёй Боскасці. Я ведаў, што людзі ў Маім Сыне Мяне праклянуць і ўкрыжуюць. Але Я не спыніўся ў сваёй любові.
Зразумейце, што Я ўзлюбіў вас яшчэ больш, чым Майго ўмілаванага Сына, а калі сказаць дакладней, больш за самога сябе.
Калі б нават было дастаткова жыцця і смерці аднаго з людзей, падобных сваім жыццём і смерцю да Майго Сына для адкуплення грахоў чалавецтва, то Я засумняваўся б. Чаму? Таму што тады Я здрадзіў бы Маёй любові, дазволіўшы пакутаваць іншаму чалавеку, Майму стварэнню, якое Я люблю, замест таго каб пакутаваць самому ў Маім Сыне. Я ніколі не хацеў цярпенняў людзей — Маіх дзяцей!
Вядома ж, Я разумею слабасці Маіх дзяцей! Таму Я наказаў свайму Сыну даць ім сродкі для таго, каб падымацца пасля падзенняў. Сродкі, якія дапамагаюць людзям ачысціцца ад грахоў, — гэта сем сакрамэнтаў. Найбольш вялікім сродкам для вашага збаўлення з’яўляецца Кроў Майго Сына Езуса Хрыста, якая кожны момант выліваецца на вас, як толькі вы гэтага захочаце, ці ў сакрамэнце споведзі, ці ў святой Ахвяры Імшы. Мае дарагія дзеці, вось ужо дваццаць вякоў з асабліваю міласэрнасцю Я асыпаю вас гэтымі дарамі, а вынік вельмі сумны! <…>
Я справядлівы, гэта праўда, але любоў усё аплачвае! Каб вы былі ўпэўненымі ў Маёй любові, прывяду параўнанне. Для Мяне вашыя грахі — нібы жалеза, а вашыя чыны любові, як золата. Нават калі вы Мне дадзіце тысячу кілаграмаў жалеза, гэта будзе роўным 10-ці кілаграмам вашага золата! Гэта азначае, што малой любоўю адкупляюцца незлічоныя правіны. Вось які лёгкі Мой суд над Маімі дзецьмі — усімі людзьмі без выключэння. Такім чынам, неабходна толькі прыйсці да Мяне. Я ж так блізка да вас! Я вас так люблю! <…>
Я прыходжу да вас двума шляхамі: у крыжы і ў Эўхарыстыі! Крыж — Мая дарога, каб спусціцца да Маіх дзяцей, бо праз яго Я адкупіў вас Маім Сынам. А для вас крыж — дарога ўзыходжання да Майго Сына і ад Майго Сына да Мяне. Без крыжа вы ніколі б не змаглі прыйсці да Мяне, таму што праз грэх чалавек аддаліўся ад Бога. Менавіта гэтымі двума шляхамі Я пастаянна пасылаю на зямлю і Маю магутнасць, і Маю бясконцую міласэрнасць. <…> Хачу таксама нагадаць вам, што Я прыходжу да вас пры дапамозе Майго Святога Духа. Справа гэтай трэцяй Асобы Маёй Боскасці здзяйсняецца маўкліва, і чалавек часта Яго не заўважае. Але для Мяне гэта надзейны сродак, каб прабываць не толькі ў табэрнакулюме, але і ў душах усіх, хто знаходзіцца ў стане асвячальнай ласкі. <…>
Паверце, калі б вы пачалі шанаваць Мяне з асаблівай адданасцю з часоў ранняга Касцёла, то праз 20 стагоддзяў засталося б мала людзей, якія жывуць у паганстве, многіх ілжывых і шкодных сектах, у якіх чалавек з заплюшчанымі вачыма рушыць у бездань вечнага агню! <…> Вось чаму Я жадаю, каб чалавек часцей успамінаў пра тое, што Я знаходжуся там жа, дзе і ён, што ён не змог бы жыць, калі б Я не быў з ім, такі ж жывы, як і ён. Нягледзячы на нявернасць чалавека, Я ніколі не перастаю быць побач з ім. Я ведаю ўсе вашыя патрэбы, жаданні, ведаю ўсё пра вас.
Але якім бы я быў шчаслівым і ўдзячным вам, калі б убачыў вас прыходзячых да Мяне і давяраючых Мне вашыя патрэбы, як робіць гэта сын, цалкам давяраючы свайму бацьку. Якой жа заслугай для вас аднойчы стане тое, што вы паверылі ў Мяне, нябачнага!
Не верце, што Я з’яўляюся тым грозным старым, якога людзі паказваюць у іх малюнках і кнігах! Не, Я не малодшы і не старэйшы за Майго Сына і Майго Святога Духа! Таму Я хацеў бы, каб усе, ад дзіцяці да старога, называлі Мяне па-сямейнаму Айцом і Сябрам, бо Я заўсёды побач. Раблюся падобным да вас, каб вас зрабіць падобнымі да сябе. Жадаю, каб кожная сям’я мела ў сваім доме Маю выяву, якую пакажу Маёй маленькай дачцэ, з якою цяпер размаўляю, — так будзе лягчэй Мяне шанаваць. Такім чынам сям’я будзе мець Маё асаблівае заступніцтва. <…>
Як пяшчотны Айцец, Я хачу абараніць моладзь. У свеце так шмат зла! Маладыя нявопытныя душы дазваляюць спакусіць сябе ганебнымі “прыемнасцямі”, якія крок за крокам вядуць іх, бедных, да поўнай гібелі. О, вы маладыя, прыйдзіце да Мяне! Я — Айцец, які любіць вас больш за ўсе стварэнні, якія могуць вас любіць! Прыйдзіце! Я бачу, што вы маеце вялікую патрэбу ў такім мяккім і бясконца добрым Айцу, як Я. <…>
Пасланне Бога Айца
Другі сшытак
(12 жніўня 1932 г.)
Я хачу ад чалавека толькі таго, што ён можа Мне даць: любоў, давер і ўдзячнасць. Мне гэта неабходна зусім не таму, што Я маю патрэбу ў Маім стварэнні альбо ў яго пакланенні, не таму, што Я жадаю быць пазнаным, шанаваным і любімым, а толькі для таго, каб выратаваць чалавека і зрабіць яго ўдзельнікам Маёй славы. На жаль, істоты, пакліканыя Мною з небыцця і ўсыноўленыя як сапраўдныя дзеці, у вялікай колькасці з-за шатана трапляюць у вечнае няшчасце, не дасягаючы мэты, дзеля якой Я іх стварыў! <…>
Калі Я нечага жадаю ў гэты час, дык гэта большага запалу з боку праведнікаў, жадаю таксама няцяжкага шляху грэшнікам у іх навяртанні да Бога — навяртанні шчырым і трывалым. Жадаю вяртання гэтых блудных сыноў у Бацькоўскі дом, жадаю гэтага асабліва габрэям, а таксама ўсім Маім стварэнням, Маім дзецям — раскольнікам, ерэтыкам, масонам, атэістам, багахульнікам і членам розных тайных сектаў. Хачу, каб усе ў гэтым свеце даведаліся, што ёсць адзіны Бог і адзіны Стварыцель. Яны не ведаюць, што Я іх Айцец, хаця Я падвойваю свае намаганні, звяртаючыся да тых, хто Мяне не ведае. <…>
Паверце Мне вы, якія слухаеце Мяне і чытаеце гэтыя словы: калі б усе людзі, далёкія ад Касцёла, пачулі слова пра Айца, які іх вельмі любіць, які з’яўляецца іх Стварыцелем і Богам, пра Айца, які прагне даць ім вечнае жыццё, вялікая колькасць гэтых людзей, нават самых упартых, прыйшла б да Мяне. Большасць няверуючых, бязбожнікаў і членаў розных сектаў застаецца ў беззаконні і нявер’і таму, што думаюць, нібыта Я прашу ад іх немагчымага. Думаюць, што яны павінны падпарадкоўвацца Маім загадам, нібы тыя рабы, якія падпарадкоўваюцца тырану, што ў сваёй магутнасці і гардыні аддаляецца ад сваіх падданых, каб прымусіць іх паважаць сябе і пакланяцца. Не, не, дзеці Мае! Я магу прынізіцца ў тысячы разоў, стаць яшчэ меншым, чым вы можаце сабе ўявіць. Маё адзінае жаданне, каб вы паводзілі сябе са Мною па-дзіцячы, з прастатой і даверам да Мяне!
Аднак, чаго Я сапраўды патрабую, дык гэта вернага выканання Маіх запаведзяў, якія Я даў Майму Касцёлу. Патрабую, каб вы былі думаючымі стварэннямі і не прыпадабняліся да жывёлаў у недысцыплінаванасці і дурных схільнасцях, каб вы маглі захаваць скарб, якім з’яўляецца ваша душа, падараваная вам Мною ў поўні Боскай прыгажосці, у якую Я яе апрануў. <…>
Калі ўсе народы будуць Мяне заклікаць і шанаваць, ніколі больш не будзе разладаў і войнаў, таму што Я — Бог супакою, і там, дзе Я знаходжуся, вайны не будзе! Хочаце атрымаць перамогу над ворагам? Паклічце Мяне — і вы возьмеце верх над ім. Я — сама святасць у яе дасканаласці і паўнаце. І Я дару вам гэтую святасць, Творцам якой Я з’яўляюся. Праз Майго Святога Духа Я будую яе ў вашых душах па заслугах Майго Сына Езуса Хрыста. <…> Нежаданне і няўменне аддаць сваё жыццё ў Божыя рукі сведчыць, што людзі не ведаюць Бога, у адрозненне ад вас, мае абраныя. Я хачу выказаць пажаданні вам, святары, манахі і манашкі. Я даю вам перавагу ў выкарыстоўванні Маёй дабрыні, але з вашага боку чакаю вернасці пакліканню па добрай волі. Вось Маё пажаданне: вы, якія лягчэй разумееце тое, чаго Я чакаю ад чалавецтва, прасіце Мяне, каб Я змог пасяліць у душах людзей любоў. Вы ведаеце ўсе складанасці, якія даводзіцца пераадольваць, каб здабыць хаця б адну душу! Вось вам дзейсны сродак, які дапаможа здабыць для Мяне вялікае мноства душаў — даць людзям Мяне пазнаць, палюбіць і шанаваць. <…>
Я буду нястомна паўтараць сваё абяцанне: «Усе, хто ад усяго сэрца хаця б адзін раз назавуць Мяне сваім Айцом, не загінуць, але атрымаюць вечнае жыццё сярод абраных».
Не адмаўляйце Мне ў гэтай радасці цешыцца сярод вас! Я аддзячу вам за ўсё ў сто разоў больш. Я — Святло свету: там, куды Я пранікаю, будзе жыццё, хлеб і шчасце. Усім — Маё Айцоўскае Боскае благаслаўленне! Амэн.
Падрыхтавала Галіна Калевіч
Паводле: «Дзённік маці Яўгеніі Равазіо».
Цалкам «Дзённік маці Яўгеніі Равазіо» чытайце на рускай мове rkc.zp.ua