Гэта вялікая спакуса нашага свету: заўжды «трымаць руку на пульсе», кантраляваць, нічога не ўпусціць. Гэта страх сучаснага чалавека: не дай Божа, нешта вырвецца з маіх рук…


Я бачу, як гэта ўплывае на нашае жыццё. На маё жыццё — таксама. Прывяду прыклад: нядаўна я ехаў адведваць хворых, было прыкладна 9 раніцы. Дарога была не вельмі далёкая, але, яшчэ нават не даехаўшы, я выразна адчуў, як моцна стаміўся. Паспрабаваў прааналізаваць, чаму так, і зразумеў, што пакуль ехаў, мне давялося адказаць на некалькі званкоў, вырашыць з дзясятак розных справаў. Цяпер у свеце пануе шматзадачнасць, цяпер не так, як раней, нельга дазволіць сабе рабіць толькі адну справу адначасова. Але як жа спакойна гэта было! І колькі нерваў мы трацім цяпер кожны дзень, жадаючы нічога не прапусціць!

Мне вельмі цяжка было ў пэўны момант пераламіць сябе і прывучыць на час адключаць тэлефон, інтэрнэт, пераконваць сябе, што нічога страшнага не здарыцца, калі адразу не адказаць на званок. Гэтая спакуса самадастатковасці, жадання ўсё ўтрымаць у сваіх руках прыводзіць да таго, што мы жадаем кантраляваць усё не толькі ва ўласным жыцці, але і ў жыцці блізкіх. Падданыя граху самадастатковасці і кантролю, мы часта жадаем падпарадкаваць іншых сабе, прымусіць іх, апраўдваючыся, што прымушаем жа да добрага. Напрыклад, бацькі вернікі скардзяцца, што ніяк не могуць паўплываць на дзяцей, якія, з’ехаўшы з дома, жывуць у граху, бязбожна. Мне ж хочацца задаць пытанне: а хто іх выхоўваў, хто ім прывіў веру, чаму яны адышлі ад Бога? Выпраўляючы дзяцей на вучобу ў іншы горад, хто з бацькоў рыхтуе іх да гэтага? Хто гаворыць, што іх чакаюць спакусы самастойнага свабоднага жыцця? Бацькі клапоцяцца, каб дзеці паступілі ў добры ўніверсітэт, атрымалі адукацыю, працу. Хто рыхтуе дзяцей да будучыні ў маральным, этычным плане? Я думаю, што маці не мае маральнага права абвінавачваць дачку, напрыклад, у тым, што яна зацяжарыла па-за шлюбам, калі ніколі дагэтуль не абмяркоўвала з ёю тэму сексуальнасці і нават не думала пра гэта.

Гэта даволі частая праблема ў адносінах бацькоў і дзяцей: бацькі хочуць кантраляваць усё, што адбываецца ў жыцці іх дзяцей. Парадаксальна, але чым большы кантроль, тым меншае жаданне яму паддавацца. Падумайце, ці надоўга ўдавалася вам скандаламі, змушэннем і бясконцымі званкамі ўтрымаць гэты кантроль? Назіраючы за тым, як праяўляецца ў бацьках гэтае жаданне кантролю, я падумаў: калі і на каго мы маем уплыў?

На дзяцей можна паўплываць сілаю, толькі пакуль яны дзеці, пакуль бацькі для іх безумоўны аўтарытэт. Пакуль яны яшчэ несамастойныя, можна нешта ім забараніць, неяк пакараць. Але як толькі дзіця пачынае імкнуцца да самастойнасці, бацькі змогуць мець на яго уплыў толькі тады, калі яны маюць сапраўдны аўтарытэт. Калі бацькі не аўтарытэтныя, можна гаварыць што заўгодна тысячы разоў, але дзеці слухаць не будуць. На дарослага можа паўплываць толькі аўтарытэт. Я, як святар, добра ўсведамляю, што мой грамадскі статус дае мне пэўны аўтарытэт у парафіянаў ці ў чытачоў. Не маючы аўтарытэту, я не буду нават спрабаваць пераконваць некага ў нечым, бо гэта немагчыма.

Я зразумеў гэта некалі праз Евангелле, заўважыўшы, што Хрыстус ніколі нікога не прымушаў. За Ім хадзілі людзі, якія ўспрымалі Яго як Настаўніка, як аўтарытэт, пыталіся ў Яго: «Раббі, што Ты думаеш?» Мне так і карцела сказаць Хрысту: не сыходзь, даказвай ім, тлумач, яны там нічога не зразумелі... Але ў Яго іншая пазіцыя, Ён — сейбіт, які рассейвае зерне па зямлі. Хто ўспрыняў Яго, той успрыняў, хто пачуў, той пачуў. Хрыстус нідзе не спыняўся надоўга: Назарэт, Капэрнаўм, Ерузалем. Часам Ён вяртаўся туды, дзе ўжо бываў, часам паўтараў некалькі разоў свае думкі, але Ён заўсёды сеяў, а не прымушаў.

Разважаючы пра спакусу кантраляваць іншых, уплываць на іх, я, абапіраючыся на духоўны досвед і досвед назірання за іншымі людзьмі, зразумеў, што на іншага чалавека ўплывае не маё маралізатарства, а маё сведчанне. Калі я кажу іншаму чалавеку пра тое, што Бог зрабіў у маім жыцці і кім ёсць для мяне Бог, паўплывае гэта, а не маё імкненне навязаць яму думку пра тое, якім добрым ён павінен быць. Чалавек, які чуе сведчанне, не стаіць перад пытаннем, згодны ён з гэтым ці не згодны, перад ім іншае пытанне: ці хачу я, каб Бог, пра якога мне расказалі, паўплываў на мяне гэтак жа, як на таго, хто мне расказаў?

Адзін чалавек, былы вязень, які перажыў навяртанне ў турме, падзяліўся са мной гісторыяй, якая вельмі мяне ўразіла. Ён апавядаў, што, атрымаўшы дар веры, хацеў усё змяніць вакол сябе, расказаць усім пра Бога, які прабачыў яму ўчыненае злачынства. Ён з усіх сілаў евангелізаваў, даказваў сваю веру. Аднойчы ж уначы пачуў, што дзесьці побач двое вязняў спрачаюцца пра рэлігію і амаль гатовыя ўсчыніць бойку: адзін даказваў, што Бог добры, а іншы злосна лаяўся і абражаў Бога. І гэты чалавек так раззлаваўся, што хацеў адразу ж кінуцца ў спрэчку, абараніць свайго Бога! Але раптам нібы адчуў, як Дух Святы загадаў яму гэтага не рабіць, а толькі маліцца далей, і нібы пачуў, як Хрыстус пытаецца ў яго: «Колькі гадоў ты жывеш з гэтымі людзьмі? Чаму яны, жывучы побач з табою, Маім узлюбленым сынам, яшчэ не ведаюць Мяне?» І гэты чалавек замест таго каб абвінаваціць сваіх сукамернікаў, ляжаў і плакаў, гаворачы: «Прабач, Божа, што я не змог ім сведчыць пра Цябе!» Гэта добры ўрок для кожнага з нас: урок панавання над духам кантролю.


Ксёндз Аляксандр Жарнасек MIC

Сайт часопіса „Ave Maria“ Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рыма-каталіцкага Касцёла ў Беларусі

Часопіс існуе дзякуючы вашым ахвяраванням. Сёння мы просім вашай дапамогі — нават невялікая сума падтрымае нас.

Падрабязней