Хрысціянская традыцыя перадае нам такія спосабы малітвы як вусная малітва, медытацыя і кантэмпляцыя. Калі першыя два спосабы добра вядомыя вернікам рознага ўзросту, то кантэмпляцыя, на маю думку, для многіх застаецца чымсьці незразумелым. Мяркую, што многія нават актыўныя вернікі, не разумеючы, як практычна рэалізаваць «сузіранне Бога ў цішыні і малітве», думаюць, што кантэмпляцыя не пасільная для звычайнага свецкага верніка.
Таму з просьбай правесці так званы «лікбез» пра кантэмпляцыйную малітву я звярнулася да кс. Рамана Сушы, дактаранта Інстытута духоўнасці Папскага Грыгарыянскага Універсітэта. Нягледзячы на тое, што кс. Раман цяпер знаходзіцца далёка ад Радзімы, ён згадзіўся напісаць адказы на мае пытанні і растлумачыць, што хаваецца за паняццем «кантэмпляцыйная малітва».
— Ксёндз Раман, раскажыце, калі ласка, як правільна разумець кантэмпляцыю і ці варта практыкаваць такі спосаб малітвы свецкаму верніку?
— Распачну здалёк. Са старажытных часоў літургія, тэалогія і духоўнасць былі рэчаіснасцю непадзельнай. Але ў практыцы, на жаль, іх вельмі часта раздзяляюць. Некаторыя нават кажуць пра так званы «развод» паміж багаслоўем і духоўнасцю1. Не сакрэт, што такія базісныя рэчы хрысціянскай духоўнай навукі як ступені цнотаў, распазнанне духаў і прынцыпы містыкі часта для нас невядомыя. Пра іх не чулі нават тыя, хто шмат гадоў хадзіў на катэхезы. Па некаторых, найперш гістарычных прычынах, яны невядомыя нават душапстырам і катэхетам. Вось менавіта па гэтых прычынах катэхізацыя можа быць неглыбокая. Адсюль парадокс няведання містыкі і адна з прычынаў адыходу моладзі з Касцёла.
Згаджуся з вялікім педагогам нашых часоў, Тэафанам Затворнікам, у тым, што дзяцей з малых гадоў неабходна вучыць аскезе і містычнаму жыццю, не кажучы ўжо пра тое, што гэтага не хапае і сталым вернікам. Калі ў гульнях дзеці ведаюць ступені развіцця героя і складаныя метады крафцінгу, то для іх не будзе праблемай ведаць ступені кантэмпляцыі і метады аскезы. Мы часта заніжаем планку, думаючы, што дзеці нечага не зразумеюць, а для сябе, дарослых, планку завышаем, думаючы, што ведаем усё. Наш семінарыйны духоўнік, айцец Аркадзь Куляха OCD, казаў, што Беларусі патрэбны містыкі; і можна ўпэўнена дадаць, што, калі кожны катэхет будзе экспертам містычнага жыцця, катэхізаваныя духоўна бу дуць больш глыбокімі. Таму, каб практыкаваць кантэмпляцыйную ма літву, найперш неабходна ведаць пра яе. Нездарма святароў і мадэратараў кантэмпляцыйных супольнасцяў святы Ян Павел II у імя Езуса заклікаў, каб яны сур’ёзна даследавалі хрысціянскае вучэнне2.
Чаму нас вучыць логіка хрысціянскай навукі? На працягу літургічнага году хрысціянін перажывае два важныя перыяды: Адвэнт і Вялікі пост. Іх называюць інтэнсіўным, або «моцным часам» (італ. tempo forte). Але ніхто не лічыць, што Вялікі пост існуе толькі для асаблівых і выключных вернікаў. Гэта своеасаблівы і інтэнсіўны час сярод іншых перыядаў літургічнага году. Аналагічны падыход і да штодзённага малітоўнага жыцця. Сярод трох асноўных формаў малітвы: вусная малітва, медытацыя і кантэмпляцыя, апошняя форма — гэта больш інтэнсіўны, моцны час (лац. firmum tempus, гл. ККК, 2714) сустрэчы з Богам. Калі ж сказаць коратка, то кантэмпляцыйная малітва — гэта малітва позірку душы на Бога.
— Якія крокі неабходна зрабіць для таго, каб увайсці ў кантэмпляцыйную малітву? Пра што варта памятаць чалавеку, які жадае яе практыкаваць?
— Час, патрэбны час. Кантэмпляцыя можа працягвацца вельмі коратка, а можа доўжыцца працяглы перыяд. Тут важная не колькасць часу, але распараджэнне часам. Не павінна быць так, што мы молімся толькі тады, калі на гэта ёсць час. Трэба заўсёды знаходзіць час для таго, каб быць у распараджэнні (лац. firma determinatione) у Пана (гл. ККК, 2710).
Кантэмпляцыйны позірк можа адбыцца нават падчас вуснай малітвы «Ойча наш...», калі з’яўляецца ўсведамленне, з Кім мы размаўляем. Тое самае і з разважаннем (meditatio), калі яно нараджае позірк на Таго, Каго я люблю. Паверце, часта нашая малітва не інтэнсіўная (лац. firmum tempus), а віртуальная, малітва-навык (італ. virtuale, лац. habitualis). Што гэта значыць? Мы прывыклі, кіруючыся навыкам, ехаць за рулём аўтамабіля, думаць аб сваіх рэчах, захоўваць правілы руху. Падобнае адбываецца і з малітвай: мы захоўваем парадак малітвы, але не заўсёды ўсведамляем, да Каго накіроўваемся. Калі з’яўляецца ўсведамленне і ўнутраныя ўзрушэнні (mozione interiore), напрыклад, адно з іх — суцяшэнне (consolacion), — гэта знак пачатку кантэмпляцыі. Можа з’явіцца і іншае ўнутранае ўзрушэнне — засмучэнне (desolacion), калі прыступаеш да малітвы без пакаяння (споведзі). Аднак злы дух можа натхняць (спакушаць) наадварот, і ён робіць гэта, каб нас заблытаць. Мы пачынаем кантэмпляваць — а ён пасылае нам расчараванне ў малітве; з іншага боку, калі нам патрэбны пакаянне і пакора, злы дух спакушае нас пыхай, думкаю, што мы вялікія містыкі і падзвіжнікі. Таму, акрамя першых крокаў, — усведамлення і позірку, на кантэмпляцыйным шляху неабходна кіравацца навыкам распазнання духаў. Гэта навык, у якім чалавек, незалежна (гл. ігнацыянская індыфірэнтнасць) ад унутраных узрушэнняў, кіруючыся парадамі духоўніка і класічных правілаў распазнання духаў (напрыклад, святога Ігнацыя Лаёлы), распазнае малітоўныя і жыццёвыя натхненні. Калі гэтых двух інструментаў у распараджэнні няма, то «машына» можа заехаць не туды.

— Ксёндз Раман, а ці можна літанію таксама лічыць кантэмпляцыйнай малітвай?
— Літанія — гэта форма знешняй вуснай малітвы (лац. exterior oratio vocalis), аднак, калі прыходзіць усведамленне, з Кім я размаўляю, — гэта малітва становіцца таксама і ўнутранай (лац. interior orationem vocalem), гэта значыць кантэмпляцыйнай (гл. ККК, 2704).
— Што дапамагае вернікам сузіраць Бога падчас святой Імшы ў касцёле?
— Прывілеяванае месца сустрэчы з Панам — гэта сакрамэнт Эўхарыстыі і яе адарацыя3. У літургічных абрадах ёсць традыцыйныя элементы, якія спадарожнічаюць кантэмпляцыі і падтрымліваюць кантэмпляцыйнасць — унутраную малітву падчас розных абрадаў: гэта поўнае пашаны маўчанне (гл. SC, 30), грыгарыянскі спеў (гл. SC, 116–117), сакральная лацінская мова (гл. SC, 36 §1, 54, 91, 111), гучанне аргана (гл. SC, 120), адпаведнае літургічнае адзенне4, пашана да літургічных рубрык і належная падрыхтоўка да набажэнства.
Іншыя два вымярэнні: клопат пра вусную і дыдактычную частку літургічнага абраду, таксама апраўданыя. Гэта і нацыянальная мова, і каментарыі, і працэсіі дароў, і нетрадыцыйныя музычныя інструменты і іншае. Аднак часам іх празмернасць можа перашкаджаць духу Літургіі і кантэмпляцыі. У гэтым плане літургісты павінны кіравацца разважлівасцю, каб Найсвяцейшая Ахвяра, па магчымасці, была даступнай для кожнага, аднак заўсёды згодна з літургічнымі рубрыкамі і прадпісаннямі Канферэнцыі Біскупаў і ардынарыя.
Кантэмпляцыя — гэта позірк веры, сканцэнтраваны на Езусе (гл. ККК, 2715). Апладысменты, празмерная эмацыянальнасць, несканцэнтраванасць на Езусе і недастатковае ўшанаванне святой Камуніі перашкаджаюць (лац. obex gratiae) верніку глыбока і кантэмпляцыйна перажываць сакрамэнтальныя таямніцы. Тут можна казаць, у пэўным сэнсе, пра «развод» духоўнасці і літургіі. Езус будзе прыходзіць на алтар, але людзі ў Яго прыход ужо верыць не будуць. Так сталася з большасцю вернікаў у ЗША. Я бачыў іх Імшы ў некалькіх штатах, і мне проста сорамна пра гэта расказваць...
— Ксёндз Раман, а ці могуць абразы дапамагаць у кантэмпляцыі?
— У звычайным падыходзе5 да традыцыйнай іконы ёсць тры этапы. Гэта этап чытання, разважання і сузірання. Калі ўдакладніць больш канкрэтна, то бачную ікону трэба не сузіраць, але чытаць. Мы не столькі сузіраем кнігу Бібліі, колькі чытаем яе. І далей, чытаючы Біблію, вернік можа ўсвядоміць, з Кім ён сустракаецца (гл. ККК, 2704), і такім чынам пачаць кантэмпляцыйную малітву — сузіранне Бога (гл. VB, 22). Аналагічна адбываецца і з успрыманнем іконы. Чытаючы яе сімволіку, вернік можа адкрыцца на ўнутраную малітву (лац. interior orationem vocalem), гэта значыць кантэмпляцыйную. Калі гэта адбылося, ён ужо не столькі чытае, але ўжо сузірае (італ. contempla) аблічча Хрыста, праўдзівы вобраз Айца (гл. Кал 1, 15) і абліччы святых, якія перамяніліся па вобразе і падабенстве Езуса6. Гэты працэс ад чытання іконы да сузірання Хрыста мы называем «сузіраннем іконы». Галоўная праблема ў тым, што можна заставацца на першым этапе, так і не раскрыўшы яе кантэмпляцыйнай духоўнасці.
— Штогод тысячы пілігрымаў накіроўваюцца ў Будслаў, каб маліцца перад абразом Маці Божай Будслаўскай. Якім чынам можна «чытаць» гэты абраз?
— У абразе Маці Божай Будслаўскай сімволікі — на цэлую кнігу! Гранат у руках Немаўляці сваім барвовым колерам сімвалізуе будучую Муку Хрыста. На «Апошняй Вячэры» Леанарда да Вінчы перад Езусам таксама ляжыць гранат. Падчас Найсвяцейшай Ахвяры на алтары таксама стаіць крыж. Пытанне ў тым, ці яднаюся я ў маіх штодзённых ахвярах з Крыжам Хрыста або ўцякаю ад яго, як уцяклі Апосталы. Калі ў такім іконачытанні ў верніка нараджаецца смутак і пакаянне перад Богам (desolacion), то гэтае ўнутранае ўзрушэнне (mozione interiore) можа сведчыць аб пачатку кантэмпляцыі. Другі прыклад: чытанне сімволікі Марыйнага белага чапца (галаўнога ўбору). Ён азначае чысціню Марыі. Дух Святы можа натхніць верніка, каб той убачыў, як Бог падтрымліваў яго, каб супрацьстаяць спакусам супраць чысціні. Калі вернік на гэтыя натхненні адчуе ўдзячнасць і суцяшэнне (consolacion), гэта можа сведчыць аб пачатку кантэмпляцыі.

Па сутнасці ва ўспрыманні іконы можна выкарыстоўваць такія метады, у якіх ёсць этапы чытання, медытацыі і кантэмпляцыі — ігнацыянскі метад, ці Lectio Divina, і іншыя, абы не блытать кантэмпляцыю з фантазіяй і ўмець распазнаваць натхненні розных духаў. Мяркую, што іконачытанне — гэта добрая магчымасць для духоўнікаў і душпастыраў даваць духоўныя практыкаванні вернікам, якім яны спадарожнічаюць.
— Ксёндз Раман, а якія парады Вы можаце даць для практыкавання кантэмпляцыйнай малітвы свецкаму верніку, увесь дзень заклапочанаму рознымі справамі?
— Прастора, патрэбна прастора для малітвы: ці прастора цішыні ці асобныя месцы для кантэмпляцыі (напрыклад, капліца, адарацыя). Ведаем, што Езус пасля цяжкага дня падымаўся для малітвы на пагоркі (гл. Мк 6, 46) ці адплываў на пустыннае месца (гл. Мц 14, 13), або саміх вучняў пасылаў адпачыць у пустынныя месцы (гл. Мк 6, 31). Такой пустыняй можа стаць не толькі месца, ізаляванае ад гарадскога шуму, але такой пустыняй з’яўляецца ўбоства духа. Асаблівым чынам яно праяўляецца ў паставе цела. Шлях кантэмпляцыі — гэта шлях пакоры, таму найбольшая веліч чалавека — у яго прыніжэнні на каленях. Кантэмпляцыя — гэта з’яднанне з Езусам, гэта шлях наследавання Сына Божага, які прынізіў сябе ажно да крыжа (гл. Філ 2, 7–8). Таму і пастава цела ў выглядзе крыжа (prostratio), як падчас святарскіх пасвячэнняў, схіляе і наш дух да паставы ўбоства, бо для кантэмпляцыйнай малітвы, у адрозненне ад вуснай малітвы і медытацыі, неабходна не столькі нашая актыўнасць, колькі нашая пасіўнасць: слуханне, угляданне. На пачатку кантэмплацыі святы Ян ад Крыжа раіць адкласці свае заняткі, разважанні і нават вусную малітву7 і стаць у распараджэнні Пана (гл. ККК, 2710). Пастава крыжа, як у кандыдата на пасвячэнне, — гэта пастава прысвячэння свайго жыцця Богу. Позірк кантэмпляцыі — гэта вока серафіма з паставай fiat voluntas Tua («будзь воля Твая»).
— Ці можа свецкі вернік зрабіць кантэмпляцыю стылем свайго жыцця і што гэтаму спрыяе?
— Кантэмпляцыйны стыль жыцця (modo) адпавядае манаскай рэгуле. Аднак і ў сямейным жыцці чалавек можа практыкаваць кантэмпляцыйную паставу духа. Такой паставе спрыяе сакрамэнтальнае жыццё, міласэрнасць, маласлоўе і ўзрастанне ў цнотах; перашкаджаюць грэх, нежаданне перамагаць заганы, неўпарадкаваныя прывязанасці і мнагаслоўе.
Важна адзначыць, што кантэмпляцыйная малітва мае свае этапы і тыпы. Але гэта лепш абмяркоўваць канкрэтна са сваім духоўнікам. З практыкі раю падтрымліваць частую адарацыю Найсвяцейшага Сакрамэнта, чытанне Святога Пісання, твораў святога Яна ад Крыжа, святога Ігнацыя Лаёлы і суправаджэнне духоўніка, які сам у гэтым разбіраецца і практыкуе.
— Ксёндз Раман, вялікі дзякуй за тое, што адказалі на пытанні і наблізілі да нас паняцце кантэмпляцыйнай малітвы.
Пытанні задавала Кацярына Дурко
Скарачэнні, якія ўжываюцца ў тэксце:
- ККК — Катэхізіс Каталіцкага Касцёла.
- SC — Канстытуцыя пра святую Літургію «Sacrosanctum Concilium».
- VB — Адгартацыя Бэнэдыкта XVI «Verbum Domini».
_____________
- Гл. C. Stercal, «Storia della teologia e sto ria della spiritualità. Relazione tra i due sa peri», У, I. Biffi — C. Marabelli, ed., La teologia dal XV al XVII secolo: metodi e prospettive, Jaca Book. — Milano, 2000, 27.
- Гл. Catechesi Tradendae, № 47.
- Гл. Ripartire da Cristo: un rinnovato impeg no della vita consacrata nel terzo millennio, № 26, гл. таксама SC 2.
- Гл. Concilium Tridentinum, Doctrina de sacrifi cio Missae, V.
- У надзвычайнымпадыходземістыкможа ўпадаць у кантэмпляцыйны экстаз (як св. Джэммо Галгані) без першапачатковага дыскурсіўнага чытання сімволікі крыжа ці іконы.
- Ufficio delle celebrazioni liturgiche del Sommo Pontefice, Presentazione della pubblicazione degli “Atti del concilio niceno secondo ecumenico settimo”, Città del Vaticano, 2005, I.
- Гл. Хуан дэ ла Крус, Восхождение на гору Кармель, кн. 2, р. 14, Иосиф, 2007, 77–79.