Святкаванне святога дня і праца

Святое Пісанне апавядае, што Бог стварыў свет за шэсць дзён, а на сёмы дзень адпачываў. Гэтым самым яно вучыць, што і для нас, створаных Богам паводле Яго вобраза і падабенства, сёмы дзень павінен быць днём адпачынку ад фізічнай працы (ёсць нават навуковыя пацвярджэнні гэтай рэлігійнай праўды: чалавек не можа плённа працаваць больш за шэсць дзён запар, бо яго сілы заканчваюцца).


Сэнс гэтага біблійнага аповеду таксама ў тым, каб нагадаць, што свет не існаваў сам па сабе спрадвеку, а ўзнік дзякуючы Богу, Яго працы. Уцелаўлёны Бог з’яўляецца Аўтарам новага стварэння праз ласку, пачатак якой — у Яго ўваскрасенні. З гэтай прычыны дзень, наступны пасля суботы, у які і адбыўся гэты Найвышэйшы Цуд, стаў святым для хрысціянаў.

Святым — гэта значыць чыстым, бязгрэшным, прысвечаным Богу. Таму і Божая, і касцёльная запаведзі вучаць, як яго праводзіць:чаго пазбягаць і што рабіць.

Пазбягаць трэба фізічнай працы і грэшных учынкаў і
аддаваць Богу належную пашану праз удзел у святой Імшы,
набожнае чытанне святога Пісання,
малітву і духоўныя заняткі.

Але хтосьці скажа: «Граху трэба пазбягаць і ў іншыя дні (і гэта праўда), а праца — не грэх!» Аднак акурат у нядзелю (і статыстыка гэта пацвярджае) небяспека граху ўзрастае, бо д’ябал, які не хоча, каб мы скарысталіся асвячальнай ласкаю ў гэты святы дзень, спакушае людзей больш актыўна. Усялякі грэх дадаткова зневажае належны Богу час у дзень Яго перамогі над злом, і таму становіцца ўдвая цяжэйшым.

Што датычыць фізічнай працы, карыснай і неабходнай у будні, то, забіраючы сілы і час, якія па справядлівасці ў нядзелю трэба прысвяціць Богу як сведчанне ўдзячнасці за гэтыя дары, яна адварочвае чалавека ад канчатковай мэты — Нябеснага Валадарства, ставіць на месца вечных духоўных скарбаў тленныя зямныя даброты. Такое парушэнне іерархіі каштоўнасцяў, духоўная неўпарадкаванасць і называецца грахом, бо па­збаўляе чалавека Божай дапамогі ў добрых справах і ў змаганні са злом на радасць ворагу чалавечага роду…

Безумоўна, грэшнаю з’яўляецца не ўся фізічная праца ў нядзелю,
а толькі тая, якая не звязана непасрэдна з Божаю службаю
і неадкладнымі патрэбамі бліжніх.

Так, менавіта ў нядзелі і святы святары павінны больш інтэнсіўна выконваць свае абавязкі. Гэта датычыць і тых, хто заняты ў пад­рыхтоўцы і правядзенні літургіі, і тых, чыя дзейнасць звязаная з забеспячэннем годнага правя­дзення святога дня. Акрамя таго, дагляданне хворых, ліквідацыя аварый, ратаванне ўраджаю, неабходнасць тэрміновага заканчэння пачатай справы (калі перапынак можа нанесці шкоду), словам, любая праца, звязаная з прадухіленнем рэальнага зла, у святы дзень дазваляецца. Трэба толькі памятаць, каб выключэнне не зрабілася правілам.

Тое, што паспяхова можна зрабіць у іншы дзень, нельга свядома адкладваць на нядзелю. Што датычыць удзелу ў нядзельнай святой Імшы, то акрамя ўзгаданых вышэй справаў, якія нельга выканаць перад ёю або пасля яе, вызваліць ад яго могуць: хвароба, якая не дазваляе пакідаць дом ці шпіталь; неадкладнае падарожжа (але не забаўляльная экскурсія ці выезд на лецішча або ў грыбы ці ў ягады, на пікнік і г.д., бо гэта можа адбывацца пасля літургіі, а не замест яе); немагчымасць быць у святыні з прычыны вялікай адлегласці да яе пры адсутнасці транспарту ці па прычыне небяспечных для здароўя ўмоваў надвор’я.

Асаблівую ўвагу хочацца звярнуць на прыём гасцей у нядзе­лі і рэлігійныя святы.

Кожная хрысціянская сям’я абавязаная паінфармаваць
усіх сваіх наведнікаў аб немагчымасці
прыняць іх у час, прызначаны на святую Імшу,
каб пазбегнуць няёмкіх сітуацый.

Сапраўды, калі б нам была прызначаная аўдыенцыя ў вельмі важнай асобы, ад якой залежыць нашая будучыня, ці адмовіліся б мы ад яе дзеля прыёму гасцей? А менавіта такой аўдыенцыяй у самога Бога і ёсць нядзельная святая Імша! І калі госці — таксама хрысціяне, то яны павінны гэта разумець і разам з гаспадарамі выканаць свой нядзельны абавязак не як прымус, але як жыццёвую неабходнасць, накшталт ежы, паветра, сну. А калі пасля святой Імшы сустрэча адбываецца, падчас яе не павінны мець месца грэшныя размовы, абжорства, п’янства, распуста, бойкі і гэтай далей, бо тады святы дзень змарнаваны і віна толькі ўзрастае.

Увогуле, нядзельны адпачынак мае быць карысным не толькі для цела, якое можа ўспрымаць яго як ляноту, але і для душы. Духоўная моц больш спрыяе аднаўленню фізічных сілаў, чым бяздзейнасць, марнаванне часу на пустыя забавы. Таму, нават калі нехта па важных прычынах у нядзелю вымушаны прапусціць святую Імшу або працаваць, ён павінен памятаць пра малітву, пра жывы кантакт з Богам, а гэта магчыма нават у самай непрадбачанай сітуацыі…

І, безумоўна, трэба не прапус­каць магчымасці наведаць святыню і паўдзельнічаць у святой Імшы ў бліжэйшы час.


Айцец Міхал Ермашкевіч ОР
Фота: le-chien-a-taches.com

 

Сайт часопіса „Ave Maria“ Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рыма-каталіцкага Касцёла ў Беларусі

Часопіс існуе дзякуючы вашым ахвяраванням. Сёння мы просім вашай дапамогі — нават невялікая сума падтрымае нас.

Падрабязней