Кардынал Сара: «Поўная глыбокай пашаны літургія мае важнае значэнне для барацьбы з культурай смерці»

Адным з галоўных «антыдотаў» у барацьбе з «бязбожным тэрарызмам, павелічэннем агрэсіўнага секулярызму і пашырэннем культуры смерці» з'яўляецца аднаўленне першынства Бога ў каталіцкай літургіі — так адзначае кардынал Роберт Сара, прэфект Кангрэгацыі Божага культу і Дысцыпліны Сакрамэнтаў.


У Папскім універсітэце св. Тамаша (Ангелікум) іерарх выступіў з прамоваю перад кардыналамі, святарамі, духоўнымі асобамі і свецкімі 14 верасня на міжнародным V Рымскім калоквіуме, прысвечаным дакументу «Summorum Pontificum».

14 верасня адзначалася 10-я гадавіна ўступлення ў сілу апостальскага ліста «motu proprio» папы Бэнэдыкта XVI «Summorum Pontificum», які даў святарам агульны дазвол цэлебраваць старажытную форму рымскай літургіі.

У сваім выступленні кардынал Сара спытаў: «Калі місіянерская жыццяздольнасць Касцёла паменшылася ў наш час, калі сведчанне хрысціянаў ва ўсё больш бязбожным свеце стала слабейшым, калі наш свет забыўся пра Бога — ці не з-за таго гэта, што мы, якія павінны быць „святлом свету“ (Мц 5, 14), не набліжаемся належным чынам да таго ўзроўню, да якога скіравана дзейнасць Касцёла, і не дастаткова глыбока чэрпаем з купелі, з якой цячэ ўся сіла Касцёла, каб дапамагчы ўсім атрымліваць асалоду ад „крыніцы вады, якая цячэ ў жыццё вечнае“?» (Ян 4, 14).

Аднаўленне першынства Бога

У сваім пасланні «Цішыня і першынство Бога ў святой літургіі» кардынал Сара выказаў жаданне працягваць праграму папы Бэнэдыкта XVI аб аднаўленні літургіі і вяртанні да вытокаў, улічваючы вялікую ролю старажытнай рымскай літургіі. Ён выказаў глыбокае засмучэнне ў сувязі з распаўсюджанасцю літургіі, якая ставіць у цэнтр чалавека, бо гэта «змяншае тое, што з'яўляецца ў самой сваёй сутнасці звышнатуральным, да ўзроўню проста натуральнага». «Бог павінен быць на першым месцы ў кожным элеменце літургічнай цэлебрацыі», — сказаў кардынал.

Яго Эмінэнцыя таксама рэкамендаваў, каб святар і людзі падчас літургіі былі звернутыя тварам на ўсход, або ad orientem: «Гэтая старажытная і прыгожая практыка, якая так красамоўна сведчыць пра першынство ўсемагутнага Бога ў самым сэрцы Імшы, не абмяжоўваецца usus antiquior (старым выкарыстаннем). Гэтая паважлівая практыка дазволеная, з’яўляецца цалкам адпаведнаю і — я пераконваю вас — з пастырскага пункту погляду карыснаю таксама ў цэлебрацыі usus recentior — у больш сучаснай форме рымскага абраду.

Удасканаленне цішыні сэрца

Па словах кардынала Сара, калі літургія павінна быць «часам асабістай сустрэчы і блізкасці з Богам», што дазваляе нам прыцягваць іншых да Хрыста, то мы павінны самі навучыцца спакою і цішыні. «Шум забівае літургію, [ён] забівае малітву... важнасць цішыні для святой цэлебрацыі не можа недаацэньвацца», — сказаў ён.

Касцёл і сакрыстыя не павiнны быць «месцам балбатні», — адзначыў іерарх, дадаўшы, што размовы павінны пераносіцца «ў іншыя месцы».

Сама цішыня ў касцёле ці сакрыстыі, — патлумачыў кардынал, — павінна быць павучальнаю, «прыцягваючы ўсіх, хто сюды ўваходзіць, да такой цішыні сэрца, розуму і душы, якая так неабходна нам, калі мы хочам атрымаць усё, што ўсёмагутны Бог хоча даць нам праз святую літургію».

Амаладжэнне Касцёла

Разважаючы пра 10-ю гадавіну «Summorum Pontificum», кардынал Сара казаў аб прыцягальнасці традыцыйнага абраду для моладзі як «знаку часу», які Касцёл павінен прыняць з усёй сур'ёзнасцю.

Кардынал парадаваўся шматлікім і добрым пакліканням да святарства і рэлігійнага жыцця, якія ўзнікаюць у супольнасцях, дзе цэлебруецца usus antiquior, і звярнуўся да святароў і біскупаў, якія маглі б мець сумневы з гэтай прычыны, кажучы: «Наведайце гэтыя супольнасці і пазнаёмцеся з імі, асабліва з маладымі людзьмі. Адкрыйце свае сэрцы і розумы на веру гэтых маладых братоў і сясцёр нашых, і на дабро, якое яны робяць. Яны не сумуюць па мінулым, яны не азлобленыя, не абцяжараныя касцёльнымі бітвамі апошніх дзесяцігоддзяў; яны поўныя радасці ад жыцця з Хрыстом сярод праблем сучаснага свету».

«Usus antiquior варта разглядаць як нармальную частку жыцця Касцёла дваццаць першага стагоддзя», — сказаў на заканчэнне кардынал Сара. — «Хрыстус заклікае нас да адзінства, а не да падзелу! Мы — браты і сёстры ў адной і той жа веры, незалежна ад таго, якая форма рымскага абраду цэлебруецца!»


Дыяна Монтанья
Пераклад з англ. мовы Эльвіры Палінеўскай

Сайт часопіса „Ave Maria“ Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рыма-каталіцкага Касцёла ў Беларусі

Часопіс існуе дзякуючы вашым ахвяраванням. Сёння мы просім вашай дапамогі — нават невялікая сума падтрымае нас.

Падрабязней