Скажы сабе зараз з поўным усведамленнем: «Унутры мяне Дух Святы, які робіць мяне здольным здзяйсняць вялікія справы. Ён дапамагае мне пераадольваць свае комплексы і страхі, верыць у тое, што маім Панам ёсць Езус. Ён таксама робіць мяне здольным прабачаць іншым людзям».
Пра Святога Духа разважае айцец Гжэгаж Крамэр SJ — езуіт і блогер.
Памятаю, як у 1992 годзе мы з кампаніяй хлопцаў з Глівіцаў (майго роднага горада) паехалі на рэкалекцыі па распазнаванні паклікання. Там былі харызматыкі, якія праводзілі для нас моцную малітву. Дагэтуль я памятаю месца, дзе сядзеў тады падчас малітвы — каля алтара. Калі мае сябры маліліся, у тым ліку і мовамі, усе моцна адчувалі прысутнасць Духа Святога. А я сядзеў каля таго алтара, глядзеў на іх і адчуваў сябе дзіўнавата, бо... ува мне нічога не адбывалася.
Я вельмі моцна хацеў штосьці перажыць, а тут — нічога. Калі мы пазней пра гэта размаўлялі, лідар той малітвы сказаў, што я жыву ў нейкім цяжкім граху, таму Дух Святы і не можа дзейнічаць. Памятаю, ува мне засталося пасля гэтага такое перакананне: я не ў парадку, а таму Бог не можа дзейнічаць у маім жыцці.
Я расказваю гэтую гісторыю, таму што ведаю, як многія людзі моцна хацелі б мець незвычайныя перажыванні падчас малітвы, але не маюць. І часта ў гэтую немагчымасць мець перажыванні ўваходзяць іх страхі і комплексы, якія яшчэ больш пагаршаюць сітуацыю, бо чалавек думае тады, што ён нейкі горшы за іншых. А ў гэта ўваходзіць злы дух, які навязвае такія думкі: «Бачыш, ты горшы за астатніх. Ты не маеш такіх яўных перажыванняў». На шчасце, у сваім жыцці я сустрэў святога Ігнацыя, які вельмі хораша мне ўсё растлумачыў. Ён сказаў, што нават у Святым Пісанні напісана, што Дух Святы вее, калі хоча, і наогул не павінен дзейнічаць ва ўсіх аднолькава.
Да кожнага чалавека Дух Святы прыходзіць індывідуальна, непаўторна. Ён не дзейнічае выключна харызматычна, ён робіць гэта спакойна і незаўважна.
Больш чым праз дваццаць гадоў пасля таго здарэння на сваёй дарозе я неаднаразова спазнаў моц харызматычнай малітвы. Але сёння ўва мне ўжо няма такой патрэбы менавіта гэтым спосабам будаваць адносіны з Панам Богам. У той жа час мне блізкае тое, пра што піша св. Павел у Першым Пасланні да Карынцянаў (12, 3), —без дапамогі Духа не магу сказаць, што Панам ёсць Езус. Вядома ж, кожны чалавек на свеце, які ўмее гаварыць, можа паўтарыць гэтыя словы, нават людзі няверуючыя. Гаворка тут пра іншае — гэта Дух робіць мяне здольным верыць у тое, што Панам ёсць Езус. І верыць менавіта так, каб сапраўды аддаць сваё жыццё Езусу. Гэта зусім не азначае, што з гэтага моманту я станаўлюся бязгрэшным чалавекам, які заўсёды на вышыні. Але я веру ў тое, што, нягледзячы на маю грэшнасць і на тое, што часам бываю кепскім, я —дзіця Пана Бога і Дух Святы пранізвае мяне.
Ва ўсіх нас ёсць Дух Святы, таму што Бог не можа закрыцца ад сваіх дзяцей. Але толькі тыя, хто хоча Яго прыняць, а дакладней, рашаецца на гэта, могуць праз Яго дзеянне здзяйсняць вялікія справы.
Я хацеў бы прысвяціць гэты артыкул усім тым, хто моцна хоча перажыць штосьці незвычайнае на малітве — сон у Духу Святым, малітву мовамі, свабоду ўзнясення рук на малітве, што заўгодна. Прашу, адкіньце гэтае «хацеў бы перажыць», а спрабуйце паверыць толькі ў тое, што Ён ёсць! І гэтага дастаткова. Магчыма, настане такі час, калі Дух Святы ўзнясе твае рукі на малітве або ты пачнеш сваімі вуснамі прамаўляць словы, якіх не разумееш, ці проста ўпадзеш — але гэта не важна. Важна тое, каб ты паверыў, што Ён ёсць, што Бог верны, што зробіць цябе здольным на тое, пра што сказаў у Евангеллі паводле св. Яна: «Прыміце Духа Святога. Каму адпусціце грахі, таму будуць адпушчаныя; на кім пакінеце, на тым застануцца» (Ян 20, 22-23). Ён зробіць цябе здольным на тое, каб пайсці да сваіх ворагаў, прабачыць ім грахі і ўсё зло, якое мелі супраць цябе. Істотна тое, каб ты пераступіў свой страх і выйшаў да людзей, якіх баішся, і сваім жыццём, сваім тварам і ўчынкамі паказаў іншым, што Бог змяніў цябе. Вось гэта важна.
Не дазваляй пераконваць самога сябе ў тым, што, каб сустрэць Духа Святога, трэба абавязкова ездзіць на нейкія харызматычныя сустрэчы, хадзіць на сустрэчы адновы ў Духу Святым. Не трэба, бо Ён ужо ў табе.
Гэта няпраўда, што калі ты закрычыш: «Прыйдзі, Духу Святы!» — Ён раптам сыйдзе з дрэва або выйдзе з шафы. Калі будзеш заклікаць: «Прыйдзі, Духу Святы!» — гэта значыць, што ты хочаш нарэшце ўсвядоміць, што Ён у табе, бо абяцаў табе гэта.
На святым хросце Ён пацвердзіў, што жыве ў табе, бо ты — чалавек, дзіця Божае. Дух Святы ёсць у кожным з нас, нават калі мы гэтага не ўсведамляем. Нават калі мы няверуючыя, Ён унутры нас, бо стварыў нас. Гэта няпраўда, што толькі ахрышчаныя і бежмаваныя атрымліваюць нейкую дадатковую сілу. Дух Святы ўнутры нас — а хрост, канфірмацыя і іншыя сакрамэнты пацвярджаюць, што мы свядома ўваходзім у Яго прысутнасць і можам з Ім супрацоўнічаць.
Гэта падобна да адносінаў бацькоў і дзяцей. Бацькі любяць сваіх дзяцей, нягледзячы на тое, ці адказваюць яны на іх любоў. Калі дзеці адказваюць узаемнасцю (гэта падобна да прыняцця сакрамэнтаў), бацькам лягчэй любіць дзяцей, супрацоўнічаць з імі і разам рабіць дабро. Але гэта не азначае, што бацькі пачынаюць любіць толькі тады, калі дзеці скажуць: «Люблю вас, мама і тата». Іх любоў першая выходзіць насустрач, апярэджвае, іх любоў пастаянная.
Са Спасланнем Духа Святога не адбываецца так, што ў пяцідзясяты дзень пасля Уваскрасення Хрыста мы атрымліваем Духа Святога, а потым Ён на працягу года паціху згасае ў нас, і ў канцы мы адчуваем, што нам зноў патрэбна Яго сіла. І тады мы едзем куды-небудзь, каб адчуць гэтую сілу зноў. Ён на працягу года аднолькава актыўны ўнутры нас, бо Ён — Бог, які ніколі не пакідае нас. Але ў дзень Спаслання Духа Святога мы нагадваем сабе, што было такое здарэнне ў гісторыі Касцёла, і з таго моманту Касцёл пачаў выходзіць да людзей, каб адпускаць грахі і каб кожны мог распазнаваць дзеянне Пана Бога ў сабе. Гэта дзень, калі мы згадваем, што маем Духа Святога. Але Ён унутры нас прысутнічае аднолькава і ў суботу перад Спасланнем, і ў панядзелак, пасля Спаслання Духа Святога.
Не бойся жыць Духам, а гэта значыць паўнатою свайго жыцця. Не бойся жыць у высокім духоўным імкненні, для якога Пан Бог стварыў цябе!
Ты варты гэтага, незалежна ад таго, адчуваеш ты на малітве эйфарыю ці супакой. Калі ты перажываеш штосьці без прытворства, ты з’яўляешся годным хрысціянінам і чалавекам. І ты маеш права на тое, каб радавацца, што ты — дзіця Божае.
Скажы сабе зараз з поўным усведамленнем: «Унутры мяне Дух Святы, які робіць мяне здольным здзяйсняць вялікія справы. Ён дапамагае мне пераадольваць свае комплексы і страхі, верыць у тое, што маім Панам ёсць Езус. Ён таксама робіць мяне здольным прабачаць іншым людзям».
Гжэгаж Крамэр SJ — езуіт, блогер.
Пераклад з польскай мовы Вольгі Адамовіч
Паводле deon.pl
Фота: Вераніка Скрабатун