Aurora consurgens у перакладзе з лацінскай мовы азначае «ранішняя зорка». Гэта адно з імёнаў Маці Божай, якім надзяліў Яе Касцёл у Ларэтанскай літаніі. У Адвэнце мы ранкам прыходзім у нашы святыні, каб ушанаваць у раратніх набажэнствах Маці Божую. Усё тут мае высокі сэнс і напоўнена любоўю да Яе — прыгожыя спевы ў гонар Найсвяцейшай Панны, раратняя свечка на алтары — сімвал Яе, якая запалала вялікай любоўю да Бога. У нашым чаканні святаў Божага Нараджэння мы асабліва ўшаноўваем Яе, Маці Божую, і дзякуем Ёй, бо Яна прынесла ў наш свет Збаўцу. Паспрабуйма на гэты раз паразважаць пра Марыю разам з французскім паэтам Полем Кладэлем, які пісаў пра Найсвяцейшую Панну Марыю ў сваёй кнізе «Меч і люстэрка» ў 1935 годзе.
У цудоўных літаніях да Багародзіцы, якія я так люблю чытаць, разгортваючы іх перад Яе позіркам, Прачыстую Панну ўвасабляюць не толькі вобразы зямлі. Бо Яна не проста міра, ружа альбо кіпарыс. Не проста вежа, залаты дом альбо агароджаны сад. І калі мы, даверліва гледзячы ў Яе вочы, пералічваем гэтыя імёны, Яна задумваецца і ў сваю чаргу называе Сябе брамаю неба. Круглая сястрыца-поўня там, наверсе, сцвярджае, што Прачыстая Панна і на самай справе — брама і Божая пячатка на ёй.
— Quae est ista, — гаворыцца ў адным малітоўным тэксце, што гучыць, як аркестр, — quae progreditur quasi aurora consurgens?1 Гэта золата, гэта агонь, і цяпер, у шэсць гадзінаў раніцы, яны рассейваюць пахавальны туман, ператвараючы яго ў ахвярны дым, які напаўняў Ерузалемскую святыню ў дзень асвячэння! І гэтае святло веры, што пранікае ў неасвечаную свядомасць і, яшчэ не высвечваючы выразных контураў, гаворыць нам пра сонца. Progreditur! Яна набліжаецца! Учора была ў Эфесе, а потым залацістымі стопамі прайшла па франтонах Акропаля! А цяпер асвяціла цёмную Афрыку ад краю да краю. Заўтра настане чарга Індыі альбо Кітая, альбо страшнай Расіі, над якой яна ўспыхне, нібы паўночнае ззянне, падмятаючы яе сваім плашчом, абшытым трайною каймою.
Гэтая ранішняя зорка безупынна качуе паміж усходам і заходам. І калі патрэбныя іншыя параўнанні, мы будзем шукаць іх у святога Бэрнара Клервоскага, святога Яна Дамаскіна і ў цудоўным панегірыку святога Жэрмена, які чытаюць на ютрані ў дзень Беззаганнага Зачацця: «Ave, columba! Ave, paradisus! Ave, thronus!»2. «Прыгожая, як поўня»3, Яна павінна заззяць у начной цемры, быццам сведка, якой навечна не дадзена адвесці позірк захаплення і даверу ад Таго, Каго Яна любіць. Яна больш, чым Яго водбліск, якім бы чыстым Ён ні быў. Яна — Абранніца Сонца, «Жанчына, апранутая ў Сонца», пра якую гаворыцца ў Апакаліпсісе, Тая, што ступае з гары на гару, як войска перад бітваю, і з’яўляецца на даляглядзе, палаючы агнём, і трымае меч у руках!
- «Хто яна, што рухаецца, як ранішняя зорка?» (лац.)
- «Авэ, галубка, авэ, рай, авэ, прастол» (лац.)
- Найвышэйшая песня Саламонава 6,10.