
«Для многіх мука Езуса Хрыста — гэта ўрок гісторыі, калі мы спачуваем Хрысту ў пакутах, праз якія Ён прайшоў, перш чым памерці. Нам цяжка паверыць: няўжо людзі могуць быць настолькі жорсткімі, каб учыніць цяжкі боль чалавеку, які быў невінаваты? Для хрысціянаў мука Хрыста павінна быць больш чым проста ўрокам гісторыі. Яна павінна стаць урокам жыцця, павінна навучыць нас, як адстойваць праўду і справядлівасць»
Папа Францішак
Вялікі пост — гэта час, калі ўвесь Касцёл разважае пра пакуты і смерць Хрыста. Пасля таго, як Езус быў прыбіты да крыжа, Ён прамовіў 7 кароткіх фразаў — іх цяпер звычайна называюць «сямю апошнімі словамі Езуса». Гэтыя фразы зафіксаваны ў чатырох Евангеллях.
Аднак нямногія хрысціяне могуць успомніць усе сем апошніх фразаў нашага Пана на крыжы. Падчас разважаняў над мукаю і смерцю Езуса Хрыста памятайце, што гэтыя словы, прамоўленыя амаль 2000 гадоў таму на Галгоце, былі прызначаныя для кожнага пакалення. Нішто сказанае ці зробленае Езусам не было бессэнсоўным. Разважаючы над апошнімі словамі нашага Збаўцы на крыжы, падрыхтуйце свае сэрцы да годнага перажывання Вялікага тыдня і мукі Хрыста.
Першая фраза
«Ойча, прабач ім, бо не ведаюць, што робяць» (Лк 23, 34).
Першымі словамі, якія Езус прамовіў пасля таго, як Яго прыбілі да крыжа, былі словы прабачэння. Са Святога Пісання вынікае, што Езус меў на ўвазе сваіх ворагаў — жаўнераў, якія кпілі з Яго, бічавалі, катавалі і прыбівалі да крыжа. Хоць ворагі Хрыста не прызнавалі Яго як Месію, аднак Ён праяўляе да іх сваё бязмежнае спачуванне.
Другая фраза
«Сапраўды кажу табе: сёння будзеш са Мною ў раі» (Лк 23, 43)
Хрыстус кажа гэтыя словы чалавеку, які быў укрыжаваны побач з Ім. Яны таксама датычаць прабачэння. Бог шчодра адкрывае брамы неба для тых, хто будзе каяцца ў сваіх грахах. Грэшнік прызнаў Хрыста за Таго, кім Ён быў. Божая міласэрнасць заўсёды гатовая выйсці насустрач чалавечай душы і выратаваць яе нават у апошнюю хвіліну.
Трэцяя фраза
«Езус, убачыўшы Маці і вучня, які стаяў побач і якога Ён любіў, сказаў Маці: „Жанчына, вось сын Твой“. Потым сказаў вучню: „Вось Маці твая“» (Ян 19, 26–27).
І зноў Езус працягвае спачуваць тым, хто вакол Яго, хоча пераканацца, што пра Яго Маці паклапоцяцца пасля Яго смерці. Большасць навукоўцаў лічаць, што Марыя была ўдавою падчас распяцця. Добры Сын Езус, у якога не было братоў і сясцёр, каб падтрымаць Маці, звяртаецца да Яна, каб той паклапаціўся пра Яе. Гэтак жа, як Хрыстус аддаў сваю Маці Яну, Ён дае Маці Марыю і нам.
Чацвёртая фраза
«А каля гадзіны дзявятай усклікнуў Езус моцным голасам, кажучы: „Элі, Элі, лема сабахтані?“, што азначае: „Божа Мой, Божа Мой, чаму Ты Мяне пакінуў?“» (Мц 27, 46)
Апошнія чатыры фразы былі вымаўленыя Езусам непасрэдна перад смерцю. Гэтае ж выказванне — адзінае месца ў Евангеллі, дзе захавана арыгінальная арамейская мова. Тут Езус выказаў сваё пачуццё пакінутасці. Паслядоўнікаў, якія былі побач з Ім, цяпер нідзе не знайсці. Езус перажывае цалкам па-чалавечы, і дзякуючы Яго смерці мы адкупленыя.
Пятая фраза
«Пасля гэтага Езус, ведаючы, што ўжо ўсё збылося, каб здзейснілася Пісанне, кажа: „Прагну“» (Ян 19, 28).
У Евангеллі сказана, што перад смяротным пакараннем для Езуса быў падрыхтаваны напой з віна і смірны. У тыя часы было прынята даваць абязбольвальны напой тым, каго збіраліся ўкрыжаваць. Аднак Езус не ўзяў яго.
Слова «Прагну», якое Езус прамовіў ужо на крыжы, — адзінае слоўнае выражэнне Яго фізічных пакутаў. Але ў адказ на гэта Яму паднеслі да вуснаў губку, намочаную воцатам…
Шостая фраза
«Калі Езус пакаштаваў воцату, сказаў: „Здзейснілася!“» (Ян 19, 30).
Дзіўна, але Езус яшчэ быў прытомны пасля некалькіх гадзін знаходжання на крыжы. Слова «Здзейснілася!» не проста азначае, што смерць ужо была прадвызначаная для Яго, але тое, што Ён выканаў сваю місію. Яго прамовы, цуды і, нарэшце, Яго зямныя пакуты хутка скончацца. Яго служэнне і ў выніку смерць аплаціць доўг граху.
Сёмая фраза
«І Езус закрычаў моцным голасам: „Ойча, у рукі Твае аддаю дух Мой“. І, сказаўшы гэта, сканаў» (Лк 23, 46).
Гэта апошнія словы, якія Езус сказаў на крыжы перад апошнім уздыхам. Ён, замучаны з-за нашых грахоў, ахвотна аддае сваю душу Нябеснаму Айцу. Разважаючы над мукаю Хрыста і Яго апошнімі словамі, мы можам лепш зразумець ахвяру Хрыста на крыжы.
Лора Джын, супрацоўніца сайта www.catholiccompany.com,
выпускніца каталіцкага бэнэдыктынскага гуманітарнага каледжа
ў Бэлманце, ЗША
Паводле www.catholiccompany.com
Пераклад з англійскай мовы Эльвіры Палінеўскай.