У студзені Касцёл святкуе ўрачыстасць, якая з’яўляецца адною з самых старажытных у Касцёле, — урачыстасць Аб’яўлення Пана, або свята Трох каралёў. Пра гэтае свята згадваюць на Усходзе ўжо ў ІІІ ст., а на Захадзе першы ўспамін пра свята датуецца 365-м годам на землях Галіі. Менавіта з гэтым святам звязаныя самыя старажытныя ўрачыстыя святкаванні таямніцы Уцелаўлення — Божага Нараджэння.
Айцы касцёла аб’яўленне Дзіцяці язычніцкім мудрацам пачалі называць Эпіфаніяй, або бачнаю праяваю боскай і каралеўскай улады Хрыста. Адсюль бярэ пачатак яшчэ адна назва гэтага свята — свята Эпіфаніі, якая была прынятая ў Касцёле (да Другога Ватыканскага Сабору вялі адлік пасля нядзелі Эпіфаніі).
Цікава, што ў айцоў Касцёла Эпіфанія была не толькі аб’яўленнем Хрыста язычнікам, але таксама паказам каралеўскай велічы Езуса, таму ў патрыстычнай традыцыі Аб’яўленне Пана святкуецца як свята Хрыста Валадара. Гэта пацвярджаюць шматлікія тэксты і з Усходу, і з Захаду. Пра гэта сведчыць урывак тэксту, напісаны з нагоды гэтага свята, аўтарства якога прыпісваецца св. Эфрэму Сірыйскаму (+373 г.). У тэксце змешчаны дыялог Марыі з мудрацамі.
<...>
Марыя: Я не маю каралеўскіх скарбаў,
багацце — не мая доля,
мой дом і пакой сціплыя.
Чаму называеце Каралём майго Сына?
Мудрацы: Тваё Дзіця — каштоўны скарб,
што ўсіх людзей узбагачае.
Каралеўскія скарбы часта гінуць,
Твой Сын не загіне,
бо Ён — несмяротны. <...>
Ва ўрыўку «Песні пра Марыю і мудрацоў», простым па сваёй сутнасці, тэалагічнае багацце сканцэнтравана на паказе каралеўскай годнасці Хрыста. У вусны Марыі св. Эфрэм укладае словы, які абвяргаюць каралеўскую годнасць Езуса. Яна найперш падкрэслівае ўбоства, а мудрацы сцвярджаюць, што Езус — гэта Кароль.
Прудэнцый (+405) — адзін з вядомых хрысціянскіх паэтаў, які пісаў на лацінскай мове, пакінуў сярод сваіх працаў «Гімн на ўрачыстасць Эпіфаніі». Некалькі радкоў з гімна сведчаць пра тое, што народжанае Дзіця называлі Каралём:
У персідскім краі,
дзе сонца браму сваю мае,
хутка йшлі
залатых зорак даследчыкі пільныя,
калі заўважылі каралеўскі штандар.
«Што ж за Кароль вялікі?» — гавораць —
У сябе на службе мае зоркі.
Дрыжыць неба, святло, паветра. <...>
Гэта Кароль народаў вялікі,
гэта Кароль жыдоўскага племені,
надзея Абрагама і яго насенне навекі. <...>
Яго Валадарства ахопіць
прастору мора і зямлі,
Межы ад усходу і да захаду,
вяршыні нябесныя, глыбіні падземныя.
Габрэй, грэк, скіф, рымлянін,
перс і сын Егіпта —
гэта Кароль адзін для ўсіх.
Прудэнцый, згодна з тэалагічнай неабходнасцю свята, звяртае ўвагу на аб’яўленне Хрыста Валадара язычніцкаму свету. Ён тлумачыць у тым жа духу, як і іншыя айцы, сімволіку дароў, сярод якіх золата сведчыць пра каралеўскую годнасць Езуса. Калі абставіны Божага Нараджэння паказвалі паніжэнне Езуса Хрыста, то свята Эпіфаніі падкрэслівае Яго незвычайнае ўзвышэнне як Бога і Караля ўсяго свету.
Свята Эпіфаніі распаўсюдзілася ў Касцёле, а звычай наведвання і благаслаўлення дамоў святаром (сучасная «каляда») узнік невядома калі. Зварот «Christus mansionem benedicat» гаворыць пра пажаданне, каб Хрыстус благаславіў гэтае жытло, а запісваецца ён лацінскімі літарамі С+М+В. Гэтыя літары гавораць таксама пра імёны трох мудрацоў — Каспера, Мельхіёра, Бальтазара. Звычай пазначэння дзвярэй першымі літарамі імёнаў каралёў — хутчэй за ўсё народны. Цікава, што ў Евангеллі св. Мацвей піша не пра каралёў, а пра мудрацоў (магаў). Пра мудрацоў згадваецца ў Старым Запавеце. Яны лічыліся вучонымі, якія сачылі за планетамі і зоркамі. Упершыню ў VI ст. каралямі іх назваў св. Цэзар з Арля, і гэтую назву пераняла традыцыя Касцёла.
Колькасць мудрацоў для нас відавочная, хоць дакладна і не акрэсленая Евангелістам. Малюнкі ў рымскіх катакомбах ІІ і ІІІ ст. паказваюць двух, чатырох, шасцёх мудрацоў. У сірыйцаў і армянаў з’яўляецца аж дванаццаць вучоных мужоў. Аднак «перамагла» лічба тры — паводле трох прынесеных дароў: золата, кадзіла і міра. Гэтыя дары былі сапраўды каралеўскія і вельмі цаніліся ў тыя часы.
Жэст вучоных у адносінах да Дзіцяці выклікае здзіўленне, бо ўпасці на твар і ў паклоне — гэта старажытная праскінеза, якую здзяйснялі толькі перад найвыйшэшымі ўладарамі. Мудрацы не вагаліся, знайшоўшы нованароджанага Караля. Традыцыя айцоў Касцёла дае вельмі трапную інтэрпрэтацыю іх вяртання дадому іншым шляхам: сустрэча Хрыста Пана вядзе да змены жыццёвага шляху, вяртання да са сваіх штодзённых заняткаў у родным краі, але іншым шляхам...
Урачыстасць Эпіфаніі, або свята Трох каралёў, з’яўляецца святам узвышэння Хрыста, Бога і Караля, святам аб’яўлення Яго хвалы па-за Ізраэлем для паганскіх народаў і для людзей, сэрцы якіх адкрытыя і гатовыя пакорна прыняць праўду пра Уцелаўлёнае Слова.
Падрыхтавала Іна Ламака
Паводле: «Posłaniec Serca Jezusowego», № 1 (134), 2005