Каралева Мексікі

Гісторыя аб’яўлення

Гісторыя аб’яўлення ў Гвадэлупе стала шырока вядомаю сярод збяднелых мексіканскіх індзейцаў недзе праз 10 гадоў пасля заваявання зямель іспанцамі ў ХVI ст. Ацтэкскія правадыры былі забітыя, шмат мужчын і жанчын прадалі ў рабства, а ўсе землі падзялілі паміж сабою прагныя і хцівыя канкістадоры. Пасля вызвалення ад уціску ацтэкаў, рэлігія якіх патрабавала людскіх ахвяраў, мексіканскія індзейцы апынуліся пад уладаю новых іспанскіх каланізатараў, якія здабывалі высакародныя металы і стваралі па еўрапейскім узоры велізарныя латыфундыі. У абодвух выпадках мясцовыя індзейцы былі толькі таннаю рабочаю сілаю. 

Аднак, як гаварыў св. Францішак, «заўсёды найбяднейшыя з бедных атрымліваюць найвялікшыя духоўныя багацці».

9 снежня 1531 г. у нядзелю на досвітку адзін найбяднейшы з бедных, непісьменны індзеец Хуан Дзіега праходзіў каля святога ўзгорка ацтэкскай багіні маці Тананцын, які цяпер носіць імя Гвадэлупы.

Пра Хуана Дзіега захавалася скупая інфармацыя. Вядома толькі, што быў ён удаўцом, меў больш за 50 гадоў і быў ахрышчаны. У той халодны ранак ён спяшаўся ў касцёл. Паветра дрыжэла ад птушыных спеваў і музыкі, такіх лёгкіх і салодкіх, што ён, зачараваны, затрымаўся. Схілы гары былі ахутаны воблакам, што свяцілася і ззяла шматколернымі промнямі. 

Раптам спевы сціхлі, і Хуан Дзіега пачуў жаночы голас, які клікаў яго з-за воблака. Селянін хутка ўзлез на скалы і ўбачыў там «маладую індзейскую дзяўчыну, апранутую як ацтэкская князёўна». Нават пазней ён казаў пра яе «La Indita», што значыць «Маленькая  Індыянка».

Паводле яго ўласнага апісання, якое відавочна было ўпрыгожана ў перакладзе, «ад яе сукенкі сыходзіла моцнае ззянне, якое перамяніла суровыя скалы ўзгорка. Звычайныя камяні выглядалі нібы высакародныя металы, лісце хмызняку, што рос побач, было нібы гронкі ізумруду, а яго галінкі выглядалі як паліраванае золата».

Мадонна паклікала Хуана Дзіега да сябе кіўком галавы, а калі ён наблізіўся, запэўніда на індзейскай мове нахуатл, што «Яна — любячая Маці для яго і ўсіх такіх, як ён». Пад гэтым акрэсліваннем Яна мела на ўвазе індзейцаў. Гэтае аб’яўленне адбывалася на ўзгорку, на якім у ахвяру прыносілі дзяцей і які лічыўся святым у вераваннях індзейцаў. На Марыі быў спецыяльны пояс, які насілі толькі цяжарныя жанчыны і які з’яўляўся знакам асаблівага клопату пра дзяцей. Яна сказала селяніну, каб ён пайшоў у палац біскупа і перадаў, што яна жадае, каб на гэтым месцы быў пабудаваны Яе касцёл.

Паколькі іспанцы часта пагардліва адносіліся да індзейцаў, бедны Хуан нясмела прапанаваў, каб Маці Божая з такой важнай навіной паслала да біскупа іспанца. Але Яна адказала, што робіць гэта з любові да прыгнечаных індзейцаў, і абяцала яму, што ўсё скончыцца добра. Хуан Дзіега пакорна спусціўся з пагорка і пайшоў да біскупа.

Прыслуга ў палацы, пачуўшы, у чым справа, высмеяла яго і загадала чакаць амаль цэлы дзень. Але ў рэшце рэшт, убачыўшы яго цярплівасць і настойлівасць, пусціла Хуана да біскупа.

Зразумела, біскуп не хацеў верыць, што Маці Божая магла аб’явіцца беднаму індзейцу, таму дамагаўся, каб Маці Божая дала асаблівы знак, які б гэта пацвердзіў. Нягледзячы на тое, што цямнела, Хуан Дзіега зноў пайшоў да таго пагорка. «Маленькая Індыянка» зрабіла так, што на голых скалах расцвіло мноства кастыльскіх ружаў. Ідучы па гэтым знаку, Хуан Дзіега сабраў ружы ў панчо і занёс іх біскупу. Калі ж разгарнуў сваё адзенне, то ўсе ўбачылі, што на ўнутраным баку шорсткага, уручную тканага плашча «Маленькая Індыянка» цудоўным чынам пакінула сваю выразную выяву.

Гэты абраз — найважнейшы хрысціянскі сімвал Мексікі, бо паказвае цемнатварую «Маленькую Індыянку», а не белую Мадонну, якую ўшаноўваюць іспанцы.

На гэтай выяве далоні Маці Божай складзены як падчас малітвы, і, згодна з ацтэкскім звычаем, Яна  апранута ў доўгую  ружовую сукенку, аздобленую золатам. Яе верхні плашч — гэта блакітны хітон, па якім рассыпаны зоркі. Маці Божая стаіць на маладзіку, які трымае анёл з крыламі. Выява Марыі акружана жамчужна-белым воблакам.

На гэты раз біскуп паверыў аповеду Хуана Дзіега. З часам на месцы аб’яўлення быў пабудаваны першы касцёл, а дакладней, прымітыўная прастакутная каплічка ў індзейскім стылі.

На працягу стагоддзяў гэта каплічка шмат разоў перабудоўвалася, каб адпавядаць усё большай колькасці пілігрымаў. Урэшце ў 1985 г.  тут узняўся велічны касцёл у каланіяльным стылі, з цэнтральным купалам, пакрытым золатам, чатырма вежамі і гіганцкімі калонамі, якія падтрымліваюць скляпенне. Касцёл быў багата аздоблены: толькі на галоўны алтар пайшло каля 60 тон срэбра. Самым важным элементам касцёла стала велізарная залатая рэліквія, змешчаная высока на алтары з бронзы і мармуру, у якой знаходзіўся плашч з выявай La Idita.


Гвадэлупа сёння

У 1976 г. паводле праекта мексіканскага архітэктара Пэдра Рамірэса Васкеза быў пабудаваны сучасны будынак, які можа змяшчаць усіх пілігрымаў.

Несумненна, для Мексікі La Senora de Gwadelupe мае велізарнае значэнне. Яна дала індзейцам пачуццё ўласнай вартасці і нацыянальнай годнасці, а Яе выявы знаходзяцца амаль усюды: у вітрынах крам, на паштовых марках, у аўтамабілях, у кожным касцёле і ў большасці грамадскіх будынкаў. Папа Пій Х (1909–1914) абвясціў Яе «Каралеваю Мексікі».

Галоўная пілігрымка да Маці Божай Гвадэлупскай адбываецца 11–12 снежня, у вігілію і ў святочны дзень. Урачыстасці праходзяць з вялікім размахам: працэсіі цягнуцца кіламетрамі ўздоўж дарог, на вуліцах людзі спяваюць і танцуюць, у неба ляцяць феерверкі.

Сучасныя пілігрымы бачаць цудадзейную выяву такой жа, якой яе ўпершыню ўбачыў біскуп Зумарага на плашчы індзейца Хуана Дзіега. З таго часу, на працягу вось ужо 467 гадоў, перад Ёю моляцца і атрымліваюць розныя ласкі дзясяткі мільёнаў людзей. Абраз Маці Божай Гвадэлупскай гаворыць насельніцтву абедзвюх Амерык, што ўсе яны паміж сабою браты і сёстры, бо маюць аднаго любячага Айца. Гледзячы на цудадзейны абраз Маці Божай Гвадэлупскай, мы бачым Маці Адкупіцеля ўсяго роду людскога Езуса Хрыста і Маці ўсіх людзей, якая дбае пра вечнае выратаванне сваіх дзяцей. Менавіта Яна вядзе кожнага з нас шляхам веры да вытокаў жыцця і любові, да свайго Сына Езуса Хрыста і дае нам знак, каб мы паверылі, што сапраўднае шчасце — толькі ў Богу.

Джордж Таргет «Пілігрымкі свету».
Пераклад з польскай Э. Ваўчок.

Надрукавана ў часопісе «Ave Maria», № 11(66), 2000

Мы вельмі радыя
бачыць вас на сайце
часопіса «Ave Maria».
Гэта плён працы
неабыякавых людзей,
якія з радасцю ствараюць
гэты часопіс для вас.

Падпіска
Ахвяраванні

Сайт часопіса „Ave Maria“ Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рыма-каталіцкага Касцёла ў Беларусі

Часопіс існуе дзякуючы вашым ахвяраванням. Сёння мы просім вашай дапамогі — нават невялікая сума падтрымае нас.

Падрабязней