
Таямніца Маці Божай Балеснай — не проста літургічны ўспамін, які адзначаецца 15 верасня. Яна надзвычайным чынам актуалізуецца ў сучасным свеце.
Нельга не звярнуць увагі на выпадкі плачу (часам крывавымі слязьмі) абразоў і фігурак Маці Божай ва ўсім свеце. Шматразова з абразоў, прысвечаных Маці Божай Балеснай, цяклі слёзы (напр., у 1972 г. у Рэндзінары ці Чынкуэфрондзі ў Італіі). Гэтая з’ява датычыць таксама праваслаўных іконаў (напр., у 1960 г. у Нью-Ёрку і ў 1986 г. у Чыкага).
Справа тут не ў наіўнасці, якая ўсе падзеі такога тыпу дазваляе адназначна ўспрымаць як звышнатуральныя ці трансцэндэнтныя з’явы. З другога боку, было б інтэлектуальнаю і маральнаю памылкаю пярэчыць мноству фактаў, спрабуючы даць скептычную інтэрпрэтацыю гэтых здарэнняў, асабліва калі ўлічыць тое, што ў многіх выпадках лабараторна пацверджана сапраўднасць слёз і крыві, які цяклі з марыйных абразоў і фігурак настолькі часта, што можна было б стварыць багатую храналогію гэтай таямніцы.
МАРЫЯ ПЛАЧА ЎЖО МНОГІЯ СТАГОДДЗІ
Многія феномены гавораць самі за сябе і даюць багаты матэрыял прынамсі для рэфлексіі тым, хто не жадае быць сляпым ці глухім. Асабліва важнымі з’яўляюцца тыя факты плачу, што былі заўважаныя ў ХХ стагоддзі, калі можна было больш дакладна праверыць іх, выкарыстоўваючы дасягненні тэхнікі, якая дазваляе выявіць падман. Аднак ужо шмат стагоддзяў таму гістарычныя хронікі зафіксавалі з’явы такога тыпу, і пра гэта варта ўзгадаць, каб усвядоміць маштаб і важнасць праблемы. Працягласць падобных феноменаў у часе прымушае задумацца. Напрыклад, паводле пісьмовых крыніц ад 30 красавіка 1464 г., у мястэчку Гёргшонь каля горада Печ, што ў Венгрыі, з цудатворнага абраза «Марыя, Сталіца мудрасці» часам вельмі моцна сачылася кроў, ажно сцякаючы на зямлю. Гэтая з’ява паўтарылася некалькі разоў у перыяд з 30 красавіка да 18 мая 1464 г. Падобна было і ў 1583 г. у горадзе Копакабана, што ў Балівіі.
Фігурка, з якой сачылася кроў, стала прадметам культу таксама ў 1603 г. у Шэрпенхойвелі ў Бельгіі. Крывавыя слёзы паплылі ў 1660 г. у Клокаашка ў Венгрыі. Падобна было ў 1715 г. у Сэнт-Анталь у Венгрыі, дзе абраз «Маці Божая Успамога Хрысціянаў» плакаў крывавымі слязьмі. У 1813 г. цяжка паранены польскі жаўнер з Ліхэня, Томаш Класоўскі, падчас малітвы ўбачыў Маці Божую, якая сумавала і плакала. Пасля аздараўлення, у 1836 г., Класоўскі знайшоў абраз, які адпавядаў гэтаму бачанню. З 1848 г. гэты абраз згодна з пажаданнем Маці Божай ушаноўваецца публічна. У 1846 г. у Ля Салет у Францыі адбыліся знакамітыя аб’яўленні Панны Марыі, якая асцерагала людзей перад грахамі лаянкі і занядбання малітвы. Там Яна дала зразумець, што гэтыя грахі з’яўляюцца прычынаю Яе слёз.
У ХХ ст. феномен слёз і плачу Марыі назіраўся ў такіх мясцовасцях, як Сан-Тай-Дзэ (Маньчжурыя, 1900), Бардо (Францыя, 1907) і Туртрэс (Францыя, 1910). Сястра Амалія (1901–1977), сузаснавальніца Інстытута Езуса Укрыжаванага, сярод многіх нябесных бачанняў убачыла Хрыста, які сказаў ёй: «О, чаго б людзі ні прасілі праз слёзы Маёй Маці, Я ім добразычліва ўдзялю». Маці Божая, якую бачыла сястра, навучыла яе маліцца «Ружанец слёз», на якім замест крыжыка знаходзіцца медалік з выяваю плачучай Мадонны і з надпісам: «Маці Балесная, Твае слёзы разбураць панаванне пекла».
У 1949 г. з копіі абраза Маці Божай Чанстахоўскай, што знаходзіцца ў люблінскай катэдры, на працягу двух дзён цяклі слёзы ў прысутнасці відавочцаў.
ПЛАЧ РУЖЫ ДУХОЎНАЙ І МАЦІ БОЖАЙ ФАЦІМСКАЙ
У 1947 г. у Мантык’яры-Фантанэлле (Італія) П’ерына Грыллі, медсястра, упершыню ўбачыла Маці Божую, якая была вельмі сумнаю, а вочы Яе былі поўныя слёз, што сцякалі на зямлю. Яе грудзі праціналі тры вялікія мячы. Марыя сказала толькі тры словы: «Малітвы, ахвяры, пакаяння». Аб’явіўшыся шмат разоў (заўсёды з трыма ружамі на грудзях), Марыя назвала сябе Ружаю духоўнаю (Ружаю містычнаю) і папрасіла аб выкананні гэтых трох пажаданняў. Наступныя аб’яўленні адбыліся ў 60-я гады пры крыніцы ў Фантанэлле, а таксама ў 1974–1976 гг. Аб’явіўшыся 8 красавіка 1975 г., заплаканая Марыя з невымоўным цярпеннем паскардзілася: «О, як шмат маіх дзяцей крочыць па шляху гібелі». Падчас працэсіі ў Фантанэлле ў лістападзе 1985 г. з некалькіх маленькіх фігур Ружы духоўнай цяклі слёзы, сведкамі чаго былі шматлікія ўдзельнікі набажэнства, а 8 снежня 1985 г. плакала таксама драўляная статуя Ружы духоўнай у катэдры ў Мантык’яры.
Аднак ужо ў 1982 г. у парафіі Маці Божай у Маасмехелен (Бельгія) плакала пілігрымуючая фігура Мадонны Ружы духоўнай, што пацвердзілі тысячы пілігрымаў. Падобна фігура Ружы духоўнай плакала ў горадзе Мантэнакен у Бельгіі, у адным з дамоў. У Нью-Ёрку ў 1984 г. таксама плакала фігура Ружы духоўнай, і Яе слёзы нават збіралі ў келіх. У Чыкага ў 1984 г. на вачах пробашча Р. Ясіньскага і яго парафіянаў здарыўся падобны феномен, што глыбока ўзрушыла вернікаў і выклікала ажыўленне рэлігійнага жыцця. Зафіксаваны таксама шматлікія выпадкі аздараўленняў і навяртанняў. У 1984 г. абраз Мадонны Ружы духоўнай плакаў крывавымі слязьмі (Лос-Чаркас, Калумбія). Цуд плачу фігуры Ружы духоўнай меў таксама месца ў 1984 г. у Нойенталь-Цыммерсродэ (Германія), у тым жа годзе — у горадзе Картахена (Калумбія), у Жамбейру (Бразілія), у горадзе Тумбес (Перу), у 1985 г. — у гарадах Хамонт (Бельгія), Манрэаль (Канада), Дублін (Ірландыя), у 1990 г. — у Лавейры (Бразілія), дзе пілігрымуючая фігурка Ружы духоўнай часта плача сапраўднымі слязьмі, што было пацверджана лабараторнымі даследаваннямі...
АДКРЫЦЦЁ ТАЯМНІЦЫ ЗБАЎЛЕННЯ
Абуджэнне рэлігійнага ўяўлення не азначае аўтаматычна адкрыцця чалавека на трансцэндэнцыю. Можна спытаць: ці не ўказваюць марыйныя аб’яўленні з усім сваім драматызмам на трансцэндэнцыю? Ці сапраўды Яна прысутная ў часе і прасторы? Ці, можа, гэтыя бачанні ў шматлікіх людзей на працягу стагоддзяў з’яўляюцца знакам менш рэалістычнага, але сапраўднага інтуітыўнага адкрыцця на таямніцу быцця (К. Ранер)? Чалавек успрымае голас трансцэндэнцыі праз прызму абставінаў, у якіх ён знаходзіцца. Марыйныя аб’яўленні былі рознымі ў розныя эпохі. Аднак плач — гэта своеасаблівая інфармацыя, якая можна паходзіць ад Бога, азначаць Божае спачуванне і апелюе да чалавечых сэрцаў.
Яна таксама можа азначаць, што ў чалавечым жыцці пануе пэўная дысгармонія ці нават хаос. У сваіх аб’яўленнях Маці Божая просіць, каб чалавек перастаў грашыць. Зрэшты, гэта і ёсць актуалізацыя Евангелля (Мц 7, 13–27; Лк 13, 1–9). Паводле Р. Ларантэна, пасланні Марыі маюць педагагічнае і прароцкае значэнне. Істотнаю асаблівасцю з’яўляецца іх падабенства. І адзін з найбольш паўтаральных элементаў — прадказанне кары за грахі, або цярпенняў, якія могуць быць толькі зменшаныя, але не знішчаныя. Аднак звядзенне пасланняў толькі да акту іманентнага правасуддзя — злачынства і пакарання — фальсіфікавала б іх сэнс. Самае істотнае тое, што грэх укрыжоўвае Хрыста; менавіта з гэтага страшнага злачынства вынікае ўсялякае зло (Р. Ларантэн «Сучасныя аб’яўленні Найсвяцейшай Панны Марыі»). Плач Марыі — гэта заклік да малітвы і пакаяння, таго, што было сутнасцю біблійнага паслання, а таксама патрыстычнага аскетычнага вучэння і сведчання святых.
Аляксандр Пасацкі SJ.
Пераклад з польскай мовы Ганны Шаўчэнка.
Паводле: www.katolik.pl
Гл. таксама: