Слова на Нараджэнне Найсвяцейшай Багародзіцы

Свята Нараджэння Найсвяцейшай Панны Марыі, якое адзначаецца ў Каталіцкім Касцёле 8 верасня, — адно з самых старажытных марыйных святаў. Ужо ў V cт., калі Эфескі Сабор (431 г.) абвясціў дагмат аб Божым Мацярынстве Найсвяцейшай Панны Марыі, у Ерузалеме адзначалася ўрачыстасць пасвячэння базылікі ў месцы нараджэння Маці Божай.


Гэтае свята асаблівае. Звычайна Касцёл згадвае нараджэнне святых для неба, г. зн. дзень іх смерці, а для Марыі зроблена выключэнне, бо Яе нараджэнне, узыход Зоркі ранішняй, прынясло надзею на збаўленне для ўсяго свету: з Яе Сын Божы возьме чалавечую натуру, з Яе ўзыдзе Сонца справядлівасці, Хрыстус, наш Бог. Пра вялікую радасць гэтага дня разважае ў сваім «Слове на Нараджэнне Найсвяцейшай Панны Марыі» святы Андрэй Крыцкі (каля 660–740 гг.), знакаміты хрысціянскі тэолаг і гімнограф.

Сённяшняе свята для нас — гэта пачатак святаў. Служачы мяжою законам і пераменам, яно разам з тым служыць дзвярыма да ласкі і праўды. «Таму што канец закона — Хрыстус» (Рым 10, 4), які, вызваляючы нас ад літары, узводзіць да духа. Тут канец [закону]: таму што Заканадаўца, здзейсніўшы ўсё, змяніў літару на дух і аб’яднаў усё ў сабе (пар. Эф 1, 10), ажыўляючы закон ласкаю: ласка прыняла закон пад сваё ўладаранне, а закон падпарадкаваўся ласцы, так што ўласцівасці закона і ласкі не пацярпелі ўзаемнага змешвання, а толькі цяжкае, нявольніцкае і службовае [ў законе] сілаю Боскаю перамянілася на лёгкае і свабоднае [ў ласцы], «каб мы, — як кажа Апостал, — не былі зняволеныя стыхіямі свету» (Гал 4, 3) і не знаходзіліся пад рабскім ярмом літары закону. Вось верх Хрыстовых дабрадзействаў для нас! Вось аб’яўленне таямніцы! Вось абагаўленне ўспрынятага чалавецтва — плод выдаткоўвання Богачалавека.

Светлае і яўнае сыходжанне Божае да людзей павінна мець радасны пачатак, якім уводзіцца да нас вялікі дар збаўлення. Такім і ёсць тое свята, пачатак якога — Нараджэнне Багародзіцы, а канец — злучэнне Слова з целам, гэты найслаўнейшы з усіх цудаў, што няспынна абвяшчаецца; цуд, які немагчыма ахапіць розумам і спасцігнуць. І чым цяжэй яго спасцігнуць, тым больш ён адкрываецца; і чым больш адкрываецца, тым цяжэй яго спасцігнуць. Таму гэты напоўнены Божаю ласкаю дзень, першы ў нашых святкаваннях, паказваючы святло дзявоцтва і нібы сплятаючы вянок з незвядальных кветак духоўнага вертаграду Пісання, прапануе стварэнню агульную радасць. «Будзьце смелымі ў сваіх імкненнях, — нібы кажа ён, — вось свята нараджэння Дзевы і з ім — абнаўленне чалавечага роду! Дзева нараджаецца, выхоўваецца, узрастае і рыхтуецца быць Маці Валадара ўсіх вякоў — Бога». <...>

Няхай жа будзе сёння адна агульная ўрачыстасць і на небе, і на зямлі. Няхай разам святкуе ўсё, што ў свеце, і што па-за светам. Сёння Стварыцелю ўсяго наладзілася створаная святыня, і стварэнне падрыхтоўваецца на новае Боскае жыллё для Творцы. Сёння выгнаная з краіны шчасця прырода наша прымае пачатак абагаўлення, і пыл імкнецца ўзнесціся да найвышэйшай славы. <...> Сёння няплодная становіцца, зусім неспадзявана, маці і, нарадзіўшы Тую, якая нарадзіла без мужа, асвячае натуральнае нараджэнне. Сёння, паводле прароцтва, вырасла Парасткам Давідавым Тая, якая, стаўшы вечна зелянеючым Жазлом Аарона, расквітнела для нас Жазлом Сілы — Хрыстом. Сёння ад Юды і Давіда паходзіць Дзева, выяўляючы сабою каралеўскую і святарскую годнасць Таго, Хто прыняў на сябе [святарства] Аарона па чыну Мэльхізэдэка (Гбр 7, 15). Сёння пачынаецца аднаўленне прыроды нашай, і заняпалы свет, прымаючы адпаведнае Богу ўтварэнне, атрымлівае пачатак другога Боскага стварэння.

Першае стварэнне людзей адбылося з чыстай, без следу ганебнага, зямлі; але іх прырода азмрочыла прыроджаную ёй годнасць, пазбавіўшыся ласкі праз грэх непаслушэнства; за гэта мы выгнаныя з краіны жыцця і, замест райскіх уцехаў, атрымалі жыццё часовае як спадчыну роду, а з ім — смерць і разбэшчанасць роду [нашага]. Усе сталі аддаваць перавагу зямлі перад небам, так што не заставалася ніякай надзеі на збаўленне, акрамя найвышэйшай дапамогі. Ні натуральны, ні пісаны закон, ні палымяныя прымірыцельныя прадраканні прарокаў не мелі моцы вылечыць хваробу. Ніхто не ведаў, як выправіць чалавечую прыроду і пры дапамозе чаго больш зручна было б узвесці яе да першай годнасці, пакуль Мастак усяго Бог не будзе мець ласку адкрыць нам іншы, зладжаны і новаўкладзены свет, знішчыўшы пошасць граху, што даўным-даўно ўварвалася [ў чалавечае жыццё] і спарадзіла смерць, і адарыць нас дзівосным, свабодным і цалкам пазбаўленым жарсцяў жыццём праз аднаўленне нашае ў хросце Боскага нараджэння. Але як перадалося б нам гэтае вялікае і дастойнае славы дабро, такое адпаведнае Боскім законам, калі б Бог не аб’явіўся нам у целе, не паддаўся законам прыроды і не меў ласку пажыць з намі вядомым Яму чынам? А як усё гэта магло б выканацца, калі б спярша не паслужыла таямніцы Чыстая і Непарушная Дзева, якая ўмясціла [ва ўлонні сваім] Неўмясцімага па закону, які пераўзыходзіць законы прыроды? І ці магла зрабіць гэта якая іншая дзева, акрамя той Адзінай, якая перад усімі вякамі была выбраная Творцам прыроды?

Гэтая Дзева ёсць Багародзіца Марыя, Богапраслаўлёная, з улоння якой выйшаў з целам Найвышэйшы Бог і якую Ён сам учыніў для сябе дзівоснаю святыняю. Яна зачала бяссемева і нарадзіла нятленна, таму што [Сын Яе] быў Бог, хоць і нарадзіўся ў целе, без змешвання і болю. Гэтая Маці, сапраўды, пазбегла таго, што ўласціва маці, і дзівосным чынам карміла малаком Сына, народжанага без мужа. Дзева, нарадзіўшы бяссемева Зачатага, засталася Чыстаю Дзеваю, захаваўшы непарушнымі знакі дзявоцтва. І так, сапраўды, Яна называецца Багародзіцаю; дзявоцтва Яе ўшаноўваецца, і нараджэнне ўспрымаецца як благаслаўлёнае. Бог, злучаючыся з родам чалавечым і аб’яўляючыся ў целе, адорвае Яе ўласнаю славаю. Жаночая натура раптам вызваляецца ад першага пракляцця, і як першае ўвяло грэх, так зноў жа першае пачынае збаўленне. <...>

Хто ж гэтая Дзева і ад якіх паходзіць бацькоў? Марыя, слава ўсіх, нарадзілася з племені Давідава, а ад семені Яўхімава. Яна паходзіла ад Евы, а была дзіцем Ганны. Яўхім быў чалавекам лагодным, пабожным, выхаваным у законе Божым. Жывучы цнатліва і ходзячы перад Богам, ён састарыўся бяздзетным — часу, калі жыццё яго квітнела, не адпавядала прадаўжэнне роду. Таксама і Ганна была жанчынаю богалюбіваю, цнатліваю, але няплоднаю; жыла з мужам у згодзе, але заставалася бяздзетнаю. Ні пра што так не клапоцячыся, як пра выкананне закона Панскага, яна, аднак, штодзённа ўражвалася джалам бяздзетнасці і цярпела тое, што звычайна бывае доляю няплодных, — маркоцілася, бедавала, смуткавала, не зносячы бяздзетнасці. Так, Яўхім і жонка яго шкадавалі аб тым, што не мелі прадаўжальніка роду свайго; зрэшты, іскра надзеі яшчэ не згасла ў іх канчаткова: абое маліліся аб тым, каб даравана ім было дзіця для прадаўжэння семені іхняга. Абое, наследуючы пачутую [Богам] малітву Ганны (1 Сам 1, 10), не адыходзілі ад святыні, рупліва просячы Бога, каб зняў няплоднасць і дараваў плод бяздзетным. І не cпынялі яны сваіх намаганняў, пакуль не атрымалі жаданае. Сапраўды, жаданні іх споўніліся. Даўца дароў не пакінуў без увагі дар іхняга спадзявання. Моц, якая ніколі не запавольваецца, хутка прыйшла з дапамогаю да просячых і молячых Бога і ўчыніла іх здольнымі прынесці плод. Такім чынам, ад няплодных і высахлых бацькоў, нібы ад арошаных дрэваў, вырас для нас славуты плод — Беззаганная Дзева. Повязі няплоднасці былі знятыя — малітва прынесла нават больш за спадзяванае; бяздзетная нарадзіла Дзіця, стала найшчаслівейшай з маці.

Паколькі Тая, якая вырасціла з улоння свайго Колас нятлення, нарадзілася ад няплоднай маці, то бацькі, у першай квецені Яе ўзросту, прывялі Яе ў святыню і прысвяцілі Богу. Святар, які здзяйсняў тады сваю пару служэння, убачыўшы [светлыя] абліччы дзеваў, што папярэднічалі Ёй і ішлі ўслед, узрадаваўся і ўзвесяліўся, бачачы як бы сапраўднае здзяйсненне Боскіх абяцанняў. Ён прысвяціў Яе Богу, як шчыры дар, як спрыяльную ахвяру, і, як вялікую скарбніцу збаўлення, схаваў Яе ў самых унутраных частках святыні. Тут Дзяўчына прабывала ў апраўданнях Панскіх <...> да часу заручынаў, які быў прадвызначаны перад усімі вякамі Тым, Хто, па невыказнай міласэрнасці, нарадзіўся з Яе; і Тым, Хто перад пачаткам усякага стварэння, часу і прасторы Боскім чынам нарадзіў Яго; і разам з Духам Яго, які мае з Ім агульную прыроду, агульны трон і славу. А гэта і ёсць Адзіны Бог, Адзінасутны Валадар, непадзельны і нязменны, і ні ў чым не адрозны, акрамя асабістых уласцівасцяў. Таму я радуюся і весялюся, і прыношу святочны дар Маці Слова. Таму што Народжанае з Яе навучыла мяне верыць у Тройцу: Слова, якое не мае пачатку, і Сын наладзіў у Дзеве сваё ўцелаўленне; Айцец, які нарадзіў Яго [перад усімі вякамі], меў ласку ўчыніць гэта; Дух Святы ахінуў і асвяціў улонне Той, якая неспасцігальным чынам зачала. <...>

Люд Божы, народ святы! <...> Няхай жа кожны з нас, па меры дадзенай яму ласкі, прынясе годны дар гэтай урачыстасці. Айцы — працвітанне роду; маці — добрае патомства; няплодныя — няплоднасць грэху; дзевы — асаблівую цнатлівасць, гэта значыць [цнатлівасць] душы і цела; сужэнцы — годнае пахвалы ўстрыманне. Калі хто з вас бацька — няхай наследуе бацьку Дзевы; нават калі хто бяздзетны — няхай пажынае плённую малітву, што ўзрастае з жыцця, якое падабаецца Богу. Маці, кормячы дзяцей сваіх, няхай радуецца разам з Ганнаю, якая выхавала Дзіця, дарованае ёй у няплоднасці па малітве. [Жанчына], якая не нараджала, няплодная, пазбаўленая благаслаўлёнага плоду, няхай прыходзіць з вераю да Той, якая дадзена Богам Ганне, і пазбавіцца няплоднасці. Дзева, якая жыве беззаганна, няхай стане маці слова, упрыгожваючы словамі хараство душы. Сужэнка няхай прыносіць разумную ахвяру ад пладоў малітвы. Усе разам — багатыя і бедныя, хлопцы і дзяўчаты, старцы і падлеткі (Пс 48, 3; 148, 12) — будзем жа ўсе мы разам радавацца і святкаваць у гонар святой Дзяўчыны, Маці Бога: з Яе сышоў Прарок, прадказаны Майсеем (Дрг 18, 15), Хрыстус Бог, Праўда. Яму хвала і пашана, і пакланенне з Айцом і Духам Святым, цяпер і навекі. Амэн.


Святы Андрэй Крыцкі

Падрыхтавала Ірына Бурак.
Паводле: Св. Андрей, архиепископ Критский, Слово на Рождество Пресвятой Богородицы //
Избранные проповеди святых отцов Церкви и современных проповедников. — Благовест, б/г.

Надрукавана ў часопісе "Ave Maria" № 9(186) 2010 г.

 

Мы вельмі радыя
бачыць вас на сайце
часопіса «Ave Maria».
Гэта плён працы
неабыякавых людзей,
якія з радасцю ствараюць
гэты часопіс для вас.

Падпіска
Ахвяраванні

Сайт часопіса „Ave Maria“ Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рыма-каталіцкага Касцёла ў Беларусі

Часопіс існуе дзякуючы вашым ахвяраванням. Сёння мы просім вашай дапамогі — нават невялікая сума падтрымае нас.

Падрабязней