Падчас Крыжовага шляху Езус паказвае нам, што значыць быць сапраўды чалавечнымі.
Шмат гадоў таму вядомы псіхолаг спытаў у аўдыторыі: «Калі я сцісну апельсін, што з гэтага атрымаецца?» Праз некалькі секунд нехта закрычаў: «Апельсінавы сок!» Псіхолаг усміхнуўся. «Так, — сказаў ён, — апельсінавы сок. Чаму?» Прайшло трохі часу і яшчэ адзін чалавек адказаў: «Таму што гэта тое, што ёсць унутры апельсіна». Псіхолаг зноў усміхнуўся. «Так, вы выціскаеце апельсін, і зразумела, што не атрымаеце яблычны сок. Вы атрымліваеце апельсінавы сок, таму што гэта тое, што ёсць у апельсіне. Можна сказаць, што сок — гэта эсэнцыя (сутнасць) апельсіна».
Потым псіхолаг паглядзеў на аўдыторыю і задаў яшчэ адно пытанне: «А што выходзіць з вас, калі хтосьці цісне на вас? Калі нехта злуецца на вас, расчароўвае вас ці ўзводзіць на вас паклёп?..» Цішыня… Ніхто не адказаў. Прынамсі, услых...
Дык што выходзіць з нас, калі хтосьці цісне на нас ці дрэнна абыходзіцца з намі? Што выходзіць з нас, калі мы знаходзімся ў стрэсе? Калі ўсё ідзе не так, як планавалася? Калі мы затрымаліся ў корку? Калі мы робім памылку на працы? Калі муж, дзіця, сябра ці калега расчароўваюць нас? Калі нам здраджваюць? Калі мы думаем, што на рахунку павінна быць больш грошай, але аплата не праходзіць? Што выходзіць з нас? Гнеў? Злосць? Сум? Дэпрэсія? Расчараванне? Страх? Помста? Мне давялося перажыць амаль усе гэтыя эмоцыі падчас расчараванняў і цёмных часоў... Што гэта гаворыць пра мяне, пра тое, што ўнутры мяне?..
Вось яшчэ пытанне: што выйшла з Езуса, калі ўвесь свет ціснуў на Яго, калі з Яго здзекаваліся, білі Яго і ўрэшце ўкрыжавалі? Былі слёзы, кроў і вада. Але былі таксама і сіла, і гераізм, і спачуванне, і смутак, і трываласць, і ўдзячнасць, і любоў, і прабачэнне. Быў спакой і прыняцце. Гэтак жа, як мы даведваемся, што ўнутры апельсіна, калі яго сціскаем, мы больш даведваемся пра саміх сябе, калі рэагуем на выклікі, з якімі сутыкаемся. Гэтаксама мы можам даведацца больш пра Езуса, разважаючы, што выйшла з Яго ў самы напружаны момант Яго жыцця.
Нягледзячы на тое, што Езус здаецца пасіўным на працягу ўсёй сваёй мукі — Ён нікога не кранае нават пальцам і амаль не размаўляе. Тым не менш, Яго прыняцце, прабачэнне і ненасілле з’яўляюцца для чалавецтва рэвалюцыйнымі, даючы контркультурнае разуменне таго, як жыць справядліва ў ХХІ стагоддзі. Мы можам бачыць гэта ў тым, як Ён рэагуе на працягу ўсёй сваёй мукі на Крыжовым шляху. Вось толькі некалькі прыкладаў:
Езус у Гетсэманскім садзе — Ён моліцца.
Езус асуджаны Сінэдрыёнам — Ён непахісны.
Пётр выракаецца Езуса — Хрыстус прымае чужыя слабасці.
Езус сустракае жанчын Ерузалема — Ён думае пра іншых.
Езус абяцае сваё Валадарства «добраму злачынцу» — Ён даруе.
Езус размаўляе са сваёй Маці і вучнем — Ён клапоціцца пра сваю сям’ю.
У сваім смутку Езус паказвае нам, што значыць быць чалавекам. Цудаў тут няма. Ніякіх раптоўных аздараўленняў. Няма выгнання дэманаў. Ніякіх прыпавесцяў. Той, хто ўпершыню сутыкаецца з мукай Езуса, не ведаючы нічога іншага з Евангелля, падумае, што гэта проста звычайны чалавек, той, хто перажыў адзіноту, душэўны і фізічны боль, знясіленне і ўрэшце смерць. Ён нічым не адрозніваецца ад нас.
Тым не менш, тут ёсць нешта экстраардынарнае, і мы можам гэта ўбачыць у тым, як Езус рэагуе, калі ўвесь свет цісне на Яго. Ён не траціць розуму, не наракае і не шкадуе сябе. Не! На ўдары, катаванні і здзекі ён адказвае любоўю і прабачэннем. Ён паказвае нам, што значыць быць сапраўды чалавечным.
Гэры Янсен, вядомы прамоўца і аўтар некалькіх кніг.
Пераклад з англійскай мовы Эльвіры Палінеўскай.
Паводле: https://www.loyolapress.com/catholic-resources/liturgical-year/lent/stations-of-the-cross/responses-to-suffering/.