
Яслі — гэта важны знак таго, што Езус з’яўляецца для нас хлебам штодзённым. Першымі былі пастухі, цяпер прыйшла наша чарга насыціць нашыя душы.
Калі нарадзілася Дзіцятка Езус, Маці Марыя паклала Яго ў яслі (Лк 2, 7). Яслі — гэта драўляная або каменная кармушка ці скрынка для ежы, у якой змяшчаецца сена для кароў, коней і аслоў. Яслі размяшчаліся ўсюды, дзе ўтрымлівалася жывёла: у стайнях, загонах або пячорах. У яслях заўсёды быў корм, каб жывёлы ніколі не галадалі. У любы час яны маглі падысці да ясляў, а потым доўга жаваць, перажоўваць жвачку.
Калі Марыя і Юзаф прыбылі ў Бэтлеем, у заездзе для іх не было месца, таму яны былі вымушаныя знайсці іншы прытулак, верагодна, у пячоры, дзе стаялі жывёлы. Калі Езус нарадзіўся, Марыя, напэўна, не хацела класці сваё Немаўля на цвёрдую, халодную каменную падлогу. А што яшчэ было ў пячоры? Яслі аказаліся зручнай альтэрнатывай: сена было мяккім, скрыня была паднятая ад зямлі, а бакі былі дастаткова высокімі, каб бяспечна трымаць Дзіцятка ўнутры.
Пасля анёл сказаў пастухам, што яны знойдуць свайго нованароджанага Месію і Пана, «пакладзенага ў яслях» (Лк 2, 12). Яны паспяшаліся і знайшлі дзіця ў яслях і ўбачылі Яго (Лк 2, 16).
Езуса невыпадкова паклалі ў яслі. Гэта галоўны духоўны сімвал. Жывёлы ідуць да ясляў па фізічную ежу, але калі Езус ляжыць на сене, то мы можам прыходзіць да ясляў па духоўны пасілак. У Езуса ёсць «ежа», якая ніколі не скончыцца, і мы можам падысці да Яго ў любы час і не будзем ніколі галоднымі. Езус корміць нас Словам і Сакрамэнтам, сваім Евангеллем і Эўхарыстыяй. Езус хоча, каб мы «ўвабралі» Яго слова (гл. Ер 15, 16; Эзх 3, 1; Ап 10, 9–10), абдумвалі яго, павольна разважалі над яго значэннем, праглынулі і засвоілі яго, зрабілі яго часткай нашага быцця. Слова Езуса не падобна да іншай ежы, яно мае моц выратаваць нашыя душы (гл. Як 1, 21). Больш за тое: Немаўля ў яслях — гэта Хлеб Жыцця (гл. Ян 6, 35). «Я — хлеб жывы, які сышоў з неба. Калі хто будзе спажываць гэты хлеб, будзе жыць вечна» (Ян 6, 51). Калі чалавек хоча быць духоўна сытым, важна чытаць Святое Пісанне і часта прымаць Эўхарыстыю.
Яслі — гэта важны знак таго, што Езус з’яўляецца для нас хлебам штодзённым. Першымі былі пастухі, цяпер прыйшла наша чарга насыціць нашыя душы.
Айцец Майкл Ван Слоўн.
Пераклад з англійскай мовы Эльвіры Палінеўскай.
https://www.archspm.org/faith-and-discipleship/catholic-faith/i-know-jesus-was-born-in-a-manger-but-why-is-that-important-and-what-does-it-mean/.