Разважанне на Адвэнт 23 снежня 2021 г. Што яшчэ патрэбна, калі рука Пана з намі?
Прарок Малахія прадказвае дзень Пана. Гэта будзе дзень суда, які ачысціць членаў святарскіх родаў, каб прыносілі яны справядлівыя ахвяры. Усе, хто ўчыняе цяжкія грахі, будуць асуджаныя. Гэты дзень паглыне бязбожных, як агонь, і ачысціць справядлівых. Прыйсце Пана пакажа адрозненне паміж справядлівымі і бязбожнымі. Малахія заклікае да навяртання. Ён папярэджвае, каб мы перасталі кпіць з Бога, які патрабуе ўнутранай рэлігійнасці і чысціні сэрца. Гэтае настаўленне прарока прадказвае місію найвялікшага сярод прарокаў — Яна Хрысціцеля, які ў сіле і духу Іллі падрыхтуе шлях Пану.
Гэта прароцтва Малахіі пра дзень Пана і прыйсце Іллі спраўджваецца ў нараджэнні і місіі Яна Хрысціцеля. Наданне імені займае цэнтральнае месца ў нараджэнні папярэдніка Езуса, і ў сённяшнім урыўку Евангелля гэты момант узгадваецца некалькі разоў. Папярэдніка будуць зваць Ян, што азначае «ласка, дар, любоў». У родзе Захарыі не было нікога, хто б насіў такое імя. Яно абвяшчае Божую ласку і любоў да ўсіх, хто будзе слухацца голасу Яна, каб падрыхтаваць дарогу Езусу. Захарыя пачынае гаварыць. Чалавек атрымлівае дар абвяшчэння хвалы Божай, і боязь Божая, якая з’яўляецца пачаткам мудрасці ў пошуку Божай праўды, ахоплівае кожнага, і ўзнікае пытанне, якое становіцца спробай прачытаць Божыя знакі: кім будзе гэтае дзіця? Бо рука Пана была з ім.
Пачалася месіянская эра, у якую мы атрымліваем, між іншым, здольнасць выбіраць паміж справядлівасцю і несправядлівасцю, праўдай і хлуснёй, жыццём і смерцю. Але спачатку, каб атрымаць гэтыя дары, трэба ачысціць сэрца.
Малітва: Добры Божа, просім Цябе, дапамажы нам быць пільнымі і гатовымі да сустрэчы з Табой, каб не змарнаваць ласку Тваёй любові, і ісці шчырым шляхам да ўцелаўлёнага Езуса, поўнага міласэрнасці.
Ксёндз д-р Лешак Раштавіцкі.
Пераклад з польскай мовы Эльвіры Палінеўскай.
http://mateusz.pl/czytania/2021/20211223.html.